Людзі Слова ў няволі (31)
Пошук

Павел Мажэйка


Фота: baj.by
Кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», што спецыялізавалася на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна.

Павел Мажэйка – адзін з першых палітвязняў Беларусі, у 2002 годзе яго асудзілі на два гады «хіміі» за «паклёп» на прэзідэнта ў матэрыяле газеты «Пагоня». Адбываў пакаранне ў Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу – працаваў чорнарабочым на тартаку.

У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. 26 сакавіка Паўла Мажэйку выклікалі на допыт у гродзенскую пракуратуру, дадому ён не вярнуўся, бо быў затрыманы. У дачыненні да Паўла, разам з Алесем Пушкіным, распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Пасля 72 гадзін затрымання Паўла тады вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». 

12 траўня 2021 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця», у якім за пяць гадоў дзейнасці ладзіліся выставы, канцэрты, дыскусіі, прэзентацыі кніг і фільмаў.

30 жніўня 2022 года Паўла Мажэйку затрымалі ў Гродне і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 2 верасня яго перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў следчы ізалятар. Гэта можа азначаць, што Паўлу выстаўлена абвінавачванне і выбрана мера стрымання – за кратамі.

Адрас для ліставання: Паўлу Іванавічу Мажэйку, турма № 1, вул. Кірава, 1, 230023, г. Гродна.