3 сакавіка – Сусветны дзень пісьменніка.
У гэты дзень мы публікуем прынты з выявамі беларускіх палітзняволеных Людзей Слова: Кацярыны Андрэевай, Вацлава Арэшкі і Дзмітрыя Галавача. Вы можаце бясплатна спампаваць макеты прынтоў і раздрукаваць іх сабе на майкі, байкі, торбы і іншыя рэчы. На сёння ў няволі застаюцца не менш за 30 Людзей Слова – і ім патрэбная нашая ўвага і барацьба за іх вызваленне.
Гэтыя прынты, а таксама друк маек для міжнародных кампаній ў падтрымку Людзей Слова ў няволі, сталі магчымыя дзякуючы людзям, што падзяляюць нашу ідэю. Мы шчыра дзякуем пераможцу нашага аўкцыёну, а таксама людзям, што заданацілі непублічна падчас аўкцыёну і на сустрэчы з Максімам Знакам у Варшаве!
Насіце беларускіх палітвязняў з сабой і нагадвайце свету пра тое, што Беларусі патрэбная дапамога ў ратаванні людзей з-за кратаў!
Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева – журналістка, пісьменніца. Аўтарка дакументальнай кнігі «Белорусский Донбасс» (2020, напісаная сумесна з мужам — журналістам Ігарам Ільяшом). У кнізе адлюстраваныя вынікі журналісцкага расследавання пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях на Данбасе. Кніга ўключана ў спіс экстрэміскай літаратуры. Даведацца больш пра Кацярыну можна тут.
Каб спампаваць прынт, націсніце на выяву і захавайце як малюнак:


Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка – культуролаг, рэдактар. Выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курса «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», перакладаў са старапольскай мовы творы беларускага барока. Друкаваўся ў часопісах «Спадчына», «Arche», «pARTisan», ініцыяваў стварэнне «Кнігі гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій. Даведацца больш пра Вацлава можна тут.
Каб спампаваць прынт, націсніце на выяву і захавайце як малюнак:


Дзмітрый Галавач
Дзмітрый Галавач – аўтар тэкстаў песень, вакаліст, удзельнік рагачоўскага гурта «Tor Band». «Tor Band» – беларускі гурт, яго кліпы на песні «Мы – не народец», «Жыве!», «Кто, если не ты?!» маюць больш за мільён праглядаў на YouTube. Падчас знаходжання музыкі ў зняволенні гурт быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Даведацца больш пра Дзмітрыя можна тут.
Каб спампаваць прынт, націсніце на выяву і захавайце як малюнак:


Нашы папярэднія прынты былі прысвечаныя Алесю Бяляцкаму і Максіму Знаку – палітвязням, якія былі вызвалены 13 снежня 2025 года і прымусова вывезены з Беларусі. Прынты ўсё яшчэ можна спампаваць па спасылцы.
Калі ў вас узнікаюць тэхнічныя складанасці са спампоўкай прынтоў, напішыце на адрас [email protected] – і мы вышлем вам прынты поштай.