Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–28 лютага 2026 года

Апошняе абнаўленне: 2 сакавіка 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–28 лютага 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 28 лютага 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 30, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 146.

Спявак Раман Юркоў за каментарыі ў сацыяльных сетках асуджаны на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). 

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў

Затрымалі стваральніка культурніцкага праекта «Кінаконг» Андрэя Кіма.

Выдавецтва «Тэхналогія» паведаміла пра спыненне працы.

Сайт Беларускага ПЭНа і старонкі арганізацыі ў сацыяльных сетках абвешчаны «экстрэмісцкімі». 

«Экстрэмісцкімі» абвешчаны сацыяльныя сеткі культурніцкага выдання «Palatno», Instagram-старонкі выдавецтва «Gutenberg Publisher»

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дададзена дзіцячая кніга Эліяша Барта «Джа: Легенда аб забраным сэрцы».

16 новых кніг дадалі ў спіс друкаваных выданняў, якія, паводле версіі ўладаў, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

18 лютага стала вядома, што праўладны спявак Раман Юркоў асуджаны за каментарыі, якія ён пакідаў у інтэрнэце ў 2020 годзе падчас масавых пратэстаў. Прысуд вынесены ў верасні 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варожасці): абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»).

ІІ. Затрыманні дзеячаў культуры 

1. 17–18 лютага ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Адбыліся ператрусы ў кіраўнікоў, супрацоўнікаў, а таксама ў прадпрымальнікаў, якія займаюцца распаўсюдам кніг. Тэлефоны правяралі ўва ўсіх, хто быў у памяшканнях. Затрымана сям’я Багдановічаў: сужэнцаў Алены і Вацлава Багдановічаў разам з іх дочкамі – Антанінай і Вікторыяй. Іх затрымалі ў сувязі з дзейнасцю ў выдавецтве «Тэхналогія». На волю былі адпушчаны толькі Алена і Антаніна Багдановічы. Вацлаў Багдановіч і Вікторыя Багдановіч, аўтары кніг на беларускай мове, засталіся за кратамі. Арыштаваны перакладчык і выдавец Зміцер Колас

2. 18 лютага ў Мінску затрымалі Андрэя Кіма. Прычыны затрымання пакуль невядомыя. Андрэй Кім – заснавальнік беларускага кінапраекта «Кінаконг» (2012), які займаўся прафесійным перакладам і агучваннем фільмаў, мультфільмаў, трэйлераў і відэа на беларускую мову, а таксама арганізоўваў кінапаказы ў розных гарадах Беларусі. «Кінаконг» стаў адной з найбольш вядомых ініцыятыў, што папулярызавалі беларускамоўны дубляж і рабілі сусветнае кіно даступным па-беларуску. Сярод поўнаметражных анімацыйных фільмаў, агучаных праектам, – «Галаваломка» (Inside Out), «Галаваломка 2», «Душа» (Soul), «Лука» (Luca) і г. д.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

Яўген Бурло, палітзняволены музыка гурта «Tor Band», з-за астэапарозу абедзвюх ног перанёс аперацыю, ходзіць на мыліцах і прайшоў праз месяцы пакут за кратамі, распавёў у сацыяльных сетках экс-палітвязень, журналіст і блогер Ігар Лосік: «Трэба тэрмінова рабіць аперацыю на другой назе. Нармальна хадзіць ён не можа, і ўявіце, як гэта – жыць у такім стане ва ўмовах лагера».

IV. Закрыццё выдавецтваў 

21 лютага выдавецтва «Тэхналогія» паведаміла пра спыненне працы. Напярэдадні ў Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Выдавецтва «Тэхналогія» было заснавана ў 1988 годзе. 

V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак аўтараў і выканаўцаў 

Суд Пухавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» матэрыялам Instagram-старонку Дзяніса Зорына. У 2020 годзе Дзяніс Зорын быў арыштаваны паводле палітычна матываванай адміністрацыйнай справы і напісаў кнігу пра ўмовы ўтрымання за кратамі.

VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сайтаў і сацыяльных сетак культурніцкіх арганізацый

1. 6 лютага 2026 года паводле рашэння суда Чыгуначнага раёна горада Гомеля сайт Беларускага ПЭНа і старонкі арганізацыі ў сацыяльных сетках абвешчаны «экстрэмісцкімі». Вось спіс старонак Беларускага ПЭНа, абвешчаных «экстрэмісцкімі»: старонка ў Facebook пад назвай «Беларускі ПЭН / PEN Belarus» (https://www.facebook.com/penbelarus.org); старонка ў X (былы Twitter) пад назвай «PEN Belarus» (https://x.com/pen_belarus); старонка ў Linktree пад назвай «@pen_belarus» (https://linktr.ee/pen_belarus); сайт Беларускага ПЭНа (https://penbelarus.org); YouTube-канал пад назвай «PEN Belarus» (https://www.youtube.com/@PENBelarus); старонка на Patreon пад назвай «PEN Belarus» (https://www.patreon.com/PENBelarusBY); раней «экстрэмісцкімі» былі абвешчаны старонкі Беларускага ПЭНа ў Telegram (https://t.me/PENBelarus) і Instagram (https://www.instagram.com/pen_belarus).

2. «Экстрэмісцкімі» абвешчаны сацыяльныя сеткі культурніцкага выдання «Palatno».

3. «Экстрэмісцкімі» абвешчаны Instagram-старонкі выдавецтва «Gutenberg Publisher»

VII. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» выдавецтваў 

16 лютага КДБ прызнаў беларускае выдавецтва «Gutenberg Publisher» «экстрэмісцкім фарміраваннем». На сайце выдавецтва пазначана: «Еўрапейскае беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher мае офіс у Кракаве. У ім працуюць беларусы, што былі вымушаны пакінуць радзіму. Мы імкнёмся ствараць папулярныя беларускія кнігі і настолкі. 16 лютага 2026 года КДБ Беларусі прызнала выдавецтва экстрэмісцкім фарміраваннем. Калі ласка, улічвайце гэта, калі жывяце ў Беларусі»

VIII. Забароненыя кнігі

1. 18 лютага 2026 года рашэннем суда Партызанскага раёна г. Мінска ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» была дададзена кніга Эліяша Барта «Джа: Легенда аб забраным сэрцы». Гэта гісторыя для дзяцей пра дыназаўра Джа, які змагаўся з захопнікамі яго роднай выспы. Унясенне кнігі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» цягне за сабой жорсткія прававыя наступствы, у тым ліку адміністрацыйную адказнасць за выраб, выданне, захаванне або перавозку забароненай кнігі. 

2. 26 лютага 2026 года ў спіс друкаваных выданняў, якія, паводле версіі ўладаў, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», дадалося 16 новых кніг. Спіс папоўніўся кнігамі, якія з’яўляюцца важнымі здабыткамі сусветнай літаратуры і культуры, сярод іх: Віктар Пялевін «Лямпа Мафусаіла, або Крайняя бітва чэкістаў з масонамі», твор-пераможца ў жаночай прэміі за мастацкую літаратуру (Orange Prize) 2012 года «Песня Ахіла» Мадлен Мілер, твор «Лес мерцвякоў» папулярнага французскага аўтара дэтэктываў Жана-Крыстофа Гранжэ. Увесь спіс забароненых у Беларусі кнігі даступны на сайце https://bannedbooks.penbelarus.org