Сябры журы двух сезонаў прэміі Шэрмана зацвердзілі кароткія спісы ў трох намінацыях: “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай літаратуры”. Наступны этап – вызначэнне пераможцаў.
Нагадаем, што сёлета намінанты і сябры журы маглі скарыстацца шыфраваннем, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.
Уручэнне прэміі Шэрмана адбудзецца 22 лістапада (субота) у Варшаве на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.
У журы прэміі Шэрмана 2023 увайшлі: філолаг-славіст, перакладчык, рэдактар Сяргей Сматрычэнка, перакладчыца, рэдактарка, кніжная блогерка Наста Карнацкая, паэтка, перакладчыца, выкладчыца англійскай мовы Ганна Шакель, літаратар, журналіст, рэдактар Сяргей Дубавец. Cябры журы Прэміі Шэрмана 2024 пажадалі застацца непублічнымі.
Кароткі спіс прэміі Шэрмана 2023
Пераклад прозы

- Сяргей Матырка. Фрэнсіс Скот Фіцджэралд “Вялікі Гэтсбі”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023. Пераклад з англійскай.
- Алена Пятровіч. Станіслаў Ігнацы Віткевіч “Ненасытнасць”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023. Пераклад з польскай.
- Сяргей Шупа. Антанас Шкема “Белы саван”. Выдавецтва “Вясна”, 2023. Пераклад з літоўскай.
Пераклад паэзіі

- Ігар Крэбс. Генрых Гайнэ “Габрэйскія мелодыі”. Выдавец Р.М. Цымбераў, 2023. Пераклад з нямецкай.
- Вальжына Морт, Юля Цімафеева. Ілля Камінскі “Рэспубліка глухіх”. Выдавецтва “Skaryna Press”, 2023. Пераклад з англійскай.
- Андрэй Хадановіч. Сяргій Жадан* “Іншае імя любові” (выдавецтва hochroth Minsk) і “Месапатамія” (выдавецтва “Янушкевіч”), 2023. Пераклад з украінскай.
*сябры журы вырашылі аб’яднаць дзве кнігі Сяргея Жадана ў перакладзе Андрэя Хадановіча і ацэньваць гэта як адну пазіцыю
Пераклад дзіцячай кнігі

- Ігар Крэбс. Марк-Увэ Клінг “Велікодны дзед”. Выдавецтва “Папуры”, 2023. Пераклад з нямецкай.
- Сярж Мядзведзеў. Фрэнк Баўм “Чараўнік Краіны Оз”. Выдавецтва “Тэхналогія”, 2023. Пераклад з англійскай.
- Алена Пятровіч. Ян Бжэхва “Акадэмія доктара Клякса”. Выдавецтва “Папуры”, 2023. Пераклад з польскай.
Кароткі спіс прэміі Шэрмана 2024
Пераклад прозы

- Марына Шода. Вольга Такарчук “Кнігі Якуба”. Выдавецтва “Пфляўмбаўм”, 2024. Пераклад з польскай.
- Сяргей Шупа. Юргіс Кунчынас “Туўла”. Выдавецтва “Вясна”, 2024. Пераклад з літоўскай.
- Сяргей Шупа. Мойшэ Кульбак “Зэлмэняне”. Выдавецтва “Вясна”, 2024. Пераклад з ідыш.
Пераклад паэзіі

- Лявон Баршчэўскі. Гамер “Іліяда”. Выдавецтва “Полацкія лабірынты”, 2024. Пераклад са старажытнагрэцкай.
- Ігар Крэбс. Маша Калека “Ніхто не чакае”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024. Пераклад з нямецкай.
- Адам Рынтовіч. “Сказ пра Іштвана і Эржэбет”. Выдавецтва “Аканіт”, 2024. Пераклад з венгерскай (зашыфраваны ўдзел).
Пераклад дзіцячай кнігі

- Васіліна Кац. Эля Рыхтэр “Анат у Ханаане”. Выдавецтва “Пралеска”, 2024. Пераклад з іўрыту (зашыфраваны ўдзел).
- Ігар Крэбс. Бода Шэфер “Сабака Мані. Лёгка і проста — да поспеху і дабрабыту”. Выдавецтва “Папуры”, 2024. Пераклад з нямецкай.
- Андрэй Скурко. Ян Бжэхва “Хрушч”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024. Пераклад з польскай.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.
У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа (пераклад паэзіі) і Мікола Раманоўскі (пераклад прозы). Андрэй Строцаў атрымаў спецпрыз за “смелы перакладчыцкі дэбют”.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook, Instagram і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні пра прэмію можна, напісаўшы на [email protected].