Журналіст і былы палітзняволены Ігар Карней быў у першай арганізаванай партыі з 14 вязняў, прымусова вывезеных за межы Беларусі 21 чэрвеня 2025 года (пасля былі яшчэ два такія выпадкі – вераснёўскі і снежаньскі). Ён падрыхтаваў рукапіс, у якім расказвае пра колы пекла, праз якія прапускаюць большасць уладальнікаў так званага экстрэмісцкага статусу. І найперш гэта – наўмысная ізаляцыя ва ўмовах адзіноты, падчас якой асуджаных паводле палітычных артыкулаў намагаюцца зламаць як фізічна, так і маральна.
Беларускі ПЭН друкуе фрагменты ўспамінаў Ігара Карнея пра метады змагання з іншадумствам у рэжымнай Беларусі.
Фрагмент першы. Ліст Еве
Фрагмент другі. Лабірынты адчаю
Фрагмент трэці. Квадратура пакарання
Фрагмент чацвёрты. Штабныя правакатары
Я дакладна ведаў, што пасля месяца адзіночкі ў памяшканні камернага тыпу мушу вызваліцца 19 жніўня. Запомніць нескладана, бо і цешчыны імяніны, і Яблычны Спас, і гадавіна путчу гэкачэпістаў. Але наіўна было думаць, што гэткіх жа планаў трымаюцца ў адміністрацыі. Усё на свае месцы стала за тыдзень перад каляндарным выхадам, падчас прагулкі.
Калі заштурхнулі скручанага ў тры пагібелі ў дворык і сцягнулі з вачэй маску, адразу адчуў нядобрае: ва ўсе бакі ад сметніцы ледзь не ўзорна раскладзеныя цыгарэтныя бычкі, абгорткі цукерак, скамечаная папера. Тут жа венік і пустое пластыкавае вядро – значыць, яго і распатрашылі. Гэткага бардаку не можа быць як з’явы, бо кожны «выгуляны» мусіць пакінуць пасля сябе ідэальна чыстую тэрыторыю. Мае праваднікі паспешліва рэціраваліся, але гэтак жа хутка вярнуліся ў суправаджэнні старшага змены. Маёр дэманстратыўна шчоўкнуў кнопку запісу на відэарэгістратары і адчаканіў, ківаючы ў бок «раяля», то бок вядра: «Осужденный обязан убрать то, что после себя оставил. Приступайте».
Засталося толькі развесці рукамі. Па-першае, я не куру і недапалкі, адпаведна, не мае. Па-другое, цукерак таксама няма, у чым можна пераканацца са змесціва сумкі. Па-трэцяе, чыстай вады правакацыя, пра што рашуча і заяўляю. «Отказываетесь?» – перапытвае служывы, які ў гэтым выпадку яўна ганьбіць свае зоркі, бо цудоўна ведае, што робіць зусім не па-афіцэрску. «Свидетели, подтверждаете, что осужденный игнорирует правила внутреннего распорядка?» – падкрэслена на карцінку звяртаецца да дзяжурных прапаршчыкаў, якія дзеля сваіх кантрактаў гатовыя на любыя лжэсведчанні. Тыя, што цыркавыя коні, згодна матаюць галовамі. «Будет составлен акт об отказе», – урэшце канстатаваў тое, што было інспіравана без майго ведама.
Расплата прыйшла панядзелкавай раніцай. Пасля звыклай працэдуры распранання павялі ў штаб, падпалкоўнік Карніенка чакаў у сваім кабінеце ў кампаніі верных ад’ютантаў. Уважліва паглядзеў і раптам кажа: «Ага, решил следовать уголовным традициям? Знаешь, что за такие дела есть отдельный профучет? Лучше бы о семье подумал…» Ну надта нечаканы клопат начальніка! Натуральна, я чуў, што прафілактычны ўлік № 1 якраз і мае на ўвазе «акальцоўванне» крымінальных аўтарытэтаў, але дзе я – дзе яны, што можа быць агульнага? Такім чынам, да пагроз чацвёртага прафілактычнага ўліку за «падрыхтоўку ўцёкаў» яшчэ гатовыя ўляпіць «культываванне традыцый». Смех на дроце!
Спрабую скарыстацца магчымасцю і публічна заявіць, што ягоныя падначаленыя – відавочна, з непасрэднага дазволу свайго кіраўніка – бессаромна ствараюць сітуацыю, каб штучна падвесці палітычнага пад нізкі статус. Адпаведна, канчатковая мэта – найгоршыя ўмовы для ўсяго наступнага майго існавання ў калоніі як у адносінах з адміністрацыяй, так і з самімі зняволенымі. Карнік з функцыямі следчага, пракурора і суддзі яшчэ раз «параіў» забыцца пра арыштанцкія традыцыі і, гэтым разам ужо без імітацыі дэмакратыі, аднаасобна аб’явіў сем сутак шыза. Іншымі словамі, спачатку адседзець тыдзень штрафнога ізалятара, а потым столькі ж – недабытага тэрміну ў ПКТ.
Пакуль у позе пажыццёвіка дацягнулі да камеры, там ужо гаспадарылі прадольныя – складвалі ў вялікі пакет кніжкі, каву, печыва, лісты і паперу. Памяшканне камернага тыпу на вачах ператваралася ў штрафны ізалятар без усялякіх выгодаў. За тры папярэднія тыдні я прызвычаіўся да адноснай палёгкі, таму зусім не хацеў ізноў вяртацца ва ўмовы татальнага абмежавання. Найбольшая крыўда нават не за страчаны матрац, бо на цвёрдых нарах давядзецца множыць сінякі, а за немагчымасць абстрагавацца чытанкай. Усё ж літаратура валодае ўнікальнай уласцівасцю зацягнуць у паралельную прастору, даючы шанец хоць крыху забыцца пра сусветную несправядлівасць, у турбулентнасці якой апынулася Беларусь…
Я сяджу на драўляна-жалезнай лаўцы і, прыкрыўшы вочы, уяўляю, што трымаю на каленях кнігу – як быццам акенца ў іншы свет. Адкрываю вокладку так павольна, каб пачуць, як дыхае кніжнае нутро. Кожны аркуш шамаціць нібы сухое лісце ў далёкім лесе, куды я невядома калі патраплю. У мярцвяцкай цішыні турмы нават перагортванне старонкі ёсць знакам таго, што існуе паралельная прастора, дзе словы жывуць, ходзяць адно да аднаго, смяюцца, плачуць. Дакранаюся да паперы і адчуваю цеплыню чужых пальцаў: хтосьці, яшчэ да мяне, таксама шукаў сэнс у словах.
У гэты момант мы сустрэліся, праз муры і гады. Віртуальныя старонкі шэпчуць пра такога ж небараку, які лічыў дні і марыў пра волю. І тады зразумеў: нават калі тысяча сцен вакол, можна існаваць унутры сябе, гэтага яшчэ не забаранілі. Як герой пранізлівага раману Джэка Лондана «Вандроўнік па зорках» – у турэмнай адзіночцы яго закручвалі ў сумна вядомую «ўтаймавальную кашулю», а ён выкараскваўся з фізічнага цела і ў розных вобразах падарожнічаў па гістарычных эпохах. Вось бы навучыцца такому…
Зрэшты, кожная камера ў свеце – толькі часовая. І дзесьці, нават у цемры, заўсёды знойдзецца маленькая шчыліна, праз якую прасочыцца ўцёк – хай не цела, але думкі дык дакладна. Няўжо рэальна замураваць дух? Ды хер вам, сукі!
Падсвядома яшчэ цешыў сябе спадзяваннямі, што шызоідная сямідзёнка на агульны тэрмін не паўплывае і ўсё завершыцца згодна з графікам – проста тыдзень давядзецца патрываць у спартанскіх умовах. Аднак якраз зазірнуў у дзвярное «забрала» псіхолаг з дзяжурным пытаннем: «Ну как, все нормально?» Нечакана пачуўшы, што «ненармальна», безэмацыйна давёў, што гэта прынцыпова розныя пакаранні, нават калі адно ўнутры іншага. То-бок пайшоў адлік шыза ў якасці спагнання за парушэнне ў ПКТ, а пасля сямі сутак у любым выпадку давядзецца кампенсаваць недаседжанае.
Гэта звонку падаецца, што няма чаго засмучацца – падумаеш, тыдзень сюды, тыдзень туды. Але з таго боку любая затрымка ў бетоннай клетцы параўнальная з лакальнай катастрофай, асабліва калі разумееш, што цкаванне пастановачнае і пераследуе адзіную мэту – давесці да нервовага, эмацыйнага зрыву. Калі ў чалавека сарве тармазы і ён пачне падвышаць голас на супрацоўніка, гэта будзе ўдарным козырам на далейшую ізаляцыю «небяспечнага элемента». Таму – выдыхнуць і набрацца цярпення. Не тармазіць з дакладамі на праверках, не тапіць нахабна «масу», не імітаваць прыборку – урэшце рэшт, чысцішся найперш для сябе.
Безумоўна, добра мець навыкі, якія дапамагаюць расфарбаваць адзіноту. Самая нагода пазайздросціць шчырым вернікам, якія могуць заглыбіцца ў малітву. Нямала выпадкаў, калі менавіта вера ратавала ад псіхозу – прынамсі, пачынаеш насяляць варожую прастору жыццёвым сэнсам. Палітвязень Зміцер Казлоў, ён жа Шэры кот, наўмысна абмяжоўваў сябе духоўнай літаратурай, каб у экстрэмальнай сітуацыі ў думках звяртацца да прыкладу пакутнікаў. «Змаглі яны – здолею і я», – канстатаваў блогер і меў рацыю: вытрымаў больш за 5 гадоў прэсінгу.
Не ведаю, ці здолеў бы я прыняць такі паратунак: праз драматычную кнігу «Хаціна» Уільяма Янга (дарэчы, экранізаваная) спрабаваў паглыбіцца ў філасофію хрысціянскіх каштоўнасцяў, але не праняло – занадта шмат веры ў аморфную любоў і дараванне злачынцам. Пры гэтым сам быў сведкам, як многія «калегі» запісваліся ў завочныя хрысціянскія школы, выконвалі тэставыя заданні на веданне духоўных пастулатаў і тым самым знаходзілі ўнутраны супакой. Або медытацыі. На Валадарку закінулі топ-менеджара буйной ІТ-кампаніі, які доўга жыў у Індыі. Не дзіва, што паступова захапіўся вучэннямі тамтэйшых гуру і яшчэ да пад’ёму ды перад адбоем наглядна дэманстраваў, што фізічна можна заставацца ў цялеснай абалонцы, а духоўна – узнесціся ў касмічныя прасторы. Амаль вандроўнік па зорках.
На жаль, у турме няма залатой сярэдзіны, суцэльныя крайнасці. Напрыклад, у перапоўненых следчых ізалятарах многія якраз марылі адасобіцца, каб пабыць сам-насам з Богам. Затрыманы паводле наркатычнага артыкула курд-мусульманін нават плакаў, не ведаючы, ці даруе яму Алах, бо немагчыма рабіць намаз у камеры, дзе ўсе будуць глядзець на цябе як на вар’ята. Я хоць хрышчаны, але, паўтаруся, не веру, што можна дакрычацца да ўмоўных нябёсаў: каб у вядомай канцылярыі штосьці маглі, даўно навялі б парадак у зямным гармідары. Дакладней, ад пачатку не дапусцілі б адкату ў цемрашальства. Не ўспрымальны да самагіпнозу – адпаведна, не здольны да кіраваных рэінкарнацый з уласнай прыхамаці.
Што застаецца? Пракручваць у галаве «дыяфільмы», пачынаючы з уласнага дзяцінства – маладыя яшчэ бацькі, сябры па вулічных баталіях, яскравыя гады студэнцтва. Бессістэмны храналагічны скачок – і вось ужо ўяўляеш, чым у гэты момант займаюцца маці, брат, жонка, чатыры дачкі. Раптам разумееш, што прафесія, якой прысвяціў больш за тры дзясяткі гадоў, у роднай краіне фактычна пад забаронай: хтосьці вырашыў, што займацца ёй не магу. Брррр! Нездарма катаванне «шыза» і «шызоідны» стан – аднаго кораня, у галаве калі што і нараджаецца, дык толькі хаос. У ім і існуеш… Сяк-так – тыдзень на голых дошках пражыты. Галоўнае, без новых залётаў, а побытавыя нязручнасці – у кожным разе часовыя. Цяпер гэтак жа датрываць у ПКТ, не даваць нагоды да выкліку на дыван. Аднак у цэрбераў на гэты конт іншыя задумы, не разгаданыя найвышэйшымі сіламі.
