Палітычны пераслед:
4 сакавіка 2023 года Змітра Коласа затрымалі і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ, дзе ён утрымліваўся 10 сутак і быў вызвалены без публічна агучаных абвінавачанняў.
5 сакавіка 2023 года на старонцы выдавецтва «Зміцер Колас» у сацыяльных сетках з’явіўся допіс: «Шаноўнае спадарства, выдавецтва прыпыняе сваю дзейнасць да асобнага паведамлення».
У траўні 2023 года Эканамічны суд Мінска ліквідаваў выдавецтва «Зміцер Колас» на падставе пазову Міністэрства інфармацыі. Фармальнай падставай стаў выдадзены зборнік гістарычных дакументаў «”Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў», абвешчаны ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
17 лютага 2026 года Зміцер Колас быў затрыманы ў Мінску. У гэты дзень, паводле інфармацыі праваабаронцаў, былі затрыманы як мінімум 10 чалавек: выдаўцы, супрацоўнікі выдавецтваў, распаўсюднікі кніг.
3 сакавіка 2026 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» няісную «кааліцыю друкаваных выдавецтваў», у якую супрацоўнікі КДБ уключылі не звязаныя паміж сабой выдавецтвы і распаўсюднікаў кніг. Гэта выдавецтвы, якія друкуюць кнігі па-беларуску: «Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». У сувязі з гэтым «фарміраваннем» у пераліку згадваюцца затрыманыя 17 лютага выдаўцы Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха, а таксама Яраслаў Іванюк, Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч, якія знаходзяцца за мяжой.
Творчая дзейнасць:
Скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў. Абараніў дыплом па мастацкім перакладзе на тэму «Пераклад п’есы Жана Ануя “Падарожнік без багажу” і яго тэарэтычнае абгрунтаванне». Працаваў перакладчыкам, выкладчыкам, рэдактарам, журналістам.
Пераклаў на беларускую мову творы Альбера Камю, Жана-Поля Сартра.
У 1998 годзе заснаваў выдавецтва «Зміцер Колас», спецыялізаванае на беларускіх перакладах сусветнай літаратуры – паэзіі, прозы і драматургіі. Асаблівую вядомасць атрымала серыя «Паэты планеты», у якой выходзілі пераклады паэзіі розных краін свету. Усяго ў гэтай калекцыі выйшла больш за 100 кніг.
У выдавецтве выходзілі інтэлектуальныя тэксты – філасофія, гуманітарныя даследаванні, літаратуразнаўства. Выдавецтва «Зміцер Колас» выдала творы Альбера Камю, Жана-Поля Сартра, Франсуа Рабле, Шарля Бадлера, Рэнэ Дэкарта, Райнера Марыі Рыльке, П’ера дэ Рансара, Франца Кафкі.
Публікацыі:
Пераклады твораў Альбера Камю: раман «Чужаніца», аповесць «Падзенне», апавяданні, п’есы «Калігула», «Праведнікі», эсэ.
Пераклады твораў Жана-Поля Сартра: п’есы «Пры зачыненых дзвярах», «Мухі».
Пераклад апавядання Наталі Сарот «Трапізмы».
Пераклад рамана Франсуа Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».
Пераклад трактата Рэнэ Дэкарта: «Развагі аб метадзе: Як правільна накіроўваць свой розум і шукаць праўду ў навуках».
Пераклад п’есы Франсіса Вебера «Вячэра з дурнем».
Пераклады твораў Эжэна Іанеска: п’есы «Непадкупны забойца», «Лысая спявачка».