Кароткі спіс прэміі Гедройця

Апошняе абнаўленне: 11 верасня 2025
Кароткі спіс прэміі Гедройця

Галоўная інтрыга года ў беларускай літаратуры хутка раскрыецца!

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць кароткі спіс літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця за 2024 год. Журы назвала шэсць галоўных кніг 2024 года, якія прайшлі ў фінальны этап конкурсу і змогуць далей змагацца за перамогу.

Кароткі спіс чатырнаццатага сезона
  1. «Гульні Цырцэі. Раман» –  Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);

  2. «Занзібар. Сталенне маладой душы» – Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);

  3. «Перамена месцаў» – Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);

  4. «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» – Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);

  5. «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – Анка Упала (выдавецтва «Alena Kazlova»);

  6. «Забойства на вуліцы Макаёнка» – Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч»).

Журы прэміі падзялілася ўласнымі ўражаннямі ад адбору і адзначыла, што працаваць сёлета было і нялёгка, і радасна:

«Нялёгка – бо маем моцны, розны паводле тэматыкі і жанраў спіс намінантаў, якія часам адно аднаму  дыхаюць у патыліцу.  Даводзіцца па некалькі разоў перагалосаўваць, таму што кнігі набіраюць роўную колькасць балаў. Яшчэ на этапе складання доўгага спісу давялося ўключыць туды не 12, як звычайна, а 13 пазіцый. Далей змаганне толькі абвастрылася. Радасна – бо прэмія будзе ўручацца ўжо чатырнаццаты раз.
Жыве прэмія Ежы Гедройця! Жыве беларускае прыгожае пісьменства!»

Мы ўжо адкрылі  адну з таямніц: прэмія вернецца на бераг Балтыйскага мора. Сябры і партнёры літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця падтрымалі нашае вяртанне ў Гданьск, дзе стануць вядомыя пераможца і ўладальнікі другога і трэцяга месца.

Калі: 15 лістапада 2025 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)

Гэта будзе сапраўднае свята беларускага слова: урачыстая цырымонія, сустрэчы, дыскусіі, жывыя размовы пра літаратуру і яе будучыню. Уваход на ўсе імпрэзы вольны!

Занатуйце дату, сачыце за нашымі навінамі – і рыхтуйцеся да сюрпрызаў!

Што такое літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця?

Прэмія была заснавана ў 2012 годзе і сёння з’яўляецца адной з найважнейшых культурных узнагарод Беларусі. Яна адзначае выбітныя творы мастацкай і дакументальнай прозы, падтрымлівае аўтараў і аўтарак, фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.

Публічныя сябры журы

Катажына Дрозд-Урбаньска – беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта;

Сяргей Кавалёў – літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар часопіса «Studia Białorutenistyczne»;

Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца.

Арганізатары

Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Сачыце за навінамі на penbelarus.org, bellit.info і ў сацыяльных сетках прэміі (Instagram, Facebook).