Журналіст і былы палітзняволены Ігар Карней быў у першай арганізаванай партыі з 14 вязняў, прымусова вывезеных за межы Беларусі 21 чэрвеня 2025 года (пасля былі яшчэ два такія выпадкі – вераснёўскі і снежаньскі). Ён падрыхтаваў рукапіс, у якім расказвае пра колы пекла, праз якія прапускаюць большасць уладальнікаў так званага экстрэмісцкага статусу. І найперш гэта – наўмысная ізаляцыя ва ўмовах адзіноты, падчас якой асуджаных паводле палітычных артыкулаў намагаюцца зламаць як фізічна, так і маральна.
Беларускі ПЭН друкуе фрагменты ўспамінаў Ігара Карнея пра метады змагання з іншадумствам у рэжымнай Беларусі.
Фрагмент першы. Ліст Еве
Фрагмент другі. Лабірынты адчаю
Фрагмент трэці. Квадратура пакарання
Пяць сутак дадатковага пакарання ўнутры пакарання асноўнага падаваліся бясконцымі. Найперш, абсалютна не арыентуешся, колькі часу – ахоўнік на «дурное пытанне» са стапрацэнтнай гарантыяй пашле нах… Па-другое, дзень пачынаецца з пад’ёму а 5:30 і цягнецца да адбою а 21:30 самым лянівым слімаком – хочаш ці не, засяроджваешся на кожнай хвіліне. Пачынаеш разумець, што ўсё ранейшае мірнае жыццё быў у людскім віры: бацькі, аднакласнікі, сакурснікі, вайсковыя пабрацімы, калегі з працы, нарэшце, свая вялікая сям’я. Увесь час у эпіцэнтры заклапочанага мноствам праблем «чалавейніка». І раптам – пустэча, татальная адзінота.
Ад безвыходнасці канцэнтруешся на рознай непатрэбшчыне. Напрыклад, спрабуеш зафіксаваць, колькі дзяржава адшкадавала прасторы ў замураванай клетцы. Лічыць лёгка, падлога закатаная бюджэтнай керамінаўскай кафляй 30×30 см. Дзесяць такіх квадратаў уздоўж большай лініі прамавугольніка, восем – па меншым яго баку. Агулам крыху больш за 7 квадратных метраў. Пры гэтым метр забірае «трон» прыбіральні з прыступкай, яшчэ большую прастору займае вузенькая імітацыя стала пад навешанай нарай з умураванай лаўкай. Уся «мэбля» як быццам драўляная, але па кантах так шчодра заварана непрапарцыйна шырокімі металічнымі вугалкамі, што ўстойліва асацыюецца з вечным холадам.
Такім чынам, для ўнутраных праменадаў у найлепшым выпадку метраў пяць. Пасядзіш на цвёрдым, падмарозіш пятую кропку – і пайшоў наярваць кругі. Чамусьці спадручней аказалася хадзіць супраць гадзіннікавай стрэлкі: тры метры ўздоўж правай сцяны, налева – паўтара, пакуль не ўваткнешся ў лаўку; далей да кута дальняка і зноў на сыходную пазіцыю. Цягам дня ў такіх бязмэтавых таптаннях збіраецца некалькі гадзін. Прагулкі на вуліцы не існуюць як з’ява, іх трэба заслужыць: падняцца на іншы ўзровень – да пераводу ў памяшканне камернага тыпу. Праўда, задавальненне спрэчнае, бо на тым лэвеле рызыкуеш добра захраснуць. Ды яшчэ з новай крымінальнай справай. А гэта, у сваю чаргу, адкарэктаваны тэрмін у бок павелічэння ўсёй адседкі.
Манатонны рытм парушаецца толькі скрайняй неабходнасцю – як ні круці, арыштант усё ж не машына, хоча жраць. Арыентуючыся на сняданак, абед, вячэру, можна з адноснай умоўнасцю зверыць унутраны гадзіннік – каля 7-й раніцы, блізу апоўдня і 18-я вечара. А 14-й яшчэ абавязковая паўгадзінная прыборка камеры – дадатковы сігнал дакладнага часу. Ва ўсіх выпадках уключаецца якая-небудзь прымітыўная FM-станцыя, адкуль стараешся ўрваць хоць нейкую навіну, хай сабе пра чарговыя неверагодныя дасягненні ў «царстве стабільнасці». Здольнасці чытаць/слухаць паміж радкоў толькі ўдасканальваюцца.
Перыядычна са скрыпам адкідваецца дзвярны акуляр – мінімум раз на паўгадзіны кантралёр робіць візуальны агляд камер. Акрамя таго, што вядзецца відэафіксацыя, нават двайнога ўзроўню: дзяжурны сочыць праз манітор у сваім працоўным катуху, а за ім ды арыштантамі, у сваю чаргу, назіраюць яшчэ са штаба. Дарэчы, здымаюць якраз з фокусам на прыбіральню, таму самае інтымнае месца робіцца найбольш публічным. Адзіная нечаканая палёгка – абсалютны ігнор тваёй шчаціны. Тое, што за агароджай успрымаецца страшэннай крамолай – «нябрыты, каравул, рапарт!» – тут ніяк не акцэнтуецца. Можа, і хацелася б трымаць заўсёдны козыр у рукаве, але куды страшней, калі даведзены да адчаю зэк шмаргане па венах вострым лязом. А такія выпадкі былі, таму галенне ў шыза забаранілі. Прынамсі, на агульным рэжыме, бо страгачы ў лазневы дзень магчымасць пагаліцца ўсё ж маюць. Казённым станком.
Што дабівала, дык гэта алагічнасць быцця. Ты і без таго пакараны, адпраўлены судом у калонію. Унутрана ўжо падрыхтаваўся да гэткай наканаванасці. І якая логіка ствараць ўмовы, яшчэ больш пякельныя за тыя, што і так не здаюцца гуманнымі? Як бы ні варажыў, альбо з уласнай ініцыятывы, альбо па камандзе зверху супрацоўнікі адміністрацыі наўмысна шукаюць зачэпку, каб загнаць «парушальнікаў» у сацыяльную ізаляцыю, паступова дабіваючы псіхалагічным ціскам. І нават калі не ўдасца зламаць фізічна ды маральна, застанецца правераны інструмент расправы – падвесці пад універсальны артыкул 411, накінуўшы на шыю дадатковую пятлю за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Праз што ў агляднай перспектыве і давялося прайсці.
Пяць пакутлівых сутак урэшце прамінулі, я пакінуў будынак ізалятара з цвёрдым намерам больш сюды не вяртацца. Але, як кажуць, хочаш насмяшыць найвышэйшыя сілы – падзяліся сваімі планамі.
Самая чаканая каманда ў шыза – «давай собирай манатки: полотенце, мыло, тряпку тоже». Далей як у здымках наадварот: шмон у камеры, вывад у масцы і з задзёртымі рукамі ў пакой дагляду, чарговы акт вуаерызму, пераапрананне ў каланіяльную робу. Увечары нядзелі вяртаюся ў размяшчэнне, дзе яшчэ ніводнага разу не пераначаваў. Адразу на размову з начальнікам атрада. «Ну, как там? Не сахар?» – цікавіцца старшы лейтэнант, удакладняючы, ці пайшла навука на карысць. Паколькі нічога нібыта і не парушаў, каб рабіць глыбокія высновы, на ўсялякі напускаю туман раскаяння. Начальнік цягнецца да кіпы з паперамі, бярэ верхнюю – абяцаны рапарт за «жаргонную лексіку». Оўкей, зафіксаваў, але пра наступствы думаць зусім не хочацца. Хутчэй бы памыцца, пагаліцца, а галоўнае – папіць кавы, у кешары засталіся запасы з СІЗА.
Здавалася, жыццё набывае прадказальны рытм. З нецярпеннем чакаў заканчэння першага каланіяльнага тыдня, бо ў суботы брыгада, згодна з графікам, мае тэлефанаванне родным. Год ужо, як не чуў галасоў жонкі, дачок, так хочацца нарэшце атрымаць асалоду ад знаёмых інтанацый. Паспеў сціпла атаварыцца ў краме, бо нават пасля жорсткай утылізацыі «забароненай наменклатуры» перад каранцінам (згушчанка, сыр, нават пральны парашок ) засталіся запасы гарбаты, печыва, арэхаў, шакаладу.
Але калі ў пятніцу завяршалі распілоўку чарговай партыі бярвення, брыгадзір загадаў тэрмінова здымацца і бегчы на КПП. Унутры нядобра кальнула, але папярэднія дні, здаецца, прайшлі без здарэнняў, хвалявацца няма за што. Пасля нуднага чакання паказаўся супрацоўнік рэжымнага аддзелу і чамусьці павёў у бок барака, проста да закутка, дзе складуецца шанцавы інструмент – венікі, граблі, рыдлёўкі. І без асаблівых прэлюдый: «Висит нарушение, будем закрывать?» Спроба пікіроўкі наткнулася на раўнадушную сцяну: адмова ад працы, якую паводле няпісаных правілаў выконвае іншы кантынгент зняволеных, тут жа была кваліфікаваная як «непадпарадкаванне». І трывожны званочак на перспектыву: «Слушай, Карней, вам в карантине по поводу 411-й доводили? Доиграешься…»
А вось цяпер на дыван. Знаёмыя ўсё твары, адчуванне, што такой развязкі і чакалі. Рэжымнік нешта прабубнеў наконт правілаў унутранага распарадку, начальнік «дэмакратычна» дрыгануў галавой у бок партнёраў, хтосьці з галёркі выгукнуў: «шесть суток». Не ставала толькі малатка, каб зафіксаваць маланкавы прысуд. Дэжа-вю: тут жа наляцелі двое добраахвотнікаў, скруцілі так, што галавой уткнуўся паміж каленяў, і кінулі адлежвацца на ўжо вывучаную аблупленую падлогу падсобкі. Бывайце, мары пра неба, сонца, паветра…
Гэтым разам вяртаюся ў ізалятар як бывалы – хочаш ні хочаш, рэцыдывіст-парушальнік. Ахоўнікі не паспелі нават засумаваць, хіба паздзіўляліся, што такі хуткі камбэк.
Традыцыйнае распрананне з адцягваннем для дагляду шчок, вушэй і машонкі, дэманстрацыя пятак і поўнае трохразовае прысяданне – каб чаго не працягнуў на (у) сабе кантрабандай. Заляпаная папярэднікамі роба з вялізнымі літарамі ШИЗО спераду і ззаду, чорная маска, вывернутыя над спінай рукі – маршрут збудаваны. Хоць нічога не бачу, адчуваю, што дарога карацейшая. Так, камера іншая, № 5. Ізноў жа, фармальна на траіх, а насамрэч сінгл. Візуальна «хата» падаецца крыху большай: пералік плітак на падлозе гіпотэзу пацвярджае – лішні метр у параўнанні з 13-й. Значыць, ужо восем. Але гэта ўсё, што можна тычыцца здабыткаў, у астатнім – пастаянны кантроль ды пагроза пралангацыі адзіноты.
Каб раніца суботы не падавалася мройнай, ахоўнікі ўключаюць запіс правілаў унутранага распарадку – у форткавай нішы над дзвярыма замацаваны дынамік. Яшчэ адно катаванне, бо гнусавыя галасы супрацоўнікаў, якіх яўна ніхто не вучыў аратарскаму майстэрству, наганяюць сум і безвыходнасць. Бубняць, заікаюцца, не разумеюць сэнсу сказанага. Калі што і ўзнікае, дык пачуццё беспрасветнага сораму. Увесь час страшаць 411-м артыкулам – тычыцца кожнага, паколькі з любога, нават з кароткім тэрмінам, можна зрабіць пажыццёвіка. Уласна запіс 15-гадовай даўнасці, статыстыка адказнасці за парушэнні – ажно з 2011-га. Зрэшты, можна трактаваць і як стабільнасць сістэмы, дзе ў корані нічога не мяняецца. Кароткая версія лекцый укладаецца ў паўгадзіны, поўная ўдвая даўжэйшая. Асабліва вычварэнцкія вертухайскія змены запускаюць прамовы ў рэжыме рэпіту, фактычна да абеду.
Руціну парушае каманда: рукі на сцяну! Расцяжка, абмацванне, перагінанне напалову. У службовым пакойчыку чакаюць асабіст і невядомы ў цывільным. Аказалася, следчы Шклоўскага аддзелу Следчага камітэту з выязным допытам. На той момант фігурантамі спраў аб спрыянні экстрэмізму і тэрарызму ўжо сталі сотні неабыякавых людзей, якія падтрымлівалі палітвязняў сімвалічнымі сумамі ці бандэролямі з канцтаварамі. Я нібыта толькі сведка, хоць мяжа паміж наступнымі прыступкамі: падазраваны, абвінавачаны – досыць умоўная. Называюць знаёмае прозвішча: маладая асоба, зангажаваная ў культурніцкія праекты. На такіх сучасных, актыўных, неабыякавых і мусіць трымацца Беларусь. Але замест пашаны трапляюць за краты.
Пераварванне факта настолькі выразнай дэградацыі каштоўнасцяў даводзіць да адурэння, аднекуль знутры нараджаецца і ўздымаецца пад горла паніка. Што чакае краіну, дзе даўно не да законаў? І мяне асабіста, бо чым я лепшы за Вітольда Ашурка, які за тры гады да таго памёр у такой жа камеры? Асабліва застаўшыся сам-насам з фантазіямі пра ўсё найгоршае – добрыя думкі ў такіх умовах не выпрацоўваюцца апрыёры. Шлях да параноі? Сам бачыў такіх, каму турма, без перабольшання, знесла дах.
Аднекуль навальваецца прага філасофстваваць, хоць заўсёды лічыў сябе цвярозым прагматыкам. Можа, у вакууме адзіноты абвастраюцца пачуцці, якія ў звычайным жыцці стаяць на паўзе? Адкуль высновы на ўзроўні метафізікі?.. Ізаляванасць не мае гуку, але яна гучыць мацней за крык. У гэтых абмежаваных метрах няма выпадковых вібрацый, галасавых амлітуд свету – ні парываў ветру, ні шоргату кніжных старонак, ні дыхання да цябе падобных. І тым не менш у галаве заўсёды шуміць. Гэта шум самога сябе, які ты раней не чуў: думкі, што разыходзяцца кругамі, як камень у ваду, і не маюць куды прыбіцца. Сцены тут не проста абмяжоўваюць рух. Яны перафарматоўваюць прастору ў люстэрка, дзе ты сустракаеш толькі сябе. І часам гэтая сустрэча страшнейшая за любы допыт. Ты разумееш: чалавек жыве толькі праз іншых. Мы робімся сабой толькі ў водгуку чужых вачэй, чужых слоў, чужых крокаў побач. У адзіночцы пачынаеш знікаць, быццам існаванне – толькі ілюзія, падмацаваная чужой прысутнасцю.
Маё дыханне ў гэтым месцы – адзінае сведчанне, што я яшчэ ёсць. І ўсё ж нават яно не дае ўпэўненасці. Бо калі ніхто не назаве твайго імя, ніхто не адкажа табе – хто ты тады? Адзінота ў клетцы – не проста адсутнасць іншых. Гэта прастора, што праглынае тваю чалавечнасць. І калі выпадкова ў той вакуум заляціць хоць бы нават нейкая муха, ты ловіш яе позіркам, быццам яна – апошні мост да жыцця. Маленькае стварэнне можа рэальна пацвердзіць: свет недзе яшчэ ёсць, і ты – частка яго. Я ўсміхаўся, згадваючы збеглую Ніну, нібыта яна была маім даўнім сябрам…
