Гедройць-2026: літаратура без параднага ўбрання

Апошняе абнаўленне: 12 лістапада 2026
Гедройць-2026: літаратура без параднага ўбрання

Літаратурная прэмія Гедройця – гэта не толькі імёны пераможцаў, дыпломы і ўрачыстая цырымонія. Цягам дня ёй папярэднічала насычаная праграма сустрэч, дыскусій і творчых эксперыментаў. Тут высвятлялі, ці ўмее штучны інтэлект лаяцца па-беларуску, лавілі фальшывых сяброў перакладчыка, разважалі пра месца жанчын у літаратуры. 

Гледачам паказалі дакументальны фільм «Моўныя партызаны» рэжысёркі Таццяны Гаўрыльчык і выставу графікі Артура Вакарава з вершаванымі каментарамі Сабіны Брыло, кірмаш беларускай і польскай кнігі… Было месца і для сур’ёзных пытанняў, і для нязручных размоў, і для смеху. Словам, літаратура выйшла на адзін дзень з параднага ўбрання і паказала, якой рознай яна можа быць.

Ці ўмее АІ лаяцца па-беларуску?

У Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску, дзе звычайна гавораць пра гісторыю, дэмакратыю і правы чалавека, раптам узяліся за тэму, якая патрабавала ад выступоўцаў пэўнай смеласці. 

«Калі мы выбіралі тэму, не ведалі, што трапім у такую шыкоўную прастору, – прызналася на пачатку сустрэчы Эмілія Гаўрус. – А тут пачалі гартаць на экране слайды, і я падумала: божа, як гэта ўсё агучыць! Даруйце, каму не да слыху…»

Так пачалася сустрэча «Ці ўмее АІ лаяцца па-беларуску?» – адна з найбольш гарэзлівых падзей багатай літпраграмы прэміі Гедройця 2026.

Яе праводзілі культуролаг Эмілія Гаўрус і айцішнік Аляксей Картыннік. Разам яны ствараюць беларускамоўны падкаст «Каласы пад сярпом ШІ», у якім расказваюць пра штучны інтэлект зразумелай мовай.

Але перш чым правяраць лінгвістычныя здольнасці АІ, удзельнікам прапанавалі прыгледзецца да ўласнай моўнай спадчыны. 

На экране – самыя розныя прыклады. З самых мяккіх: Каб ты век будаваўся! – а што, актуальна і сёння! Ці такое: Каб ты па вадзе хадзіў і піць прасіў! – добранькія мы… Ну і больш жорсткія: Каб ты з компасам сральню шукаў! Каб цябе пранцы з’елі!

У раздатках былі праклёны і грозьбы Рыгора Барадуліна, запісы Фёдара Янкоўскага і Міхала Федароўскага. Згадвалі і даследчыкаў беларускай скаромнай лексікі – ад Язэпа Ціхінскага, які працаваў над слоўнікам яшчэ на мяжы XIX і XX стагоддзяў, да Уладзіслава Гарбацкага, укладальніка слоўніка беларускіх скаромных слоў. Асобнае месца ў гэтай гісторыі займае «Слоўнічак пазаслоўнікавых слоў» Яна Казолкі, выдадзены ў эміграцыі ў 1983 годзе накладам усяго 11 асобнікаў.

Слова скаромны, дарэчы, мае два значэнні: так называюць і ежу, забароненую падчас посту, і нешта непрыстойнае. А беларуская скаромная лексіка – гэта не толькі вядомыя ўсім мацюкі. У ёй багата вынаходлівых праклёнаў, кляцьбонікаў і абразаў, якія часам маглі пакрыўдзіць мацней за самае грубае слова.

Пасля гістарычна-лінгвістычнага экскурсу настаў час штучнага інтэлекту. Аляксей Картыннік прапанаваў прысутным аб’яднацца ў невялікія групы і з дапамогай ChatGPT вынайсці новыя беларускія лаянкі – такія, якіх раней не існавала. Мала было прыдумаць слова: патрабавалася растлумачыць яго значэнне і разыграць кароткую сцэнку, у якой яно гучала б натуральна.

На ўсё далі дзесяць хвілін.

Адна з груп вырашыла звярнуцца да балючай для многіх беларусаў у Польшчы тэмы – чакання карты побыту. У імправізаванай тэлефоннай размове заяўнік спрабаваў высветліць, чаму ягоная справа не зрушылася з месца за тры гады, а ў адказ пачуў цэлы каскад новаўтвораных абразаў. У ход пайшлі «паперадрыст», «картазадупнік» і іншыя словы, якія наўрад ці трапяць у афіцыйнае ліставанне з польскімі ўстановамі.

«Ды мой конь хутчэй карту атрымае!» – абураўся заяўнік.

«Дык няхай твой конь табе карту тую і выстраіць!» – не заставаўся ў даўгу чыноўнік.

Зала смяялася. Моўны эксперымент ператварыўся ў імправізаваны тэатр, дзе штучны інтэлект быў толькі памочнікам, а галоўную ролю ўсё ж адыгрывалі чалавечая фантазія і добра знаёмыя жыццёвыя абставіны.

Эмілія Гаўрус тлумачыць: за гарэзніцтвам, якое падабаецца-не-падабаецца, але жыве і квітнее, ёсць і цалкам практычная моўная задача: «Рэальнасць ёсць рэальнасць – і часта людзям прасцей выкарыстаць расійскую лаянку. Але мы лічым, што ў такім разе лепш звяртацца да нашай спадчыны: зборнікаў Рыгора Барадуліна, прац іншых спецыялістаў альбо да штучнага інтэлекту».

Так што адказ на пытанне, вынесенае ў назву сустрэчы, атрымаўся даволі просты: штучны інтэлект можа дапамагчы беларусам вынайсці новую лаянку. Але каб яна стала сапраўды беларускай – трапнай, смешнай і дарэчнай – без саміх беларусаў пакуль не абысціся.

Фальшывыя сябры і сапраўдныя пасткі перакладу

Калі на папярэдняй сустрэчы беларуская мова спаборнічала ў вынаходлівасці са штучным інтэлектам, то на «Перакладчыцкай майстэрні для ўсіх» яе выпрабоўвалі на дакладнасць. Прычым высветлілася, што нават дасведчаныя перакладчыкі часам трапляюць у пасткі, якія расстаўляюць падобныя словы ў розных мовах.

Майстэрню праводзілі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч і польская перакладчыца беларускай літаратуры Яанна Бэрнатовіч. Бэрнатовіч адразу папярэдзіла: адзіны сапраўдны сябар перакладчыка – слоўнік. Асабліва калі слова выглядае настолькі знаёмым, што правяраць яго быццам і не трэба.

Такіх фальшывых сяброў у польскай і беларускай мовах нямала. Польскае pojazd – не поезд, а транспартны сродак; ukrop – не кроп, а кіпень; konieczność – не канечнасць, а неабходнасць. А biegły – зусім не беглы, а дасведчаны спецыяліст.

Аднак найбольш цікава было слухаць пра памылкі, якія ўжо паспелі трапіць у літаратуру. Хадановіч згадаў, як у адным з перакладаў Чэслава Мілаша ў Алега Мінкіна нечакана з’явілася «сяброўка прырода», хоць у арыгінале нічога падобнага не было. Не пашкадаваў перакладчык і сябе: аднойчы польскія kapele – аркестры – ператварыліся ў ягоным беларускім вершы ў «капяжы».

Асобная гісторыя – пераклад паэтычнай іроніі. У вершы Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага героі нібыта «гуляюць у фанты». Але насамрэч гаворка пра квітанцыі з ламбарда. І замест бяскрыўднай забавы перад чытачом паўстае карціна міжваеннай беднасці, якую паэт апісваў з горкім гумарам.

Дайшла чарга і да «Скумбрыі ў тамаце» – беларускага пераўвасаблення знакамітага «Skumbrie w tomacie» Галчыньскага. За нібыта бяскрыўднай назвай рыбных кансерваў даследчыкі бачаць яшчэ і завуаляваную лаянку. А перакладчыку даводзіцца вырашаць, што важнейшае: літаральная дакладнасць, гучанне ці той эфект, які арыгінал выклікаў у сваіх чытачоў.

Напрыканцы закранулі яшчэ адну складаную тэму – пераклад паэзіі з дапамогай падрадкоўнікаў, калі перакладчык не валодае мовай арыгінала. Прыкладам стала паэзія на ідыш, у тым ліку творы Ізі Харыка і Мойшэ Кульбака ў рэцытацыі Сяргея Шупы.

Майстэрня добра паказала: пераклад – гэта не проста пошук адпаведных слоў у слоўніках. Часам адна літара, незаўважаны жарт ці незразумелая гістарычная дэталь могуць змяніць сэнс цэлага твора. А самае небяспечнае слова для перакладчыка – тое, якое можа здавацца яму цалкам зразумелым.

Чаго хочуць пісьменніцы? Найперш – часу

Чаму сярод шасці фіналістаў сёлетняй прэміі Гедройця няма ніводнай жанчыны? З гэтага нязручнага пытання мадэратар:ка Тоні Лашдэн пача:ла дыскусію «Чаго хочуць пісьменніцы? Жанчыны ў літаратуры». І адразу прапанава:ла зірнуць на гісторыю прэміі: у 2024 годзе жанчыны складалі палову кароткага спіса, а ў 2023-м галоўную ўзнагароду атрымала Ганна Кандрацюк. Сёлета ж сярод 24 кніг доўгага спіса толькі тры – жаночыя.

Пісьменніца Ганна Янкута, якая сама прайшла шлях ад перакладу і дзіцячай літаратуры да паэзіі і вялікай прозы, звярнула ўвагу на своеасаблівую іерархію жанраў. Дзіцячыя кнігі могуць мець добрыя наклады і ўдзячных чытачоў, але іх аўтары ды аўтаркі часта застаюцца па-за ўвагай літаратурнай супольнасці. Найбольшую літаратарскую бачнасць дае менавіта проза для дарослых.

«Доўгі час я займалася выключна перакладам, бо хацела быць голасам кагосьці іншага і не думала, што мне самой ёсць што сказаць», – падзялілася сваім досведам літаратарка.

Але чаму жанчыны пішуць менш раманаў? На думку Янкуты, прычына не ў недахопе таленту ці амбіцый, а найперш у часе. Вялікая проза патрабуе месяцаў і гадоў за пісьмовым сталом, а жанчыны па-ранейшаму часцей бяруць на сябе клопат пра дзяцей, старэйшых сваякоў і хатнюю гаспадарку. У эміграцыі гэтыя цяжкасці толькі ўзмацняюцца.

Пры гэтым, падкрэсліла пісьменніца, прэмія Гедройця – далёка не ўся беларуская літаратура. У паэзіі жанчыны прадстаўлены вельмі актыўна, шмат аўтарак працуе ў дзіцячай літаратуры, а частка беларускіх пісьменніц стварае творы на іншых мовах.

Пра тое, як няпроста маладой аўтарцы наважыцца на першае выданне, расказала паэтка Валерыя Ваўкагонава, удзельніца лабараторыі фемінісцкага пісьма «Расцяжэнне». Рыхтуючы сваю дэбютную кнігу «Гимнастика для глаз», яна звярнулася ў дзевяць выдавецтваў – і ад усіх атрымала адмовы. Праўда, усе дзевяць прынамсі адказалі, што таксама можна лічыць пэўным поспехам. Урэшце кніга выйшла самвыдам.

Выдаўчыня Валянціна Андрэева («Гутэнберг») звярнула ўвагу на востры дысбаланс у беларускай літаратуры: мужчыны масава дасылаюць раманы, а жанчыны часцей выбіраюць дзіцячыя кнігі ці нон-фікшн. На яе думку, за гэтым стаіць сацыяльная ўстаноўка «быць карыснай» замест асабістай мастацкай самарэалізацыі:

«Калі мы не зможам скарэктаваць гэты перакос, то ў гісторыі застануцца сведчанні, пражытыя і выказаныя пераважна мужчынамі. Нашай культуры патрэбныя сведчанні жанчын. Магчыма, ёсць такое невядомае вядомае, пра якое яны пакуль не расказваюць – і для якога яшчэ трэба знайсці словы».

Андрэева заклікала пісьменніц не баяцца брацца за буйныя жанры і фіксаваць свой унікальны досвед.

Таццяна Нядбай, паэтка, выдаўчыня і старшыня Беларускага ПЭНа, звязала праблему жаночага пісьма з шырэйшым пытаннем размеркавання клопату. Яна згадала і пра жанчын у зняволенні, чые сямейныя сувязі, паводле ейных назіранняў, часта руйнуюцца хутчэй, чым у мужчын.

«Як паэтка разумею, якое крохкае натхненне і як лёгка яно можа знікнуць у віры грамадскіх спраў», – расказала Нядбай.

На ейную думку, патрэбныя не толькі размовы пра роўныя магчымасці, але і канкрэтныя праграмы падтрымкі: літаратурныя рэзідэнцыі, у тым ліку для маці, якія самастойна выхоўваюць дзяцей, магчымасць прыехаць туды разам з імі і хаця б на нейкі час вызваліцца ад штодзённага клопату.

Напрыканцы Ганна Янкута нагадала пра яшчэ адну неабходнасць – пераклады і інтэграцыю ў літаратурнае жыццё краін, дзе цяпер жывуць беларускія аўтаркі.

Так што адказ на пытанне, чаго хочуць пісьменніцы, выйшаў даволі зямным: часу, магчымасці быць пачутымі і ўмоў, у якіх літаратура не мусіць увесь час саступаць месца іншым абавязкам.


Фота: Беларускі ПЭН

Арганізатары прэміі Гедройця 2026: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры прэміі: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», Audiobooks.by, Belsat.TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя выдаўцоў.

Праект суфінансуецца ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Арганізатары выказваюць падзяку Фонду міжнароднай салідарнасці (Fundacja Solidarności Międzynarodowej).