Вера П.: Час на краі

Апошняе абнаўленне: 10 верасня 2025
Вера П.: Час на краі

Што адбываецца са словам, калі яно трапляе пад ціск – цэнзуры, эміграцыі, маўчання, траўмы? Мы запыталі беларускіх аўтарак і аўтараў, як яны пішуць сёння, дзе шукаюць натхненне, што страцілі і што знайшлі нанова. Так нарадзіўся цыкл рэфлексійных эсэ «Слова пад ціскам» – пра творчасць, што перажывае крах і адначасова стварае новыя формы жыцця. Хтосьці піша з выгнання, хтосьці знутры краіны, але ўсе яны сведчаць: літаратура жыве. І калі не ведаеш, з чаго пачаць – пачынаеш з сябе.

ВЕРА П.

Час на краі

Ці адчуваеце вы сёння ўнутраны імпульс да пісьма? Ці адаптаваўся творчы нерв да новага грамадскага і палітычнага ландшафту?

Адчуваю. Ён не знікаў. Адно што, імпульс гэты падуладны руху ўнутраных арэляў, якія ці разгойдваюцца ў шалёным рытме, ці завісаюць у беспаветранай прасторы. Паветра – прыродная з’ява. Яго адсутнасць – метафізічная. Заменай паветра цяпер стаўся шчыльны туман, які пранікае нават у сны. Гэтак стаіш у сне на балконе чужога пустога дома, у якім цяпер нібы мусіш жыць, глядзіш навонкі, каб пазнаёміцца з новым краявідам, а наперадзе – суцэльны туман. Нічога не відно. 

Калі арэлі разгойдваюцца, паспяваеш ухапіць, запрыкмеціць безліч дэталяў сённяшняй рэчаіснасці, бо гарадскія змены праяўляюцца пераважна ў іх. Нібы ўсё тое ж, але не – іншае. Мінск цяпер нібы на расцяжцы ці аблытаны ўяўным канатам па перыметры. …Нейкія стрёмные людзі ў цэнтры горада на ганку пад шыльдай «Тыловое обеспечение»; першае вітанне ў паліклініцы па-кітайску: «ні хаў»; бясконцае «пазнаванне» на вуліцах тых, хто сядзіць за кратамі, ці быў вымушаны з’ехаць, ці тых, каго ўжо няма на гэтым свеце… 

Па вялікім рахунку, горад таксама ў закладніках. Але ён ёсць, і я вельмі спадзяюся – паволі аджыве. Помнік Міцкевіча на Гарадскім вале – стаіць, Язэп Драздовіч і маленькая Пагоня ў шатах дрэва каля Траецкага – ёсць. У дні памяці Багдановіча – заўсёдныя кветкі, і не толькі там. А за горадам – затканая рапсам і лубінам прастора. Кожнага разу выходжу ў любімы горад, нібы наведваю хворага. Шукаю, чым парадаваць. Часам знаходжу. 

Калі арэлі замаруджвацца, тады надыходзіць час рэфлексіі і здзіўлення. На жаль, не таго здзіўлення, з якога паўстае шмат чаго цудоўнага, а хутчэй разумення, што вось і твайму пакаленню даводзіцца пачуць выразны рып гістарычнага кола. Даволі вусцішны рып. І таму часам хочацца заплюшчыць вочы, падоўжыць свае рукі да бязмежжа, абхапіць імі і прытуліць страчаны мінулы ўяўна-лямпавы свет моцна-моцна, каб адпусціць з любоўю і зірнуць у вочы іншаму. Абы хапіла сілаў і адвагі. 

Кожнага дня намаўляю сябе на запісы, на развагі, на запісванне сноў. І кожнага разу паўстае сумнеў пацягнуць не за тую ніту, пачаць не з істотнага. Час на краі і на крыві. Але гэта ж той момант, калі важна апісваць кожны зрух, кожную дэталь: і тады, калі ты ў стане замарожанасці, спусташэння, роспачы; і тады, калі пражываеш момант жыццядайнай радасці, якая ўсё ж выяўляецца неўміручай. А неістотнага сёння не існуе. 

Агромністую каштоўнасць цяпер асабліва займелі «простыя рэчы»: усмешкі, сустрэчы, абдымкі, размовы, інтанацыі, файныя тэксты, уважлівы погляд вачэй… З «вачыма», магчыма, паспяшалася, бо тут жа згадала калючы позірк, які застаўся невыводным з лютага 2022-га. Чалавек-мацак у зашпіленай на маланцы пад горла чорнай куртцы, які ішоў насустрач обак Чырвонага касцёла з боку Берсана, цяжкім глухім поглядам зірнуў спачатку на жоўта-блакітныя стужкі на торбе, а пасля перавёў вочы на мяне… У вачах цюленя можна было б пабачыць больш чалавекалюбства.

Калі беларуская культурная прастора звузілася, ці знайшлі вы сваё месца ў ёй? Ці трансфармавалася літаратара ў новых умовах з працэсу самавыяўлення ў форму выжывання? Калі раптам апынуліся б у іншых абставінах (у бяспецы, адкрытасці), ці напісалася б нешта прынцыпова інакшае, глыбейшае, больш свабоднае?

Калі нешта звужаецца, здараецца і адваротны працэс – штосьці пашыраецца ці паглыбляецца. За апошнія гады адбылося рэальнае паглыбленне ўнутр сябе. Ясная рэч, што ўнутранае жыццё віравала заўжды, але ж цяпер выявіліся нязведаныя раней глыбіні ды віры гэтага нябачнага звонку жыцця. Часам здаецца, што выклікі вонкавага свету паспрыялі адкрыццю гэтак званага трэцяга вока. Мне рэальна здаецца, што я стала больш чуйна рэагаваць на непрамоўленае, чуць «недаказанае». Бачыць крыху больш за звыклыя дэкарацыі, думаць у нейкіх планетарных краявідах. 

Колькі дзён таму ішла па знаёмай да рысачак вуліцы і раптам выразна адчула, што вось Зямлі зварухнулася на нейкія міліметры, бо ўсё знаёмае раптам зрабілася інакшым, нібы зрушыўся знаёмы слой рэчаіснасці – і я апынулася не паміж вуліцамі Крапоткіна і Веры Харужай, а на паверхні голай планеты. Калі такі ўнутраны досвед паспявае ўкараніцца, то змена месца і ўмовы пражывання ўжо не маюць шанцаў рашуча паўплываць на творчасць, нават калі б склаліся фантастычна ідэальныя матэрыяльныя ўмовы для гэтага. Бо ўнутры ўжо прыжыўся вобраз голай планеты («Голы чалавек на голай зямлі»).

Знаёмы вясковы дзядзька нядаўна горка прамовіў: «Скончыліся ўрэмена». І я пагадзілася. 

Незваротнасць змен падчас гэтага гістарычнага адцінка бачу яшчэ і ў тым, наколькі легкаважнымі выглядаюць «планы» на нявызначаную будучыню вярнуць мінулы лад, вывесці на чыстую ваду мярзотнікаў, дачакацца суда над забойцамі. Усё будзе інакш. Такі сцэнар быў бы магчымым паводле старых лякалаў. Яны рэальна паламаныя – і будзе ўсё інакш. Але як? 

Адкуль усё ж бярэцца невычэрпны запас унутранай энергіі, калі так моташна, так вусцішна ад насоўвання татальнага зла, якое бурыць звыклы свет амаль некантралявана? І гэта ж не галівудскі баявік, дзе пасля паразы і прыніжэння настае чаканая справядлівасць. Мяркую, гэтую энергію жывіць, насуперак усяму, цікаўнасць да эпохі, дзе выпала быць і сведкам, і ўдзельнікам. Як не згадаць словы Камю пра «вар’ята» і «баязліўца». Першы – той, хто верыць, што жыццё можа стацца шчаслівым, а другі той, хто ва ўсім расчараваўся. Такім чынам – «Не бойцеся!»

Ці сфармавалася, на ваш погляд, беларуская літаратурная эміграцыя за гады змушанага выгнання ў сістэмную структуру? Калі гэта плынь, то наколькі глыбокая? Або яна бачыцца з Беларусі наогул, толькі ручаямі, што яшчэ не знайшлі сваёй агульнай рэчкі?

Быць сістэмным, унутрана ўпарадкаваным, заўжды змястоўным – пажаданая, але, здаецца, недасяжная мэта/мара кожнага асобнага чалавека. А калі людзей шмат – і ўсе яны людзі творчыя? Але ж, мушу прызнацца, што «чакала» горшага (насамрэч, ніколі не чакала таго, чаго давялося прычакаць). Дык вось, беларусы не падводзяць. Пэўна, зблізу сітуацыя выглядае інакш, але ж здаля бачу і чую плынь тых ручаін – і вельмі хачу верыць, што імкнуць яны ў раку, такую ж паўнаводную і жывую, як нашыя незабыўныя Нёман, Дзвіна, Прыпяць… Адно што – іначай наладаваную. Тэксты, спектаклі, выдавецтвы і выдаўцы, кнігарні, розныя літаратурныя прэміі, перавыданні ранейшых твораў, запісы аўдыякніг, шыкоўныя літаратурныя падкасты, моўныя заняткі, лекцыі, імпрэзы, канцэрты, выставы, салідарнасць… Разам з цяжкай працай (ці яе адсутнасцю і пошукамі), праблемамі са здароўем, непаразуменнямі паміжсобку, верай, спадзевамі і роспаччу – моцная творчая плынь з непазбежнымі парогамі на шляху. 

Кожная персанальная трагедыя «адтуль» адгукаецца мне балюча. Кожны поспех і творчая ўдача «там» – гонар за сваіх. 

Што і хто з беларускай літаратуры замежжа трапляе ў вашую чытацкую оптыку, цешыць вока радком ці словам? Або звяртаецеся выключна да класікі, каб не страціць унутранага арыенціра?

Класіка застаецца добрым надзейным падмуркам, але ўнутраны арыенцір сёння скіраваны якраз на новыя тэксты і новыя/старыя імёны пісьменнікаў па абодва бакі фізічнай мяжы, якія, апроч усяго, агулам апынуліся ў памежнай сітуацыі. Балючы досвед цяперашняга раздраю нараджае літаратуру, пазбаўленую задухі і банальнасці. І тут сапраўды з’яўляецца мора новага і вартага. Думаю, што няпэўнасць гістарычнага моманту, рэальныя пагрозы жыццю і свабодзе вызваляюць творцу ад «здаровага сэнсу» і адпускаюць на волю. Выразна гэта адчуваю ў вершах Насты Кудасавай, Ганны Севярынец, Усевалада Сцебуракі, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова, Ігара Кулікова, Дзмітрыя Строцава, Таццяны Нядбай, Віталя Рыжкова (…).

Не магу быць пэўнай, што прачытала і прачытаю ўсю прозу (як і паэзію), што з’явілася за апошнія гады, але імёны Евы Вежнавец, Ганны Янкуты, Макса Шчура, Алены Казловай, Югасі Каляды, Альгерда Бахарэвіча, Зараславы Камінскай, Валерыя Гапеева, Юліі Цімафеевай, Дзяніса Марціновіча, Сяргея Дубаўца  (…) вылучаю і адзначаю.

Перакладніцкая праца, пэўна, дазваляе з галавой занурыцца ў працэс і адпрэчыцца за працай ад вонкавага вар’яцтва. Такія шыкоўныя і грунтоўныя тэксты з’явіліся ў гэтыя часы! Варта згадаць пераклады  Ігара Кулікова – «Валадар пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіна; Марыны Шоды – «Кнігі Якуба» Вольгі Такарчук; Паўла Касцюкевіча – «За сіняй гарой» Мэіра Шалева; Галіны Жарко – «Два месяцы» Марыі Кунцэвічовай; Язэпа Янушкевіча –«Шчанячыя гады» Мельхіёра Ваньковіча; Ігара Крэбса – «Запаленыя свечкі» Бэлы Шагал (…). І, вядома ж, на гэты час прыпала з’яўленне цэлага шэрагу перакладаў скарбаў сусветнай літаратуры, сярод якіх – такі невыпадковы менавіта цяпер пераклад Лявона Баршчэўскага Гамеравай «Іліяды»! 

Сляпыя сілы штурхалі і штурхаюць у спіну людзей адной зямлі ў бок іншай. Накідваюць нябачныя павязкі на вочы людзей, каб зрабіць іх невідушчымі. Сляпымі робяцца тыя, хто праходзіць наскрозь свайго лёсу і крочаць няўцямна далей, каб забіваць. Недзе так я прачытваю сюжэт «Іліяды». Так адчуваю эпічнасць сённяшняга часу. Адно што, твары і паставы сённяшніх герояў настолькі ўбогія, што і Ахіл, і Гектар папросту прайшлі б іх наскрозь. 

Што ад чалавека, то дні яго палічаны дарэшты:
Усё, што ён ні рабіў, гэта толькі вецер.

(Эпас пра Гільгамеша, пераклад Л. Баршчэўскага)

Якія перашкоды на ваш погляд, найбольш істотна стрымліваюць літаратурную дзейнасць сёння – і ўнутры краіны, і ў выгнанні? 

Тое, што стрымлівае, яно ж – і стымулюе тых, хто на волі. Але ж колькі няспраўджаных магчымасцяў, ненапісаных твораў застаецца за кратамі… Адваротны бок Месяца. Дакладна ведаю пра задуму і напісанне п’есы Алесем Пушкіным… Якія літаратурныя планы меў і, спадзяюся, мае Аляксандр Фядута! Амаль кожны другі сённяшні вязень тут – магчымы аўтар ненапісаных кніг. Калі трапяць яны ў рукі чытачоў? Таму гэта не проста перашкода. Гэта злачынства. Апроч таго, агульнай перашкодай для большасці творцаў унутры краіны і ў выгнанні з’яўляецца няпэўнасць у заўтрашнім дні. Але іншага жыцця ў нас няма. 


Чытайце таксама:

Дар’я Верасная: Фарматы пісьма

Ульяна Імша: Дрэвы з нашага саду