24 лістапада 2021 года Генеральная пракуратура прызнала экстрэмісцкім тэлеграм-канал «Бярэзінскія хронікі», які меў 429 падпісчыкаў.
22 снежня 2021 года Павел Вінаградаў быў затрыманы ў сваім доме ў Беразіне.
Паўлу Вінаградаву выставілі абвінавачванні за адзін пост у Facebook. Першая лінгвістычная экспертыза не выявіла складу злачынства. Следчы прызначыў новую экспертызу, з перафармуляванымі пытаннямі і засакрэчаным прозвішчам эксперта, пасля яе «злачынныя» словы былі выяўлены. Абвінавачванні былі выстаўлены паводле трох артыкулаў Крымінальнага Кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
27 снежня 2021 Павел Вінаградаў прызнаны палітвязнем.
У студзені 2022 года Паўла Вінаградава перавялі з ІЧУ АУС Бярэзінскага раёна ў Жодзіне ў следчую турму № 8, дзе паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Раней Павел Вінаградаў быў двойчы прызнаны палітвязнем. У 2008 годзе за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў ён быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў калонію. 5 студзеня 2011 года быў арыштаваны за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 2010 года. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, а таксама ў знявазе дзяржаўных сімвалаў, асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Івацэвічах у калоніі № 22.
10 сакавіка 2022 года ў Мінскім абласным судзе (вул. Свярдлова, 3) распачаўся судовы працэс паводле крымінальнай справы Паўла Вінаградава.
16 сакавіка Паўла Вінаградава асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі.
28 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс палітвязня ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
8 ліпеня 2022 г. МУС уключыў палітвязня ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
28 ліпеня 2022 г. Паўла перавялі з ПК № 11 у аршанскую калонію № 12. Вядома, што Вінаградава пазбавілі працяглага спаткання за сон днём — зараз палітвязень афіцыйна прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму». У Паўла дыягнаставалі сухоты, ён схуднеў на 36 кг. Вядома, што адміністрацыя ПК № 12 скала на палітвязня тры рапарты і 23 жніўня змясціла Вінаградава ў штрафны ізалятар, а таксама пазбавіла яго рэжымнай перадачы. 22 верасня Павел выйшаў са штрафнога ізалятару, але адразу пасля гэтага адміністрацыя калоніі палічыла, што палітвязень «парушае рэжым», таму яго на шэсць месяцаў перавялі ў «спецыяльную палату» — памяшканне камернага тыпу» для хворых на сухоты.
У лютым 2023 года стала вядома, што Павел Вінаградаў вылечыўся ад сухотаў і быў накіраваны ў ПК № 11 у Ваўкавыску.
Адрас для ліставання: Паўлу Юр’евічу Вінаградаву, ПК № 11, вул. Ракасоўскага, 118, 231900, г. Ваўкавыск, Гродзенская вобласць.