Беларускі ПЭН далучаецца да заявы Міжнароднага ПЭНа, прысвечанай затрыманню турэцкай журналісткі Тугбы Тэкерэк.
«Арышт Тугбы Тэкерэк — небяспечны сігнал для ўсіх, хто адважваецца пісаць пра пытанні ЛГБТІ ў Турцыі. Мы выказваем салідарнасць з Тэкерэк, якую ўлады спрабуюць зрабіць злачынцай выключна за яе журналісцкую дзейнасць, і заклікаем спыніць няспынны пераслед пісьменнікаў і праваабарончых арганізацый за іх законную працу», — заявіў Бурхан Сёнмез, прэзідэнт Міжнароднага ПЭНа.
18 лістапада 2026 года. Улады Турцыі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць журналістку Тугбу Тэкерэк і зняць з яе ўсе абвінавачанні. З такой заявай сёння выступілі Міжнародны ПЭН, Курдскі ПЭН, Нарвежскі ПЭН і Турэцкі ПЭН у сувязі з тым, што Тэкерэк пагражае зняволенне паводле беспадстаўных абвінавачанняў, звязаных з яе журналісцкай дзейнасцю. Арганізацыі таксама заклікаюць улады ў поўнай меры забяспечыць свабоду СМІ і права на інфармацыю.
13 верасня 2026 года паліцыя правяла ператрус у доме незалежнай журналісткі Тугбы Тэкерэк на востраве Бююкада непадалёк ад Стамбула, пасля чаго затрымала яе і перавезла ў Анкару. Затрыманне Тэкерэк адбылося на фоне маштабнай хвалі рэпрэсій супраць ЛГБТІ-арганізацый і асобных прадстаўнікоў ЛГБТІ-супольнасці па ўсёй Турцыі, якая прывяла да масавых арыштаў і блакавання доступу да шэрагу акаўнтаў у сацыяльных сетках і вэб-сайтаў. 15 верасня Шосты суд па крымінальных справах міравой юстыцыі Анкары пастанавіў узяць Тэкерэк пад варту на час папярэдняга следства. Цяпер журналістка ўтрымліваецца ў турме Сінджан. Судовае пасяджэнне па яе справе прызначана на 24 снежня.
Абвінавачанні супраць Тэкерэк звязаныя з артыкулам, які яна напісала ў кастрычніку 2024 года пра парламенцкія выбары ў Грузіі для навінавага сайта Kaos GL — адной з найбольш вядомых арганізацый Турцыі, якія абараняюць правы ЛГБТІ. Артыкул меў назву «Быць ЛГБТІ+ падчас выбараў у Грузіі: я адчуваю сябе адначасова героем і жыхаром антыўтопіі». Тэкерэк таксама абвінавачваюць у адміністраванні Instagram-акаўнта Kaos GL. Журналістка неаднаразова адмаўляла гэтае абвінавачанне як падчас допытаў, так і ў судзе. Паводле Асацыяцыі даследаванняў медыя і права (MLSA), якая прадстаўляе інтарэсы Тэкерэк, у паліцэйскай справаздачы аб расследаванні і абвінаваўчым заключэнні няма ніякіх звестак або канкрэтных доказаў, якія пацвярджалі б сцвярджэнне, што журналістка адміністравала гэты акаўнт. Агулам у абвінаваўчым заключэнні па справе Тэкерэк фігуруюць 17 абвінавачаных. Усім ім пагражаюць тэрміны пазбаўлення волі і судовыя штрафы паводле палажэнняў Крымінальнага кодэкса Турцыі і Закона аб аб’яднаннях.
У кастрычніку 2026 года Асацыяцыя даследаванняў медыя і права (MLSA) звярнулася ў Канстытуцыйны суд Турцыі з патрабаваннем неадкладна вызваліць Тэкерэк без прымянення мер судовага кантролю. У звароце таксама паведамляецца пра меркаванае жорсткае абыходжанне з журналісткай падчас утрымання пад вартай у паліцыі, затрымкі ў аказанні медыцынскай дапамогі і ўмяшанне ў яе прыватнае жыццё. На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу рашэнне найвышэйшай судовай інстанцыі Турцыі яшчэ не было вынесена.
Міжнародны ПЭН, Курдскі ПЭН, Нарвежскі ПЭН і Турэцкі ПЭН асуджаюць пераслед Тэкерэк выключна за яе публікацыі і заклікаюць да яе неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Усе абвінавачанні супраць журналісткі павінны быць знятыя. Арганізацыі таксама паўторна заклікаюць улады Турцыі ў поўнай меры забяспечыць свабоду СМІ і спыніць практыку вынясення рашэнняў аб блакаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама прымяненне іншых абмежавальных мер, якія парушаюць права на свабоду выказвання меркаванняў і доступу да інфармацыі.
Дадатковая інфармацыя
12 і 13 верасня 2026 года паліцыя правяла рэйды ў Анкары, Стамбуле, Ізміры, Айдыне і Мерсіне ў межах аперацыі пад назвай Ailem Güvende («Мая сям’я ў бяспецы»). Яе мішэнямі сталі ЛГБТІ-арганізацыі, установы і асобныя прадстаўнікі ЛГБТІ-супольнасці. Гэтыя дзеянні выклікалі хвалю абурэння як у Турцыі, так і на міжнародным узроўні. У прыватнасці, эксперты ААН асудзілі рэпрэсіі і заклікалі вызваліць усіх, хто ўтрымліваецца пад вартай выключна за сваю законную праваабарончую дзейнасць. Некалькі прадстаўнікоў Kaos GL па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай да суда ў турме Сінджан разам з Тэкерэк. Паралельна працягваюцца судовыя працэсы, накіраваныя на ліквідацыю ЛГБТІ-арганізацый.
Каб даведацца больш, прапануем паглядзець вебінар «Рэпрэсіі супраць правоў ЛГБТІ+ у Турцыі», прымеркаваны да месяца з моманту правядзення рэйдаў. У ім узялі ўдзел Джудыт Батлер і Йылдыз Тар, галоўны рэдактар Kaos GL. Суараганізатарамі вебінара выступілі Нарвежскі ПЭН, праект прававой падтрымкі ў Турцыі (Turkey Litigation Support Project), Kaos GL, кампанія We Want Freedom, Amnesty International і Human Rights Watch.
25 верасня 2026 года Міжнародны ПЭН выступіў адным з ініцыятараў паведамлення аб пагрозе ў падтрымку Тэкерэк на Платформе Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў.
Заўвага для СМІ
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да Аўрэліі Дандо, кіраўніцы аддзела Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднага ПЭНа: [email protected].
Па пытаннях для СМІ звяртайцеся да Сабрыны Тучы, кіраўніцы аддзела камунікацый і кампаній Міжнароднага ПЭНа: [email protected].