На волю выйшлі шэсць Людзей Слова!

Апошняе абнаўленне: 12 верасня 2025
На волю выйшлі шэсць Людзей Слова!

11 верасня стала вядома пра вызваленне 52 палітвязняў, сярод іх – шэсць Людзей Слова: Уладзімір Мацкевіч, Мікола Дзядок, Зміцер Дашкевіч, Ларыса Шчыракова, Павел Мажэйка, Павел Вінаградаў.

  1. Уладзімір Мацкевіч – філосаф, метадолаг, эсэіст, публіцыст, грамадскі дзеяч і тэлевядоўца. 23 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме філосафа-метадолага Уладзімір Мацкевіча прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Даведацца больш пра Уладзіміра Мацкевіча.


  2. Мікола Дзядок
    – аўтар кнігі «Фарбы паралельнага свету», блогер, аўтар газеты «Новы час», актывіст анархічнага руху. 10 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе яго асудзілі да пяці гадоў калоніі. Мікола Дзядок меўся выйсці на волю 4 красавіка 2025 года. У траўні 2025 года стала вядома, што палітвязню маглі выставіць новыя абвінавачанні паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу). Даведацца больш пра Мікалая Дзядка.

  3. Зміцер Дашкевіч
    – публіцыст, пісьменнік, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк», за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча. 14 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска Змітру Дашкевічу прысудзілі 1 год і 6 месяцаў калоніі. 11 ліпеня 2023 года Зміцер павінен быў выйсці на волю, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК). 19 кастрычніка ў судзе Барысаўскага раёна яго асудзілі яшчэ на год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. 18 верасня 2024 года ў судзе Першамайскага раёну Мінску адбыўся разгляд чарговай крымінальнай справы Змітра Дашкевіча, вынік суда: 1 год і 3 месяцы калоніі строгага рэжыму. Даведацца больш пра Змітра Дашкевіча.

  4. Ларыса Шчыракова
    – журналістка, краязнаўца, рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры. 31 жніўня 2023 года ў Гомельскім абласным судзе Ларысе Шчыраковай быў вынесены прысуд – 3,5 года калоніі і штраф 3500 рублёў (1386 долараў) паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Даведацца больш пра Ларысу Шчыракову.

  5. Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», што спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна, выдавец. Паўла Мажэйку разам з Юліяй Юргілевіч судзілі паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за “спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове”. 26 ліпеня 2023 года Гродзенскі абласны суд вынес Паўлу Мажэйку прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Даведацца больш пра Паўла Мажэйку.

  6. Павел Вінаградаў
    – блогер, інтэрнэт-аўтар у жанры нон-фікшн, грамадскі актывіст. Пісаў у Facebook прозу пра штодзённасць горада Беразіно ў Мінскай вобласці, куды пераехаў жыць з Мінска. Вёў тэлеграм-канал «Бярэзінскія хронікі». 16 сакавіка 2022 года Мінскім абласным судом Паўла Вінаградава асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага Кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Даведацца больш пра Паўла Вінаградава.

Мы адчуваем невымерную радасць, што 52 чалавекі выйшлі на волю. Чакаем вызвалення астатніх палітзняволеных.

Мы заклікаем улады Беларусі выпусціць усіх незаконна асуджаных і спыніць палітычна матываваныя рэпрэсіі.