За што ў Беларусі забараняюць кнігі, хто ацэньвае іх «шкоднасць» і як агулам працуе механізм цэнзуры? Дакладных адказаў на гэтыя пытанні мы не маем. Асаблівасць беларускай сітуацыі – у адсутнасці ўцямнага тлумачэння з боку рэпрэсіўных структур. Кнігі знікаюць з бібліятэк, крам, школьных праграм – і разам з імі знікаюць важныя ідэі пра мову, гісторыю, свабоду.
Нашая задача – выносіць на святло «недазволеныя» кнігі, гаварыць пра іх. Бо слова працягвае жыць, пакуль ёсць тыя, хто хоча яго прачытаць.
Беларускі ПЭН запрашае на выставу, прысвечаную забароненым у Беларусі кнігам.
Мы сабралі некалькі гісторый аўтараў і іх твораў, якім дзяржава вынесла прысуд: «экстрэмізм», «шкода для нацыянальных інтарэсаў», «непажаданая інфармацыя». Паслухайце галасы кніг, якім у нашай краіне наканавана маўчаць, пагартайце іх старонкі і не дайце цэнзуры перамагчы ў нашай супольнай барацьбе за вольнае слова.
Выстава будзе працаваць з 24 студзеня па 7 лютага ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11).
Гадзіны працы выставы:
Аўторак – пятніца: 16:00–20:00
Субота – нядзеля: 12:00–20:00
Праект дэманстраваўся на пачатку восені ў Кракаве, на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа, і ў лістападзе ў Гданьску, падчас правядзення цырымоніі прэміі Гедройця.
Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
«Сабраныя на нашай выставе кнігі вельмі розныя: жанрамі, тэмамі, геаграфіяй, глыбінёй чалавечага досведу. Але аб’ядноўвае іх адно: непрыманне ідэй таталітарнай дзяржавы. Яны паказваюць іншыя мадэлі жыцця, альтэрнатыўныя версіі рэальнасці. Гэтыя творы і іх аўтары не ставяць межаў ні эмоцыям, ні думкам – і таму небяспечныя.
Сапраўдная літаратура не падпарадкоўваецца ўладзе, а проста слухае жыццё, ловіць яго дыханне і праз гэта і адлюстроўвае, і фармуе новы грамадскі парадак. Не прыслужвае – вось у чым яе галоўная віна перад дыктатурай.
У павелічальнай да абсурду чыноўніцкай оптыцы нават у нашага першадрукара можна адшукаць “небяспечныя” радкі. А колькі “мінаў запаволенага дзеяння” бачаць ідэолагі ў Купалы, Арсенневай, Ластоўскага, Някляева, Бахарэвіча, Севярынца… У нашых класікаў, сучаснікаў, замежных аўтараў.
У краіне, дзе праўда лічыцца пагрозай, а служэнне людзям – падазроным учынкам, словы свабодных творцаў гучаць як выклік. З’яўляюцца нагодай для забароны. Бо гаворка не пра пакору чарговаму начальству, а пра адказнасць перад сабой і Беларуссю.
Жыццё вучыць: у гісторыі няма цэнзара, які перамог бы слова. Кнігу можна спаліць, але не знішчыць сэнс. Думку можна зняволіць, але не прымусіць маўчаць. І менавіта таму літаратура застаецца наймацнейшай формай свабоды. Якая перажыве любы рэжым».
Сёння ў Беларусі:
311+ кніг забаронена з палітычных і ідэалагічных прычын
256+ аўтараў і аўтарак пад забаронай
5 ліквідаваных выдавецтваў за апошнія 5 гадоў
не менш за 31 чалавека слова ў няволі
Уся інфармацыя на тэму забароненых кніг сабрана і сістэматызавана на нашым сайце: bannedbooks.penbelarus.org