Сёлета лаўрэаткамі прэміі імя Алеся Адамовіча, якой адзначаюцца аўтары найлепшых публіцыстычных твораў, сталі ажно 18 аўтарак і ўкладальніца анталогіі эсэ «Іду да вас, людзі» Алена Казлова.
Лаўрэаткі прэміі раскіданыя па свеце, аднак цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Берліне ў межах двухдзённай майстэрні «Cultural Crossroads: Popular Culture, Diaspora, and the Quest for Belonging», якую арганізуе Цэнтр літаратурных і культурных даследаванняў імя Лейбніца (ZfL).
Віншавала пераможцаў сябра журы прэміі Кася Чэкатоўская, якая агучыла фармулёўку журы:
«За пошук еднасці ў часы рознагалосся прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруюцца аўтаркі і ўкладальніца анталогіі эсэ “Іду да вас, людзі” (выдавецтва “Пфляўмбаўм”, 2025)».
Анталогія эсэ «Іду да вас, людзі» прысвечаная тэме суседства ў шырокім і вузкім сэнсе. У васямнаццаці эсэ сучасных беларускіх аўтарак сабраныя развагі пра тое, як мы пачуваемся сярод людзей іншых культур альбо падобных да нас, бачым і ўзаемаўплываем адно на аднаго, дзякуючы суседству даведваемся пра культуру зносін і побыту, сваю ідэнтычнасць. З прычыны бяспекі некаторыя аўтаркі публікуюцца пад псеўданімамі, аднак мы ганаруем і ўзгадваем кожную: Юля Арцёмава, Таня Арцімовіч, Тафіля Багач, Віка Біран, Ліна Брык, Ева Вежнавец, Вольга Валошкіна, Стэфа Лісоўская, Наста Захарэвіч, Югася Каляда, Зараслава Камінская, Марыя Лапо, Мілана Лявіцкая, Марыя Пархімчык, Ксенія Май, Юлія Чарняўская, Вольга Шпарага, Ганна Янкута.
Прэмія, мэта якой – ушанаванне памяці выбітнага беларуса і вызначэнне найлепшага публіцыстычнага твора года, заснаваная праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў.
З 2018 года прэмія падтрымліваецца нашай набеліяткай Святланай Алексіевіч.