Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Цынамонавага сезона». Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні было прысвечанае брытанскай прозе. Удзельніцы прадставілі па-беларуску фрагменты двух твораў, між напісаннем якіх прамінула 60 гадоў; якія істотна адрозніваюцца стылем і нават літаратурным жанрам, але ўсё-ткі ў нечым вельмі падобныя. Бо і першы, і другі апавядаюць пра несправядлівасць і дыскрымінацыю, пра тое, як няпроста быць жанчынай у свеце, дзе пануюць мужчыны (а пагатоў маленькай дзяўчынкай у грамадстве, дзе ўсім кіруюць дарослыя). Адзін з гэтых твораў – бясспрэчная класіка фемінізму, культавае эсэ Вірджыніі Вулф (1882-1941) “Уласны пакой” (1929). А другі – знакамітая кніга Роальда Дала (1916-1990) “Матыльда” (1988). Запрошанай госцяй і эксперткай выступіла вядомая пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута.
Ганна Янкута – пісьменніца, перакладчыца, даследчыца беларускай і англамоўнай літаратуры.
Аўтарка кніг «Час пустазелля» і «Блуканцы», зборніка «Канстытуцыя» – паэтычнага праекта на палях беларускага закона, а таксама твораў для дзяцей, у тым ліку серыі пра ката Шпрота і аповесці «Марта і яе мара пра снег». Пераклала на беларускую мову творы Джэйн Остэн, Чарльза Дыкенса, Кадзуа Ісігура, Салі Руні, а таксама паэзію Джона Кітса, Эдгара Алана По і іншых вядомых аўтараў.
Перакладчыца “Уласнага пакою” Аксініца Шарэнда, прадставіўшы калегам сваю дэбютную працу, наўздагон сустрэчы фактычна напісала невялікае эсэ пра Вірджынію Вулф, якое хочацца прывесці цалкам.

“«Уласны пакой» Вірджыніі Вулф я абрала перадусім сэрцам. Бо мару, каб у будучыні маленькая беларуская дзяўчынка магла падысці да сваёй кніжнай паліцы, выбраць кніжку пра фемінізм і прачытаць яе на роднай мове. Перакладаў сусветнай феміністычнай класікі на беларускую пакуль няшмат, і сярод тых, якія я ведаю, большасць зрабілі мужчыны (дзякую, шаноўны спадар Гарбацкі!). Але мне як феміністцы хочацца, каб менавіта жанчыны часцей перадавалі іншым жанчынам веды, ідэі і думкі.
Мяне зачапіла, наколькі ідэі Вулф актуальныя сёння. У 1928 годзе яна выступала перад студэнткамі двух жаночых каледжаў Кембрыджу. Яны ўжо маглі вучыцца і здаваць іспыты, але паўнапраўнымі сяброўкамі ўніверсітэту жанчыны сталі толькі ў 1948-м. Цікава б было паглядзець рэакцыю сучасных Вулф мужчынаў на такую лекцыю.
Калі чытаеш эсэ, важна памятаць пра гістарычныя падмуркі думак аўтаркі. У віктарыянскую эпоху ад жанчыны чакалі, што яе жыццё будзе засяроджанае на доме і сям’і. Толькі ў 1870 годзе закон дазволіў замужнім жанчынам валодаць уласна-заробленым, а ў 1882-м яны атрымалі права самастойна распараджацца сваёй маёмасцю. Былі абмежаванні і ў тым, пра што можна было пісаць. У тым самым 1928 годзе, калі Вулф выступала ў Кембрыджы, брытанскі суд прызнаў “Калодзеж самоты” Рэдкліф Гол, раман пра каханне паміж жанчынамі, непрыстойным і загадаў знішчыць наклад. Ды нават пры канцы ХХ-га стагоддзя, у 1997-м, калі выходзіла першая кніга пра Гары Потэра, выдавецтва папрасіла Дж. Роўлінг падпісацца гендэрна-нейтральнымі ініцыяламі J. K. Rowling. Бо палічыла, што імя аўтаркі-жанчыны на вокладцы можа знізіць зацікаўленасць чытачоў-хлопчыкаў.
Найцяжэй мне было вырашыць, як я сама хачу перакладаць. Ці варта спрашчаць сказы, каб яны гучалі бліжэй да сённяшняй жывой мовы? Ці лепей трымацца бліжэй да арыгінала, захоўваючы будову і рытм сказа? Думка Вулф перажыла амаль стагоддзе, а сказы ў яе часам такія мудрагелістыя, што сёння мала хто так гаворыць ці піша. Тут мне спатрэбіліся парады больш дасведчаных людзей з Майстэрні. Падчас разбору мне было важна пачуць, дзе, на іхную думку, сказ можна спрасціць, а дзе разам з ягонай будовай рызыкуеш згубіць і тое, як Вулф разгортвае сваю думку.
Я вельмі ўдзячная за гэты досвед, нават нягледзячы на тое, што, імаверна, не скончу свой пераклад. Падчас разбору маёй працы высветлілася, што «Уласны пакой» ужо перакладаюць. Вельмі чакаю і буду бязмежна рада прачытаць па-беларуску адно з найважнейшых феміністычных эсэ ХХ стагоддзя”.
***

Перакладчыца “Матыльды” Дар’я, прадстаўляючы сваю працу, была нашмат лаканічнейшай, але выклікі, з якімі яна сутыкнулася, і вынікі, да якіх прыйшла, выглядаюць не менш істотнымі.
“На майстэрню я падалася з перакладам “Матыльды” Роальда Дала. Апроч чароўнага стылю пісьменніка, мне адгукнулася шырокая праблематыка (напрыклад, рыгарызм у сістэме адукацыі, булінг, злоўжыванне ўладай, барацьба за свае правы, пераасэнсаванне традыцыйных стасункаў бацькі-дзеці). Паколькі аўтару ўласціва гіпербала і іронія, адной са складанасцяў было перадаць шырокую палітру “цудоўных” і “агідных” вобразаў, захоўваючы лёгкасць арыгінала і натуральнасць беларускай мовы. Дапамаглі з гэтым слоўнікі, заўвагі экспертаў і ўдзельнікаў Майстэрні, а таксама ўласныя ўспаміны пра дзяцінства”.
***
Запрошаная экспертка Ганна Янкута, разбіраючы разам з удзельнікамі і ўдзельніцамі Майстэрні прадстаўленыя пераклады, сістэматызавала свае заўвагі ў чатырох універсальных парадах, праілюстраваўшы іх прыкладамі з арыгіналамі і перакладамі.
1) Звяртаць увагу на паўторы і паралельныя канструкцыі ў арыгінальным тэксце, якія могуць быць элементамі аўтарскага стылю.
Арыгінал: “Be that as it may, I could not help thinking, as l looked at the works of Shakespeare on the shelf, that the bishop was right at least in this; it would have been impossible, completely and entirely, for any woman to have written the plays of Shakespeare in the age of Shakespeare”.
Пераклад. Было: “Як бы там ні было, гледзячы на творы Шэкспіра на паліцы, я не магла не падумаць, што прынамсі ў адным біскуп меў рацыю: у часы Шэкспіра было б цалкам і абсалютна немагчыма, каб якая-небудзь жанчына напісала Шэкспіравы п’есы”.
Стала: “Як бы там ні было, гледзячы на творы Шэкспіра на паліцы, я не магла не думаць, што прынамсі ў адным біскуп меў рацыю: было б цалкам і абсалютна немагчыма, каб якая-небудзь жанчына напісала Шэкспіравы п’есы ў Шэкспіравы часы”.
Арыгінал: “The manager—a fat, loose-lipped man— guffawed. He bellowed something about poodles dancing and women acting…”
Пераклад. Было: “Кіраўнік — тоўсты мужчына з адвіслай губой — зарагатаў, загарлаў нешта пра танцуючых пудэляў і жанчын на сцэне”.
Стала: “Кіраўнік — таўстун з адвіслай губой — зарагатаў і гаркнуў нешта пра пудэляў, якія танчаць, і жанчын, якія граюць на сцэне”.
Арыгінал: “Mrs Phelps looked down at Matilda from her great height and Matilda looked right back up at her”.
Пераклад. Было: “Місіс Фэлпс узіралася ў Матыльду з вышыні сваёй высознай паставы, а Матыльда лавіла яе позірк знізу”.
Стала: “Місіс Фэлпс з вышыні свайго росту глянула на Матыльду зверху ўніз, а Матыльда, у сваю чаргу, глянула на яе знізу ўверх”.
2) Сачыць за супадзеннем катэгорыі трывання ў беларускім перакладзе: каб у пераліку дзеянняў дзеясловы (альбо аддзеяслоўныя формы) мелі альбо закончанае, альбо незакончанае трыванне – каб гэтыя формы не змешваліся.
Арыгінал: “Her brother (five years older than her) went to school. Her father went to work and her mother went out playing bingo in a town eight miles away”.
Пераклад. Было: “Брат (старэйшы за яе на пяць гадоў) хадзіў у школу. Бацька сыходзіў на працу, а маці ехала за восем кіламетраў у горад граць у бінга”.
Стала: “Брат (старэйшы за яе на пяць гадоў) ішоў у школу. Бацька ішоў на працу, а маці ехала за восем кіламетраў у горад гуляць у бінга”.
3) Перачытваць пераклад на прадмет збыткоўных словаў. Варта звяртаць увагу на прыналежныя займеннікі (якія ў беларускім тэксце ўжываюцца радзей, чым у англійскім) і мадальныя дзеясловы (катэгорыя мадальнасці адрозніваецца ў розных мовах).
Арыгінал: “Mrs Phelps, who had been watching her with fascination for the past few weeks, now got up from her desk and went over to her”.
Пераклад. Было: “Місіс Фэлпс, якая цягам некалькіх тыдняў толькі зачаравана назірала, цяпер устала з-за свайго стала і падышла да дзяўчынкі”.
Стала: “Місіс Фэлпс, якая некалькі тыдняў зачаравана назірала за дзяўчынкай, цяпер устала з-за стала і падышла да яе”.
Арыгінал: “She picked up a book now and then, one of her brother’s perhaps, and read a few pages”.
Пераклад. Было: “Час ад часу яна брала ў рукі кнігу — магчыма, якую-небудзь з кніг свайго брата — й прачытвала некалькі старонак”.
Стала: “Час ад часу яна брала ў рукі кнігу — магчыма, братаву — і прачытвала некалькі старонак”.
4) Правяраць спалучальнасць беларускіх словаў. Напрыклад, слова «карцець» спалучаецца з інфінітывамі, а не з назоўнікамі ці займеннікамі.
Арыгінал: “… she decided she wanted something more interesting”.
Пераклад. Было: “…Матыльда адчула, што ёй карціць чагосьці цікавейшага”.
Стала: “…Матыльда адчула, што ёй хочацца чагосьці цікавейшага”.
***

Некаторыя заўвагі да перакладу “Уласнага пакою” Вірджыніі Вулф былі звязаныя з феміністычнай оптыкай тэксту і вынікалі з жадання зрабіць дадатковы акцэнт на жаночым.
Арыгінал: “Very soon he got work in the theatre, became a successful actor, and lived at the hub of the universe, meeting everybody knowing everybody practising his art om the boards, exercising his wits in the streets, and even getting access to the palace-of the queen”.
Пераклад. Было: “Неўзабаве атрымаў працу на сцэне, стаў паспяховым акторам ды на свет прыйшоў/светам запанаваў: сустракаўся з усімі, ведаў усіх, удасканальваў сваё мастацтва, вастрыў розум свой і нават здолеў трапіць да каралеўскага двара”.
Зразумела, што “каралеўскі двор” – занадта агульна, калі ў арыгінале фігуруе “the queen” і маецца на ўвазе канкрэтная каралева Лізавета І, да эпохі якой належаў ранні Шэкспір. Таму заканамерная прапанова:
“Неўзабаве ён атрымаў працу на сцэне, стаў паспяховым акторам ды атабарыўся ў цэнтры сусвету: сустракаўся з усімі, ведаў усіх, удасканальваў сваё мастацтва на сцэне, вастрыў свой розум на вуліцах і нават займеў доступ у палац каралевы”.
Іншы прыклад: “…shall measure the heat and violence of the poet’s heart when caught and tangled in a woman’s body?..”
Было: “…хто здолее вымераць жар і шал паэтавага сэрца, злоўленага й заблытанага ў жаночым целе?..”
Універсальнае ангельскае “poet’s heart” зусім не абавязкова перакладаць “мужчынскім” прыметнікам “паэтавага”, калі можна ўжыць больш нейтральнае слова.
Прапанова: “…хто здолее вымераць жар і шал паэтычнага сэрца, увязненага ў жаночым целе?..”
Апошняя рэдактарская прапанова датычыла ўважлівага захавання рэаліяў. У перакладзе фрагмента “…and have five hundred a year each of us and rooms of our own…” раптам з’явілася не ўласцівая краіне аўтаркі валюта: “…і калі будзем мець свае пяцьсот даляраў на год для кожнай ды свой уласны пакой…”. Вядома ж, “даляры” было прапанавана прыбраць або памяняць на “фунты”. Тым больш, што зусім побач цэнтральны вобраз эсэ пісьменніцы – “уласны пакой”, – які застаецца актуальным патрабаваннем і сёння.