• Навiны
  • Культурныя правы
  • Удзел у культурным жыцці як злачынства. Справаздача грамадзянскай супольнасці аб выкананні Рэспублікай Беларусь Мэтаў устойлівага развіцця

Удзел у культурным жыцці як злачынства. Справаздача грамадзянскай супольнасці аб выкананні Рэспублікай Беларусь Мэтаў устойлівага развіцця

Апошняе абнаўленне: 18 ліпеня 2025
Удзел у культурным жыцці як злачынства. Справаздача грамадзянскай супольнасці аб выкананні Рэспублікай Беларусь Мэтаў устойлівага развіцця

У гэтыя дні Беларусь прадстаўляе справаздачу па Мэтах устойлівага развіцця (SDGs) на Палітычным форуме высокаго узроўню пры ААН. Беларуская грамадзянская супольнасць не змагла застацца ў баку і падтыхтавала незалежную кааліцыйную справаздачу, каб паказаць сапраўдную сітуацыю ў краіне.

У межах мэты 16:«Мір, справядлівасць і моцныя інстытуты» Беларускі ПЭН падрыхтаваў главу «Удзел у культурным жыцці як злачынства», якая адлюстроўвае тэндэнцыі дзяржаўнага ўплыву ў культурнай галіне.

Поўны тэкст кааліцыйнай справаздачы вы знойдзеце тут.

Удзел у культурным жыцці як злачынства

Права на ўдзел у культурным жыцці замацавана ў артыкуле 51 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Аднак з 2020 года ў Беларусі інстытуцыялізаваная сістэмная кампанія рэпрэсій, што наўпрост падрывае свабоду выказвання меркавання і шырэйшыя гарантыі правоў чалавека для дзеячаў культуры. Індэкс права на ўдзел у культурным жыцці ў Беларусі знізіўся з 4,6 у 2019 годзе да 1,4 у 2023-м (з 10 магчымых пунктаў) [1].

Індэкс права на ўдзел у культурным жыцці ў Беларусі. Крыніца: index.belhelcom.org

Яскравым прыкладам пагаршэння такога права стала гісторыя культурных дзеячаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, які ў 2020 годзе меўся святкаваць сваё 100-годдзе. 16 жніўня 2020 года калектыў тэатра падпісаў адкрыты ліст да беларускага народа: «Мы, акторы Купалаўскага тэатра, з болем глядзім на тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне: кожную ноч мы жывём, нібыта на полі бою. Мы супраць тэрору і гвалту. Мы супраць смерці і крыві ў нашай краіне» [2]. У лісце яны патрабавалі завядзення крымінальных спраў супраць тых, хто аддаваў незаконныя загады, і іншых асоб, датычных да гэтых злачынстваў. На наступны дзень, 17 жніўня, дырэктар тэатра Павел Латушка быў звольнены. Гэта выклікала масавыя пратэсты ў культурнай супольнасці. На знак салідарнасці з дырэктарам і пратэсту супраць дзеянняў уладаў пасля выбараў 2020 года больш за 60 актораў і работнікаў звольніліся з Купалаўскага тэатра [3].

Міністэрства культуры Беларусі не толькі не вырашыла канфлікт, але і актыўна спрыяла рэпрэсіям супраць нязгодных. Акторы стварылі незалежную тэатральную трупу «Вольныя Купалаўцы», якая ставіла пераважна відэаспектаклі, бо атрымаць афіцыйны дазвол на публічныя пастаноўкі было немагчыма. Улады аказвалі ціск на кіраўніцтва пляцовак, гатовых супрацоўнічаць з калектывам [4]. З 2021 года «Вольныя Купалаўцы» – унікальная незалежная трупа, што дзейнічае ў выгнанні ў Польшчы. Нягледзячы на шматлікія выклікі, яны працягваюць папулярызаваць беларускую культуру, ставячы спектаклі пра свабоду, ідэнтычнасць і правы чалавека.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, 18 жніўня 2020 года. Фота: picture-alliance/dpa/V. Sharifulin

З 2022 года ўлады Беларусі ўсё часцей выкарыстоўваюць антыэкстрэмісцкае заканадаўства, каб заглушыць мірную нязгоду і пераследаваць крытыкаў. Дзяржава ператварыла крымінальную юстыцыю ў інструмент пераследу іншадумцаў. На практыцы любая дзейнасць, што адхіляецца ад дзяржаўнай ідэалогіі і мае элементы дысідэнцтва, можа быць прызнаная «экстрэмізмам». УВКПЧ ААН адзначыла, што контртэрарыстычнае і антыэкстрэмісцкае заканадаўства Беларусі занадта шырокае і выкарыстоўваецца для задушэння іншадумства і абмежавання доступу да інфармацыі [5].

13 лютага 2024 года суд прызнаў старонкі «Вольных Купалаўцаў» у сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У выніку «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі абвешчаныя старонкі групы ў Facebook, Instagram, SoundCloud, канал YouTube, лагатып і нават адрас электроннай пошты [6]. Паводле заканадаўства Беларусі, рэпост, захоўванне, падпіска ці ўпадабанне такога кантэнту (напрыклад, прагляд запісу спектакля ў інтэрнэце) караюцца штрафам да 360 еўра або арыштам да 15 сутак (арт. 19.11 КаАП). У 2022–2024 гадах улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» не менш за 527 матэрыялаў, у тым ліку кніг, культурных рэсурсаў і сацыяльных сетак дзеячаў культуры: 289 матэрыялаў – у 2024-м, 182 – у 2023-м, 56 – у 2022-м.

Фота: picture-alliance/dpa/V. Sharifulin

13 снежня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвясціла «Вольных Купалаўцаў» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Уся дзейнасць трупы цяпер забароненая, нават на інтэрнэт-платформах, у Беларусі. Міністэрства папярэдзіла, што асобы, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці трупы або перадаюць інфармацыю яе ўдзельнікам, будуць лічыцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання і прыцягвацца да адказнасці паводле арт. 361-1 і 361-4 КК Беларусі – ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Гэта тычыцца актораў і кіраўніцтва трупы (як чальцоў «экстрэмісцкага фарміравання»), гледачоў (як спажыўцоў і данатараў) і падпісчыкаў (як саўдзельнікаў). Такім чынам, кожны, хто як-небудзь  звязаны з трупай, рызыкуе жахлівым і непрапарцыйным пакараннем.

З іншага боку, 17 сакавіка 2025 года міністр культуры Польшчы ўручыў «Вольным Купалаўцам» ганаровую прэмію Фонду прамоцыі культуры [7]. Гэтае прызнанне падкрэслівае беспадстаўнасць дзеянняў уладаў Беларусі ў дачыненні да трупы.

Палітыка ўладаў Беларусі не толькі перашкаджае рэалізацыі беларусамі права на ўдзел у культурным жыцці, але і крыміналізуе працу дзеячаў культуры і актыўнасць грамадзян. Выпадак «Вольных Купалаўцаў» паказальны, але далёка не адзіны прыклад парушэння культурных правоў у Беларусі. Ён адлюстроўвае больш шырокую і жахлівую тэндэнцыю: з 2020 года ўзмацненне рэпрэсій супраць іншадумства сведчыць пра змрочную эвалюцыю дзяржаўнай палітыкі ад цэнзуры – да сістэмнага пераследу ідэалагічна «непажаданых» грамадзян і культурных дзеячаў. Улады Беларусі ўключылі не менш за 266 дзеячаў культуры ў «Спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» і 38 – у «Спіс арганізацый і асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

У выніку культурная сфера моцна цярпіць – і ў якасным, і ў колькасным вымярэнні. Баючыся жорсткага пакарання, грамадзяне вымушаны ўнікаць удзелу ў культурным жыцці, эміграваць або звяртацца да самацэнзуры [8]. Культурныя правы немагчыма рэалізаваць ва ўмовах дзяржаўнага пераследу. Назіраюцца таксама выразныя тэндэнцыі прымусовай русіфікацыі [9], парушэнні моўных правоў [10] і шырокая цэнзура [11].

Мы заклікаем улады Беларусі:

  • Спыніць пераслед і ціск на дзеячаў культуры за легітымнае ажыццяўленне іх правоў чалавека, у тым ліку свабоды выказвання меркавання і мастацкай свабоды.
  • Забяспечыць незалежны, неперадузяты, празрысты і аператыўны пераслед усіх парушальнікаў правоў чалавека. Вінаватыя мусяць быць прыцягнутыя да адказнасці праз справядлівы суд.
  • Прыняць заканадаўчыя, адміністрацыйныя і судовыя меры, каб стварыць бяспечныя ўмовы для творчай дзейнасці і рэалізацыі культурных праектаў, а таксама для захавання і развіцця беларускай культуры ўнутры краіны.

Мы рэкамендуем міжнародным арганізацыям і іншым дзяржавам:

  • Пашыраць магчымасці падтрымкі культурных праектаў і ініцыятыў, у тым ліку ўнутры Беларусі, якія прасоўваюць дэмакратычныя каштоўнасці, а таксама праектаў у выгнанні. Культура ў эміграцыі з’яўляецца аб’яднаўчай сілай для беларускай дыяспары. Паколькі многія актыўныя грамадзяне вымушаныя пакінуць краіну, назіраецца вялікі попыт на ўдзел у культурным жыцці і доступ да культурнай дзейнасці.
  • Прымаць меры для забеспячэння спрыяльных умоў для беларускіх культурных арганізацый у выгнанні, уключаючы інстытуцыйную падтрымку ў новых юрысдыкцыях.
  • Працягваць ціск на ўлады Беларусі з мэтай неадкладнага спынення пераследу дзеячаў культуры.

[1] https://index.belhelcom.org/
[2] https://www.currenttime.tv/a/belarus-latushko-protests/30791805.html
[3] /2021/02/04/bez-prava-na-kulturu-teatr-u-czentry-uvagi-belarus-2020.html
[4] /2021/08/24/spadzyavaczcza-na-lyos-ale-ne-pryspeshvacz-yago-aglyad-belaruskaj-kultury-padchas-gramadska-palitychnaga-kryzisu-16-22-zhniunya-2021.html
[5] https://www.ohchr.org/en/documents/country-reports/ahrc5561-situation-human-rights-belarus-run-2020-presidential-election
[6] /2024/05/06/bel-manitoryng-parushennyau-kulturnyh-pravou-i-pravou-chalaveka-u-dachynenni-da-dzeyachau-kultury-belarus-studzen-sakavik-2024-goda.html
[7] https://t.me/CabinetBelarus/3418
[8] /2024/12/06/samaczenzura-yak-nyabachnaya-forma-represij-i-sposab-zahavacz-belaruskuyu-kulturu.html
[9] /2023/12/26/rusifikaczyya-belarusi-sfera-kultury.html
[10] /2025/02/21/defending-the-belarusian-language-on-international-mother-language-day.html
[11] /2024/07/22/4-years-of-repression-in-belarus-in-general-and-in-the-cultural-sector-in-particular-2020-june-2024.html