Алесь Манцэвіч, заснавальнік і шматгадовы галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», пачаў свой выступ у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску кароткай фразай: «Рэдактар ёсць, газеты няма». Бо тыднёвік, які выходзіў амаль тры дзесяцігоддзі, знішчылі. Заснавальнік выдання прайшоў праз зняволенне і прымусовае выгнанне.
Але адразу пасля горкага прызнання дадаў:
– І ўсё ж лічу, што радок у гісторыю Беларусі намі напісаны.
Гэтыя два сказы маглі б стаць эпіграфам да ўсёй цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды».
Тыя, каго спрабуюць выкрасліць
Гэта маладая прэмія. Яе заснавалі летась, каб адзначаць людзей старэйшага веку, якія шмат зрабілі ў беларускай культуры, журналістыцы, праваабароне і развіцці грамадзянскай супольнасці.
Мадэратарка імпрэзы, старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай нагадала: гэтае пакаленне фармавалася ў Савецкім Саюзе, дзе патрабавалі не столькі думаць, колькі згаджацца. Аднак былі людзі, якія вучыліся не прымаць навязаных правілаў, стваралі незалежныя арганізацыі, школы, газеты, культурныя ініцыятывы. І працягвалі рабіць сваё пасля распаду СССР, нават калі спадзевы на хуткія перамены паступова саступілі месца новаму супрацьстаянню з ужо іншай аўтарытарнай дзяржавай.
– Іх імёны варта яшчэ і яшчэ раз паўтараць, – заўважыла Нядбай, – бо цэнзура дзесяцігоддзямі выціскае такіх асоб з публічнай прасторы і калектыўнай памяці.
Летась прэмію атрымалі васямнаццаць чалавек. Сёлета – дзевяць, прычым імёны траіх пакуль нельга называць з меркаванняў бяспекі. Сярод публічных лаўрэатаў – педагагіня Соф’я Савелава, фалькларыст Алесь Лозка, журналіст Алесь Манцэвіч, паэтка і мастачка Наталля Бордак (Наталка Хвоя), гісторык Алесь Смалянчук і журналістка Тамара Шчапёткіна.
Прэмія мае яшчэ адно, магчыма, не менш важнае вымярэнне. З кожным лаўрэатам запісваюць вялікую размову пра жыццё, выбар і шлях да свабоды. Так нарадзіліся два зборнікі гутарак: леташні з васямнаццаццю асобамі і сёлетні з шасцю. Абодва – «Свабода як біяграфія» і «Аўтапартрэт з Беларуссю і без» – былі прадстаўлены ў Гданьску на кніжным кірмашы падчас фінальнай цырымоніі прэміі Гедройця. Гэта своеасаблівая вусная гісторыя пакалення, якое прайшло шлях ад савецкай аднастайнасці да ўласнай адказнасці за краіну.
Свабода пачынаецца з права памыляцца
Першай на сцэну запрасілі Соф’ю Савелаву – педагагіню, якая шмат гадоў працавала над новымі падыходамі да адукацыі, падтрымлівала маладых даследчыкаў і дапамагала настаўнікам выходзіць за межы савецкіх адукацыйных шаблонаў.
Нядбай спытала, які галоўны ўрок свабоды ўсім нам варта засвоіць.
– Не баяцца быць чалавекам, адказваць за сябе, – пачала Савелава.
І прыгадала паняцце «зона адказнага клопату». Гэта тая частка быцця, якую чалавек лічыць сваёй і за якую гатовы адказваць. Яна не абавязкова вялікая: клас, школа, сям’я, супольнасць…
– Свабодны чалавек – гэта той, у каго ёсць сваё. Калі ж няма, пра свабоду гаварыць бессэнсоўна. І яшчэ больш бесперспектыўна разважаць пра адказнасць.
У разуменні лаўрэаткі свабода – не той стан, якога аднойчы дасягнулі і нібыта назаўсёды атрымалі. Не, варта памятаць пра няспыннае навучанне, пробы і памылкі. Больш за тое, памылка якраз не катастрофа, а рэальная магчымасць рушыць далей.
Савелава скончыла адказ фактычна афарызмам:
– Свабодны чалавек дакладна ведае, чаго ён ніколі не будзе рабіць, але ніколі не ведае, што ён будзе рабіць.
У цікавай размове пра савецкую спадчыну, якая нікуды не знікае разам з пераходам дзяржаўнай мяжы, яна згадала класічную метафару дракона з п’есы Шварца. Так, мы перажылі СССР, але можна апынуцца ў Польшчы, Літве, Германіі ці Амерыцы з багажом старых звычак: чакаць указанняў, баяцца памыліцца, гаварыць адно, а думаць іншае. І нават не заўважаць гэтага…
Выхад бачыцца не ў новых лозунгах, а ў сумленнасці перад сабой. У здольнасці назваць рэчы сваімі імёнамі. І ў гатоўнасці сказаць простае «я не ведаю», бо менавіта з гэтага, на думку Соф’і Савелавай, пачынаецца шлях да ведаў.
Школа, якая едзе за дзецьмі
Яшчэ адзін лаўрэат – фалькларыст, даследчык Палесся і шматгадовы кіраўнік Таварыства беларускай школы Алесь Лозка.
Ягоная гісторыя – пра захаванне культурнай памяці. Яшчэ ў савецкі час запісваў народныя замовы, вывучаў абрадавую паэзію, даследаваў традыцыйны каляндар. Некаторыя тэмы тады былі настолькі непажаданымі для афіцыйнай навукі, што нават дысертацыю даводзілася прысвячаць не таму, што маладому навукоўцу было найбольш цікава.
Але галоўнай справай ягонага жыцця стала нацыянальнае школьніцтва. І калі пасля выгнання давялося зноў пачынаць усё спачатку, Лозка заняўся тым, што ўмеў найлепш: арганізоўваць беларускае навучанне.
Так узнікла школа ў Варшаве з філіяламі ў іншых гарадах і краінах. Найбуйнейшым стала анлайн-аддзяленне, у якім вучыліся дзеці з больш як трыццаці краін свету – ад еўрапейскіх дзяржаў да Японіі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Гэткая касмічная Беларусь.
Для Лозкі гэта не проста дадатковыя заняткі мовы, а спосаб захаваць сувязь паміж пакаленнямі, каб дзеці, якія растуць далёка ад радзімы, ведалі, адкуль яны і да якой культуры належаць.
Карціны, што перажылі ператрусы
Паэтка і мастачка Наталка Хвоя, сапраўднае імя якой Наталля Бордак, выйшла да публікі з прэзентацыяй сваіх карцін.
За кожнай – асобная гісторыя. Адны нараджаліся пасля чарговых затрыманняў, іншыя – пад уражаннем ад вайны ва Украіне. Частка засталася ў Беларусі, некаторыя трапілі за мяжу дзякуючы знаёмым. Бел-чырвона-белыя сцягі, якія яна захоўвала з 1990-х гадоў, забралі падчас ператрусу, таму ў эміграцыі давялося маляваць новыя.
У 2020 годзе Наталка пісала вершы на сурвэтках у карцары, а пасля вымушанага ад’езду з Беларусі працягнула маляваць і ладзіць выставы. Адна з іх атрымала назву «Сэрца ў выгнанні».
Гэта яшчэ адзін спосаб адказаць на пытанне, што застаецца чалавеку, калі ў яго забіраюць звыклае жыццё, дом і частку створанага. У выпадку Наталкі – магчымасць працягваць пісаць і маляваць, а праз свае працы размаўляць з іншымі.
«Калі сусед – твой чытач»
Драматычнай і адначасова вельмі зямной атрымалася размова з Алесем Манцэвічам.
Ягоная «Рэгіянальная газета» была не толькі важнай крыніцай інфармацыі, але і паспяховым малым бізнесам. Выданне хутка выйшла на самаакупляльнасць, гадамі давала працу людзям і аб’ядноўвала чытачоў – нараджала мясцовую грамадзянскую супольнасць.
– Парадаксальна, але факт: гледзячы на нас, многія дзівіліся, што мы ў сябе дома выдаёмся на роднай мове, – з горкай іроніяй заўважыў журналіст.
І згадаў, як рэдакцыя сваёй практыкай разбурала пашыраны міф, нібыта роднае слова непрыдатнае для сур’ёзнай справы, а тым больш для эканамічна ўстойлівага прадпрымальніцтва.
– Мы выдаваліся з 1995 года, былі папулярнымі, жылі, зарабляючы пры дапамозе беларушчыны грошы.
Асобная гісторыя – 2004 год, калі ўлады прыпынілі выхад газеты на тры месяцы. Тады чытачы самі зладзілі кампанію падтрымкі: пісалі лісты, звярталіся ў дзяржаўныя ўстановы, патрабавалі аднавіць выпуск аўтарытэтнага СМІ. Урэшце з Міністэрства інфармацыі патэлефанавалі ў рэдакцыю з незвычайнай просьбай: папрасіць людзей больш не слаць пратэсныя лісты, бо іх ужо няма куды дзяваць.
– Гэтая кампанія не была інспіраваная намі, – падкрэсліў Манцэвіч. – Яднанне з аўдыторыяй узнікае тады, калі ты іхнія праблемы бачыш як свае ўласныя.
І дадаў тое, што, магчыма, найлепш тлумачыць сутнасць рэгіянальнай журналістыкі:
– Спецыфіка мясцовых газет у іх падвышанай адказнасці, бо твой сусед – чытач таго, што ты пішаш. Тут праўда і хлусня навідавоку. А яшчэ мяне цешылі чытацкія прызнанні: нас адстаялі і за сумленную журналісцкую працу, і за нашую беларускасць.
Сёння «Рэгіянальнай газеты» няма. Рэдактар прайшоў праз калонію, дзе на словы «я думаю» начальства адказвала: «А не варта: за цябе ўжо падумалі». Гэтая турэмная формула нечакана вярнула размову да пачатковай тэмы – свабоды як права мысліць самастойна і адказваць за ўласныя рашэнні.
Памяць, якая не павінна абрывацца
Двое лаўрэатаў не змаглі прыехаць у Гданьск, але іхныя гісторыі таксама прагучалі са сцэны.
Журналістка і настаўніца Тамара Шчапёткіна з Бярозы калісьці дапамагла аб’яднаць каля дзевяці тысяч чалавек у пратэсце супраць будавання пестыцыднага завода. У інтэрв’ю для зборніка ёсць важнае прызнанне: яна доўга не давярала слову «мы», бо ў савецкай і пазнейшай афіцыйнай рыторыцы за гэтым безасабовым паняткам часта перакрэслівалі індывідуальнасць канкрэтнага чалавека. А сапраўднае «мы» ўзнікае не з загаду – яно паўстае з неабходнасці слухаць, спрачацца і разам прымаць рашэнні.
Яшчэ адзін лаўрэат прэміі – гісторык Алесь Смалянчук. У кнізе «Аўтапартрэт з Беларуссю і без» ён звярнуў увагу на іншую небяспеку: разрыў памяці паміж пакаленнямі. На думку навукоўца, беларускасць не павінна ператварацца ў своеасаблівае спаборніцтва за права называцца «правільным беларусам». Супольнасць патрабуе прыняцця рознага досведу і адказнасці за агульную краіну. А маладзейшыя пакаленні мусяць ведаць не толькі гераічныя, але і балючыя старонкі мінулага.
Гэтыя думкі добра стасаваліся з усёй цырымоніяй. Людзі, якіх ушаноўвалі ў Гданьску, не заўсёды мелі аднолькавыя погляды, працавалі ў розных сферах і па-рознаму разумелі сваю місію. Але ў кожнага быў момант, які змушаў да выбару паміж зручным маўчаннем і ўласным голасам.
Напрыканцы Алесь Манцэвіч дадаў у сур’ёзную размову жартаўлівую нотку. Калі высветлілася, што ў біяграфіі Алеся Лозкі памылкова з’явілася згадка пра Дзяржаўную прэмію, журналіст супакоіў свайго цёзку:
– У гэтым няпраўды няма! Не перажывайце: яшчэ будзе ў вас дзяржаўнае прызнанне. Чакайце, такі час абавязкова настане.
І ў гэтых словах прагучала вельмі характэрнае для пакалення свабоды: хай яно неаднойчы перажывала паразы, але так і не развучылася чакаць лепшага часу і ўрэшце перамагаць.

Фота: Беларускі ПЭН
Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве.
Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.
Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.