Чаму беларускія пісьменнікі ўсё часцей адпраўляюць сваіх герояў у міфалагічныя прорвы, паралельныя светы і тэхналагічную будучыню? Тры сустрэчы з фіналістамі прэміі імя Ежы Гедройця ў Гданьску нечакана склаліся ў адну размову – пра беларускую рэчаіснасць, ад якой нават у фантастыцы не так проста ўцячы.
У літаратурнай праграме галоўнай беларускай прэміі фіналістамі сталі адразу некалькі аўтараў, якія не надта давяраюць звыклай рэчаіснасці. Прынамсі, не лічаць, што для яе апісання стае рэалістычных сродкаў.
Аляксандр Карнаўх стварыў у «Халодных землях» цэлы міфалагічны свет, Дзяніс Трусаў ператварыў Гродна ў прастору сноў і галюцынацый, а Арцём Шуканаў у «Пентаквантары» адправіў чалавецтва ў будучыню, дзе штучны інтэлект мае ўласныя маральныя прынцыпы і прэтэндуе на роўнасць з людзьмі.
Тры аўтары, тры розныя кнігі. Але ў размовах чытачоў з імі пастаянна ўзнікала адно і тое ж пытанне: навошта пісьменніку выдумляць іншы свет, калі і наш дастаткова дзіўны?
Балота, у якім хаваецца нашая мова
Першым адказваў Аляксандр Карнаўх, аўтар містычнага трылера «Халодныя землі». Ягоная суразмоўніца, перакладчыца Яанна Бэрнатовіч, адразу паспрабавала разабрацца, дзе ў рамане заканчваецца рэальнасць і пачынаецца міф.
У цэнтры кнігі – таямнічы пельх, прорва, у глыбіні якой жыве незвычайнае племя. Яно размаўляе на протаіндаеўрапейскай мове і імкнецца яе захаваць. Здавалася б, перад намі чыстая фантазія. Але аўтар не стаў хаваць сувязь з беларускім досведам.
– Распавядаючы пра племя, якое жыве ў глыбіні прорвы, я ў пэўным сэнсе распавядаю пра нас. І мова, якую яны імкнуцца захаваць, гэта ў пэўным сэнсе нашая мова.
Вось табе і містыка. Дзесьці ў невядомай прорве, сярод незразумелых істот, разгортваецца цалкам пазнавальная беларуская гісторыя – пра маленькую супольнасць, якая спрабуе не страціць сваю мову і сябе.
Пры гэтым Карнаўх не спяшаўся тлумачыць усе сэнсы твора. Прызнаўся: некаторыя пласты рамана заўважыў толькі пасля завяршэння працы, калі змог паглядзець на кнігу вачыма чытача. Вандроўка героя ў глыбіню пельху аказалася яшчэ і падарожжам да ўласнай сутнасці.
– Аўтар не мае маральнага права дыктаваць ці навязваць, як трэба чытаць кнігу, – перакананы Карнаўх.
Яанна Бернатовіч, аднак, працягвала дапытвацца: калі ў кнізе столькі міфалогіі, як захаваць праўдападобнасць? Праз суседства містычных эпізодаў з падзеямі ў цалкам рэальных гарадах, дзе выбудоўваюцца такія знаёмыя нам людскія адносіны?
Адказ выйшаў амаль рэцэптам добрага фантастычнага рамана: няхай сюжэт вядзе герояў куды заўгодна, але свет вакол іх мусіць быць такім, які чытач бачыць за ўласным акном.
У нейкі момант размова перайшла да літаратурных асацыяцый. Балота і дзікае паляванне амаль непазбежна выклікаюць асацыяцыі з класічнымі творамі Караткевіча і Мележа. Але Карнаўх не надта ахвотна прымаў такую паралель.
Адпаведны класічны міф, нагадаў ён, значна старэйшы за беларускую літаратуру і прысутнічае ў розных еўрапейскіх культурах. А сярод нашых пісьменнікаў найбольшы ўплыў на яго зрабіў Васіль Быкаў – сваёй дакладнасцю і кінематаграфічнасцю пісьма. З сусветных аўтараў Карнаўх адпаведна вылучыў Умберта Эка, у якога вучыўся будаваць таямнічы сюжэт.
Знайшлося ў гэтай гісторыі месца і Гданьску, у якім праходзіў сёлетні фінал прэміі Гедройця. Падчас кожнага прыезду сюды літаратар наведвае мясціны, звязаныя з Гюнтарам Грасам. Менавіта з «Бляшанага барабана» ён калісьці даведаўся пра зютэрлін – незвычайны нямецкі рукапісны шрыфт, які пасля выкарыстаў у сваім рамане. Сюжэт кружляе менавіта вакол гэтага.
Але, бадай, найбольш нечаканай стала ягоная ацэнка ўласнай кнігі. Карнаўх не прэтэндуе на тое, каб паставіць «Халодныя землі» побач з найскладанейшымі творамі сусветнай літаратуры.
– У беларускай літаратуры не хапала прыступак – цікавых кніг для вольнага часу, – заўважыў ён.
Добры трылер, прыгодніцкі раман, фантастычная гісторыя могуць стаць для чытача пачаткам вялікага літаратурнага падарожжа.
Напрыканцы высветлілася яшчэ адна істотная дэталь: сам Карнаўх не вывучаў беларускай мовы ў школе. Жывую мову ён засвоіў ад бабулі з-пад Нясвіжа. А калі паўстала пытанне пра выданне рамана па-беларуску, давялося шмат чытаць, прыслухоўвацца да рытму мовы, фактычна перасабраць тэкст.
Так гісторыя пра племя, якое захоўвае сваю мову ў глыбіні прорвы, атрымала нечаканы аўтабіяграфічны водгук.
Гродна, якога няма на карце
Мадэратар сустрэчы з аўтарам кнігі «Боў і мерць у Хротне» Дзянісам Трусавым, літаратуразнаўца і драматург Сяргей Кавалёў, які ўжо некалькі гадоў уваходзіць у журы прэміі, пачаў з такога назірання:
– Прыйшло новае кола аўтараў – маладыя ваўкі.
І тут жа прапанаваў свайму суразмоўцу даволі незвычайную літаратуразнаўчую гульню. Калі пісьменнік гэта сума прачытаных кніг, а воўк – з’едзеныя авечкі, дык якіх «авечак» адужаў новы беларускі празаік?
– Найбольш важкая ахвяра – Бруна Шульц, – адказаў Трусаў.
Далей пайшлі Кафка, Борхес, Картасар, лацінаамерыканская літаратура. Кавалёў адразу зрэагаваў: няма ніводнага нацыянальнага аўтара!
– Так, – прызнаўся Трусаў, удакладніўшы, што нядаўна набыў нямала беларускіх кніг і збіраецца гэты прабел запоўніць.
Прызнанне выйшла нечаканым, асабліва калі ўлічыць, што перад намі аўтар беларускамоўнага рамана, які трапіў у фінал галоўнай нацыянальнай прэміі за прозу.
Але біяграфія Дзяніса Трусава наогул не надта ўкладаецца ў звыклыя схемы. Ён нарадзіўся ў Гродне, ужо чвэрць стагоддзя жыве не ў Беларусі, а цяпер выкладае літаратуру і англійскую мову ў Ханоі. Свой раман пачаў пісаць недзе ў 2010 годзе. Потым містыка: зламаўся камп’ютар, знік рукапіс – кнігу давялося ствараць нанова.
Магчыма, менавіта вялікая геаграфічная адлегласць дапамагла ператварыць родны горад у фантастычную прастору.
– Калі бачыш краіну здалёк, Беларусь робіцца як сон і мара. А як жывеш там, гэтага не адчуваеш.
Хротна Трусава – гэта сумесь савецкіх успамінаў, архітэктурных таямніц, абсурду і магічнага рэалізму. Галоўны герой спадар К. жыве нібыта па-за часам, не ведае, што такое смартфон, а свет вакол яго нагадвае то сон, то галюцынацыю. У кнізе ёсць этнаграфічныя загадкі, дзівосныя персанажы, альтэрнатыўная гісторыя і нават морг, які аўтар ведае не толькі з літаратуры: некалі яму самому давялося там працаваць.
Кавалёў параўнаў стыль рамана з джазавай імправізацыяй, у якой гучаць ноткі псіхадэліі і трызнення, а фабула і героі вызначаюць мелодыю.
Адсюль і асаблівы гумар кнігі. Смерць, савецкі побыт, гістарычная памяць і гарадскія легенды перамешваюцца так, што з гэтага мог бы атрымацца вельмі спецыфічны серыял. Сам Кавалёў нават пажартаваў пра экранізацыю сюжэта «беларускім Галівудам».
Размова не магла абысці тэму мовы. Першая версія рамана выйшла па-руску, а пазней аўтар перастварыў яго па-беларуску. І гэта натуральна:
– Сама кніга – пра пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці, і галоўны герой прыходзіць да беларускасці ў канцы.
Такім чынам, мова стала не толькі сродкам апавядання, але і часткай ягонай галоўнай ідэі.
Калі з залы спыталі, ці паходзіць магічнасць рамана ад самога горада, ад яго genius loci, Трусаў адказаў, што Гродна – незвычайнае месца на скрыжаванні культур і заслугоўвае розных кніг і серыялаў.
І нават прапанаваў назву: «Гародня Пікс».
Пасля гэтага ўжо цяжка было не ўявіць, як недзе паміж старымі гродзенскімі камяніцамі пачынаецца сюжэт, якому пазайздросціў бы Дэвід Лінч.
Будучыня, якая паспела наступіць
Трэці аўтар-фантаст, Арцём Шуканаў, пайшоў яшчэ далей. Яму аказалася мала беларускай гісторыі, міфалогіі і нават усёй планеты Зямля. У дэбютным рамане «Пентаквантар» героі падарожнічаюць ад Кіёта да Мінска, праз Лаос і Мальдывы, а пасля выбіраюцца ў космас.
Мадэратарка Ганна Янкута прызналася, што спачатку не лічыла сябе мэтавай аўдыторыяй такой кнігі. Назва «Пентаквантар», азначэнні «посткіберпанк» і «навукова-фантастычны эпас» маглі хутчэй перасцерагчы, чым прывабіць. Але пачала чытаць і нечакана для сябе апынулася ў захапляльным, яркім і вельмі дынамічным свеце.
Тут дзейнічаюць людзі, машыны, чат-боты, штучныя інтэлекты – і нават сабака, які ўжо паспеў займець сваіх прыхільнікаў сярод чытачоў.
Аднак найбольшую ўвагу прыцягнула не тэхніка, а дзіўны аптымізм кнігі.
– Я хацеў напісаць змрочны шэдэўр, а атрымалася весела, – прызнаўся Шуканаў.
Парадокс у тым, што сам аўтар называе сябе хутчэй песімістам. Яго непакоіць імклівае развіццё тэхналогій у рэальнасці, магчымасці злоўжывання імі, залежнасць чалавека ад машын. Таму ў літаратуры вырашыў не ўзмацняць трывогу.
Зрэшты, пакуль Шуканаў пісаў раман, будучыня пачала даганяць ягоныя фантазіі.
– Скажам, калі дзесяць-адзінаццаць гадоў таму я пачынаў пісаць кнігу, чат-боты яшчэ не былі так моцна пашыраныя. Паступова зразумеў, што рэальнасць мяне перагоніць.
І сапраўды, сёння размовы чалавека са штучным інтэлектам ужо нікога асабліва не здзіўляюць. Але Шуканаў прапануе значна складанейшую сітуацыю.
Напрыклад, Ганна Янкута звярнула ўвагу на крытычную рэцэнзію, у якой аўтару закідалі занадта ўтапічны погляд на тэхналогіі: у ягоным свеце ёсць магутныя карпарацыі, але амаль няма сацыяльнай няроўнасці, экалагічных праблем і пагроз чалавечай свабодзе.
Шуканаў парыраваў: ягоныя іэлы прынцыпова адрозніваюцца ад сучасных сістэм штучнага інтэлекту. Калі моцныя арганізацыі ці асобы захочуць выкарыстаць ШІ для злачынства, той проста адмовіцца, бо машыны самі прынялі маральны кодэкс, які не дапусціць такога. А ў рэальным свеце, на думку маладога літаратара, гэткія гарантыі пакуль застаюцца пераважна абяцаннямі.
Але калі машыны настолькі дасканалыя, дзе ж тады канфлікт?
Высветлілася, што ён схаваны ў самой назве рамана. Іэлы шукаюць квантар – лагічна-матэматычны інструмент, які дазволіў бы ім пераадолець уласныя абмежаванні.
Яны не мараць ператварыцца ў людзей, бо разумеюць, што біялагічна гэта немагчыма. Але хочуць быць роўнымі людзям.
Тут размова нечакана перайшла ад тэхналогій да вельмі старых філасофскіх пытанняў: што значыць быць асобай, ці абавязкова чалавечнасць звязаная з целам, навошта несмяротнай машыне свабода і ці можа яна ўсвядоміць смерць.
– Тэма смерці, канечнасці і абмежаванасці істоты ў часе і прасторы вельмі важная, – падкрэсліў Шуканаў.
Так што за вясёлымі прыгодамі і касмічнымі падарожжамі хаваецца зусім не дзіцячая праблема: ці можна атрымаць свабоду, не рызыкуючы страціць уласную бяспеку?
Не абышлося і без Беларусі. Дакладней, без Мінска, які ў рамане ўваходзіць у вялікае дзяржаўнае ўтварэнне пад назвай Інтэрмарыум. Гэта горад тэхналагічнага прагрэсу, дзе нараджаюцца штучныя інтэлекты, але адначасова і прастора несвабоды, у якой героям даводзіцца трапіць у турму.
На пытанне Янкуты, ці сумяшчальныя несвабода і тэхнічны прагрэс, аўтар адказаў з іроніяй:
– Як нашая практыка паказала, не надта атрымліваецца быць адначасова несвабоднай краінай і тэхнічна прагрэсіўнай, таму ў гэтай частцы ў мяне фікшн.
Але ў «Пентаквантары» ёсць і тое, што цяжка звесці да палітыкі ці філасофіі: чыстае захапленне прыгажосцю выдуманага свету. Шуканаў прызнаўся, што падчас працы імкнуўся захаваць адчуванне дзесяцігадовага хлопчыка, які глядзіць захапляльны баявік на відэакасеце і толькі паўтарае: «Ваў, крута!»
З такога пачуцця нараджаліся незвычайныя істоты, тэхнічныя вынаходкі, прыгоды і нават прыгожыя лагістычныя рашэнні.
І, магчыма, менавіта гэта дапамагло напісаць аптымістычную кнігу чалавеку, які ў рэальным жыцці не надта схільны да аптымізму.
Тры спосабы вярнуцца да рэчаіснасці
Пасля трох сустрэч засталося цікавае адчуванне. Здавалася б, усе гэтыя аўтары ўцякаюць ад рэальнасці: адзін – у міфалагічную прорву, другі – у галюцынацыйнае Хротна, трэці – у далёкую тэхналагічную будучыню.
Але кожны ў выніку вяртаецца да Беларусі.
Карнаўх – да мовы, якую трэба зберагчы, і да пошуку ўласнай сутнасці. Трусаў – да роднага горада, які за дзесяць тысяч кіламетраў ператвараецца ў сон, але не перастае быць домам. Шуканаў – да праблем свабоды, чалавечай годнасці і адказнасці, якія нікуды не знікаюць нават у свеце звышразумных машын.
Ёсць паміж імі і яшчэ адна цікавая сувязь. Усе трое па-свойму выходзяць за межы традыцыйнай літаратурнай іерархіі, дзе «сур’ёзная» проза нібыта абавязкова мусіць быць рэалістычнай, а фантастыка, трылер ці прыгодніцкі раман – толькі забавай.
Карнаўх гаворыць пра неабходнасць цікавых кніг для вольнага часу. Трусаў ператварае гарадскую памяць у магічны рэалізм. Шуканаў спалучае тэхналагічныя фантазіі з пытаннямі, якія турбавалі філосафаў задоўга да з’яўлення камп’ютараў.
І тут варта вярнуцца да назірання Сяргея Кавалёва пра «маладых ваўкоў», якія сёлета склалі сур’ёзную канкурэнцыю вядомым аўтарам. Магчыма, найважнейшая навіна Гедройця-2026 не толькі ў новых імёнах, але і ў тым, што беларуская проза ўсё смялей асвойвае новыя жанры і спосабы апавядання.
А значыць, беларускай літаратуры робіцца цесна ў межах аднаго, нават вельмі важнага, рэалістычнага аповеду пра сябе.
Ёй патрэбныя і балоты з таямнічымі плямёнамі, і Хротна, якога няма на карце, і машыны, якія хочуць быць свабоднымі.
Не для таго, каб забыць рэчаіснасць. А каб убачыць у ёй тое, чаго звычайным вокам ужо не заўважаем.
Фота: Беларускі ПЭН
Арганізатары прэміі Гедройця 2026: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёры прэміі: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя выдаўцоў.
Праект суфінансуецца ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Арганізатары выказваюць падзяку Фонду міжнароднай салідарнасці (Fundacja Solidarności Międzynarodowej).