
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 25 гадоў таму ў памяць пра трагічныя падзеі 1952 года, калі студэнты ў Дацы (цяпер сталіца Бангладэша) змагаліся за прызнанне сваёй роднай мовы, бангла. Гэты дзень сімвалізуе барацьбу за права кожнага чалавека размаўляць на роднай мове і абараняць сваю культурную спадчыну.
Беларуская мова адносіцца да катэгорыі патэнцыйна ўразлівых паводле класіфікацыі ЮНЕСКА, а гэта значыць, што барацьба за моўныя правы для беларусаў – не проста прыгожая метафара, але і штодзённая неабходнасць.
Што такое моўныя правы?
Моўныя правы – неад’емныя правы чалавека, якія гарантуюць магчымасць выкарыстоўваць родную мову ва ўсіх сферах жыцця. У іх уваходзіць права на адукацыю, атрыманне інфармацыі, выкарыстанне мовы ў судзе, зносіны з органамі ўлады і гэтак далей.
Такая гарантыя прадугледжана і ў артыкуле 50 Канстытуцыі Беларусі. Больш падрабязна моўныя правы грамадзян Беларусі апісваюцца ў Законе «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».
Мова – не проста сродак камунікацыі, гэта значны элемент нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры. Абарона моўных правоў спрыяе захаванню культурнай разнастайнасці, забяспечвае роўныя магчымасці для ўсіх грамадзян і спрыяе развіццю грамадства.
Моўныя правы з’яўляюцца асновай для самавыяўлення, творчасці і перадачы найбагацейшага культурнага досведу будучым пакаленням. Кожны раз, калі мы гаворым, чытаем або пішам на сваёй мове, мы захоўваем унікальную гісторыю, традыцыі і светапогляд, якія робяць нас тымі, хто мы ёсць.
Парушэнні моўных правоў і моўная дыскрымінацыя
У Беларусі, згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі, беларуская і руская мовы з’яўляюцца дзяржаўнымі. Аднак на практыцы адбываецца моўная дыскрымінацыя ў дачыненні да беларускай мовы.
З публікацыі вынікаў перапісу 2019 года відаць, што доля беларусаў, якія лічаць беларускую мову роднай, зменшылася за перыяд 1999–2019 гадоў з 86 % да 61 % (мінус 2 093 732 асобы). Доля беларусаў, якія размаўляюць дома па-беларуску, зменшылася за гэтыя два дзесяцігоддзі з 41 % да 28 % (мінус 1 098 033 асобы).
Такое імклівае змяншэнне колькасці носьбітаў мовы тытульнай нацыі ні ў якім разе не можа быць характарызавана як натуральны працэс і безумоўна з’яўляецца наступствам і сведчаннем паслядоўнай прымусовай русіфікацыі з боку дзяржавы.
Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў у межах маніторынгаў за апошнія гады зафіксавалі вялікую колькасць парушэнняў моўных правоў, а таксама факты моўнай дыскрымінацыі.
Парушэнні і дыскрымінацыя існуюць у сістэме адукацыі, тэатры, музыцы, выяўленчым мастацтве і музейнай справе, сферах літаратуры і бібліятэчнай справы, спадчыны і захавання гістарычнай памяці, у кінаіндустрыі, медыя, гарадскім асяроддзі, сістэме дзяржаўных органаў і іншых сферах.
На сёння моўная дыскрымінацыя ў Беларусі не змяншаецца. Ва ўмовах маштабнага грамадска-палітычнага крызісу, росту самасвядомасці і пошуку беларусамі ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці супрацьстаянне паміж дзяржавай і носьбітамі беларускай мовы пасля падзей 2020 года толькі ўзмацнілася. Беларуская мова застаецца пад пагрозай знікнення, а яе носьбіты сутыкаюцца з сур’ёзнымі перашкодамі і нават небяспекай.
Пра актуальны стан моўных правоў беларусаў вы можаце даведацца з нашых маніторынгавых і аналітычных матэрыялаў:
- Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу: праявы моўнай дыскрымінацыі
- Русіфікацыя Беларусі: сфера культуры (2022–2023 год)
- Задушэнне іншадумства: схаваныя формы рэпрэсій у дзяржаўных установах культуры Рэспублікі Беларусь
Таксама за парушэннямі моўных правоў у Беларусі можна сачыць з дапамогай рэгулярных аглядаў, якія робіць Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Што робіць Беларускі ПЭН?
Беларускі ПЭН працягвае абараняць Людзей Слова і іншых творцаў, моўныя, культурныя, грамадзянскія правы і свабоды, гуманістычныя каштоўнасці і ідэнтычнасць, ствараючы і даючы прастору для развіцця беларускай культуры, творчасці і міжкультурнага дыялогу.
Вось некалькі прыкладаў нашай дзейнасці, што спрыяюць абароне роднай мовы:
- Правядзенне прэмій за найлепшыя кнігі на роднай мове
- Перакладчыцкая майстэрня
- Праект «Аўдыятэка»
- Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, падрыхтоўка аналітычных матэрыялаў і рэкамендацый
- Удзел у літаратурных фестывалях
- Супраца з замежнымі партнёрамі для правядзення адвакацыйных кампаній
- Адвакацыя (напрыклад, Беларускі ПЭН паспрыяў выхаду кніг пра Гары Потэра, калі брытанскія праваўладальнікі спачатку адмовілі ў падаўжэнні правоў на беларускае выданне)
- Падтрымка рэпрэсаваных Людзей Слова і дзеячаў культуры
Што мы можам рабіць разам?
Вядома, размаўляць па-беларуску, падтрымліваць беларускамоўных людзей і тых, хто хоча імі стаць.
Выбірайце зручныя для вас спосабы падтрымкі і пашырэння роднай мовы: карыстайцеся беларускамоўнымі сэрвісамі, чытайце літаратуру па-беларуску, падтрымлівайце розныя ініцыятывы (напрыклад, петыцыю за беларускую мову ў Kindle Direct Publishing) і арганізацыі, які займаюцца абаронай нашых моўных правоў.
Родная мова – гэта нашая тоеснасць, нашая культура і гісторыя. Выкарыстоўваючы яе, мы падтрымліваем уласную ідэнтычнасць і перадаём традыцыі нашчадкам.
Пасля 2020-га і асабліва 2022 года ўсё больш беларусаў усведамляюць, наколькі важнае месца займае родная мова. Яна стала сімвалам салідарнасці, свабоды і адзінства. Яна падкрэслівае нашую самабытнасць, паказвае, што мы незалежны народ са сваім уласным голасам. Беларуская мова – гэта сапраўдны шчыт, які дапамагае нам захаваць сябе і аб’ядноўвацца ў гэтыя няпростыя часы.
Пераход на беларускую мову можа здавацца выпрабаваннем, асабліва для тых, хто доўгія гады ёй не карыстаўся. Але кожнае выпрабаванне – гэта крок да чагосьці большага.