«Лізавета гуляла з агнём»: пераклад вершаў з блізкіх моваў | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 3 чэрвеня 2026
«Лізавета гуляла з агнём»: пераклад вершаў з блізкіх моваў | Нататнік майстэрні

Першы нататнік «Пляжнага сезона» Перакладчыцкай майстэрні ад вядоўцы Андрэя Хадановіча!
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Першая ў «летнім сезоне» сустрэча Перакладчыцкай Майстэрні адбылася 28 траўня і была прысвечаная перакладу вершаў, прычым адразу з трох блізкіх моваў. Паэтка Дар’я Бялькевіч і паэт Фрыдрых Самотны прадставілі калегам і каляжанкам свае спробы вершаваных перакладаў польскай, украінскай і рускай лірыкі.


Фрыдрых Самотны – паэт, музыка і перформер.

Паходзіць з Магілёва, больш вядомы як музыка (гурты Masque Noir, Dead Frank, MadMenDuo і іншыя). Аўтар зборнікаў паэзіі «Начныя гульні» (2021, «Галіяфы») і «Śviata žyćcia» (2025, «hochroth Minsk»). З 2022 года жыве па-за Беларуссю.


Паэт і музыка Фрыдрых Самотны, аўтар кнігі «Начныя гульні» (2021), а таксама выдадзенага беларускай лацінкай зборніка «Śviata žyćcia» (2025), паказаў падборку рускага абэрыута Данііла Хармса. Абэрыуцкая класіка, у тым ліку і вершы Хармса, раней трохі перакладалася на беларускую мову, як у першай палове ХХ стагоддзя, так і ў нашыя часы. Паэт і даследчык літаратуры Віктар Жыбуль нават зрабіў для «Радыё Свабода» агляд такіх публікацыяў канца 20-х – пачатку 30-х гг. Што да сучасных перакладаў Хармса, звяртаюць на сябе ўвагу яскравыя спробы паэткі Веры Бурлак.

Вера Бурлак

Мадэратар Андрэй Хадановіч паказаў некалькі яе паэтычных перастварэнняў. Варты ўвагі перадусім прыклад, які выразна паказвае, наколькі вольным можа быць пераклад, калі паэтыка арыгіналу патрабуе ад перакладчыка ці перакладчыцы недаслоўнасці:

Таньчына паляванне

Пабегла на ловы Сякерская Таня,
З ёй такса пайшла – уцякла праз акно.
І Танька, як танк, утапілася ў твані,
А такса пайшла, як сякера, на дно. 

Пабегла на ловы Сякерская Таня,
З ёй такса пайшла – уцякла як на дно.
І Танька паскокала танкам па твані,
А такса сякерай пасекла акно. 

Пабегла на ловы Сякерская Таня.
З ёй такса у танку пасекла акно.
І Танька сякерай лятала над тванню,
А таксу ўпрыскок пераехала дно.

(Цяжка не заўважыць вялікія адрозненні ад рускага арыгінала. Але беларускаму перакладу гэта, здаецца, толькі на карысць: імя героя Івана Тапарыжкіна ў арыгінале вымоўнае, і перакладчыца гэтую вымоўнасць цалкам захоўвае, у беларускай версіі – ад слова «сякера», разам з граматычным жаночым родам якой і пол галоўнай гераіні мяняецца на жаночы – Таня Сякерская.)

Прагучаў і перакладзены самім мадэратарам знакаміты хармсаўскі верш «Бульдог і таксік».

Над костачкай сядзіць бульдог
І свой ланцуг скубе.
Маленькі таксік падышоў
З маршчынкамі на лбе.

“Паслухайце, бульдог, бульдог, –
Сказаў нахабны госць. –
Дазвольце мне, бульдог, бульдог,
Дагрызці вашу косць!”

Рычыць бульдог на таксіка:
“Не зношу валацуг!”
Бяжыць бульдог за таксікам,
Пакуль дае ланцуг.

Вакол слупа бягуць удвух:
“Спаймаю – дам адлуп!”
Ажно аб слуп грыміць ланцуг,
Грыміць ланцуг аб слуп…

Цяпер бульдогу костачку
Не ўзяць ужо ніяк.
А госць, узяўшы костачку,
Сказаў бульдогу так:

“Як позна. Хутка восьмая.
Да любай пабягу!
А вам парада вось мая –
Сядзець на ланцугу!”

Данііл Хармс

Прадстаўляючы выбранага аўтара, Фрыдрых Самотны так згадвае сваё знаёмства з Хармсам, суадносячы яго абсурдыстыку з паэтыкай нашых «бумбамлітаўцаў», што засвойвалі ў нечым падобную эстэтычную прастору.

«Быў пачатак нулявых, Магілёў, жыццё ў антыматрыцы прыдушанай дэмакратыі і саўка. Нічога з паэзіі асабліва не чапляла, хутчэй наадварот, пакуль не трапіўся Бум-Бам-Літ з выпадкова купленага ў шапіку “Першацвета” і Хармс у кагосьці з сябрукоў. Найперш зачапілі “дынамічныя” нерыфмаваныя вершы сваёй зменлівай бурлівасцю і дакладнасцю перадачы эмацыйных станаў, а таксама наўпроставай энергіяй жыцця, якой і блізка няма ў так званай “сур’ёзнай” паэзіі”».

Зрэшты, прадстаўленая на Майстэрні падборка складалася як з верлібраў, так і з рэгулярна, фармальна-класічна арганізаваных тэкстаў. Былі і пераходныя выпадкі з больш-менш рэгулярным рытмам, але без рыфмавання, або з рыфмамі, якія з’яўляліся дзе-нідзе, а ў іншых месцах знікалі. Некаторыя пераклады выклікалі ў калегаў ухваленне і толькі паасобныя заўвагі, бо перакладчык збольшага справіўся. Як, напрыклад, з вершам «Елизавета играла с огнём»:

Лісавета гуляла з агнём
Лісавета гуляла з агнём
Пускала агонь па хрыбце
Пускала агонь па хрыбце
Пётра Паўлаў глядзеў з захапленнем вакол
Пётра Паўлаў глядзеў з захапленнем вакол
І дыхаў цяжэй
І дыхаў цяжэй
І за сэрца трымаўся рукой.

Прысутныя трохі ўсумніліся ў форме «Лісавета», прапанаваўшы больш звыклую беларускаму вуху «Лізавету».

Значна цяжэй, як прызнаўся сам паэт-перакладчык, было даць рады з класічнымі формамі. «Найскладаней перакладаць сілаба-танічныя рыфмаваныя вершы, бо найчасцей арыгінальная рыфма не захоўваецца, пры пошуку новай разбіваецца рытм, і трэба шукаць патрэбныя пары словаў з патрэбнай колькасьцю складоў і націскам. Пры гэтым трэба не забыцца захаваць сэнс і настрой верша».

Абмеркаванні з калегамі пацвердзілі гэтую думку – найбольш прапанаваных у ходзе мазгавога штурму зменаў датычылі рыфмаў і рытму. Так, сур’ёзная праблема перакладу з блізкіх моваў, калі маеш справу з рыфмаванай паэзіяй, – частае жаданне перакладчыка скарыстацца ўжо гатовымі рыфмамі, перанесці іх з арыгінала ў перакладны тэкст без зменаў ці амаль без зменаў. Але ж і гучанне слова, і ягоны сэнс пры такім пераносе можа змяніцца, так што і рыфма «развальваецца», і слова ўжываецца «міма» свайго сэнсу, як, напрыклад, у выпадку гэтага верша.

Меня закинули под стул,
Но был я слаб и глуп
Холодный ветер в щели дул
И попадал мне в зуб.
Мне было так лежать нескладно
Я был и глуп и слаб
Но атмосфера так прохладна
Когда бы не была б,
Я на полу б лежал беззвучно,
Раскинувши тулуп.
Но так лежать безумно скучно:
Я слишком слаб и глуп.

Чарнавік перакладу:

Мяне закінулі пад стул
Але я быў слабы й дурны.
Халодны вецер з шчылін дзьмуў
Трапляўшы мне ў паркан зубны.
Ляжаць было зусім нязручна
Я быў дурны й слабы.
Ды атмасфера прахалодна
Так не была калі б,
Я б пад сталом ляжаў без гукаў,
Раскінуўшы кажух.
Але ляжаць так проста скруха –
Слабы дурны цяльпух.

Несумненная ўдача перакладчыка – захаванне паўтору («слаб і глуп» / «слабы й дурны») ва ўсіх трох строфах з неабходнымі варыяцыямі. Горш атрымалася з рыфмай «стул-дул», якая ў беларускай трансфармацыі перастае быць дакладнай, да таго ж па-нашаму лепей назваць дадзены прадмет «крэслам», з чым у ходзе разбору пагадзіўся і перакладчык – у прозе ці ў верлібры ён па-беларуску ніякага «стула» не ўжыў бы, а тут паддаўся пэўнай інерцыі. Вярнуць на сваё месца «крэсла» выяўляецца нескладаным, бо рытміка Хармса не зусім рэгулярная і дапускае чаргаванне «мужчынскіх-жаночых» канчаткаў ад страфы да страфы. Астатнія змены ў тэксце служаць мэце вярнуць рытміку перакладу да рэгулярнага баладнага памеру з чаргаваннем даўжэйшых і карацейшых радкоў, а таксама адну рыфму, «прапушчаную» перакладчыкам. Вось што было ў выніку прапанавана:

Мяне закінулі пад крэсла
Я быў слабы й дурны.
Ад скразняку ўсё цела трэсла
І чуўся бой зубны.
Ляжаў нязручна, як калода,
Я быў дурны й слабы.
Каб у паветры прахалода
Не дзьмула гэтак бы,
Я б пад сталом ляжаў без гукаў,
Раскінуўшы кажух.
Але ляжаць так проста скруха –
Слабы дурны цяльпух.

Больш праблем і, адпаведна, заўваг выклікаў наступны верш, адзін з найабсурднейшых у абмеркаванай хармсаўскай падборцы.

Стучался в дверь Антон Бобров. За дверью, в стену взор направив,
Мария в шапочке сидела. В руке блестел кавказский нож.
Часы показывали полдень. Мечты безумные оставив,
Мария дни свои считала и в сердце чувствовала дрожь. 

Смущён стоял Антон Бобров, не получив на стук ответа,
Мешал за дверь взглянуть тайком в замочной скважине платок.
Часы показывают полночь. Антон убит из пистолета.
Марию нож пронзил. И лампа не светит больше в потолок. 

Чарнавік перакладу:

У дзверы стукаў Пётр Баброў. За імі меўшы позірк строгі,
Марыля ў шапачцы сядзела. Зіхцеў крывы ў руцэ разак.
Гадзіннік налічыў паўдня. Мінулыя пазбыўшы мроі
Марыля дні свае лічыла і ў сэрцы чула пераляк.

Стаіўшыся стаяў Баброў без атрыманага адказу,
Зірнуць за дзверы замінала насоўка ў шчыліне замка.
Брэгет паказвае паўночы. Забіты Пётра з пісталета.
Марылю нож працяў. І лямпа не свеціць болей з-пад палка. 

Прысутныя ацанілі смеласць калегі, які не пабаяўся змяніць імя персанажа «Антон» дзеля захавання рытмікі радка і ўзмацнення алітэрацыі. Сапраўды, «Пётр Баброў» успрымаецца на слых лепей. Што праўда, потым перакладчык робіць з «Пятра» – «Пётру», і зноў дзеля сваіх рытмічных патрэбаў. (Ці не найлепшым варыянтам, адзначым у дужках, з гледзішча гучання быў бы нязменны «Пятро Баброў»?) «Гадзіннік», дзеля тых жа патрэбаў, у другой страфе ператвараецца ў швейцарскі «брэгет», дадаючы інтэр’еру раскошы, а вершу – пэўнае анегінскае рэха. У прынцыпе, не найгоршая рытмічная «затычка», а пушкінская алюзія магла б нават Хармсу спадабацца.

Трохі менш пераканаўча зноў выйшла з рыфмаваннем. Калі з цэнтральнай семантычнай рыфмай першай страфы «нож-дрожь» перакладчык даў рады, праяўвіўшы не абы-якую вынаходлівасць («разак-пераляк»), то перапалоханай да смерці Марылі ў яе сітуацыі яўна не да «строгіх» позіркаў. Горш у другой страфе. Адна рыфма наагул знікае, а ў другой з’яўляецца нешта штучнае (лямпа, якая «не свеціць болей з-пад палка»). А раней свяціла? І менавіта «з-пад палка»? Хутчэй ужо «з-пад палкі», бо менавіта так – сіламоц – гэты выраз увапхнуты ў радок. Вось жа, пасля абмеркавання і правак пераклад выглядае так:

У дзьверы стукаў Пётр Баброў. Убіўшы вочы ў кут пакою,
Марыля ў шапачцы сядзела. Зіхцеў крывы ў руцэ разак.
Гадзіннік поўдзень паказаў. Мінулыя забыўшы мроі,
Марыля дні свае лічыла і ў сэрцы чула пераляк.

Стаіўшыся стаяў Баброў, на холад цішыні праз дзверы
Яму зірнуць перашкаджала насоўка ў шчыліне замка.
Гадзіннік поўнач паказаў. Забіты Пётра з рэвальвера.
Марылю нож працяў. І лямпа не асьвятляе іх кутка.

У некалькіх выпадках заўвагі калегаў выклікалі і пераклады нерыфмаваных твораў, бо яны тояць свае небяспекі і падводныя камяні. Напрыклад, такі верш.

Человек устроен из трёх частей,
Из трёх частей,
Из трёх частей,
Хэу ля ля
Дрюм дрюм ту ту
Из трёх частей человек.
Борода и глаз и пятнадцать рук,
И пятнадцать рук,
И пятнадцать рук,
Хеу ля ля
Дрюм дрюм ту ту
Пятнадцать рук и ребро
А впрочем, не рук пятнадцать штук,
Пятнадцать штук,
Пятнадцать штук,
Хеу ля ля
Дрюм дрюм ту ту
Пятнадцать штук, да не рук. 

Чарнавік перакладу:

Чалавек уладкаваны з трох частак,
З трох частак,
З трох частак,
Хэў ляля
Друм друм ту ту
З трох частак ёсць чалавек.
Барада і вока, пятнаццаць рук,
І пятнаццаць рук,
І пятнаццаць рук,
Хэў ляля
Друм друм ту ту
Пятнаццаць рук і рабрына.
Ды, бадай, не рук пятнаццаць штук,
Пятнаццаць штук,
Пятнаццаць штук,
Хэў ля ля
Друм друм ту ту
Пятнаццаць штук, ды не рук.

Здавалася б, нічога складанага. «Хэў ля ля / Друм друм ту ту». Але верш гэты, апроч іншага, трымаецца на «хітрых» паўторах. І калі ў першым радку «чалавек складаецца з трох частак», то далей немагчыма паўтарыць «з трох частак ёсць чалавек», бо слова «ёсць» не было вышэй і тут яно выглядае лішнім. Гэтаксама, як і паўтор «І пятнаццаць рук», бо вышэй не было гэтага «і» – і прыпраўленая абсурдам магія арыгінала адразу ж разбураецца. Таму, з улікам якога-ніякога рытму, які таксама мае быць захаваны, у выніку атрымаўся наступны варыянт:

Чалавек складаецца з трох часцін,
З трох часцін,
З трох часцін,
Хэў ляля
Друм друм ту ту
З трох часцін чалавек.
Вока, барада і пятнаццаць рук,
І пятнаццаць рук,
І пятнаццаць рук,
Хэў ляля
Друм друм ту ту
Пятнаццаць рук і рабро.
А, зрэшты, не рук пятнаццаць штук,
Пятнаццаць штук,
Пятнаццаць штук,
Хэў ля ля
Друм друм ту ту
Пятнаццаць штук, ды ня рук.

Ці не найбольш праблемаў, але і творчых прыгодаў – як перакладчыку, так і ўсім, хто абмяркоўваў і прапаноўваў рашэнні, – прынёс Хармсаў варш пад назвай «Невядомай Наталцы»:

Скрепив очки простой веревкой, седой старик читает книгу.
Горит свеча, и мглистый воздух в страницах ветром шелестит.
Старик, вздыхая гладит волос и хлеба черствую ковригу,
Грызет зубов былых остатком и громко челюстью хрустит. 

Уже заря снимает звезды и фонари на Невском тушит,
Уже кондукторша в трамвае бранится с пьяным в пятый раз,
Уже проснулся невский кашель и старика за горло душит,
А я стихи пишу Наташе и не смыкаю светлых глаз.

Чарнавік перакладу:

Скруціўшы ніткай акуляры, сівы вусач чытае кнігу.
Гарыць свяча. Імжысты подых у лісці ветрам шамаціць.
Стары ўздыхнуўшы гладзіць волас і хлеба чэрствую скарынку
Грызе зубоў былою рэштай і гучна сківіцай хрумсціць. 

Світаньне ўжо здымае зоры і ліхтары на Неўскім тушыць,
Ужо кандуктарка ў трамваі з п’янчугам лаецца наноў,
Ужо прачнуўся неўскі кашаль, старога ён за горла душыць,
А я пішу Наталцы вершы і справаджаю купкі сноў.

Выглядае на тое, што перакладчык цалкам слушна пазбягае па-беларуску суседства словаў «сівы» і «стары» – і прыдумвае там «вусача». Што праўда, эпітэт «стары» быў бы тут дарэчнейшы, бо захоўваў бы згадку пра ўзрост героя. Няправільнасць па-беларуску формы «свяча», здаецца, усім ужо набіла аскоміну. І прыклад Рыгора Барадуліна, які віртуозна вырашыў «рэбус Пастарнака» («Гарэла свечка на стале, / Праз ноч гарэла»), здаецца, шырока вядомы, але даводзіцца паўтараць відавочнае зноў і зноў. «Былая рэшта зубоў» – зусім не тое, што «зубов былых остаток», бо робіць персанажа бяззубым «у квадраце», так што нават рэшты зубоў не застаецца і грызці ўжо няма чым.

Найболей было б шкада апошняй страчанай рыфмы. У спецыялістаў у перакладзе рыфмаванай паэзіі ёсць непісанае правіла, агучанае польскім жывым класікам Адамам Паморскім. Калі немагчыма перанесці рыфму ў іншую мову, перакладчык можа памяняць адно слова (ці радок), каб зрыфмаваць яго з іншым. Але не варта адвольна мяняць адразу абодва рыфмаваныя словы (радкі), бо ступень нематываванай «адсябеціны» ўзрасце ўдвая. У нашым чарнавіку перакладу якраз з’яўляюцца адразу дзве такія «затычкі», якія рыфмуюцца між сабой, прычым ніводная з іх не мае нічога агульнага з арыгіналам. Але давесці пераклад да розуму, як выявілася, было нескладана, і сам перакладчык, да свайго гонару, зрабіў найцікавейшыя праўкі.

Скруціўшы ніткай акуляры, стары вусач чытае кнігу.
Міргае свечка. Вечар золкі ў старонках ветрам шамаціць.
Стары ўздыхнуўшы гладзіць волас, і хлеба чэрствую каўрыгу
Грызе апошнімі зубамі, і гучна сківіцай хрумсціць. 

Світаньне ўжо здымае зоры і ліхтары на Неўскім тушыць,
Ужо кандуктарка ў трамваі з п’янчугам лаецца грамчэй,
Ужо прачнуўся неўскі кашаль і вусача за горла душыць,
А я пішу Наталцы вершы – і светлых не звяду вачэй. 

Сярод перакладаў, якія прадставіла на Майстэрні паэтка Дар’я Бялькевіч, лаўрэатка Прэміі імя Наталлі Арсенневай за кнігу вершаў «Слёзы на вецер», былі тры творы вядомага польскага аўтара Войцеха Бановіча. Беларускія аматары і аматаркі паэзіі ўжо мелі шанец звярнуць на яго ўвагу, бо ён прыязджаў у Менск на міжнародны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце», ягоныя тэксты ў перакладзе Андрэя Хадановіча публікаваліся ў інтэрнэт-часопісе «Таўбін», акрамя таго, паэт разам са сваім беларускім перакладчыкам удзельнічаў у размове і чытаннях «Аркуш паперы, які пачынае дыхаць» у рамах праекту «Санаторый пад клепсідрай».


Дар’я Бялькевіч – паэтка, перакладчыца, аўтарка песень, арт-менеджарка.

Лаўрэатка прэміі Наталлі Арсенневай, рэдактарка паэтычных кніг, вядоўца літаратурнага падкасту «Спіс на лета». Удзельніца міжнародных літаратурных фестываляў і рэзідэнцый.


«Паэт Войцех Бановіч, – пракаментавала перакладчыца, – мая даўняя літаратурная любоў, яшчэ з тых часоў, калі ён прыязджаў выступаць на фестывалі “Вершы на асфальце”. Там я пачула пераклады яго вершаў на беларускую і была вельмі ўражаная. Мне падабаецца, як мысліць паэт, як стварае вершы і якія вобразы і метады для гэтага выкарыстоўвае».

Галоўнай праблемай у перастварэнні аўтара на беларускую, з чым пагадзілася і сама Дар’я, была «падступная» моўная блізкасць, на фоне якой досыць лёгка не заўважыць фальшывых сяброў перакладчыка, «падманлівае адчуванне, што беларуская, польская і украінская мовы падобныя і ўсё ў вершах зразумела. Часам падобныя словы могуць мець зусім іншае значэнне, ці мець складаныя сэнсавыя адценні. Трэба было трымаць у галаве, што не ўсё так проста перакласці, як гэта можа здавацца на першы погляд».

Афіша да спектакля Вольных Купалаўцаў «Мінскае мора»

Праблемы пачаліся проста з транслітэрацыі імені аўтара. Шмат хто з беларусаў памылкова перадае польскае Wojciech як Войцэх, праз цвёртае «ц» і «э». (Апошні красамоўны прыклад – на тэатральнай афішы «Мінскага мора».) Відаць, вінаватая руская мова, якая часцяком гучыць у нас у галовах і навязвае свае правілы. Па-руску проста няма мяккага «ць», таму ўсё транслітэруецца праз «ц» цвёрдае. Адсюль і частае называнне Ежы Гедройця «Гедройцам», і ўзнагароду яго імені – прэміяй «Гедройца». (Здаецца, толькі пару гадоў таму большасць зацікаўленых навучылася вымаўляць і пісаць без памылкі – «Гедройця».) І напісанне Асвенціма як «Асвенцым». (Аўтар гэтых словаў таксама не без граху.) Тое самае і з польскім іменем Войцех, што правільна вымаўляецца па-беларуску менавіта ў такой форме.

Калі казаць пра самі вершы, адной з праблемаў было падабенства паміж дзясловамі аднаразовага і шматразовага дзеяння (перакладчыца актыўна вывучае польскую, але хто не памыляецца), а таксама неабходнасць па-беларуску часам ужываць з дзеясловамі займеннікі (у польскай мове граматычная асоба ў мінулым часе перадаецца канчаткамі, чаго ў нас няма). У вершы «Nie aspiruje» / «Не імкнецца»: «Aż zsiadłem z roweru…» – у чарнавіку было: «Аж злез з ровару…», падчас абмеркаванняў прапанавана: «Я ажно злез з ровара…». Вось як выглядае верш «Відзеж» («Wizja») па-польску, а таксама ў чарнавой і папраўленай версіі перакладу.

Арыгінал:

Szedłem ścieżką po obu jej stronach
i w obu kierunkach. Słońce stało w zenicie
jak w środku nocy księżyc szedł przede mną
i psy szcekały w pobliskich gospodarstwach.
Wszedłem w las gąszcz wysokich traw
na pustym stepie wśród gór wspinałem się w dół
schodziłem krętą prostą drogą i widać było
że po horyzont wiatr pochyla takich jak ja:
wędrujących cierpliwych skłonnych do zgody.

Было ў перакладзе:

Ішоў сцежкай па абодвух ейных баках
і ў абодвух кірунках. Сонца стаяла ў зеніце
як пасярод ночы месяц ішоў перада мной
і сабакі брахалі на бліжэйшых фермах.
Я ўвайшоў у лес у гушчар высокіх траў
у пустым стэпе сярод гор падняўся ўніз
спусціўся пакручастай прамой дарогай і было бачна
што вецер нахінае да гарызонту такіх як я:
заблукалых цярплівых схільных да згоды.

Стала пасля абмеркавання:

Я ішоў сцежкай па абодвух баках
і ў абодвух кірунках. Сонца стаяла ў зеніце
як пасярод ночы месяц ішоў перада мной
і сабакі брахалі на суседніх фермах.
Я ўвайшоў у лес у гушчар высокіх траў
у пустым стэпе сярод гор караскаўся ўніз
спускаўся пакручастай простай дарогай і было бачна
што вецер нахінае да гарызонту такіх як я:
заблукалых цярплівых схільных да згоды.

Войцех Бановіч. Фота: Grażyna Makara

А вось іншы разгледжаны, абмеркаваны і сумесна адрэдагаваны твор Войцеха Бановіча, верш «Як гэта выглядае» («Jak to wygląda»).

Pisze wiersze na kartkach
które potem gubię. Mój żołądek
cierpi kiedy muszę przyjąc za dużo
leków przeciwbólowych. Mój telefon
jest stary i słaby robi nieostre zdjęcia
a bateria się przegrzewa. Na moim biurku
nie ma kawałka wolnego miejsca
i sypia tam kot. Kiedy kot drapie w szybę
unoszę się na łokciu i mówię: “Leon spokój
spokój”. Potem znów kładę się na łóżku
gdzie najczęściej piszę wiersze
na kartkach które potem gubię.

Чарнавік перакладу:

Пішу вершы на аркушах
якія пасля губляю. Мой страўнік
пакутуе калі я павінен прыняць замнога
болесуцішальных лекаў. Мой тэлефон
стары і слабы робіць змазаныя здымкі
а батарэя пераграваецца. На маім стале
няма ні сантыметру пустога месца
і там спіць кот. Калі кот драпае шыбу
падымаю яго на локцю і кажу: “Спакойна Леон
спакойна”. Потым зноў кладуся на ложак
дзе найчасцей пішу вершы
на аркушах якія пасля губляю.

Версія пасля абмеркавання:

Пішу вершы на паперках
якія пасля губляю. Мой страўнік
пакутуе калі я прымаю зашмат
болеспатольных лекаў. Мой тэлефон
стары і слабы робіць размытыя здымкі
а батарэя пераграваецца. На маім стале
няма ані трохі свабоднага месца
і там спіць кот. Калі кот драпае шыбу
падымаюся на локці і кажу: “Цішэй Леон
цішэй”. Потым зноў кладуся на ложак
дзе найчасцей пішу вершы
на паперках якія пасля губляю.

Віктар Ноўградзі-Леца. Фота: Суспільне

Напрыканцы сустрэчы абмяркоўваліся беларускія пераклады з Віктара Ноўградзі-Леца. «Гэта малады ўкраінскі паэт, – прадставіла «свайго» аўтара Дар’я Бялькевіч, – з якім я пазнаёмілася ў інстаграме. Ён з Ужгарада, працаваў там бібліятэкарам, цяпер служыць у УСУ. У яго выйшла дзве кнігі паэзіі, штосьці адтуль мне спадабалася і я вырашыла яго перакласці». Дар’я звярнула ўвагу на цікавы факт, што Віктар цікавіцца беларускай літаратурай, чытае ўжо згаданы вышэй інтэрнэт-часопіс сучаснай паэзіі «Таўбін», а таксама адкрыў для сябе творчасць нашага рэпрэсаванага аўтара Тодара Кляшторнага, чыя паэзія (і, вядома ж, трагічны лёс) так перагукаецца з творцамі ўкраінскага «Расстралянага Адраджэння». Пра што сведчыць эпіграф у вершы, перакладам якога, з усёй яго экспрэсіяй, прастамоўем ды суржыкам-трасянкай, і завяршаем сённяшнія нататкі Перакладчыцкай Майстэрні.

№81-82 кіеў-ужгарад

скрозь электрычныя агні
цягнік на поўдзень мераў мілі
/тодар кляшторны/

давай братка з Богам – дапамажыце з чамаданам пжалуста –
таварышы вашы білеты – дайце бялізну
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – вып’ю пляшку піва – лепш бы жыўчыка купіў
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – дзе мой бутэрброд? – адчыніце вакно!
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – вось табе на пагоны – уна! – можа ў даміно?
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – красвоооордыыыы – а чабурэкі свежыя?
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – пазалаці ручку дарагой – сам ідзі нааа…
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – штосьці мяне ўкачала сонейка – бляць да сарціра не мог данесці?
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – кум хочаш анекдот? – што сядзіш як нурсултан назарбаеў налівай
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – мой – паездка люкс братка! – здаём пасцельнае бяльё!
едуць
едуць
едуць
едуць
эшалоны – і без мяне
едзе
едзе
едзе
едзе
канфедэрацыя вагонаў

/30.07.22, 02.11.22/