Ларыса Шчыракова

Апошняе абнаўленне: 22 верасня 2023
Ларыса Шчыракова
Нарадзілася 3 красавіка 1973 года. Журналістка, краязнаўца, рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя».

Выканаўца ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім.

Нарадзілася 3 красавіка 1973 года.

Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года ў Гомелі. 16-гадовага сына Святаслава змясцілі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне. Былы муж Ларысы Шчыраковай забраў сына Святаслава з прытулку.

16 снежня 2022 года Ларыса Шчыракова прызнана палітзняволенай. 

7 чэрвеня 2023 года ў Ларысы Шчыраковай памерла маці, яе не выпусцілі на пахаванне.

27 ліпеня ў Гомелі ў закрытым рэжыме над Ларысай Шчыраковай пачаўся суд паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі следства, Ларыса Шчыракова, «выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, прадставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь», «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу інфармацыі для “Вясны” і “Белсата”».

31 жніўня 2023 года ў Гомельскім абласным судзе Ларысе Шчыраковай быў вынесены прысуд – 3,5 года калоніі і штраф 3500 рублёў (1386 долараў) паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

11 жніўня 2023 года з’явілася інфармацыя, што Ларыса Шчыракова не стала падаваць апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўны суд на рашэнне Гомельскага абласнога суда. Ларысу Шчыракову этапавалі з СІЗА ў жаночую калонію ў Гомелі на вуліцы Антошкіна, 4.

22 верасня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў дадало Ларысу Шчыракову ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Адрас для ліставання: Ларысе Фёдараўне Шчыраковай ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

Фiльм «Палута Бадунова. Успомніць і не забыць»