• Навiны
  • Культурныя правы
  • (БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2025 года

(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2025 года

Апошняе абнаўленне: 29 ліпеня 2025
(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2025 года

Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа за першую палову 2025 года з адкрытых крыніц праз асабістыя кантакты і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнні (у тым ліку канфідэнцыйна) або выправіць недакладнасці, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma. Чым дакладней мы зможам зафіксаваць і прааналізаваць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры, тым эфектыўней будзем планаваць працу ў падтрымку дзеячаў культуры і культурных праектаў. Больш пра маніторынг тут.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.

Асноўныя вынікі маніторынгу
Умовы ўтрымання ў зняволенні: рэжым інкамунікада і пагаршэнне стану здароўя
Адвольныя затрыманні
Крымінальны пераслед
Матэрыялы на тэму культуры, прызнаныя «экстрэмісцкімі»
«Шкодная літаратура»
Гістарычная спадчына і знішчэнне месцаў памяці
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Высновы

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

У першым паўгоддзі 2025 года ў Беларусі працягнуліся пераслед за іншадумства і выказванне меркавання, адвольныя затрыманні і арышты, палітычна матываваны адміністрацыйны і крымінальны пераслед дзеячаў культуры ўнутры краіны, пераслед у выгнанні. Новыя дакументальныя і мастацкія кнігі былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Сярод ключавых тэм другога квартала – ужо 2,5 года ўтрымання ў рэжыме інкамунікада палітзняволенага адваката, літаратара і барда Максіма Знака; памілаванне пры пасярэдніцтве амерыканскага ўрада і наступная дэпартацыя з Беларусі 14 зняволеных, сярод якіх – трое прадстаўнікоў культурнай сферы: Наталля Дуліна, Сяргей Ціханоўскі і Ігар Карней; затрыманне і пераслед некалькіх адміністратараў беларускага раздзела інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя»; крымінальны пераслед і суд над грамадзянскай актывісткай Нінай Багінскай – знакавай фігурай у пытаннях захавання беларускай нацыянальнай памяці і адным з сімвалаў пратэстаў 2020 года; прызнанне «экстрэмісцкім матэрыялам» Instagram-старонкі выдавецтва і анлайн-крамы беларускіх кніг у Лондане «Skaryna Press»; дапаўненне Міністэрствам інфармацыі пераліку друкаваных выданняў, распаўсюджванне якіх нібыта можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, яшчэ 75 найменнямі; дэмантаж бюста Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, у яго родавым маёнтку ў вёсцы Малыя Сяхновічы Брэсцкай вобласці; разбурэнне стогадовых будынкаў дзеля правядзення штогадовага фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2025».

У ліку напрамкаў дзяржаўнай палітыкі адзначаюцца: далейшая ідэалагізацыя – зацверджаны «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы» (апублікавана Дырэктыва № 12); акцэнт на патрыятычнае выхаванне і святкаванне 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – запланавана больш за 150 мерапрыемстваў; новыя пагадненні супрацоўніцтва паміж культурнымі ўстановамі Беларусі і Расіі; падтрымка і заахвочванне лаяльных да ўлады артыстаў і шэраг іншых тэм.

Пераслед у перыяд са студзеня да чэрвеня 2025 года ў лічбах:
  • Зафіксаваны 593 парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
  • Станам на 30.06.2025 у краіне 1164 палітычныя зняволеныя [1], сярод іх не менш [2] за 97 дзеячаў культуры.
  • Усяго ў зняволенні – калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу («хімія») – або ва ўмовах «хатняй хіміі» [3] адбываюць пакаранне паводле палітычных матываў не менш за 156 чалавек са сферы культуры.
Дзеячы культуры, якія знаходзяцца ў зняволенні (станам на 30.06.2025): не менш за 110 – у турмах, калоніях, СІЗА, на «хіміі», не менш за 46 – на «хатняй хіміі»
  • Топ-10 парушаных правоў:

  • Прызнанне матэрыялаў на тэму культуры і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – самы часты від парушэнняў у агульным аб’ёме маніторынгу (183 зафіксаваныя выпадкі). Цэнзура (з улікам спісу друкаваных выданняў, «забароненых для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі») – на другім месцы (103). Парушэнне права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя замыкаюць тройку антылідараў (63).
  • Вядома пра завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да 47 дзеячаў культуры. У кожным другім выпадку – 23 чалавекі – гаворка ідзе пра пераслед палітычных эмігрантаў.
  • Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 24 дзеячы культуры, у тым ліку адзін чалавек – у рамках завочнага судовага разбору. У дачыненні да кожнага пятага чалавека гэта ўжо другі (або больш) прысуд пасля падзей 2020 года.
  • Не менш як 22 дзеячы культуры сутыкнуліся з адвольным затрыманнем або арыштам, двое з іх – двойчы.
  • Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 17 людзей культуры (18 адміністрацыйных пратаколаў).
  • У дачыненні да мінімум 4 былых палітзняволеных – дзеячаў культуры, якія эмігравалі пасля крымінальнага пакарання ў выглядзе «хіміі» або «хатняй хіміі», адбыліся завочныя суды аб замене рашэння на больш жорсткае.
  • У «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ўнесены яшчэ 23 дзеячы культуры; у «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» – яшчэ 7.
  • 17 дакументальных, гістарычных і мастацкіх кніг уключаны Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
  • 75 найменняў друкаваных выданняў папоўнілі спіс матэрыялаў, распаўсюджванне якіх нібыта здольнае нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
  • Сабрана 47 фактаў неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычнай спадчыны і месцамі памяці.
Сярод назіраных тэндэнцый:
  • З 5 сакавіка 2025 года на сайце Вярхоўнага суда закрыты публічны доступ да электроннага раскладу судовых пасяджэнняў, што істотна ўскладняе праваабаронцам збор інфармацыі пра адміністрацыйныя і крымінальныя суды, над дзеячамі культуры ў прыватнасці. Таксама з сайта знік раздзел «Спецыяльнае вядзенне».
  • Парушэнні ў сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны ўпершыню ўвайшлі ў топ-10 парушэнняў маніторынгу. Гэта звязана найперш з сур’ёзнымі цяжкасцямі ў адсочванні палітычна матываванага пераследу.
  • Расце колькасць паўторна (і больш) асуджаных дзеячаў культуры, у тым ліку тых, хто ўжо адбывае пакаранне.
  • Працягваюцца затрыманні і завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян, якія вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы.
  • Практыкуюцца завочныя суды, якія змяняюць рэжым пакарання ў дачыненні да дзеячаў культуры, якія выехалі з краіны пасля вынясення прысудаў, звязаных з абмежаваннем волі.
  • З’явілася новая нагода для пераследу і запалохвання: размяшчэнне інфармацыі на платформе «BYMAPKA» – карце беларускага бізнесу за межамі краіны.
  • Прэцэдэнтны выпадак – суд і прысуд, не звязаны з пазбаўленнем або абмежаваннем волі, – накладанне прафілактычнага назірання на адну са знакавых асоб беларускіх пратэстаў 2020 года, актывістку Ніну Багінскую.
  • Памілаванне дзеячаў культуры, якім да заканчэння тэрміну заставалася паўгода, месяц, тыдзень.
  • Прымусовая дэпартацыя памілаваных, адсутнасць у іх дакументаў, якія пацвярджаюць вызваленне, даведак і г. д.
  • Працягваецца прызнанне «экстрэмісцкімі» матэрыялаў, звязаных з палітзняволенымі – дзеячамі культуры, якія даўно адбываюць пакаранне, у першую чаргу іх кніг і акаўнтаў у сацыяльных сетках.
  • З канца 2024 года на сайце Міністэрства інфармацыі з’явіўся новы для Беларусі спіс – «шкоднай літаратуры».
  • Трэнд прыпынення кампаніі прымусовай ліквідацыі НКА, які намеціўся ў першым квартале 2025 года, захоўваецца: паводле звестак маніторынгу «Lawtrend», працэс зрабіўся пунктавым. За першае паўгоддзе 2025 года ліквідавана восем арганізацый, тры з якіх – культурныя.

 УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ Ў ЗНЯВОЛЕННІ: РЭЖЫМ ІНКАМУНІКАДА І ПАГАРШЭННЕ СТАНУ ЗДАРОЎЯ

Рэжым інкамунікада – гэта поўная ізаляцыя палітзняволенага ад вонкавага і ўнутранага колаў зносін, адсутнасць сувязі з роднымі, адвакатамі, сябрамі. Такая практыка распаўсюдзілася ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі з лютага 2023 года.

Так, культурны менеджар і блогер Сяргей Ціханоўскі, адзін з 14 асуджаных, вызваленых паводле памілавання 21 чэрвеня 2025 года, знаходзіўся ў інфармацыйнай блакадзе 835 дзён – больш за два гады. Пры гэтым амаль тры гады ён правёў у адзіночнай камеры. У сваіх інтэрв’ю пасля вызвалення Ціханоўскі казаў, што поўная ізаляцыя – гэта адно з самых цяжкіх выпрабаванняў, перажытых ім за пяць гадоў зняволення.

Пра бізнесмена і мецэната Віктара Бабарыку, актуальныя фота і відэазапіс з якім былі апублікаваны ў праўладных медыя 8 студзеня 2025 года, да таго дня нічога не было вядома на працягу амаль двух гадоў.

Музыка і культурная менеджарка Марыя Калеснікава заставалася ў рэжыме поўнай ізаляцыі да сустрэчы з бацькам у калоніі 12 лістапада 2024 года – крыху менш за два гады. На цяперашні момант яна зноў пазбаўлена кантакту з вонкавым светам.

Што тычыцца адваката, літаратара і барда Максіма Знака – сям’я не мае з ім ніякай сувязі ўжо 2,5 года. Апошні ліст датуецца 9 лютага 2023 года. Ні сваякі, ні адвакат не маюць да яго доступу.

Здароўе палітзняволеных

Умовы, створаныя для палітзняволеных у месцах пазбаўлення волі, негатыўна адбіваюцца на іх фізічным здароўі. Так, Сяргей Ціханоўскі, які цяпер праходзіць поўнае медыцынскае абследаванне, кажа, што ўжо на прамежкавым этапе дактары прызначылі яму 19 прэпаратаў для штодзённага прыёму, а вітамін D у яго арганізме адсутнічае цалкам. На волю Ціханоўскі выйшаў у стане фізічнага знясілення, з вагой 79 кг – амаль удвая менш, чым на момант затрымання ў траўні 2020 года.

Пра падобныя праблемы са здароўем, звязаныя з ненармальнымі ўмовамі ўтрымання, расказвае і журналіст Ігар Карней, які правёў у зняволенні два гады і быў памілаваны ў адзін дзень з Сяргеем Ціханоўскім:

«З усяго ланцужка дэвітамінізацыі прыборы зусім не зафіксавалі вітаміну D. Яно і не дзіўна: месяцамі ў ізалятары не бачыш сонца, неба, ветру <…> Першая садавіна патрапіла на стол пад канец восені, калі на гарнір пачалі даваць свежую звараную капусту <…> За пару гадоў паняцці памідор, агурок, радыска выветрываюцца з лексікону за непатрэбнасцю. Перадусім датычна “экстрэмістаў”, апрыёры пазбаўленых харчовых пасылак/перадач ды абмежаваных мінімальнай сумай атаваркі. Медычная бандэроль – амаль нерэальны квэст».

З розных калоній у першай палове 2025 года паступалі трывожныя звесткі пра стан здароўя палітзняволеных – дзеячаў культуры:

  • Вацлаў Арэшка, культуролаг і рэдактар, які знаходзіцца ў ПК № 22, пакутуе ад сур’ёзных праблем са зрокам – ужо не бачыць на адлегласці выцягнутай рукі. Аднак яму адмаўляюць у афармленні інваліднасці.
  • Алесь Бяляцкі, літаратар і праваабаронца, зняволены ў ПК № 9, зазнае рэзкае пагаршэнне зроку.
  • Сяргей Сацук, пісьменнік-фантаст і журналіст, у ПК № 15 пакутуе ад высокага ціску і захворванняў суставаў.
  • Валерыя Касцюгова, палітолаг і публіцыстка, якая знаходзіцца ў ПК № 4, часам страчвае прытомнасць. Патрэбныя ёй прэпараты небеларускай вытворчасці калонія не прапускае.

Рэжым поўнай ізаляцыі (інкамунікада) і адсутнасць доступу да якаснай медыцынскай дапамогі – сістэматычныя парушэнні ўмоў утрымання і права на здароўе ў дачыненні да палітзняволеных у Беларусі.

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ

За першыя шэсць месяцаў 2025 года вядома як мінімум пра 22 выпадкі адвольных затрыманняў і арыштаў дзеячаў культуры, двое з іх сутыкнуліся з затрыманнем двойчы.

Так, 6 лютага быў арыштаваны Андрэй Несцяровіч, уладальнік гродзенскай этнакрамы «Цудоўня», паводле абвінавачання ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года. 28 сакавіка быў затрыманы і пакараны 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» паэт, перакладчык і былы рэдактар «Бабруйскага кур’ера» Анатоль Санаценка. 19 траўня перастала выходзіць на сувязь аўтарка нон-фікшн Ціна Палынская. Пазней з’явілася інфармацыя пра яе затрыманне ў рамках крымінальнай справы. 4 чэрвеня стала вядома пра затрыманне мядзельскага аўтара-выканаўцы Аляксандра Хіхеля. Прапагандысты заявілі, што ён нібыта «спяваў дурныя песенькі супраць СВА, супраць нашай улады, супраць Расіі, супраць Дня Перамогі». 25 чэрвеня быў арыштаваны Алег Хаменка, лідар мадэрн-фолк-гурта «Палац», за нібыта супрацоўніцтва з беларускім медыя, прызнаным рэжымам «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Адной з прыкметных тэм пераследу ў гэты перыяд стала затрыманне некалькіх адміністратараў беларускамоўнага раздзела «Вікіпедыі» [4]. Пасля 13 сакавіка супольнасць страціла сувязь з карыстальнікам пад нікам Kazimier Lachnovič – адным з чатырох адміністратараў раздзела на тарашкевіцы. Яго апошнія праўкі датаваны 12 сакавіка. Пацвярджэння затрымання, як і яго сапраўднага імя, на гэты момант няма, аднак ёсць важкія падставы меркаваць, што гэта так.

20 сакавіка, праз тыдзень пасля знікнення Lachnovič, на сайце аднаго з найбуйнейшых дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсаў «Беларусь. Сёння» выйшаў артыкул, у якім дыскрэдытуецца свабодная энцыклапедыя. У тэксце прасоўваецца тэзіс, што «Вікіпедыя» – гэта «зброя інфармацыйнай вайны» супраць постсавецкіх краін, а яе беларускі раздзел рэдагуецца, у прыватнасці, з Польшчы. У канцы матэрыялу прапагандыстка настойвае на неабходнасці стварыць «свой надзейны аналаг, заснаваны на навуковых звестках і верыфікаваных крыніцах».

17 красавіка перастала выходзіць на сувязь і рэдагаваць артыкулы яшчэ адна адміністратарка – Вольга Сітнік (нік Хомелка). Пазней стала вядома, што ў той дзень яе затрымлівалі, а затым адпусцілі. Аднак 7 траўня Сітнік затрымалі паўторна, яна правяла 10 сутак у ізалятары на Акрэсціна, а цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары. У чэрвені спецслужбы выкарыстоўвалі адзін з Telegram-акаўнтаў Вольгі для распаўсюджвання патрэбнай ім інфармацыі ў чатах беларускай дыяспары.

15 траўня быў затрыманы рэдактар і найстарэйшы дзейны адміністратар беларускай «Вікіпедыі» Максім Лепушэнка. На сёння ён знаходзіцца ў СІЗА і абвінавачваецца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэстах 2020 года.

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

У першым паўгоддзі 2025 года зафіксавана 47 новых выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага пераследу дзеячаў культуры. Сярод іх: 5 чалавек – палітзняволеныя, 2 – былыя палітзняволеныя, вызваленыя пасля адбыцця тэрміну пакарання, 17 – дзеячы культуры, якія пражываюць у Беларусі, 23 – знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі.

Са студзеня да чэрвеня як мінімум 24 дзеячы культуры былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, у тым ліку адзін – паводле прысуду, вынесенага ў парадку завочнага вядзення.

Найбольш распаўсюджаныя падставы вочнага крымінальнага пераследу [5]:

  • удзел у мірных акцыях 2020 года (арт. 342 і 342-2 Крымінальнага кодэкса) – восем чалавек;
  • абвінавачанні ў «экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-1, 361-2, 361-4 Крымінальнага кодэкса) – восем чалавек;
  • публічныя выказванні з крытыкай дзяржаўнай палітыкі і г. д. (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) – тры чалавекі;
  • нязгода і супраціў у месцах зняволення (арт. 411 Крымінальнага кодэкса) – два чалавекі.

Так, асуджаны: бібліятэкарка Юлія Лаптановіч (інкрымінавалі арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, 2,5 года калоніі [6]); удзельнік спеўнага хору Даніэль-Ландсей Кейта (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, – [7]); рамеснік, уладальнік ювелірнай майстэрні «Самародак» Міхаіл Лабань (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса, 2,5 года «хіміі» [8]); выкладчыца англійскай мовы Алена Бадзяка (арт. 130 і 361 Крымінальнага кодэкса, 2 гады калоніі); менеджар культуры і бізнесмен Эдуард Бабарыка (арт. 411 Крымінальнага кодэкса, –); музыка і сцэнарыст Кірыл Вевель (арт. 361-1 і 130 Крымінальнага кодэкса, –); фатографка Настасся Ахраменка (арт. 367 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); літаратар і анархіст Аляксандр Францкевіч (арт. 411 Крымінальнага кодэкса, –); настаўніца беларускай мовы і літаратуры Анжаліка Алясюк (арт. 368 Крымінальнага кодэкса, –); актрыса, мадэль і сцюардэса Вераніка Жалубоўская (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, 1 год калоніі); літаратарка і журналістка Паліна Піткевіч (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, 3 гады калоніі); гісторык паводле адукацыі, педагог Віктар Кухарчук (арт. 130 Крымінальнага кодэкса, –); выкладчык японскай мовы Наканісі Масатосі (арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса, 7 гадоў калоніі); літаратарка і журналістка Алена Панкратава (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); уладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, 1,5 года «хіміі»); актывістка і прамоўтарка культуры Ніна Багінская (арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса, прафілактычнае назіранне); культурны актывіст Яўген Бойка (арт. 361-1 і 361-3 Крымінальнага кодэкса, 5 гадоў калоніі); былы дырэктар выдавецтваў дзіцячай і навукова-папулярнай літаратуры Вадзім Пажывілка (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); выкладчыца англійскай мовы Алена Бразінская (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); прызёр танцавальных конкурсаў і IT-спецыяліст Сяргей Салажэнцаў (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса, калонія); заснавальніца «Devil Dance studio» Аляксандра Ашурка (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); кіраўнік гістарычнага клуба «Міндоўг» Алег Зелянко (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, –);  краязнаўца і рэлігіязнаўца Павел Лаўрыновіч (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»).

Справа Ніны Багінскай

Адной з паказальных крымінальных спраў першай паловы 2025 года зрабіўся пераслед 78-гадовай грамадзянскай актывісткі Ніны Багінскай – сімвала мірных пратэстаў у Беларусі. Геолаг паводле адукацыі, яна дзесяцігоддзі паслядоўна і адкрыта адстойвае права на выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, за што сістэматычна зазнае ціск з боку дзяржавы: яе шматкроць затрымлівалі і штрафавалі, канфіскавалі лецішча і зямельны ўчастак, пазбавілі часткі пенсійных выплат і г. д.

У пачатку траўня стала вядома пра завядзенне ў дачыненні да Багінскай крымінальнай справы паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса [9] («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Падставай зрабіліся шматразовыя адміністрацыйныя пакаранні, вынесеныя ёй у 2024 годзе паводле арт. 24.23 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі. У матэрыялах справы фігуравалі бел-чырвона-белы сцяжок і плакат з гербам «Пагоня», выяўленыя ў актывісткі дома падчас ператрусу, а таксама затрыманне на плошчы Незалежнасці ў Мінску каля закрытага ўладамі Чырвонага касцёла, дзе яна прывязвала да дрэва стужкі ў нацыянальных колерах.

У ходзе следства Багінскую неаднаразова накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу. 30 траўня Першамайскі суд Мінска ў закрытым рэжыме прызнаў яе вінаватай, але, прымяніўшы арт. 79 Крымінальнага кодэкса («Асуджэнне без прызначэння пакарання»), вызначыў меру ў выглядзе прафілактычнага назірання. Ніна Багінская, у сваю чаргу, заявіла пра намер дамагацца вяртання канфіскаваных у яе асабістых рэчаў – зробленых ёю ўручную нацыянальных значкоў і сцяжкоў, якія, згодна з пастановай суда, падлягаюць знішчэнню.

Справа Антона Матолькі

Сярод знакавых працэсаў справаздачнага перыяду – крымінальны пераслед у парадку спецыяльнага вядзення і завочнае асуджэнне блогера, фатографа і культурнага менеджара Антона Матолькі. Ён быў прызнаны вінаватым на падставе адразу 13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве». Праз паўгода завочнага судовага разбору, 3 чэрвеня 2025 года, Гродзенскі абласны суд прысудзіў Матольку 20 гадоў пазбаўлення волі і штраф 2000 базавых велічынь (84 000 беларускіх рублёў, або ~ 25 670 долараў ЗША).

З тэксту прысуду, апублікаванага Антонам Матолькам у Facebook, вынікае, што суд наклаў арышт і на яго маёмасць: аўтамабіль «Mazda MX3» 1997 года выпуску, садовы дамок, зямельны ўчастак і нязначныя грашовыя сумы на банкаўскіх рахунках – 15,06 еўра, 30,77 рублёў і 1,31 еўра, а таксама планшэт «iPad» мадэлі A1337. Рэчавымі доказамі ў справе прызнаныя: DVD-R і CD-R дыскі, шэсць бэйджаў на імя Матолька А. Г. і два значкі з надпісам «Свабода».

МАТЭРЫЯЛЫ НА ТЭМУ КУЛЬТУРЫ, ПРЫЗНАНЫЯ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»

За першае паўгоддзе 2025 года ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» былі ўнесены не менш [10] як 183 найменні. Сярод іх – кнігі, песні, YouTube-каналы, акаўнты ў Telegram, Instagram, Facebook і іншых сацыяльных сетках, а таксама розныя візуальныя і іншыя матэрыялы, звязаныя з культурнай тэматыкай або з дзеячамі культуры.

У тэксце, які падвёў вынікі першага квартала, была пералічана большасць аб’ектаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі» за той перыяд. Што тычыцца другога квартала, у спіс былі ўнесены, у прыватнасці:

  • Instagram-акаўнты выдаўца Ігара Іванова, пісьменніка Сашы Філіпенкі, рамесніцы Рэгіны Лавор, трубача Ціматэ Суладзэ.
  • Facebook-акаўнты філосафа Паўла Баркоўскага, музыкаў Лявона Вольскага і Аляксандра Дзянісава (а таксама яго старонка «УКантакце»).
  • YouTube-каналы музыкі Сяргея Міхалка «BRUTTO NOSTRA», барда Аляксандра Баля (а таксама пяць яго акаўнтаў у сацыяльных сетках), аўтара-выканаўцы Аляксандра Хіхеля (выдалены спецслужбамі пасля яго затрымання), палітзняволенага літаратара і анархіста Мікалая Дзядка (у тым ліку яго сацыяльныя сеткі).
  • Сайт і сацыяльныя сеткі «BY teatr» – тэатральнага бюро ў Варшаве, старонкі і лагатып гродзенскага фолк-панк-гурта «Dzieciuki», у тым ліку наступная фармулёўка: «візуальны матэрыял (выявы, лічбавыя вадзяныя знакі і г. д.) або тэкст “DZIECIUKI” з якімі-небудзь надпісамі ці без выкарыстання надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элементы адзення, прадметы ўжытку і г. д.), а таксама размешчаныя на лічбавых фота- і відэавыявах (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)».
  • Асобнай увагі заслугоўвае ўключэнне ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Instagram-старонкі «Скарына» («Skaryna Press») – лонданскага выдавецтва і анлайн-крамы беларускіх кніг. У адказ рэдакцыя апублікавала заяву, у якой катэгарычна адмаўляе права суда, залежнага ад «прэзідэнцкай» улады ў Беларусі, прымаць рашэнні ў пытаннях творчай і інтэлектуальнай свабоды і расцэньвае гэтыя дзеянні як незаконнае ўмяшанне ў працу выдавецтва, палітычна матываваную спробу ціску на яго супрацоўнікаў, аўтараў і чытачоў. Таксама было падкрэслена, што дзейнасць «Skaryna Press» з’яўляецца яскравым прыкладам унёску эміграцыі ў захаванне і развіццё беларускай культуры і мовы: за два з паловай года працы тут выйшла больш за 50 кніг паэзіі, публіцыстыкі, мастацкай і навуковай літаратуры.

За першыя шэсць месяцаў 2025 года ў спіс Міністэрства інфармацыі было ўключана 17 дакументальных, гістарычных і мастацкіх кніг, сярод якіх: турэмная проза «Чарвяк» палітзняволенага Змітра Дашкевіча; кнігі Сяргея Навумчыка пра першыя гады беларускай незалежнасці – «Дзевяноста другі» і «Дзевяноста трэці»; тры дакументальныя кнігі пра партызан; дэтэктыў Клёка Штучнага «Забойства на вуліцы Макаёнка», дзеянне якога разгортваецца ў Мінску пасля 2020 года, і іншыя творы.

Кнігі, прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі» на працягу першага паўгоддзя 2025 г.

Абсурдны спіс Міністэрства інфармацыі не першы год расце як на дражджах. Ужо амаль немагчыма ўсачыць за ім і тым больш адаптаваць пад яго сваё інтэрнэт-спажыванне ў Беларусі. Так, сёлета ў чэрвені на Форуме медыйнай супольнасці міністр інфармацыі Марат Маркаў паведаміў, што абмежаваны «ўжо больш за 18 тысяч рэсурсаў, амаль 7 тысяч прызнаны экстрэмісцкімі. Толькі летась іх заблакавана больш за 3150. За 5 месяцаў гэтага года мы дагналі гэтыя паказчыкі! Тое ж і з кніжнай прадукцыяй. 110 кніг мы ўжо прызналі шкоднымі для нашых дзяцей».

«ШКОДНАЯ ЛІТАРАТУРА»

З’яўленне спісу друкаваных выданняў, «распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», – новая форма цэнзуры. Яго фармаванне стала магчымым пасля ўступлення 22 кастрычніка 2023 года ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь “Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь”», які, сярод іншага, упаўнаважыў Міністэрства інфармацыі весці гэты пералік.

Першы афіцыйны спіс быў апублікаваны на сайце міністэрства ў лістападзе 2024 года. У яго адразу ўвайшлі 35 найменняў, дзе першыя тры пазіцыі занялі кнігі па гісторыі Беларусі, а астатнія 32 – расійскія выданні, пераважна прысвечаныя тэматыцы ЛГБТ, сексуальнай адукацыі і арыентаваныя на аўдыторыю 18+. З таго часу пералік рэгулярна папаўняецца новымі кнігамі: у студзені 2025 года ў яго ўключылі 30 найменняў, у красавіку – 27, у траўні – яшчэ 18. Усяго ў спісе 110 пазіцый, 75 з якіх дадалося ў першай палове 2025 года.

На думку чальцоў Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі, якая прымае адпаведнае рашэнне, гэтыя кнігі «зяўляюцца крыніцай прапаганды нетрадыцыйных сексуальных адносін, парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, ужывання наркотыкаў, а таксама папулярызацыі нетрадыцыйных для беларускага грамадства субкультур». І ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюджвання «шкоднай літаратуры» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Міністэрства інфармацыі мае права спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі распаўсюджвальніка друкаваных выданняў.

Насамрэч жа гэты спіс з’яўляецца часткай дзяржаўнай палітыкі кантролю інфармацыйнай прасторы, інструментам палітычнай і ідэалагічнай цэнзуры.

Так, у 2025 годзе забароненымі сталі кнігі вядомай даследчыцы савецкага таталітарызму, лаўрэаткі Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм – «ГУЛАГ» і «Жалезная заслона»; раман класіка ЛГБТК+ літаратуры Джэймса Болдуіна «Пакой Джавані»; сусветна вядомыя раманы Іяна Бэнкса «Асіная фабрыка», Чака Паланюка «Калыханка», Дэйвіда Мітчэла «Воблачны атлас», Ханьі Янагіхары «Маленькае жыццё» і «Да самага раю», а таксама іншыя папулярныя творы, дзе падымаюцца тэмы залежнасцяў, сексуальнасці, рэлігійнасці, траўматычнага досведу і іншыя.

Многія з забароненых кніг – экранізаваныя творы. Напрыклад, фільм рэжысёра Боба Фоса «Кабарэ» (Cabaret), які выйшаў у 1972 годзе і ў 1995 годзе быў унесены ў Нацыянальны рэестр фільмаў [11] ЗША, створаны паводле часткова аўтабіяграфічнага рамана Крыстафэра Ішэрвуда «Бывай, Берлін!» (1945) пра жыццё ў Германіі да і падчас прыходу нацыстаў да ўлады. Рамантычная драма «Назаві мяне сваім імем» (Call Me by Your Name) заснавана на аднайменным рамане Андрэ Асімана. Шведскі дэтэктыўны міні-серыял «Мядзведжы кут» (Björnstad) зняты паводле першай часткі трылогіі Фрэдрыка Бакмана, а брытанскі падлеткавы драматычны вэб-серыял «Трапятанне сэрца» (Heartstopper) – паводле комікса Эліс Осман «Heartstopper. З заміраннем сэрца», і іншыя экранізацыі.

Поўны спіс літаратуры, здольнай, на думку рэжыму, «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», як і спіс выданняў, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», можна знайсці на сайце Беларускага ПЭНа ў раздзеле «Забароненая літаратура».

ГІСТАРЫЧНАЯ СПАДЧЫНА І ЗНІШЧЭННЕ МЕСЦАЎ ПАМЯЦІ

Зафіксавана 47 выпадкаў парушэнняў, звязаных з пытаннямі захавання гістарычнай спадчыны (і той, што мае афіцыйны статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, і той, што не) і месцамі памяці.

Сярод іх: неналежнае абыходжанне з аб’ектамі нерухомай спадчыны, аж да іх разбурэння; адсутнасць ахоўнага статусу ў асобных помнікаў архітэктуры; антырэстаўрацыя – невыкананне арыгінальнага колеравага рашэння, знішчэнне аўтарскага дэкору фасадаў, варварскія «еўрарамонты»; страта ўнікальных твораў мастацтва; непавага і абыякавасць чыноўнікаў да захаванасці мемарыялаў і іншыя пытанні ў галіне аховы помнікаў архітэктуры, пахаванняў і іншых месцаў памяці.

Разбурэнне помнікаў архітэктуры

7 лютага 2025 года Telegram-канал «Спадчына» пісаў пра крытычны стан старадаўняга ветрака – помніка народнага драўлянага дойлідства галандскага тыпу, – які быў пабудаваны ў вёсцы Шайкі Клецкага раёна ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя і знаходзіцца пад аховай дзяржавы з 1987 года. На працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў аб’ект спадчыны заставаўся без належнай увагі з боку мясцовых органаў улады, а апошнія гады быў у відавочна аварыйным стане. У 2024 годзе на замову сельсавета інстытут «Белжылпраект» распрацаваў «Праграму супрацьаварыйных і кансервацыйных прац» аб’екта, падрыхтаваўшы папярэдні разлік кошту інжынернага абследавання і навуковых высноў. Аднак працяглая бяздзейнасць чыноўнікаў прывяла да страты помніка архітэктуры – 7 ліпеня вятрак не вытрымаў непагадзі і разбурыўся.

Ёсць прыклады прамога знішчэння аб’ектаў спадчыны. У канцы красавіка ў Магілёве быў знесены будынак першай гарадской электрастанцыі, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1910 годзе і перажыў дзве сусветныя вайны. Энтузіясты падрыхтавалі дэталёвую прапанову для надання будынку, які апошнія гады стаяў закінутым, статусу гістарычна-культурнага аб’екта, што не выратавала аб’ект ад зносу.

У чэрвені ў Гродне быў разбураны стогадовы дзіцячы садок, які размяшчаўся на вуліцы Васілька, 5. Будынак знаходзіўся ў працэсе пераробкі ў жылы дом паводле праекта кампаніі «СпектрІнвестГруп». Каб абысці заканадаўчыя абмежаванні на рэканструкцыю, забудоўшчык пакінуў некранутым невялікі фрагмент сцяны. Нягледзячы на тое, што будынак не меў статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці, ён быў уключаны ў праект ахоўнай зоны гістарычнага цэнтра горада – такі аб’ект не падлягае зносу. Выкарыстанне старых цаглін для ўзвядзення новага будынка не можа разглядацца як захаванне архітэктурнай спадчыны.

Адной з прычын разбурэння гістарычных аб’ектаў застаецца падрыхтоўка да «Дажынак» – штогадовага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі, які ўсё больш нагадвае перформанс ад дзяржавы. Кожны год мерапрыемства ладзіцца ў новым населеным пункце, і падрыхтоўка да візіту высокапастаўленых чыноўнікаў суправаджаецца «фасадным добраўпарадкаваннем», якое часта прыводзіць да страты гістарычнай забудовы. 20 верасня абласныя «Дажынкі – 2025» пройдуць у Заслаўі. У рамках падрыхтоўкі да свята ў цэнтры горада ўжо знесены два стогадовыя будынкі – помнікі драўлянага дойлідства, незаконна пазбаўленыя ахоўнага статусу каля дзесяці гадоў таму. Будынак крамы 1912–1914 гадоў пабудовы на вуліцы Савецкай, 34 быў знесены ў пачатку лютага 2025 года, а карчма 1911–1914 гадоў на вуліцы Савецкай, 36 – 18 сакавіка.

Прыкладам антырэстаўрацыі і гвалтоўнай русіфікацыі можа служыць «абнаўленне» царквы Пакроваў Найсвяцейшай Багародзіцы ў аграгарадку Пацейкі Капыльскага раёна. Гэты помнік народнага дойлідства быў пабудаваны ў 1792 годзе. Пасля «рэстаўрацыі» будынак атрымаў дах ультрамарынавага колеру і пазалочаныя цыбулькі.

Знішчэнне месцаў памяці: Тадэвуш Касцюшка

11 траўня стала вядома пра знікненне інфармацыйнай шыльды з мемарыяльнага каменя Тадэвушу Касцюшку – кіраўніку польскага паўстання 1794 года, нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы і ЗША. Камень размешчаны непадалёк ад вёскі Касцюшкава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.

У той жа перыяд зафіксаваны факт дэмантажу бюста Тадэвуша Касцюшкі, створанага скульптаркай Бальбінай Світыч-Відацкай у 1932 годзе. З 1988 года помнік мясціўся на тэрыторыі родавай сядзібы Касцюшкі ў вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Разам са скульптурай зніклі і любыя згадкі пра героя з сайта Жабінкаўскага раённага гістарычна-краязнаўчага музея, ля ўваходу ў які і стаяў бюст. Раней музей вылучаўся ўнікальнай калекцыяй экспанатаў, прысвечанай жыццю і дзейнасці «героя трох кантынентаў», прадстаўленай у адной з зал.

І калі бюст генерала Тадэвуша Касцюшкі знік адносна нядаўна (вядома, што як мінімум восенню 2024 года ён яшчэ заставаўся на месцы), то музейная экспазіцыя была заменена ўжо пэўны час таму – на стэнды з прапагандысцкай рыторыкай, прысвечанай савецкім партызанам і тэме «генацыду беларускага народа».

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Патрыятычнае выхаванне як адзін з прыярытэтаў культурнай палітыкі і інструмент запалохвання дзяржавай

У адным са сваіх нядаўніх выступаў міністр культуры Руслан Чарнецкі падкрэсліў, што патрыятычная праблематыка займае адно з цэнтральных месцаў у сучаснай беларускай культуры. На прэс-канферэнцыі пра развіццё гістарычна-культурнага турызму ў краіне кансультантка Упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Надзея Аўдзей пацвердзіла, што «тэма патрыятычнага выхавання і 80-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі» з’яўляецца ключавой. Менавіта яна, са слоў чыноўніцы, сёння вызначае дзейнасць устаноў культуры – музеяў, бібліятэк, клубных сістэм і іншых структур.

У цэлым тэма патрыятызму і патрыятычнага выхавання моладзі, вайскова-патрыятычнай адукацыі і вайскова-патрыятычных летнікаў, патрыятычных акцый і праектаў і г. д. гучыць увесь час апошнія некалькі гадоў. «Выхаванне патрыятызму, у тым ліку як гатоўнасці кожнага грамадзяніна абараняць інтарэсы дзяржавы, яе канстытуцыйны лад і тэрытарыяльную цэласнасць» – адна з асноўных задач ідэалагічнай працы дзяржавы, цяпер прапісаная ў новым указе Лукашэнкі ад 9.04.2025, Дырэктыве № 12 – дакуменце, прызначаным «вывесці ідэалагічную працу на якасна новы ўзровень». Дырэктыва «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы» – спроба рэжыму краіны выпрацаваць нацыянальную ідэю, «якая магла б захапіць душы і сэрцы, розум людзей».

Так, 14 траўня, усяго праз месяц пасля апублікавання на Нацыянальным прававым партале новага ўказа, выйшла пастанова Міністэрства спорту і турызму № 10 ад 30 красавіка 2025 года, якая ўзмацніла патрабаванні да прафесійнай і этычнай падрыхтоўкі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, вызначаныя для гэтай катэгорыі спецыялістаў у ліпені 2023 года. Цяпер яны, сярод іншага, абавязаны:

  • ведаць і выкарыстоўваць у сваёй працы асновы дзяржаўнай ідэалогіі, выкладзеныя ў Дырэктыве № 12;
  • удзельнічаць у захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасцяў;
  • садзейнічаць умацаванню станоўчага іміджу краіны і прасоўванню «ўнікальнай беларускай мадэлі грамадскага развіцця».

Аднак пад лозунгамі патрыятычнага выхавання і захавання гістарычнай памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны дзяржава часцяком хавае метады ціску, запалохвання і ідэалагічнай апрацоўкі. Так, у другім квартале 2025 года адбыліся дзве рэзанансныя сітуацыі з удзелам падлеткаў, звязаныя з гэтай тэмай:

  • У траўні ў TikTok разышлося відэа, у якім шэсць магілёўскіх дзяўчат-падлеткаў паказваюць непрыстойны жэст [сярэдні палец] святочнаму салюту 9 траўня ў гонар Дня Перамогі і пасля паварочваюцца да яго спінай. На наступны дзень дзеля «выхаваўчай меры» іх адвезлі ў мемарыяльны комплекс у вёсцы Боркі – месца масавага знішчэння мірных жыхароў у 1942 годзе. Затым дзяўчат прымусілі глядзець фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі», які расказвае пра жахі вайны. Таксама ім прачытаў лекцыю святар БПЦ.
  • У чэрвені два мінскія школьнікі размясцілі ў TikTok відэа, дзе яны эмацыйна і з лаянкай рвуць экзаменацыйныя білеты па гісторыі Беларусі за дзявяты клас. Пасля гэтага падлеткаў прымусілі запісаць «пакаяннае» відэа: на плошчы Перамогі вучні просяць прабачэння за свой учынак і ўскладаюць гваздзікі да манумента.

Прыведзеныя вышэй выпадкі наглядна дэманструюць падмену дыялогу імітацыяй выхавання, якая ператварае гістарычную памяць у дубінку для застрашвання маладога пакалення.

Культурная інтэграцыя з Расіяй

На працягу першага паўгоддзя 2025 года актыўна працягвалася інтэграцыя культурных устаноў Беларусі і Расіі ў частцы падпісання пагадненняў аб партнёрскім супрацоўніцтве паміж рознымі арганізацыямі сектара. Толькі ў чэрвені і толькі падчас секцыйнага пасяджэння XII форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у Ніжнім Ноўгарадзе 26–27 чэрвеня (дзе ў рамках інтэграцыйных працэсаў было падпісана 211 пагадненняў і мемарандумаў аб развіцці двухбаковых адносін) адбылося падпісанне шэрагу дакументаў наконт супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне культуры. Сярод падпісантаў з боку Беларусі – Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны мастацкі музей, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Вялікі тэатр оперы і балета. У Telegram-канале Міністэрства культуры падкрэсліваецца, што гэтыя дзеянні дэманструюць «наша цеснае ўзаемадзеянне ў культурнай сферы, умацоўваючы сувязі і адкрываючы новыя далягляды для сумесных праектаў і абмену каштоўнасцямі».

Так дзве краіны працягваюць шукаць новыя формы супрацоўніцтва, у тым ліку як адказ на заходнія санкцыі і міжнародную ізаляцыю.

Цэнзура на выпускных: «стоп-ліст» і зацверджаныя кампазіцыі

У канцы навучальнага года ў Беларусі традыцыйна прайшлі выпускныя вечары. Святочныя мерапрыемствы зноў трапілі пад пільную ўвагу цэнзуры: праграма кожнага выпускнога абавязкова ўзгаднялася з адміністрацыяй школы.

Як стала вядома, на такіх урачыстасцях працягвае дзейнічаць «стоп-ліст» – пералік забароненых выканаўцаў, які ўпершыню з’явіўся ў публічнай прасторы ў лютым 2023 года. У спісе 87 імёнаў як беларускіх, так і ўкраінскіх і рускіх артыстаў.

Паралельна з гэтым на падставе ліста Міністэрства культуры ад 16.06.2025 «дзеля арганізацыі і правядзення выпускных вечароў на высокім арганізацыйным і мастацкім узроўні» Міністэрства адукацыі распаўсюджвала рэкамендаваны пералік музычных твораў (са спасылкай для запампоўкі матэрыялаў) – спіс са 134 кампазіцый. Сярод іх, напрыклад, тры песні Ганны Благавай – супрацоўніцы міліцыі, салісткі духавога аркестра ГУУС Мінгарвыканкама, аўтаркі цэлага шэрагу патрыятычных песень і характэрнай прадстаўніцы праўладнай культурнай сцэны Беларусі. У сакавіку гэтага года ўказам Аляксандра Лукашэнкі яе ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны.

«Пры складанні музычнай праграмы рэкамендуем названыя ў пераліку творы беларускіх выканаўцаў раўнамерна размяркоўваць у праграме, пры гэтым пачатак музычнай праграмы мусіць быць насычаны музычнымі творамі патрыятычнай накіраванасці <...> Просім <...> забяспечыць кантроль за музычнымі праграмамі на названых мерапрыемствах», – гаворыцца ў завяршальнай частцы ліста Мінадукацыі.

ВЫСНОВЫ

У першым паўгоддзі 2025 года ў Беларусі зафіксаваны не менш як 593 парушэнні культурных правоў і правоў дзеячаў культуры, у тым ліку крымінальны пераслед, адвольныя затрыманні, цэнзура і прызнанне матэрыялаў «экстрэмісцкімі». У зняволенні або ва ўмовах абмежавання волі знаходзяцца не менш за 156 прадстаўнікоў культурнай сферы. Рэпрэсіі працягваюцца як унутры краіны, так і ў дачыненні да палітычных эмігрантаў.

Адной з галоўных тэндэнцый застаецца прызнанне культурнага кантэнту і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі» – за паўгода зафіксаваны не менш як 183 такія выпадкі. Яшчэ 75 кніг папоўнілі новы афіцыйны спіс «шкоднай літаратуры», які выкарыстоўваецца як інструмент ідэалагічнай і палітычнай цэнзуры. На фоне дэмантажу помнікаў і разбурэння гістарычных аб’ектаў пад патрэбы афіцыйных мерапрыемстваў працягваецца і наступ на нацыянальную памяць.

Захоўваецца практыка інкамунікада, якая ў шэрагу выпадкаў доўжыцца гадамі і суправаджаецца пагаршэннем стану здароўя палітычных зняволеных.


[1] Паводле звестак ПЦ «Вясна».
[2] Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры не з’яўляецца канчатковай, бо не пра ўсіх адразу робіцца вядома.
[3] Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[4] Шматмоўная агульнадаступная інтэрнэт-энцыклапедыя са свабодным кантэнтам.
[5] У аднаго чалавека можа быць больш за адзін артыкул Крымінальнага кодэкса ў абвінавачанні.
[6] Выніковы прысуд праз частковае складанне – 4 гады і 9 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.
[7] Рашэнне суда нам невядомае (тут і далей).
[8] Выніковы прысуд праз частковае складанне – 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.
[9] Арт. 342-2 уведзены ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе ў адказ на працяглыя акцыі пратэсту 2020 года. Гэта сёмы вядомы праваабаронцам выпадак яго прымянення.
[10] Не ўсе матэрыялы мы можам ідэнтыфікаваць як культурныя або тыя, што належаць дзеячам культуры.
[11] Кабарэ (фільм) — Вікіпедыя