• Навiны
  • «Голас пакалення свабоды» 2026: выбраныя інтэрв’ю

«Голас пакалення свабоды» 2026: выбраныя інтэрв’ю

Апошняе абнаўленне: 20 лістапада 2026
«Голас пакалення свабоды» 2026: выбраныя інтэрв’ю

7 лістапада 2026 года ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску быў прэзентаваны зборнік «Голас пакалення свабоды» – жывое сведчанне творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае пра лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага.

Да прэміі мы падрыхтавалі серыю тэкставых і відэа-інтэрв’ю з лаўрэатамі. Сабралі іх разам у адной публікацыі і заахвочваем да прагляду і чытання.

Тэкставыя інтэрв’ю

Соф’я Савелава: Дзяржава камандавала, як жыць, а ў нас былі свае планы

«Калісьці мы з калегамі выпрацавалі паняцце «зона адказнага клопату». Гэта прастора ці сітуацыя, за якую ты сам бярэш адказнасць і дзе адчуваеш сябе гаспадаром. Табе не патрэбны панукальнік. Ты не чакаеш нечага ад іншых, а разбіраешся: што я магу тут зрабіць? Мне здаецца, такую перамену ў сабе – ад савецкай звычкі спадзявацца на рашэнні зверху да ўласнай адказнасці – мы якраз цяпер маем шанец праходзіць і ў эміграцыі».

Чытаць інтэрв’ю з Соф’яй Савелавай.

Наталля Бордак: Я доўга слухала, але змаўчаць не магла

«Паміж самым высокім у горадзе 16-павярховым домам і суседнім 9-павярховым праходзіў тоўсты кабель. Некалькі разоў прыходзіла туды, прыглядалася, мазгавала: як прычапіць палотнішча?

І вось на свята ўзяла шпулькі, шнур… Двое знаёмых засталіся каля пад’езда на варце, а я на самаробны механізм прыладзіла трохметровы сцяг. Ён паехаў і спыніўся акурат пасярэдзіне – высока ў небе.

Усе кінулі навагоднія забавы з феерверкамі, сняжкамі, песнямі-танцамі і глядзелі, як у вышыні лунае наш сцяг».

Чытаць інтэрв’ю з Наталляй Бордак.

Алесь Смалянчук: Скончыў наш гістфак, а беларускім гісторыкам стаў насуперак яму

«Барацьба за інтэрпрэтацыю мінулага ідзе пастаянна. Але наша сітуацыя ўнікальная і трагічная тым, што ўлады краіны змагаюцца за канцэпцыю дзяржавы, якой ужо амаль трыццаць пяць гадоў няма на карце. Яны накідваюць ідэалагічныя цуглі на чалавечую памяць і свабоду мыслення.

Я думаю, свабодная Беларусь апынулася ў глыбокім падполлі. Цяпер немагчымыя адкрытыя вулічныя выступы, бо розніца ў сілах паміж грамадствам і дзяржаўнымі карнікамі велізарная. Але Беларусь жыве, змаганне працягваецца. Людзі не скарыліся».

Чытаць інтэрв’ю з Алесем Смаленчуком.

Алесь Лозка: Пакуль беларускае жыло само сабой, не думаў, што яго давядзецца абараняць. А давялося…

«Спачатку ўціхую, а потым і адкрыта збіраў вельмі рэдкі, магічны матэрыял. Больш ста замоў (па-мясцоваму – шэптаў) запісаў у сваёй і навакольных вёсках. Шэпчуцца яны звычайна тры разы: «Першым разочкам, лепшым часочкам, скарэйшым-памачнейшым. Другім разочкам…»

Такое багацце! Палессе заўсёды лічылася сакральным краем. Яшчэ даўнія расійскія вандроўнікі пісалі ў сваіх кнігах, што тут вельмі шмат шаптуноў – яны ўмеюць лячыць розныя хваробы замоўным словам. Я заспеў гэты час і шмат чаго паспеў занатаваць».

Чытаць інтэрв’ю з Алесем Лозкам.

Відэа-інтэрв’ю

Соф’я Савелава

Наталля Бордак:

Алесь Манцэвіч:

Алесь Лозка:


Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве.

Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.

Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.