Гэты матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры. Інфармацыя адлюстроўвае сітуацыю, якая існуе на момант падрыхтоўкі матэрыялу, і можа ўдакладняцца пры атрыманні новых звестак.
Нягледзячы на прыманыя меры для забеспячэння дакладнасці і паўнаты звестак, могуць мець месца асобныя прабелы, у тым ліку ў частцы вызначэння або аднясення асоб да дзеячаў культуры з-за абмежаванасці публічнай інфармацыі. Беларускі ПЭН вітае ўдакладненні ці дадатковую інфармацыю, якой вы можаце падзяліцца. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
Улічваючы сітуацыю ў культурнай сферы Беларусі, ролю дзеячаў культуры ў грамадскім жыцці, а таксама значэнне дзейнасці творцаў для захавання і развіцця культурных правоў, мы прызнаём беларускіх дзеячаў культуры абаронцамі культурных правоў у адпаведнасці з падыходам, сфармуляваным у дакладзе A/HRC/43/50 Спецыяльнай дакладчыцы ААН па культурных правах (2020). Больш пра маніторынг гл. тут.
NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі ў дачыненні да іх дзейнічаюць абмежаванні паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Асноўныя вынікі маніторынгу
Памілаванне і прымусовая дэпартацыя дзеячаў культуры з Беларусі
Адвольныя затрыманні і прыцягненне да крымінальнай адказнасці
Умовы ўтрымання і парушэнне культурных правоў у месцах зняволення
Прызнанне «экстрэмісцкімі» культурных ініцыятыў, іх сацыяльных сетак і прадуктаў
Цэнзура і іншыя парушэнні культурных правоў
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры: пастанова № 454 «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў»
Высновы
АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ
Са студзеня па верасень 2025 года ў Беларусі працягваліся пераслед за іншадумства і выказванне меркавання, адвольныя затрыманні і арышты, палітычна матываваны адміністрацыйны і крымінальны пераслед дзеячаў культуры ўнутры краіны, а таксама тых, хто знаходзіцца за яе межамі.
Мелі месца цэнзура і адмена культурных мерапрыемстваў, прымусовая ліквідацыя грамадскіх арганізацый. «Экстрэмісцкія» спісы папоўніліся новымі імёнамі, ініцыятывамі і матэрыяламі, а спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх нібыта шкодзіць нацыянальным інтарэсам краіны, – новымі кнігамі.
Сярод тэм трэцяга квартала – памілаванне 11 верасня і дэпартацыя з Беларусі ў Літву 52 [1] чалавек, у тым ліку 40 палітзняволеных, сярод якіх – 11 прадстаўнікоў сферы культуры: Уладзімір Мацкевіч, Павел Мажэйка, Зміцер Дашкевіч, Мікола Дзядок, Павел Вінаградаў, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Аляксандр Манцэвіч, Аляксей Сіленка, Глеб Гладкоўскі і Сяргей Спарыш. Поўная ізаляцыя палітзняволенага адваката, літаратара і барда Максіма Знака, якая трывае ўжо больш за 2,5 года. Выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 года выкладчыкаў музыкі; затрыманні арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, у тым ліку лаяльных да палітычнага рэжыму; адмена прэм’еры спектакля «Сёстры Грым» у сталічным Тэатры лялек. Працяг распродажу маёмасці, канфіскаванай у палітзняволенага мецэната і бізнесмена Віктара Бабарыкі: на аўкцыён выставілі 19 карцін з яго прыватнай калекцыі. Пераслед дзеячаў культуры ў эміграцыі – у прыватнасці, пагрозы жыццю былому міністру культуры Беларусі Паўлу Латушку. Прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» панк-гурта Dzieciuki і брэнда ювелірных упрыгожанняў Belaruskicry. «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» – дзвюх кніг беларускага філосафа Валянціна Акудовіча і прыгодніцкіх гісторый-фэнтэзі для старшакласнікаў Валерыя Гапеева, а таксама інтэрнэт-рэсурсаў электроннай бібліятэкі Kamunikat.org. Спіс друкаваных выданняў, распаўсюджанне якіх нібыта можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, папоўніўся дзвюма кнігамі Сашы Філіпенкі і зборнікам «Вось яны, а вось мы: беларуская паэзія і вершы салідарнасці» – вершамі сучасных беларускіх паэтаў і тэкстамі салідарнасці, напісанымі ў падтрымку пратэставых падзей жніўня 2020 года.
Сярод кірункаў дзяржаўнай палітыкі – уступленне ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 454 «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў», якая яшчэ больш узмацніла меры кантролю і дзяржаўнага рэгулявання ў сферы культуры і публічных ініцыятыў; пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі і Беларускай праваслаўнай царквой у супрацьдзеянні выданням, «якія прыходзяць звонку»; стварэнне Камісіі Парламенцкага схода па захаванні і абароне «правільнай» гістарычнай памяці; пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў сферы інтэлектуальнай уласнасці і іншыя крокі.
Пераслед у перыяд са студзеня па верасень 2025 года ў лічбах:
- Зафіксаваны 979 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
- Станам на 30.09.2025 у краіне налічваецца 1197 палітычных зняволеных [2], сярод іх – не менш як 94 прадстаўнікі сферы культуры.
- У месцах пазбаўлення волі (калоніях, турмах, следчых ізалятарах), а таксама ва ўстановах адкрытага тыпу («хімія») або ва ўмовах «хатняй хіміі» [3] адбываюць пакаранне не менш як 151 чалавек са сферы культуры.
- Прызнанне матэрыялаў на культурныя тэмы і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – самы часты від парушэнняў у агульным аб’ёме маніторынгу (272 зафіксаваныя выпадкі). Цэнзура (з улікам спісу друкаваных выданняў, «забароненых для распаўсюджання на тэрыторыі Беларусі») займае другое месца (182 выпадкі). Парушэнне права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя замыкаюць тройку антылідараў паводле колькасці парушэнняў (101 выпадак).
- Топ-10 парушаных правоў:

- Вядома пра завядзенне крымінальных спраў у дачыненні да 66 дзеячаў культуры. У кожным трэцім выпадку гаворка ідзе пра пераслед палітычных эмігрантаў.
- Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 49 дзеячаў культуры, у тым ліку трое – у рамках завочнага судовага разбору.
- Не менш за 40 дзеячаў культуры падвергліся адвольным затрыманням або арыштам, двое з іх – двойчы.
- Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 19 чалавек са сферы культуры (складзена 20 пратаколаў).
- Як мінімум у дачыненні да 4 былых палітзняволеных – дзеячаў культуры, якія эмігравалі пасля прысуду ў выглядзе «хіміі» або «хатняй хіміі», адбыліся завочныя суды аб замене рашэння на больш жорсткае.
- У «Спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ўнесены яшчэ 37 дзеячаў культуры; у «Спіс арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» – яшчэ 9.
- Суды вынеслі рашэнне аб прымусовай ліквідацыі 7 грамадскіх арганізацый у сферы культуры.
- Міністэрства інфармацыі ўключыла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» 31 кнігу (выданні дакументальнай, гістарычнай і мастацкай літаратуры).
- Спіс друкаваных выданняў, распаўсюджанне якіх нібыта можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, папоўнены 138 пазіцыямі.
- Вядомыя 82 факты неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычнай спадчыны і месцамі памяці.
ПАМІЛАВАННЕ І ПРЫМУСОВАЯ ДЭПАРТАЦЫЯ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ З БЕЛАРУСІ
У перыяд са студзеня па верасень 2025 года на падставе памілавання былі вызвалены не менш за 18 дзеячаў культуры, з якіх 15 чалавек адразу ж былі прымусова дэпартаваны з Беларусі.
Так, 12 лютага пры пасрэдніцтве амерыканскага ўрада быў вызвалены з калоніі паэт, перакладчык, журналіст Андрэй Кузнечык, якога разам з дваімі іншымі палітзняволенымі вывезлі ў Літву.
21 чэрвеня былі вызвалены і дэпартаваны філолаг і італьяністка Наталля Дуліна, журналіст і аўтар тэкстаў на культурную тэматыку Ігар Карней, культурны менеджар і блогер Сяргей Ціханоўскі – усяго 14 палітзняволеных.
11 верасня былі вызвалены на падставе памілавання і вывезены ў Літву філосаф Уладзімір Мацкевіч, журналіст, культурны менеджар і выдавец Павел Мажэйка, публіцыст Зміцер Дашкевіч, аўтар турэмнай прозы і блогер Мікола Дзядок, нон-фікшн інтэрнэт-аўтар і блогер Павел Вінаградаў, рэжысёрка-дакументалістка Ларыса Шчыракова, краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс, заснавальнік і галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч, архітэктар і музыкант Аляксей Сіленка, відэааператар і музыкант Глеб Гладкоўскі, актывіст і музыкант Сяргей Спарыш. Усяго тады былі вызвалены 52 асобы, сярод якіх 40 – палітзняволеных.
Некаторым з вызваленых дзеячаў культуры да заканчэння тэрміну пакарання заставаліся ўсяго некалькі тыдняў або месяцаў. У інтэрв’ю незалежным СМІ Наталля Дуліна адзначала, што «выдварэнне з краіны» – найгоршае, што магло з ёю здарыцца, бо да завяршэння тэрміну заставалася ўсяго некалькі месяцаў, пасля чаго яна магла б самастойна прыняць рашэнне наконт таго, заставацца ёй жыць у сваёй краіне або з’ехаць.
Вызваленыя палітзняволеныя не ведалі, што адбываецца і куды іх вязуць, ажно да таго моманту, пакуль іх не даставілі на мяжу з Літвой і не перадалі амерыканскім дыпламатам – фактычна, прымусова дэпартавалі без афіцыйных дакументаў аб вызваленні. 13 чалавек, сярод якіх і дзеячы культуры, былі перададзены літоўскаму боку без пашпартоў – асноўнага дакумента, які пацвярджае асобу. Цяпер праваабаронцы праводзяць прававую экспертызу і ацэнку дзеянняў уладаў Беларусі адносна пазбаўлення грамадзян пашпартоў. Відавочна, што гэта стварае сур’ёзныя перашкоды для легалізацыі гэтых асоб за межамі краіны.
Філосаф Уладзімір Мацкевіч распавёў пра канфіскацыю рукапісаў, напісаных ім у зняволенні:
«Калі ўжо стала зразумела, што нас вязуць за мяжу, я перажыў два вельмі непрыемныя моманты. Па-першае, тое, што мяне вывозяць з маёй краіны гвалтоўна. А па-другое – тое, што ў мяне адабралі ўсе мае запісы. У некаторых сітуацыях, калі мяне пакідалі ў спакоі, мяне наведвала, скажам гучнымі словамі, натхненне. І мне здаецца, некаторыя старонкі, некаторыя сшыткі, якія я напісаў, – адны з найлепшых з таго, што я нарабіў у філасофіі, у сваіх даследаваннях. І, на жаль, гэта ўсё ў мяне забралі. І гэта мой самы вялікі боль».
Пра канфіскаваныя пры вызваленні лісты і рукапісы распавядалі таксама Мікола Дзядок (20 кілаграмаў лістоў і запісаў), журналіст Ігар Карней (апошні нататнік, што ў яго застаўся) і іншыя вызваленыя палітзняволеныя.
Падсумоўваючы тэму памілаванняў, важна адзначыць, што, нягледзячы на серыю вызваленняў у 2025 годзе, гаварыць пра змяншэнне ўзроўню рэпрэсій у Беларусі – у тым ліку ў сферы культуры – нельга. Як мінімум 30 новых дзеячаў культуры былі прызнаны палітзняволенымі ў гэты ж самы перыяд.
АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ І ПРЫЦЯГНЕННЕ ДА КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЦІ
За дзевяць месяцаў 2025 года вядома не менш як пра 40 выпадкаў адвольных затрыманняў і арыштаў дзеячаў культуры (два чалавекі былі затрыманы двойчы). Пра падзеі першага паўгоддзя, у тым ліку падрабязней пра сітуацыю вакол затрымання некалькіх адміністратараў беларускамоўнага раздзела «Вікіпедыі», гаворыцца ў папярэднім матэрыяле паводле вынікаў таго перыяду.
У трэцім квартале дадаткова стала вядома пра шэраг затрыманняў дзеячаў культуры, якія адбыліся яшчэ ў першай палове 2025 года ў межах «справы Гаюна» – за перадачу звестак у чат-бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн», што публікаваў інфармацыю пра перамяшчэнні расійскіх войскаў і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. У лютым сілавыя структуры атрымалі доступ да асабовых звестак карыстальнікаў праекта, пасля чаго пачаліся масавыя затрыманні тых, каго падазраюць у перасылцы інфармацыі ў чат-бот. Сярод пераследаваных – гісторык і этнограф Аляксей Друпаў, заснавальнік арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірыл Краўцоў, краязнаўца і захавальнік архіва Клічаўскага краязнаўчага музея Яўген Старавойтаў. Верагодна, у межах той жа справы былі затрыманы музыкант і культурны менеджар Анатоль Вольскі, а таксама гісторык і экскурсавод Антон Арцюх. Усе пяцёра абвінавачаны паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Старавойтаў, Вольскі і Арцюх ужо асуджаны паводле яго.
У верасні стала вядома пра новае затрыманне былога палітзняволенага журналіста і краязнаўца Аляксандра Любенчука. Толькі ў студзені ён выйшаў з калоніі, цалкам адбыўшы трохгадовы тэрмін пакарання за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса – «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім»). Цяпер Любянчук ізноў затрыманы ў межах новай крымінальнай справы – імаверна, таксама паводле «справы Гаюна».
***
У трэцім квартале 2025 года прайшла чарада затрыманняў у канцэртнай галіне, звязаная з прызнаннем Telegram-чата «Орг BY» «экстрэмісцкім фарміраваннем» (гл. таксама ў адпаведным раздзеле). Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», чат быў знойдзены ў тэлефоне аднаго з арганізатараў канцэртаў, пасля чаго супрацоўнікі сілавых структур прыйшлі да іншых удзельнікаў, якіх удалося ідэнтыфікаваць і якія былі ў Беларусі. Падчас праверак некаторым фігурантам дадаваліся іншыя абвінавачанні, у тым ліку ў карупцыі. Паведамлялася пра затрыманне:
- Ільі Пятроўскага, дырэктара кампаніі Blackout Studio,
- Аляксандра Манышава, звязанага з агенцтвамі Atom Entertainment і Unbreakble,
- кіраўніцтва Kvitki.by – найбуйнейшага білетнага аператара ў Беларусі (на момант падрыхтоўкі справаздачы вядома пра ліквідацыю ТАА «Квіткі Бел»).
Сярод згаданых менеджараў былі арганізатары праўладных мерапрыемстваў і прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі. Будзем чакаць, што з часам сітуацыя высветліцца і з’явіцца больш інфармацыі пра затрыманых, характар іх пераследу і пра тое, ці з’яўляецца яно палітычна матываваным.
***
Судовыя працэсы і асуджаныя дзеячы культуры
Кожны месяц разгледжанага перыяду ў Беларусі праходзілі крымінальныя суды над дзеячамі культуры. Калі за першае паўгоддзе былі зафіксаваны 24 асуджаныя, то да канца верасня іх колькасць падвоілася – цяпер вядома пра 49 дзеячаў культуры, прыцягнутых да крымінальнай адказнасці (у тым ліку 3 завочныя прысуды).
Так, прайшлі суды ў дачыненні да некалькіх музычных выкладчыкаў: за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года да «хатняй хіміі» прыгавораны джазавая спявачка і кіраўніца вакальнай студыі «Артвакал» Вераніка Яноўская, педагог вакалу і кіраўніца ансамбля Pretty Band Марына Рапавец, педагогі-баяністы Лілія і Аляксандр Пажарыцкія. Прозвішчы ўсіх чацвярых музыкаў, лаўрэатаў міжнародных і нацыянальных фестываляў, уладальнікаў шматлікіх дзяржаўных прэмій і ўзнагарод, унесены ў спіс «экстрэмістаў».
23 жніўня Мінскі гарадскі суд асудзіў вядомых мастакоў, сужэнцаў Ігара Рымашэўскага і Людмілу Шчамялёву на 1 год і 2 месяцы зняволення. Іх вызвалілі 25 жніўня ў сувязі з завяршэннем тэрміну пакарання – з кастрычніка 2024 года пара знаходзілася ў СІЗА. Рымашэўскага вінавацілі ў «распальванні варожасці» (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і «пагрозе суддзі» (арт. 389 Крымінальнага кодэкса), а Шчамялёву – у «арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Мастакі былі затрыманы пасля ператрусу, прычынай якога стала адна з карцін Людмілы, убачаная супрацоўнікамі сілавых структур пры следчых дзеяннях у іншага чалавека. Ігар Рымашэўскі і Людміла Шчамялёва – шматгадовыя ўдзельнікі нацыянальных і міжнародных выставак, іх працы ёсць у калекцыях беларускіх і замежных музеяў, галерэй і прыватных збораў.
16 верасня 2025 года Мінскі гарадскі суд завяршыў разгляд справы журналіста і літаратара Ігара Ільяша, пачатай 21 лютага. Ён атрымаў 4 гады калоніі і штраф каля 1380 долараў. Ільяш – муж палітзняволенай журналісткі і літаратаркі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) – прызнаны вінаватым у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Вядома, што журналіст даваў інтэрв’ю і каментары незалежным СМІ, у тым ліку ўкраінскім. Ігар Ільяш – філосаф паводле адукацыі, суаўтар дакументальнай кнігі «Беларускі Данбас».
***
Асноўныя артыкулы [4] крымінальнага пераследу (вочнае вядзенне):
- арт. 342 Крымінальнага кодэкса – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх» – 17 чалавек;
- арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса – «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» – 7 чалавек;
- арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса – «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» – 7 чалавек.
Амаль у кожным другім выпадку дзеячы культуры прыгавораны да пазбаўлення свабоды ў калоніі (19 чалавек з 46).

Асуджаны: бібліятэкарка Юлія Лаптановіч (інкрымінавалі арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, 2,5 года калоніі [5]); удзельнік праваслаўнага хору Даніэль-Ландсей Кейта (арт. 342 Крымінальнага кодэкса – [6]); рамеснік, уладальнік ювелірнай майстэрні «Самародак» Міхаіл Лабань (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса, 2,5 года «хіміі» [7]); выкладчыца англійскай мовы Алена Бадзяка (арт. 130 і 361 Крымінальнага кодэкса, 2 гады калоніі); менеджар культуры і бізнесмен Эдуард Бабарыка (арт. 411 Крымінальнага кодэкса, калонія); музыка і сцэнарыст Кірыл Вевель (арт. 361-1 і 130 Крымінальнага кодэкса, 1,5 года калоніі); фатографка Настасся Ахраменка (арт. 367 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); літаратар і анархіст Аляксандр Францкевіч (арт. 411 Крымінальнага кодэкса, –); настаўніца беларускай мовы і літаратуры Анжаліка Алясюк (арт. 368 Крымінальнага кодэкса, –); актрыса, мадэль і сцюардэса Вераніка Жалубоўская (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, 1 год калоніі); літаратарка і журналістка Паліна Піткевіч (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, 3 гады калоніі); гісторык паводле адукацыі, педагог Віктар Кухарчук (арт. 130 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); выкладчык японскай мовы Наканісі Масатосі (арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса, 7 гадоў калоніі); літаратарка і журналістка Алена Панкратава (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); уладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, 1,5 года «хіміі»); актывістка і прамоўтарка культуры Ніна Багінская (арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса, прафілактычнае назіранне); культурны актывіст Яўген Бойка (арт. 361-1 і 361-3 Крымінальнага кодэкса, 5 гадоў калоніі); былы дырэктар выдавецтваў дзіцячай і навукова-папулярнай літаратуры Вадзім Пажывілка (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); выкладчыца англійскай мовы Алена Бразінская (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); прызёр танцавальных конкурсаў і IT-спецыяліст Сяргей Салажэнцаў (арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса, калонія); заснавальніца Devil Dance studio Аляксандра Ашурка (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); кіраўнік гістарычнага клуба «Міндоўг» Алег Зелянко (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, –); краязнаўца і рэлігіязнаўца Павел Лаўрыновіч (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Аліна Шаўцова (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, 3 гады калоніі); адміністратар беларускай «Вікіпедыі» Максім Лепушэнка (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, 2,5 года «хатняй хіміі»); журналіст і краязнаўца Алег Супрунюк (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, 3 гады калоніі); актрыса і мадэль Кацярына Явід (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); літаратар і журналіст Руслан Равяка (арт. 361-4, «хатняя хімія»); бібліятэкар Ірына Кішкурна (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, 2 гады калоніі); нон-фікшн інтэрнэт-аўтар Іван Марозаў (арт. 368 Крымінальнага кодэкса, 2,5 года калоніі); мастак Ігар Рымашэўскі (арт. 130 Крымінальнага кодэкса, 1 год і 2 месяцы калоніі); мастачка Людміла Шчамялёва (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, 1 год і 2 месяцы калоніі); джазавая спявачка Вераніка Яноўская (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); выкладчыца вакалу Марына Рапавец (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); ударніца ў аматарскіх музычных групах Вольга Нікалаева (арт. 361-1 і 342 Крымінальнага кодэкса, калонія); бібліятэкарка Настасся Трубчык-Дзівакова (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); музыка Міхаіл Стоцік (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); педагог-баяніст Лілія Пажарыцкая (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); педагог-баяніст Аляксандр Пажарыцкі (арт. 342 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); краязнаўца Яўген Старавойтаў (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, «хатняя хімія»); журналіст і літаратар Ігар Ільяш (арт. 361-4 і 369-1 Крымінальнага кодэкса, 4 гады калоніі); музыкант і культурны менеджар Анатоль Вольскі (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, –); гісторык і экскурсавод Антон Арцюх (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, 3 гады «хіміі»). А таксама яшчэ тры асобы з ліку дзеячаў культуры.
Завочныя прысуды
Што датычыцца завочнага крымінальнага пераследу ў першыя тры кварталы 2025 года, 25 верасня ў парадку «спецыяльнага вядзення» Гомельскі абласны суд вынес завочны прысуд мастачцы Віялеце Майшук – 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі паводле абвінавачання ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) і «знявазе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Таксама ў парадку «спецвядзення» былі завочна прыгавораны да калоніі і штрафаў фотаграф, культурны менеджар, актывіст Антон Матолька і культурны менеджар, актывіст Аляксандр Лапко, якія атрымалі адпаведна 20-гадовы і 16-гадовы тэрміны.
УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ І ПАРУШЭННЕ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ У МЕСЦАХ ЗНЯВОЛЕННЯ
Умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі
На працягу апошніх пяці гадоў палітычна матываваны пераслед працягваецца і ў месцах пазбаўлення волі, так ці інакш закранаючы ўсіх дзеячаў культуры, якія там утрымліваюцца.
Вядома, што 5 жніўня адбыўся суд аб замене рэжыму ўтрымання палітзняволенага анархіста, аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча – яму прызначылі 3 гады турэмнага рэжыму. На такі ж тэрмін пераведзены ў турму музыкант, IT-спецыяліст Вадзім Гулевіч. За ўвесь час маніторынгу ўзмацненне рэжыму ўтрымання ў зняволенні закранула не менш за 18 дзеячаў культуры. Для трох з іх: прамоўтара гісторыі і блогера Эдуарда Пальчыса, мастака і мультыплікатара Івана Вербіцкага, а таксама анархіста і аўтара турэмнай прозы Ігара Аліневіча – тэрміны турэмнага рэжыму на дадзены момант скончыліся.
Ужо больш за два з паловай года – з лютага 2023-га – адсутнічае якая-небудзь інфармацыя пра палітзняволенага адваката, літаратара і барда Максіма Знака. Максім адбывае дзесяцігадовы тэрмін пакарання ў ПК № 3 у пасёлку Віцьба і ўтрымліваецца там у рэжыме інкамунікада – поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Паведамленні пра яго, што паступаюць ад нядаўна вызваленых палітзняволеных, надзвычай рэдкія і састарэлыя.
Нягледзячы на закрытасць пенітэнцыярнай сістэмы і нежаданне сваякоў, якія знаходзяцца ў Беларусі, выдаваць навіны палітзняволеных, інфармацыя працягвае паступаць – перш за ўсё дзякуючы тым, хто выходзіць на волю.
Так, ад вызваленай 1 лютага грамадскай актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк стала вядома, што ў студзені публіцыстцы і актывістцы Алене Гнаўк далі 20 сутак карцара і 6 месяцаў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Алена мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, але не атрымлівае неабходнай медыцынскай дапамогі. Яна адбывае пакаранне ў ПК № 24 у г. п. Зарэчча і ўжо больш за год застаецца ў поўнай ізаляцыі.
Журналіст, заснавальнік і галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч, вызвалены паводле памілавання 11 верасня, пацвердзіў вядомыя раней факты пра цяжкі стан прафсаюзнага дзеяча і культуролага Вацлава Арэшка. Паводле яго слоў, у калоніі Арэшка страціў зрок:
«Удзень ён пытаецца: “Сёння сонца на небе ёсць?” Найбольш страшнае, што ён ноччу вымушаны навобмацак хадзіць у туалет. Падае, разбіваецца ў кроў».
Аўтар турэмнай літаратуры Мікола Дзядок на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вызваленым і вывезеным 11 верасня ў Літву палітзняволеным, распавёў пра катаванні, праз якія праходзяць многія палітзняволеныя:
«З пяці без малага гадоў зняволення я правёў год у штрафным ізалятары. Калі б людзі з цывілізаванага свету пабачылі, што такое штрафны ізалятар, яны б падумалі, што апынуліся ў сярэднявеччы. Увосень насупраць мяне, гэта было ў гродзенскай турме, я прачынаўся ад таго, што дарослыя мужыкі вылі і звалі сваю маму. Сярод ночы, настолькі яны пакутавалі ў гэтым штрафным ізалятары ад холаду, дзе не маглі спаць. На маіх вачах людзі з’язджалі з глузду, вар’яцелі, у прамым сэнсе. […] Я пераканаўся, што чалавека можна давесці да вар’яцтва ці да смерці, проста пакінуўшы яго ў адзіночнай камеры».
Парушэнні культурных правоў у месцах зняволення
Гэта асобная тэма, якая патрабуе самастойнага і грунтоўнага даследавання. Вядомыя шматлікія выпадкі абмежаванняў у дачыненні да палітзняволеных:
- Забарона наведваць моўныя курсы і вывучаць замежныя мовы.
- Забарона на падручнікі і кнігі на замежных мовах – аж да адпраўкі ў СІЗА ў якасці пакарання за знойдзены ў камеры падручнік польскай і чэшскай моў (паступалі звесткі пра ПК № 15, Магілёў) або ліквідацыі ў бібліятэцы «паліцы» з такімі кнігамі (жаночая ПК № 3, Гомель).
- Забарона браць у бібліятэцы кнігі па псіхалогіі (жаночая ПК № 3, Гомель).
- Канфіскацыя «Архіпелага ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына, а таксама агульная забарона на выдачу кніг асобам, прызнаным «экстрэмістамі» (ПК № 17, Шклоў).
- Канфіскацыя рукапісаў, напісаных у зняволенні, і нават выпадкі масавага спальвання кніг (ПК № 2, Бабруйск).
- Забарона ўдзельнічаць у культурных мерапрыемствах: канцэртах, клубах і іншых формах актыўнасці.
Пераслед за выкарыстанне беларускай мовы ў месцах зняволення
Рэжысёрка-дакументалістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення распавяла, што начальнік калоніі ўспрымаў той факт, што яна размаўляе па-беларуску, як спробу «падставіць адміністрацыю».
Краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс адзначаў, што за беларускую мову зняволеных ставяць на «прафілактычны ўлік» і пагражаюць штрафным ізалятарам.
Варта згадаць, што прамоўтар гісторыі, грамадскі дзеяч Вітольд Ашурак і мастак Алесь Пушкін, якія загінулі ў турме, падвяргаліся там надзвычайнаму ціску ў тым ліку праз сваю беларускамоўнасць.
Пераслед за нацыянальную сімволіку
Таксама вядомыя неадзінкавыя выпадкі пераследу за нацыянальную сімволіку – напрыклад, патрабаванне адміністрацыі калоніі выдаліць тату з выявай герба «Пагоня». Унесены ў 2007 годзе ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, ён лічыцца ўладамі «апазіцыйным сімвалам».
ПРЫЗНАННЕ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ» КУЛЬТУРНЫХ ІНІЦЫЯТЫЎ, ІХ САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТАК І ПРАДУКТАЎ
Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам у Беларусі працягваецца пераслед за культурную дзейнасць. Улады сістэматычна прызнаюць творчыя арганізацыі і ініцыятывы (асабліва тыя, што працуюць у эміграцыі) «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Гэта цягне крымінальную адказнасць для іх удзельнікаў і робіць такія праекты небяспечнымі для людзей унутры краіны. Адначасова або неўзабаве пасля такога рашэння старонкі і акаўнты арганізацый у сацыяльных сетках аўтаматычна ўключаюцца ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У перыяд са студзеня па верасень 2025 года з такім пераследам сутыкнуліся наступныя культурныя, у тым ліку адукацыйныя, ініцыятывы:
- Рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі ад 12 студзеня «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаны медыя-хаб Democratic Media Institute, створаны ў 2023 годзе ў Літве. Сярод яго праектаў – Belarusian Content Lab, конкурс для незалежных аўтараў, якія ствараюць медыяпраекты, звязаныя з беларускай культурай і ідэнтычнасцю. У камандзе экспертаў – сцэнарысты, прадзюсары і рэжысёры.
- 27 студзеня КДБ уключыў у спіс краўдфандынгавую платформу Gronka, створаную для падтрымкі беларускіх культурных і адукацыйных праектаў, якая пачала сваю дзейнасць у ліпені 2024 года. Сярод падтрыманых ёю ініцыятыў – выданне зборніка беларускіх калыханак ад «ЭтнаТрадыцыі», аўдыякніга «Зэкамерон» паводле твора Максіма Знака і іншыя праекты, накіраваныя на захаванне і папулярызацыю беларускай культуры.
- 16 красавіка «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнана лічбавая адукацыйная платформа «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра», якая пачала дзейнічаць у пачатку 2023 года і прапануе сучасныя інтэрактыўныя курсы беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і культуры, а таксама творчага пісьма і геаграфіі.
- 10 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь абвясціла «экстрэмісцкім фарміраваннем» беларускую фолк-панк-групу Dzieciuki ў складзе Аляксандра Дзянісава, Уладзіслава Берната, Дзмітрыя Шматко, Цімафея Штарова, Аляксея Пудзіна і Пятра Дудановіча. Гурт быў заснаваны ў Гродне ў 2012 годзе, іх творчасць – нацыянальна арыентаваны панк [8], а канцэрты неаднаразова забараняліся ў Беларусі. Сёння Dzieciuki працягваюць дзейнасць у эміграцыі.
- 22 ліпеня КДБ унёс у спіс дыстанцыйную адукацыйную платформу «Беларуская акадэмія» – праект, заснаваны ў кастрычніку 2020 года доктаркай гістарычных навук, паэткай Святланай Куль-Сельверставай. Гэта еўрапейская адукацыя з дыпломам польскага ВНУ – адзіная ў Польшчы ўстанова вышэйшай адукацыі, дзе навучанне вядзецца ў тым ліку і па-беларуску.
- 23 ліпеня «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаны ювелірны брэнд Belaruskicry, створаны ў 2022 годзе Аляксандрай Курковай, якая пасля пратэстаў 2020 года пераехала ў Грузію. Брэнд выпускае ўпрыгожанні з беларускай сімволікай, найбольш вядомае з якіх – кулон «Беларусь» са слязой. Паводле паведамленняў, сілавыя структуры атрымалі доступ да звестак пакупнікоў і пагражалі крымінальнымі справамі кожнаму новаму заказчыку. Праз месяц пасля прызнання брэнда «экстрэмісцкім фарміраваннем» на дзяржаўным тэлебачанні паведамілі пра затрыманне (і паказалі кадры ўтрымання ў клетцы) дырэктара вытворчасці Belaruskicry Ягора Бужылава.
- Рашэннем ад 2 верасня спіс папоўніў Telegram-чат арганізатараў канцэртаў «Орг BY», дзе былі згаданы прозвішчы Аляксандра Касінскага, Анатоля Запольскага-Доўнара, Віталя Броўкі і Віталя Супрановіча. Вядома, што чат быў створаны ў першай палове 2020 годзе для каардынацыі працы канцэртных арганізатараў у перыяд пандэміі COVID-19 як прафесійная пляцоўка для абмену досведам. Актыўнасць у ім спынілася яшчэ ў 2021 годзе.
20 жніўня 2025 года сайт ehu.lt і афіцыйныя старонкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) у Instagram, Facebook, LinkedIn і на YouTube былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 15 верасня стала вядома, што генеральны пракурор Андрэй Швед паводле прапановы КДБ скіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй, аб забароне яе дзейнасці ў Беларусі, а таксама выкарыстання яе сімволікі і атрыбутыкі. Нагодай для гэтага стала нібыта «мэтанакіраваная праца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнага становішча ў краіне», а таксама «прасоўванне “альтэрнатыўных” трактовак гістарычных, культурных і іншых падзей, так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, ідэй “еўрапейскасці”». ЕГУ – прыватны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе і закрыты ўладамі ў 2004-м. З 2005 года ён працягвае працу ў выгнанні, у Вільні (Літва), прапануючы магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі ў галіне мастацтваў, гуманітарных і сацыяльных навук.
«Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Акрамя інтэрнэт-рэсурсаў згаданых вышэй арганізацый, толькі ў трэцім квартале 2025 года туды былі ўнесены не менш [9] як 89 матэрыялаў, а за дзевяць месяцаў усяго – 272. Сярод іх:
- кнігі беларускага філосафа Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» і «Код адсутнасці»; фантастычныя раманы Валерыя Гапеева «Вольнеры. Прадвесце» і «Вольнеры. Бясконцы дзень»; праца амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра «Пра свабоду»;
- сайт і сацыяльныя сеткі беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org;
- тры нумары часопіса «Беларусь і свет»;
- сайт і лагатып Kresy24.pl – пра сённяшнюю сітуацыю, культуру і гісторыю палякаў за мяжой; YouTube-канал «Delfi Літва»;
- старонкі праекта былых актораў Купалаўскага тэатра «ЧынЧынЧэнэл»;
- сацсеткі арганізацый беларусаў у Вільні – Instagram-акаўнт этнацэнтра «Світанак», Facebook-старонка Цэнтра беларускай супольнасці й культуры, сацсеткі (Instagram, Facebook і TikTok) крамы беларускіх сувеніраў Kropka, Instagram-старонка «Карчмы 1863 у Вільні»;
- старонкі арганізацыі папулярызацыі беларускай культуры Fundacja Tutaka (Telegram і Facebook), а таксама сайт і сацсеткі фестывалю беларускай культуры на Падляшшы Tutaka Fest (Instagram і Facebook);
- Instagram- і Telegram-старонкі, лагатып ethno.art.by – Школы традыцыйнай беларускай культуры ў Варшаве;
- Instagram-старонка belfilmacademy – Беларускай незалежнай кінаакадэміі, Facebook-старонка Bez Buslou Arts – незалежнай кінакампаніі і агенцтва талентаў;
- Telegram-чат супольнасці «Бел.Read» – «Чытаем на роднай мове!»;
- Facebook-акаўнт гурта «Дай Дарогу!» і старонка яго інтэрнэт-крамы ў Instagram; старонка гурта Brutto ў Facebook;
- Instagram-акаўнт праекта «Беларускі мартыралог» – больш за 1000 партрэтаў палітзняволеных Беларусі, створаных мастачкай Ксішай Ангелавай; а таксама акаўнты з працамі мастакоў belarus_art_of_resistance, liht_r, ciesnabrama, sviatlana_painter, leafnaive і іншых аўтараў;
- Instagram-акаўнт philosopher_in_prison, прысвечаны творчасці Уладзіміра Мацкевіча (на момант падрыхтоўкі справаздачы старонка ўжо выдалена);
- іншыя інтэрнэт-старонкі.
ЦЭНЗУРА І ІНШЫЯ ПАРУШЭННІ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ
Мы працягваем фіксаваць выпадкі зняцця работ з мастацкіх выставак, забароны на публікацыі ў дзяржаўнай перыёдыцы для «нядобранадзейных» аўтараў, адмовы ў распаўсюдзе прадукцыі прыватных выдавецтваў, персанальныя забароны на публічныя выступленні, а таксама неўзгадненне канцэртаў незалежных музыкаў. Так, лідар гурта «Без білета» Віталь Артыст, чый апошні канцэрт у Мінску адбыўся яшчэ ў 2019 годзе, мусіў звяртацца да ўладаў праз відэа ў TikTok з прапановай «узгадніць канцэрт». Сёння творчыя людзі апынуліся ў становішчы, калі ім даводзіцца літаральна прасіць дазвол на права выступаць.
Забарона культурных мерапрыемстваў
8 ліпеня ў мінскай галерэі «Парасон» не адбыўся вечар памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Мерапрыемства, на якім паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла збіраўся распавесці пра жыццё і творчасць пісьменніцы, стала аб’ектам рэзкай крытыкі праўладных Telegram-каналаў і ў выніку было адменена.
13 верасня, у пачатку новага тэатральнага сезона, у сталічным Тэатры лялек мелася адбыцца прэм’ера спектакля «Сёстры Грым», аднак за дзень да паказу ўсе спектаклі былі скасаваны «па тэхнічных прычынах». На самой справе «чорная» камедыя рэжысёра Яўгена Карняга, заснаваная на матывах сказаў братоў Грым, не прайшла дзяржаўную камісію, якая палічыла спектакль «залішне змрочным». У анатацыі да спектакля на старонцы тэатра адзначана: «“Сёстры Грым” – гэта разважанне пра любоў, унутранае святло і прыроду жанчыны».
19 верасня стала вядома пра перанос «па тэхнічных прычынах» канцэрта гурта з 1990-х «Технология» і самога свята «Плешчаніцкі кірмаш», запланаваных на 20 верасня ў Плешчаніцах Лагойскага раёна. Аднак у гэтым выпадку выступ усё ж адбыўся пазней, 18 кастрычніка, але ўжо на іншай пляцоўцы.
***
Рэпрэсіі працягваюць закранаць усе сферы культуры: выяўленчае мастацтва, музыку, літаратуру, адукацыю і іншыя. Адзін з галоўных інструментаў ціску – палітыка «барацьбы з экстрэмізмам»: праз прызнанне культурных калектываў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» (напрыклад, уключэнне фолк-панк-гурта Dzieciuki ў адпаведны спіс), а таксама праз унясенне кніг, песень, старонак мастакоў і арт-прастораў у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Забароненыя кнігі
Набірае абароты і спіс друкаваных выданняў, «распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У 2025 годзе ён папаўняўся ўжо пяць разоў, у сярэднім на 28 кніг кожны раз – усяго за аналізаваны перыяд туды ўнесена 138 выданняў (фактычна 137, бо кніга Сяргея Вераскова «У краі малочных рэк» пазначана двойчы). Сярод іх – творы беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі («Слон», «Чырвоны крыж»), дзесяць кніг шатландскага аўтара Ірвіна Уэлша (у тым ліку «На ігле»), пяць твораў японскага пісьменніка і рэжысёра Ру Муракамі, культавыя кнігі Хантэра С. Томпсана («Страх і агіда ў Лас-Вегасе») і Уільяма Бэроўза («Голы сняданак»), а таксама зборнік «Вось яны, а вось мы: беларуская паэзія і вершы салідарнасці» пад рэдакцыяй Уладзіміра Каркунова, куды ўвайшлі вершы сучасных беларускіх паэтаў і тэксты салідарнасці, напісаныя ў жніўні 2020 года щ адказ на пратэставыя падзеі ў краіне.
Поўныя спісы літаратуры, наконт якой абвешчана, што яна можа «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», а таксама пералік выданняў, унесеных у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», апублікаваны на адмысловым сайце Беларускага ПЭНа – Belarus. Banned Books.
Адмовы ў правядзенні мерапрыемстваў
Як правіла, арганізатары культурных мерапрыемстваў не тлумачаць прычын адмовы артыстам ва ўдзеле. Аднак цяперашняя сітуацыя ў культурнай сферы такая, што мастацкі адбор – толькі частка працэдуры: вырашальным становіцца факт знешняй праверкі кожнага ўдзельніка. Так, зафіксаваны выпадак, калі ў афіцыйным адказе аб прычыне неўзгаднення ўдзелу ў выставе са спасылкай на артыкул № 81 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь было ўказана, што дзейнасць аўтара(-кі) «уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку».
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ: ПАСТАНОВА № 454 «АБ РЭЕСТРЫ АРГАНІЗАТАРАЎ КУЛЬТУРНА-ВІДОВІШЧНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ»
У дзяржаўнай культурнай палітыцы Беларусі працягваюць развівацца тэндэнцыі ўзмацнення кантролю ў сферы культуры, пераследу іншадумцаў, падтрымкі лаяльных да рэжыму дзеячаў, ідэалагізацыі і мілітарызацыі культурнага асяроддзя, манапалізацыі гістарычнага наратыву, антызаходняй рыторыкі, публічнага прарасійскага курсу і паўсюднай цэнзуры.
Адным з выразных прыкладаў гэтага стаў дакумент Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2025 года № 454 – «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў», які яшчэ больш пашырае дзяржаўны кантроль і рэгуляванне ў культурнай сферы.
Узнікненне дакумента
Дарога да гэтай пастановы заняла некалькі гадоў.
- У 2022 годзе абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры заклаў аснову для стварэння рэестра (пастанова № 401),
- у 2023 годзе пастановай № 608 правілы сталі больш жорсткімі,
- а ў 2025 годзе – канчаткова замацаваны пастановай № 454.
Гэты дакумент не проста ўдакладніў працэдуру – ён ператварыў рэгістрацыю ў дазвольны механізм і значна ўзмацніў ідэалагічны кантроль. Некаторыя фармальныя паслабленні (напрыклад, выключэнне патрабавання, каб арганізацыя мерапрыемстваў была асноўным відам дзейнасці, або трохгадовага стажу працы арганізатара) маюць хутчэй тэхнічны характар і спрашчаюць уключэнне ў рэестр дзяржаўных арганізацый, якія цяпер таксама мусяць у яго ўваходзіць.
Ключавыя навінкі пастановы
1. Выключэнне індывідуальных прадпрымальнікаў і замежных кампаній
ІП фактычна страцілі права быць арганізатарамі яшчэ ў жніўні 2024 года пасля абнаўлення пастановы № 457 «Аб відах індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці», якая выключыла арганізацыю мерапрыемстваў са спісу дазволеных відаў дзейнасці.
2. Абавязковае ўключэнне дзяржаўных арганізацый
Цяпер у рэестр мусяць уключацца і дзяржаўныя структуры. Паводле новай фармулёўкі: «Арганізацыя і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў з удзелам беларускіх і (або) замежных выканаўцаў дапускаюцца толькі арганізатарамі, уключанымі ў рэестр». Пры гэтым для асобных дзяржаўных (або праўладных) суб’ектаў прадугледжаны выключэнні – напрыклад, правіла не распаўсюджваецца на мерапрыемствы з удзелам беларускіх выканаўцаў, калі яны праводзяцца рашэннем прэзідэнта, Савета Міністраў, дзяржаўных органаў, НДТРК і шэрагу іншых арганізацый.
3. Ускладненне працэдуры ўключэння ў рэестр
Дазвольны працэс набыў новыя фільтры для нядопуску арганізатараў. Пашыранае кола кантрольных структур: цяпер Мінкульт абавязаны атрымліваць заключэнне ў аблвыканкамаў аб магчымасці ўключэння арганізацыі, а таксама накіроўваць запыты ў органы ўнутраных спраў і іншыя органы для праверкі ўсіх ключавых асоб – кіраўнікоў, заснавальнікаў і работнікаў. Тэрмін вынясення рашэння павялічаны да 30 працоўных дзён.
4. Новыя патрабаванні да кандыдатаў
Фармальны «вопыт» заменены на сістэму «партфоліа» – у заяве неабходна даць звесткі пра раней праведзеныя мерапрыемствы (відэа, аўдыя, сцэнары) і даказаць іх адпаведнасць Кодэксу аб культуры, пры гэтым тэрмін даўніны не вызначаны. Аналізавацца могуць і мерапрыемствы, праведзеныя заснавальнікамі ці супрацоўнікамі арганізацыі.
5. Абноўлены склад Рэспубліканскай экспертнай камісіі
Камісія стала «цяжэйшай» паводле складу: цяпер у яе ўваходзяць прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства па падатках і зборах, а таксама ідэалагічна лаяльныя медыйныя персоны – напрыклад, Грыгорый Азаронак і Наталля Карачэўская. Рашэнні прымаюцца дзвюма трацінамі галасоў, а не простай большасцю.
6. Прамыя забароны і абавязкі
Уведзены нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць арганізатараў, устаноўлены дадатковыя абавязкі: неабходнасць зацвярджэння сцэнарыяў (праграм), асаблівыя патрабаванні да дамоў з артыстамі, недапушчэнне супрацоўніцтва з «непажаданымі» асобамі, неабходнасць атрымання выпіскі з рэестра для кожнай новай дамовы з артыстам, забеспячэнне прысутнасці сваіх прадстаўнікоў на сцэнічных пляцоўках і іншыя.
7. Адказнасць і выключэнне з рэестра
За любое парушэнне (напрыклад, супрацоўніцтва з «забароненым» артыстам ці пасрэднікам, неатрыманне выпіскі) прадугледжана выключэнне з рэестра з двухгадовым «каранцінам» перад паўторным зваротам (раней дзейнічала бестэрміновая забарона).
***
Такім чынам, у цэлым значна выраслі ўзровень ідэалагізацыі і ступень умяшання дзяржавы ў культурную сферу. Працэдура стала менш празрыстай і ператварылася ў шматузроўневую сістэму ўзгадненняў – паміж камісіяй, прызначанай пры Міністэрстве культуры, органамі ўнутраных спраў і выканаўчымі камітэтамі. Такая структура стварае магчымасць у любы момант абгрунтаваць «нядобранадзейнасць» таго ці іншага арганізатара (перш за ўсё з ліку недзяржаўных суб’ектаў).
ВЫСНОВЫ
За перыяд са студзеня па верасень 2025 года ў Беларусі зафіксавана не менш за 979 выпадкаў парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Сярод іх – адвольныя затрыманні, крымінальны пераслед, пазбаўленне права на справядлівы суд, абмежаванне свабоды перамяшчэння, цэнзура і іншыя формы пераследу за іншадумства.
У месцах пазбаўлення волі або ва ўмовах абмежавання свабоды знаходзяцца не менш як 151 прадстаўнік культурнай сферы. Рэпрэсіі накіраваны як супраць дзеячаў культуры ўнутры краіны, так і супраць палітычных эмігрантаў.
Не менш за 18 чалавек са сферы культуры былі вызвалены на падставе памілавання, з іх 15 – дэпартаваны з Беларусі без афіцыйных дакументаў, а некаторыя – нават без пашпартоў. У вызваленых канфіскавалі рукапісы, чарнавікі і асабістыя лісты. Такім чынам, сам працэс вызвалення суправаджаўся новымі парушэннямі правоў чалавека.
Пад маркай барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам, праз стварэнне і пастаяннае пашырэнне розных спісаў, камісій, інструкцый і пастаноў, улады працягваюць сістэматычны ціск на незалежную думку, імкнучыся паставіць культуру пад поўны адміністрацыйны кантроль і заглушыць яе свабодныя галасы.
Практычная і прававая падтрымка рэпрэсаваных культурных работнікаў з абодвух бакоў мяжы застаецца надзвычай актуальнай і запатрабаванай задачай, у тым ліку ў частцы стварэння для іх магчымасці працягваць прафесійную дзейнасць.
[1] Палітзняволены палітык Мікола Статкевіч, адзін з 52 памілаваных, адмовіўся пакідаць тэрыторыю Беларусі і быў вернуты ў калонію.
[2] Паводле звестак ПЦ «Вясна».
[3] Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[4] У аднаго чалавека можа быць больш за адзін артыкул Крымінальнага кодэкса ў абвінавачанні.
[5] Выніковы прысуд праз частковае складанне – 4 гады і 9 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі.
[6] Рашэнне суда нам невядомае (тут і далей).
[7] Выніковы прысуд праз частковае складанне – 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі.
[8] Dzieciuki – Вікіпедыя.
[9] Не ўсе матэрыялы мы можам ідэнтыфікаваць як культурныя або тыя, што належаць дзеячам культуры.