
Што адбываецца са словам, калі яно трапляе пад ціск – цэнзуры, эміграцыі, маўчання, траўмы? Мы запыталі беларускіх аўтарак і аўтараў, як яны пішуць сёння, дзе шукаюць натхненне, што страцілі і што знайшлі нанова. Так нарадзіўся цыкл рэфлексійных эсэ «Слова пад ціскам» – пра творчасць, што перажывае крах і адначасова стварае новыя формы жыцця. Хтосьці піша з выгнання, хтосьці знутры краіны, але ўсе яны сведчаць: літаратура жыве. І калі не ведаеш, з чаго пачаць – пачынаеш з сябе.
ДАР’Я ВЕРАСНАЯ
Фарматы пісьма
У адзін цудоўны момант ты разумееш, што тваіх тэкстаў за цябе ніхто не напіша, што твае тэксты – магчымасць зафіксаваць нешта, не пераўтварыць жыццё ў бясконцы скролінг і мільгаценне карцінак чужога жыцця паміж працамі і падпрацоўкамі, дзе ты проста (ці ж проста?!) зарабляеш грошы. Тваіх грошай за цябе таксама ніхто не заробіць, твае грошы – твая магчымасць пражыць СВАЁ жыццё. Піць смачную каву. Гарбату. Віно. Трымацца. Падтрымліваць блізкіх і час ад часу бачыць мора… І ўсё ж. Нешта муляе і тузае: недзе ў колазвароце часу губляюцца гісторыі, якія ты магла распавесці!
Унутраны імпульс да пісьма быў заўжды, гэта проста джын, які да пары да часу сядзіць у бутэльцы. Дастаткова дысцыплінаваны джын, які памятае пра сям’ю і працу, пра абмежаванні здароўя, якія не дазволяць паліць, бясконца піць каву і не спаць начамі, бо раніцай ты проста не здолееш узняць галавы. І так было заўжды з любімы жарсцямі – яны заўжды помсцяць тваёй няўважлівасці да дробязяў, рэжыму і тайм-менеджменту. Свет Беларусі пасля 2020-га паставіў шмат дадатковых абмежаванняў у жыцці і працы, але тэксты – той самы джын, з якім ты спрабуеш дамаўляцца. Прасцей дамовіцца на кароткі фармат. Вершы можна пісаць у смартфоне. Дзённікавыя запісы – таксама, але з імі варта быць асцярожнай: усёй праўды ўсё роўна не напішаш, бо яна 1) занадта балючая, 2) небяспечная або 3) усё разам! Таму застаюцца вершы. Удых-выдых. З рыфмай або без. Гэта ты і не ты адначасова…
Верш – вобраз… Цябе ранейшай або будучай: ты цяперашняя – занадта пераменлівая субстанцыя. Ты раніцай і ты вечарам – зусім іншы чалавек. «Ты раніцай» – сонца і кава, надзея і аптымізм. «Ты вечарам» – стомленая шэрань, якая катастрафічна не паспявае і патрабуе іншага фармату сутак. Так, 24 і 12 – было б здорава! 24 гадзіны актыўнасці і 12 гадзін сну. Гэта дакладна шыкоўны варыянт… Немагчымы на нашай планеце ☺
З іншага боку, ты з тых людзей, якім патрэбны дэдлайн у тым ці іншым выглядзе. Тое, што прасцей пісаць кнігу, маючы шмат вольнага часу і не маючы цэнзурных абмежаванняў, – ілюзія. Ці пісалася б лепей недзе на парыжскім паддашку або марскім узбярэжжы? Не факт. Усе нашы дэманы паедуць у валізцы ці/і заплечніку (ноўце, нататніку, галаве…) Свабоды не стане больш. Бяспекі? Магчыма! Бы часовы санаторый для стамлёнай душы. Але тэксты ўсё роўна пачынаеш дома і шліфуеш дома. Любая паездка – проста паўза. Усё роўна прыйдзецца вяртацца дадому. Або шукаць іншы дом – і заставацца. Я з тых, хто застаецца ў Беларусі, але адна толькі думка, што прыйдзецца застацца тут назаўжды, без магчымасці выехаць падыхаць іншым паветрам… Адна гэта думка штурхае ў адчай.
Беларускай культурнай прасторы ніколі не ставала прасторы і паветра! Проста да 2020-га ёй давалі трохі месца на ўскрайку афіцыёзу. І ўвогуле, розным культурніцкім плыням можна было суіснаваць мірна і з пэўнай доляй гумару, ніхто нікому не перашкаджаў. Да 2020 года не было такога рэзкага падзелу на вольных мастакоў – і мастакоў, лаяльных да ўлады. Цікавыя аўтары маглі працаваць у дзяржаўных выданнях незалежна ад палітычных поглядаў і стаўлення да ўлады, проста жыццё склалася так. Сям’я, кватэра, грошы… Тым болей, у правінцыі. Дзе ж яшчэ працаваць беларускаму паэту ці празаіку? Гуманітарыю-інтэлектуалу? Канечне, у раёнцы! 2020 год праявіў дзве рэчы: хтосьці з літаратараў сышоў сам на знак пратэсту (ці з пачуцця агіды – усё залежыць ад ступені тонкасці вашай душэўнай арганізацыі!), а кагосьці «сышлі» прымусова, згадаўшы ўсе ранейшыя поспехі на ніве беларускага пісьменства. Бардаўскія спевы. Сустрэчы з рознымі людзьмі. Мітынгі. «Няправільны» творчы саюз. «Апазіцыйныя» кантакты. Еўрапейскі грант… Хай сабе той грант і дапамог вырашыць нейкую лакальную праблему! Тое, што раней было звычайнай справай, цяпер стала ледзь не праяваю экстрэмізму.
З’ехаць/застацца стала няпростым рашэннем для многіх беларусаў пасля падзей 2020 года… Тыя, хто з’ехаў, так ці інакш шукалі сваіх – мы заўжды шукаем сваіх. Беларуская эміграцыя. Беларуская дыяспара. Спачатку гэта ўсё нагадвала нейкія штуршкі, быццам штуршкі крыві, крывацёк з раны хворага і зніжэнне гемаглабіну ўсёй інтэлектуальнай Беларусі ў выніку. Ты спрабуеш выкінуць з галавы асацыяцыі з паразай чарговага паўстання, якое не прынесла нічога добрага ў нашы шэрыя шыроты – суцэльны боль ды страту найлепшых. Спрабуеш выкінуць – і не можаш. Марныя спробы.
Беларуская літаратурная эміграцыя для чалавека, мінімальна абазнанага ў літаратуры, – гэта перш за ўсё Беларускі ПЭН і Саюз беларускіх пісьменнікаў (той, коласаўска-купалаўскі, не чаргінцоўскі). А яшчэ – шматлікія выдавецкія ініцыятывы, якія даюць магчымасць з’явіцца кнігам не толькі пісьменнікаў-эмігрантаў, але і тых, хто застаўся ў Беларусі і спрабуе жыць тут, спрабуе пісаць, падчас вырываючыся за межы РБ. Праўда, такая візавая магчымасць (і магчымасць чыста фізічная!) ёсць далёка не ва ўсіх беларускіх літаратараў. І падчас за межамі Беларусі выдаюцца кнігі, якім цяжка сустрэцца з самім аўтарам. І вельмі цяжка аўтару з Беларусі прыехаць на прэзентацыю сваёй кнігі ў Вільню ці Варшаву… Любая прэзентацыя прадугледжвае візіт журналістаў, а большасць незалежных СМІ абвешчаная ўладамі Беларусі «экстрэмістамі». Пажадана не трапляць у кадр, каб потым не трапіць на допыт на мяжы. І ў турму праз нейкі час.
Пэўнае выйсце – электронныя кнігі і сустрэчы з чытачамі ў ZOOMе.
Здорава, што яны ёсць – Фонд Kamunikat.org, выдавецтвы «Янушкевіч», «Gutenberg Publisher», «Вясна», «Полацкія лабірынты», «Пфляўмбаўм», «Скарына»… І новыя кнігі лятуць у свет, часам яны далятаюць да Маладзечна, Бабруйска ці Полацка. Здорава, што ёсць электронная бібліятэка Kamunikat.org, дзе можна знайсці шыкоўную калекцыю прозы, паэзіі і перыёдыкі. Онлайн і бясплатна.
Ёсць альманах «Апостраф» і літаратурны онлайн-часопіс «Taŭbin», фэст «Вершы на асфальце», шматлікія літаратурныя прэміі і кніжныя кірмашы… Але няма свабоднай прасторы для камунікацыі беларусаў, для сустрэч офлайн. Безумоўна, галоўнае – кнігі. Кнігі трымаюць на плаве пісьменніка і чытача, ратуюць у перыяды цемры ды міжчасся.
Натхняюць кнігі Ганны Янкуты («Час пустазелля»), «Марыі Мартысевіч» (вершы), Югасі Каляды («Перамена месцаў»). Заўжды звяртаю ўвагу на новыя вершы Усевалада Сцебуракі, Ганны Севярынец, паэтычныя пераклады (і асабістыя, насычаныя шматслойнымі сэнсамі, вершы) Аксаны Данільчык. Барыса Пятровіча, Андрэя Федарэнкі, Людмілы Рублеўскай. З цікавасцю прачытала кнігу «Наш сусед Караткевіч» Адама Глобуса. Публіцыстыка. Пераклады. Перавыданні Быкава і Геніюш.
Усё гэта натхняе і дае моцны цёплы штуршок у сэрца – пішы сваё! Ты сядзіш з кубачкам кавы на тэрасе свайго дома з відам на сад, спадзяешся калісьці ўбачыць варшаўскія Лазенкі і адчуць смак салёнай Балтыкі на вуснах. Бо ўсё гэта – ДОМ і падарожжы – частка тваёй ідэнтычнасці. Ты не можаш прыняць прымус абмежаванняў. Што думаць і чытаць, дзе быць і з кім. Бадай, самая вялікая бяда людзей слова па абодва бакі мяжы – немагчымасць сустрэцца.
Чытайце таксама: