Спампаваць pdf-версію 46-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
З Дар’яй Пататурка, рэжысёркай Вялікага тэатра оперы і балета, не працягнулі кантракт. Дар’я шкадуе, што не сышла сама летась, але “на гэта павінны былі быць сілы, якіх у той час не было”.
Вадзіма Ермашука, вядомага гарадзенскага блогера, затрымалі 17 жніўня ў Шчучыне і асудзілі на 25 сутак адміністратыўнага арышту. Сутнасць абвінавачвання ў тым, што калі ён аглядаў мясцовую скейт-пляцоўку, бо хацеў з сябрамі дапамагчы стварыць падобную ў Гродна – ён нібыта заклікаў прыняць удзел у несанкцыянаваным спартовым мерапрыемстве.
Уладзіміру Мацкевічу, філосафу і метадолагу, выставілі абвінавачванне па арт. 342 КК (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Іллю Міронава, вядомага гомельскага валанцёра, асудзілі на 25 сутак адміністратыўнага арышту за майку «Пишите письма» – гэта палічылі «несанкцыянаваным пікетаваннем».
Заведзеная грамадзянская справа па ліквідацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Барыс Пятровіч, старшыня, адзначае, што арганізацыя паспрабуе абараняцца ў судзе і адстаяць сваю рацыю.
Вярхоўны суд завёў справу аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Бацькаўшчына”.
Улады хочуць ліквідаваць Таварыства беларускай мовы, а разам з ім – газеты “Новы час” і “Наша слова”.
У Мінску па-беларуску вучацца толькі чатыры тысячы школьнікаў – гэта прыкладна 2% ад усей колькасці школьнікаў сталіцы.
Жыццё ў няволі
Ігару Банцэру падоўжылі тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары яшчэ на 10 сутак.
Андрэй Аляксандраў, журналіст, медыяменеджар, паэт, і яго партнёрка Ірына Злобіна – абодва знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага з 12 студзеня 2021 года – збіраюцца пабрацца там шлюбам.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Анлайнавы паказ спектакля «Пакой памірае», рэжысёрскага дэбюту Паліны Дабравольскай. Першы вялікі паказ спектакля ў Мінску прайшоў на фестывалі «ТЭАРТ», што паўстаў дзякуючы Віктару Бабарыку на пляцоўцы ОК16, якой кіравала Марыя Калеснікава.
Серыя графічных работ ад беларускай мастачкі Марыі Станкевіч
Алесь Пушкін даслаў з-за кратаў партрэт Эльжбэты Радзівіл, дачкі апошняга гаспадара Нясвіжскага замка.
Новая песня ад гурта Разбiтае Сэрца Пацана.
https://www.youtube.com/watch?v=7ii5SjM-CqA
Студэнцкае аб’яднанне мастацтва праводзіць конкурс кароткаметражнага кіно на тэму “мова”.
Жылы квартал Магістр у Мінску прэзентуе пілотны выпуск з серыі аўдыёкніг “Казкі Магістра” – першая казачка пра тое, адкуль з’явіліся буслы.
Год таму, на піку пратэстаў у Беларусі, з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску звольніліся амаль 60 чалавек. Акцёры аб’ядналіся ў Незалежную тэатральную групу “Купалаўцы” і ў асноўным паказваюць відэа версіі спектакляў, таму што немагчыма атрымаць дазвол на паказ, улады аказваюць ціск на адміністратараў памяшканняў, якія гатовыя былі супрацоўнічаць з такім трупамі.
Відэазапіс чыткі вядомага эпасу Ёгана Вольфганга Гётэ «Рэйнеке-Ліс» на беларускай і нямецкай мовах. Незвычайнае мастацкае аздабленне – праца каманды культ-цэнтра «Корпус», адной з нешматлікіх культурных пляцовак у Мінску, якія не зачыніліся.
Паліна Дабравольская, беларуская рэжысёрка, акторка і музыка, стварыла трыптых аўдыёспектакляў “Viartannie”, які выкладвае часткамі ў адмысловым тэлеграм-канале.
Галасы асобаў
Алесь Дзянісаў, музыка:
«Навошта цяпер пісаць песні, ставіць спектаклі і наагул займацца творчасцю? А навошта кухару гатаваць боршч? Ці дворніку падмятаць двор? Тое самае людзі, якія маюць дачыненне да сапраўднай творчасці, не дзеля чарговай прэміі ці хайпу. Я ў гэтым упэўнены. Творца, калі адчувае ў сабе сілы, натхненне, будзе рабіць, бо інакш не можа, вось і ўсё».
Марыя Вайтовіч, актывістка з Бараўлян, арганізатарка імпрэзаў, якая вымушана была з’ехаць разам з сям’ёй, таму што яе падазраюць у “датычнасці да тэрарызму”:
“У нас няма ў планах застацца і пусціць карані за мяжой. Нам трэба выжыць у гэты час і паглядзець, як жывуць людзі, дзе працуюць законы. Мы спадзяёмся вярнуцца ў Беларусь і прывезці з сабою добры досвед”.
Міжнародная салідарнасць
На знак падтрымкі гурта Irdorath і іх сяброў, якія цяпер за кратамі, музыкі з розных краін запісваюць каверы на песню “Перемен”.
Канцэрт-дэманстрацыя ў падтрымку зняволеных музыкаў з гурта Irdorath адбылася ля амбасады Беларусі ў Берліне 16 жніўня, арганізаваная нямецкім фольк-гуртом Corvus Corax. “Альтэрнатыўная беларуская амбасада” таксама далучылася да акцыі.
На нямецкім Youtube-канале Der Dunkle Parabelritter, прысвечаным рок-музыцы і актуальным падзеям музычнага свету, выйшаў выпуск пра Беларусь. У ім асвятляюцца затрыманне і зняволенне музыкаў гурта Irdorath, чыім прыхільнікам і сябрам з’яўляецца аўтар канала.
Нарвежская асацыяцыя пісьменнікаў, Саюз пісьменнікаў, Асацыяцыя нарвежскіх аўтараў і перакладчыкаў навучальнай літаратуры, Асацыяцыя нарвежскіх перакладчыкаў, Нарвежскае аб’яднанне аўтараў дзіцячай і моладзевай літаратуры выступілі з супольнай заявай у абарону незалежных пісьменнікаў Беларусі, з патрабаваннямі да беларускіх і нарвежскіх уладаў.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
У жніўні 9 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, спраўляюць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Алесь Пушкін, мастак (6 жніўня); Пятро Марчанка, музыка гурта of Irdorath (16 жніўня); Сяргей Ціханоўскі, блогер (18 жніўня); Анатоль Хіневіч, праграміст і бард (19 жніўня); Арцём Такарчук, архітэктар (20 жніўня); Сяргей Волкаў, акцёр (21 жніўня); Мікалай Дзядок, блогер і літаратар, грамадскі актывіст (23 жніўня); Ігнат Сідорчык, рэжысёр, акцёр і паэт (25 жніўня), Уладзімір Калач, музыка гурта of Irdorath (31 жніўня).
Адрасы, на якія ім можна накіроўваць лісты, – па спасылцы.