• Навiны
  • Галасы
  • Ігар Карней. Катаванне адзінотай. Як выбіваюць іншадумства. Фрагмент другі

Ігар Карней. Катаванне адзінотай. Як выбіваюць іншадумства. Фрагмент другі

Апошняе абнаўленне: 12 лютага 2026
Ігар Карней. Катаванне адзінотай. Як выбіваюць іншадумства. Фрагмент другі

Журналіст і былы палітзняволены Ігар Карней быў у першай арганізаванай партыі з 14 вязняў, прымусова вывезеных за межы Беларусі 21 чэрвеня 2025 года (пасля былі яшчэ два такія выпадкі – вераснёўскі і снежаньскі). Ён падрыхтаваў рукапіс, у якім расказвае пра колы пекла, праз якія прапускаюць большасць уладальнікаў так званага экстрэмісцкага статусу. І найперш гэта – наўмысная ізаляцыя ва ўмовах адзіноты, падчас якой асуджаных паводле палітычных артыкулаў намагаюцца зламаць як фізічна, так і маральна. 

Беларускі ПЭН друкуе фрагменты ўспамінаў Ігара Карнея пра метады змагання з іншадумствам у рэжымнай Беларусі.

Фрагмент першы. Ліст Еве

Фрагмент другі. Лабірынты адчаю

Мае першыя суткі штрафнога ізалятара ў калоніі № 17 на ўскраіне заштатнага Шклова паўсталі пасля абвяшчэння мне падпалкоўнікам унутраных войск з мянушкай (толькі ўявіце сабе!) Карней пазачарговага дзяжурства за грубае парушэнне правілаў унутранага распарадку. Кажуць, за выяўлены камісарскі імпэт ён цяпер падвышаны да палкоўніка. Быццам журналісту няма як праявіць сябе інакш, чым толькі нецэнзурна лаяцца ў прысутнасці супрацоўнікаў установы. Мама мія, якія яны ранімыя!

Асабліва на фоне таго, што мацюкі – якраз мова саміх вертухаеў: рабочая, хатняя, наогул універсальная. Бальшыня не тое што прапаршчыкаў-прадольных, а выпускнікоў профільных акадэмій не здольная скласці сказ, не звязаўшы бедныя думкі ўсемагутным «б**». А было ўсё так. На фінішныя чатырнаццатыя суткі каранціну перад адпраўкай па атрадах здарыўся адзіны паход у штаб, адкуль я выйшаў без спагнання, а з размеркаваннем у 172-ю брыгаду энкатэшнікаў. Гэткая салянка з бессэнсоўных фізікаў ды лірыкаў, якіх дзе і можна задзейнічаць, дык хіба на некваліфікаванай працы кашталту «падай-прынясі» (у рускай мове НКТ акурат і азначае низкоквалифицированный труд). 

Па завяршэнні працэдуры пачалі разводзіць па атрадах, мой – № 17. Вызначылі «экстрэмісцкую» нару на другім ярусе. Да таго там начаваў хрысціянскі палітык Павел Севярынец, які агульнымі намаганнямі ведамасных селекцыянераў памяняў дыслакацыю на «крытую» турму. Зрэшты, у чацвёртай секцыі на 20 персон, дзе суседзямі пераважна забойцы, махляры ды крадуны, я таксама не затрымаўся, бо неўзабаве выправіўся асвойваць адзіночны побыт.

Падчас азнаямляльна-прафілактычнай гутаркі зусім яшчэ малады старлей з запалам ухапіўся за «вісяк» – незакрыты доўг у выглядзе дадатковага дзяжурства. І з хітрай ухмылкай, якая не абяцала нічога добрага, падсумаваў: трэба падмесці «лакалку» і вынесці смецце. Праўда, літасціва дазволіў разам з іншымі, хто збіраўся на «промку» ў другую змену, схадзіць у сталоўку. Там днявальны пачаў штурхаць, каб хутчэй глытаў свой суп, бо «чакае кіраўніцтва». Па дарозе ў барак я выказаў здагадку наконт спешкі: мабыць, рэч у ранейшым парушэнні, прымусяць адпрацоўваць. І той абачліва папярэдзіў: «мужыкі» падмятаюць, але смецце не выносяць, гэтым займаецца «петушыная» каманда. Інакш – «куратнік», «гарэм» (так на зонаўскім жаргоне называюць супольнасць з адпаведным статусам). 

Тут жа склалася мазаіка з аповедаў бывалых, якія яшчэ ў следчых ізалятарах Мінска і Магілёва вобразна малявалі перавод «няўгодных» у нерукапаціскальныя. Значыць, прыйшоў час на ўласным прыкладзе пераканацца, што будзе, калі трымацца негалосных правілаў арыштанцкага асяродку. І сапраўды, усё з той жа ўсмешкай амбітны афіцэр-пачатковец давёў, што мушу папрацаваць венікам на прыказармавай тэрыторыі і ў ягоным суправаджэнні аднесці сметніцу на палігон – гэта значыць, публічна і паказальна. Я адказаў, што не супраць падмятання, але не больш. Ён паўтарыў «прапанову» і пачуўшы паўторную адмову, склаў рапарт аб «непадпарадкаванні законным патрабаванням». 

Ужо праз гадзіну я быў у штабе, дзе дублявалася потым шматкроць перажытая карціна. У цесным прылазніку пакідаеш на падваконні кепку-канфедэратку, у яе кладзеш пластыкавы гадзіннік, іншай маёмасці папросту няма. Чакаеш перад закратаванымі дзвярыма, пакуль з другога паверха не спусціцца дзяжурны. У калідоры – тварам да сцяны, на разбор выклікаюць па адным.

З парога малоціш даклад, у гэты час пільныя гіены пры Шэр-Хану, стоячы па баках, лупяць па нагах, каб трымаў пяткі разам, а не стаяў у позе для атакі. Насупраць – завалены паперамі стол боса, для якога карная функцыя – усяго толькі пабочны эфект кіпучай дзейнасці. Адзін са штабістаў, абгрунтоўваючы патрэбнасць пакарання, дае падказку: «Журналист, Радио Свобода». Абыякавы позірк крыху ажывіўся, экзекутар нават узняў галаву ад паперак: «А, еще одна звезда…» Чакаў лагічнага – «сейчас погасим», але той проста агучыў вердыкт: 5 сутак штрафнога ізалятара.

Куды больш нечаканай аказалася рэакцыя эскортнікаў: моўчкі пікіруюць арламі, скручваюць у тры пагібелі і волакам цягнуць з кабінета. У захламленай падсобцы кідаюць жыватом на брудную падлогу з загадам трымаць рукі на галаве. У такой позе праваляўся хвілін сорак. Як смяротніка, пагналі сагнутым з задняга хода ў аточаны калючым дротам будынак. Перад дзвярыма нацягнулі на вочы чорную паралонавую маску – яна затым многія месяцы будзе хаваць унутраную кухню катавальні. Нейкі час адстояўся ў вертыкальнай прысценнай клетцы нерэальных памераў (прыкладна 80х50 см шырыні і глыбіні адпаведна), а ўжо на фінішы распранулі, абшукалі і памянялі атрыманую ў каранціне робу на бясформенныя мяхі з кідкімі літарамі ШИЗО на грудзях і спіне. З бонусаў – сшыты з ацалелых фрагментаў вафельны ручнік, метр туалетнай паперы, агрызак гаспадарчага мыла і абрывак анучы для мыцця падлогі. Ні матраца, ні чытва, ні ліставання. Поўная аскеза.

Для дэбютанта вызначылі адпаведную камеру, № 13. Завялі ў той жа позе «зю», прыставілі да сцяны: ледзь не парвалі, дамагаючыся максімальнай расцяжкі. Маёр з ДПНК (дзяжурны памочнік начальніка калоніі) праінструктаваў наконт паводзін: імгненна ўскокваць пры адкрыцці дзвярнога вочка, карыстацца ручніком толькі для выцірання морды і лап, стаяць на зважай падчас трансляцыі гімна, двойчы на дзень рабіць паўгадзінную вільготную прыборку. Пры адкрыванні дзвярэй на праверку ці раздачу пайкі – расплюшчвацца ў паднятую верхнюю нару, галавой і вывернутымі вонку рукамі складаць роўную лінію па чырвонай паласе. Ну і, само сабой, «шпагат»: для замацавання ўроку сілавік лупіць па тапках, якія раз’яжджаюцца на слізкай падлозе. Любы «залёт» азначае пралангацыю знаходжання. З чым і пакінулі ў поўнай разгубленасці.

А ўжо раніцай наступнага знамянальнага дня, 3 ліпеня, у «хату» ўласнай персонай заявіўся начальнік калоніі. Выслухаў даклад ад «асобы, схільнай да экстрэмісцкай ды іншай дэструкцыйнай дзейнасці», прадэманстраваў лагоднасць і павіншаваў ілжэаднафамільца: «С днем независимости, Карней». «Ад такога і чую», – карцела адказаць, але не той выпадак, каб свядома нарывацца на новыя непрыемнасці.

Фота Ігара Карнея, зробленае падчас экскурсіі па турме для палітвязняў каля горада Тарафал афрыканскай краіны Каба-Вердэ: від з камеры на волю з выпадковай птушачкай