• Навiны
  • Галасы
  • Асабістае і крымінальнае. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Асабістае і крымінальнае. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Апошняе абнаўленне: 17 сакавіка 2026
Асабістае і крымінальнае. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

[Прочитать колонку по-русски можно тут]

Аўтарская калонка сябра Беларускага ПЭНа Аляксандра Фядуты.

Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), палітычны аналітык.

У матэрыяле прыводзіцца асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з пазіцыяй арганізацыі.

АСАБІСТАЕ І КРЫМІНАЛЬНАЕ

Сяргей Даўлатаў пісаў пра тое, што Сталін, вядома, нягоднік, але нехта ж напісаў чатыры мільёны даносаў.

Не ведаю, адкуль ён узяў такую колькасць. Але я лічу яе блізкай да праўды. Хаця, кажуць, адзін з расійскіх палітыкаў ужо запатрабаваў зрабіць рэвізію: маўляў, ці не завышаны лік?

Можа быць, і завышаны. Але нават калі ён на трыста тысяч меншы, у прынцыпе, розніцы няма. Бо гаворка ідзе не пра канкрэтную колькасць даносаў, а пра данос як з’яву.

У беларускіх медыя чытаю: вось паненка, каб адпомсціць свайму былому, паведаміла праваахоўным органам пра змесціва яго айфона. А вось чыйсьці «адшыты» былы данёс на сваю былую пра тое, што тая хадзіла на мітынгі… Асабістыя справы інтымнага характару набываюць публічнасць і робяцца справамі крымінальнымі. Месяцы, а часам і гады сумеснага жыцця ператвараюцца ў тэрміны «хіміі», а часам і калоніі, і нават «крыткі».

У нашым дзяцінстве было ганьбаю данесці на аднакласніка настаўніку. І нават маме расказвалі ў самым крайнім выпадку – калі ліхтар пад вокам ужо разгараўся напоўніцу. Можа быць, і анекдоты пра Паўліка Марозава, які нібыта данёс, што ягоныя бацька з дзедам хавалі хлеб ад калгаса, мелі такую папулярнасць, бо даносы ў мае часы ўжо амаль не пісаліся.

Мне давялося аднойчы чытаць данос на самога сябе. Усё здарылася будзённа проста. Упершыню ў жыцці я напісаў заяўку на грант – не навуковы, палітычна-аналітычны. У фондзе яе, паводле належнай працэдуры, далі рэцэнзаваць вядомаму беларускаму аналітыку і вядомаму ж палітыку, якія радасна віталі мяне пры кожнай сустрэчы. Падчас наступнага майго прыезду ў офіс фонду яго прадстаўнік засмучана паведаміў, што заяўка адхілена, бо… Зрэшты, спадар Фядута, прачытайце.

Прачытаў.

Мне прыгадалі ўсе старонкі маёй біяграфіі: абранне сакратаром ЦК камсамолу, дзейнасць у перадвыбарчым штабе дэпутата Лукашэнкі, цытаваліся мае шматлікія артыкулы, у якіх я пад сваім імем і ў легальнай цалкам дэмакратычнай «Беларускай дзелавой газеце» «дазваляў сабе» крытыкаваць дзейнасць беларускіх партый. Пра сутнасць заяўкі не было сказана ні слова. Відаць, складзена яна была бездакорна.

Прыкладна пра такі ж данос распавядаў мне цяпер ужо нябожчык Пётр Марцаў – чалавек, чый унёсак у развіццё беларускай недзяржаўнай прэсы проста неацэнны. Ён звярнуўся з просьбай прафінансаваць першы этап стварэння адзінай сістэмы недзяржаўнай «пошты». Рэцэнзію-данос напісаў на яго палітык, які сваім узыходжаннем на вяршыню быў абавязаны Пятру Паўлавічу, як зямля калгасу. Там пералічваліся ўсе «грахі» Марцава – пачынаючы ад сацыяльнага паходжання і заканчваючы прыцягненнем на працу вядомага «лукашыста Фядуту» (цытата). У выніку рэалізацыя гэтага праекта затрымалася на некалькі гадоў.

На жаль, час змяніўся. Тады, калі палітычная барацьба яшчэ ішла і нават не цалкам ператварылася ў барацьбу за рэсурсы, ніхто і не думаў уцягваць у яе дзяржаўныя структуры. Цяпер… О, цяпер вырасла новае пакаленне, для якога не існуе нават тых адносна маральных прынцыпаў, якімі кіраваліся ў далёкія дзевяностыя гады. Разборкі выносяцца на паверхню не для таго, каб прыцягнуць на свой бок «шырокую грамадскасць», а каб ужо напэўна дабіць, знішчыць больш шчаслівага суперніка. А хай заткнецца! А няма чаго! А хто ён увогуле такі?! А чым ён лепшы за мяне?! «Ён» – або «яна», не пры феміністках будзе сказана.

Яўген Будзінас, пасля чатырнаццаці (!!!) даносаў, што паступілі на наш з ім праект практычна адначасова (!!!), сказаў мне:

– Малады ты яшчэ. Не прывык. Ім усё здаецца, што калі ў нас аднімуць, то ім перападзе. Не перападзе. Не нервуйся. Але ў нас забяруць. Гэта я ведаю дакладна. На ўсялякі выпадак забяруць. Каб на тых, хто даваў, не данеслі.

Універсальнасць даносу як зброі робіць яго аднолькава прывабным для ўсіх бакоў цяперашніх канфліктаў. І толькі грэблівасць чалавека, які раніцамі глядзіцца ў люстэрка, прымушае задумацца: а навошта? Ну, патопіш ты канкурэнта (не палітычнага супраціўніка – усяго толькі канкурэнта), але ж і сам з патокаў дзярма не выплывеш.

Дык ці варта?

У мяне пыталіся, чаму я не выйшаў з нашай «змовы» адразу ж, калі даведаўся, што адзін з нас здуру вядзе запіс размоў у інтэрнэце. Вядома ж, стары лох! Ну як растлумачыць гэтым людзям: свой лёс ужо ўсё роўна не зменіш. А так іншыя падумаюць, што ты ўцёк і данёс. А ў люстэрка ўсё роўна раніцамі даводзіцца глядзецца. Ад сябе не ўцячэш…

Аляксандр Фядута


Чытаць папярэднія тэксты:

Арыштаваць Гутэнберга. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Звычка да сякеры. Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты

Той, якая чакае… Аўтарская калонка Аляксандра Фядуты