Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
Выклік цемнаце
Аляксандр Лукашук, Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода.
Прага: Вясна, 2024
У адказ на просьбу выдаўца адной са сваіх яшчэ даваенных кніг напісаць староначку «Пра аўтара» Аляксандр Лукашук быў гранічна лапідарным і прапанаваў (у трэцяй асобе) наступны тэкст: «Нарадзіўся ў 1955, пасьвіў каровы на Берасьцейшчыне, вучыў беларускай мове прэзыдэнта ЗША, уперамежку пісаў, здымаў, выступаў, за што атрымліваў розныя прэміі і ня толькі. Жыве».
Можа, не паверыце, ды ўсё (улучна з урокамі прэзідэнту Джорджу Бушу – як тое адбывалася, прачытаеце самі) было чысцюткаю праўдаю. За выняткам аднаго: некалькі дзеясловаў, пагрозліва скажаючы сэнс, фігуравалі не ў тым часе. Трэба было: піша etc.
Гэта красамоўна даказала кніга «Радыё Свабода. Там, дзе няма цемнаты», якая ўвайшла ў кароткі спіс прэміі Гедройця 2025.
Літаратара А. Лукашука часам захінала ягоная другая іпастась – прызнанага журналіста А. Лукашука. 25 гадоў ён узначальваў Беларускую службу «Радыё Свабода», дзе стаў яшчэ і бібліятэкарам – выдаў сто кніг у «Бібліятэцы Свабоды», за што, а таксама за ўласныя творы з «гаваркімі» назвамі «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «Сьлед матылька: Освальд у Менску» стаў лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча. Былі і «Гліняны Вялес», і прэмія імя Францішка Багушэвіча за кнігу «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста».
Назва новага выдання кагосьці можа ўвесці ў зман: маўляў, штосьці журналісцкае, настальгічна-мемуарнае.
Не, перад намі Лукашук – пісьменнік, якога я чытаю заўсёды. Аўтар з адметным (я назваў бы яго інтэлектуальна загостраным) стылем, з метафарычным і ўадначас аналітычным мысленнем, нярэдка афарыстычны, нязменна іранічны і самаіранічны. Ён верны сабе і ў іншым. У няпростай, але дакладна выбудаванай кампазіцыі. У карыстанні гратэскам (тое звярнула на сябе ўвагу яшчэ ў ягонай ранняй кнізе «У фіялетавай ночы вугал крыла» і ў пазнейшай, з «афрыканскаю» назваю «Зкімбы-зымбы»). У максімальна лаканічных, але жывых характарыстыках герояў. У дакладна дазаваным нон-фікшне і фікшне. У адчуванні жанраў і магчымасцяў іх суіснавання ў тканіне твору. (Сённяшні беларускі палітычны «кантэкст» раз-пораз выклікае ў памяці Лукашукова «Вяртаньне нацыяналіста», створанае ў форме судовага працэсу.)
Кніга пра месца, «дзе няма цемнаты», спалучае дзённік і ўспамін, эсэ і (не)лірычную мініяцюру, прыпавесць і нават анекдот (у першапачатковым значэнні, што ў слоўніках пазначаецца як устар.).
Важкі том складаецца з трох раздзелаў: «На свабодзе», «Вакол свабоды» і ўсяго трохстаронкавага «Пасьля свабоды». (У апошнім згадваецца навела, што дала некалі назоў «Фіялетавай ночы…» (1999) – пра вайну на вуліцах Мінска праз дваццаць гадоў).
Але мы чытаем не толькі і не столькі пра «Радыё Свабода». Так, там прысутныя запамінальныя партрэты калегаў, у тым ліку тых, якія былі на момант напісання за кратамі ці працягваюць там пакутаваць. Ды насамрэч кніга – пра яшчэ зусім нядаўні свет і пра ўжо сучасны, перакулены.
Мы сустракаемся з тымі, з кім пашчасціла бачыцца, размаўляць ці сябраваць аўтару. Сярод іх – Васіль Быкаў і Святлана Алексіевіч, Вацлаў Гавел і Карл Гершман, Іосіф Бродскі і Гары Каспараў. Альбо нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы Мілтан Фрыдман, які ў маладосці прыехаў на экскурсію ў СССР, начаваў у Брэсце і на пытанне Аляксандра, што найбольш уразіла госця ў ягоным родным горадзе, адказаў: цяга савецкіх людзей да ведаў – «Заходжу ў прыбіральню, кабінкі безь дзьвярэй, у кожнай сядзіць чалавек і чытае газэту».
У кнізе шмат герояў (шкада, што – праз зразумелыя прычыны – не ўсе яны названыя), аднак найцікавейшы нам нязменна сам аўтар: сведка, удзельнік, храніст і – мастак слова.
Лукашук – і дзякуй богу – не заўсёды ведае адказы, але не баіцца задаваць сабе і чытачу пытанні. Сучасныя ж дыктатары акурат і хочуць, каб не гучала пытанняў і, наогул, каб людзі не чыталі кніг. Таму прачытайма гэтую кнігу! Пагатоў, перакладчык Оруэла на беларускую (якія аналогіі «дорыць» сённяшні дзень!) Сяргей Шупа напісаў, што яе не магло не быць.
Андрэй Шумскі
Эфір Еўрарадыё з фіналістам прэміі Гедройця Аляксандрам Лукашуком