• Навiны
  • Культурныя правы
  • Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2024 год

Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2024 год

Апошняе абнаўленне: 20 лютага 2025
Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2024 год

З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэмна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры: адвольныя затрыманні і арышты, ператрусы і допыты, адміністрацыйныя і крымінальныя прысуды, палітычна матываваныя звальненні і выключэнні з творчых саюзаў, адмовы ў правядзенні мерапрыемстваў і забарона на выступы, выпадкі дыскрымінацыі паводле мовы і іншыя парушэнні.

Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненых звестак, сабраных маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа на працягу 2024 года з адкрытых крыніц, а таксама праз асабістыя кантакты і непасрэдныя зносіны з дзеячамі культуры на ўмовах прыватнасці. Нярэдка інфармацыя пра парушэнні не робіцца публічнай, застаючыся ў коле сям’і або прафесійнай супольнасці, таму важна ўлічваць, што ўсе пададзеныя ў дакуменце лічбы – ніжні парог кожнага тыпу парушэнняў.

Калі ў вас ёсць жаданне і магчымасць паведаміць пра выпадкі рэпрэсій (у тым ліку канфідэнцыйна) або выправіць недакладнасці, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma. Чым дакладней мы зможам фіксаваць і аналізаваць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры Беларусі, тым эфектыўнейшай будзе наша праца ў галіне падтрымкі культурных дзеячаў і ініцыятыў.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.

Асноўныя вынікі маніторынгу
Умовы ўтрымання дзеячаў культуры ў зняволенні
Адвольныя затрыманні і арышты
Адміністрацыйны пераслед
Крымінальны пераслед, суды і прысуды
Гендарны аспект парушэнняў
Пераслед у выгнанні
Звальненні, забарона на прафесію і практыка даручальніцтва
Ціск на арганізацыі і супольнасці сферы культуры
Цэнзура і іншыя парушэнні культурных правоў
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Высновы і рэкамендацыі

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

2024-ы – гэта трэці год утрымання ў зняволенні лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага і яшчэ як мінімум 103 палітзняволеных [1] – дзеячаў культуры ў месцах пазбаўлення волі, а з улікам тых, хто адбывае пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі», – не менш за 168 чалавек на канец года. Гэта таксама больш за паўтара года рэжыму поўнай ізаляцыі (інкамунікада) дзеячаў культуры Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Гэта затрыманне ўдзельнікаў рок-гурта «Nizkiz» – аўтараў адной са знакавых песень беларускіх пратэстаў 2020 года – пасля іх вяртання з гастроляў і наступныя адміністрацыйныя і крымінальныя працэсы супраць іх. Гэта рэпрэсіі за праяву салідарнасці з палітзняволенымі – пераслед за перадачу ім прадуктовай і фінансавай дапамогі. Гэта хваля затрыманняў і ператрусаў сярод архітэктараў, дырэктараў івэнт-агенцтваў, вядучых акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (іх наступнае звальненне і пазбаўленне тэатра – аднаго з самых запатрабаваных у гледачоў – яго самых папулярных пастановак) і іншых дзеячаў культуры. Гэта звальненні з Музея традыцыйнай культуры ў Браславе, з кінастудыі «Беларусьфільм», з Універсітэта культуры і мастацтваў і іншых устаноў. Гэта далейшыя палітычна матываваныя выключэнні з творчых саюзаў.

Гэта трансгранічны пераслед дзеячаў культуры, які набірае абароты: завочны судовы працэс супраць незалежных даследчыкаў (паводле так званай справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»); завядзенне крымінальнай справы супраць прадстаўнікоў Народных амбасад Беларусі і пераслед дзеячаў культуры ў эміграцыі за святкаванне Дня Волі [2], за ўдзел у выбарах у Каардынацыйны савет [3] – крымінальныя справы, ператрусы, арышт маёмасці палітычных эмігрантаў. Гэта акты вандалізму ў дачыненні да беларускіх арганізацый у Вільні. Гэта прызнанне незалежнай тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы» «экстрэмісцкім фарміраваннем» [4] і абвяшчэнне сямі былых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а таксама рэжысёра Аляксандра Гарцуева ўдзельнікамі гэтага «фарміравання». Гэта пагроза экстрадыцыі рэжысёра Андрэя Гнёта з Сербіі на запыт уладаў Беларусі.

Гэта новыя выпадкі палітычнай і ідэалагічнай цэнзуры: заўчаснае закрыццё ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры выставы, прысвечанай 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава; часовае прыпыненне ў Палацы мастацтваў выставы «1,10 квадрата», прымеркаванай да 110-годдзя «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча; зняцце прац шэрагу мастакоў з экспазіцыі «Арт-Мінск 2024»; адмена тэатральнай пастаноўкі праз рашэнне Грамадскага савета па маральнасці [5]. Гэта закрыццё найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў, далейшая прымусовая ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Гэта прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» [6] яшчэ 19 кніг, у тым ліку твораў Паўла Севярынца, зняволенага з чэрвеня 2020 года; YouTube-канала паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча пра беларускую літаратуру, а таксама YouTube-канала і сацыяльных сетак праекта пра беларускую культуру Мікіты Моніча – мастацтвазнаўцы, звольненага ў 2020 годзе з Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі паводле палітычных матываў. Прызнанне «экстрэмісцкімі» тэксту песні «Не быць скотам» і відэакліпа на яе гурта «Ляпіс Трубяцкі» (у аснове песні – верш народнага паэта БССР Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісаны ў 1908 годзе).

Гэта спіс з 35 найменняў забароненай Міністэрствам інфармацыі літаратуры, у якім большасць кніг тычыцца тэматыкі ЛГБТ і анімэ і выпушчана расійскімі выдавецтвамі.

Гэта новыя выпадкі разбурэння мясцін памяці і аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, дыскрымінацыі беларускай мовы, пераследу за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

Гэта 30-годдзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі і арганізаваныя да гэтай даты «ўрачыстасці», якія наглядна дэманструюць, як культура ператварылася ў інструмент абслугоўвання рэжыму. Гэта прызначэнне ў канцы года новага міністра культуры і дадзены яму Лукашэнкам наказ: «Або памерці, або навесці парадак у гэтай сферы».

Пераслед у 2024 годзе ў лічбах і тэндэнцыях
  • Агульная колькасць парушэнняў

  • Топ-10 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры

Парушэнне права на справядлівы суд і прызнанне матэрыялаў пра культуру (або сацыяльных сетак дзеячаў культуры) «экстрэмісцкімі» – найбольш частыя парушэнні ў рамках маніторынгу ў цэлым.

У дачыненні да дзеячаў культуры – парушэнне права на справядлівы суд (311 выпадкаў), адвольныя затрыманні / арышты (129) і крымінальны пераслед (117).

У дачыненні да арганізацый і супольнасцяў часцей за іншае зафіксавана стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці, у тым ліку прымусовая ліквідацыя (85), а таксама парушэнне права на справядлівы суд і свабоду асацыяцый (па 39).

  • Дзеячы культуры, пазбаўленыя волі або абмежаваныя ў ёй

Станам на 31 снежня 2024 года ў зняволенні знаходзяцца не менш за 104 палітычных зняволеных – дзеячаў культуры, усяго ж, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1265 палітзняволеных. Пазбаўлены волі або адбываюць пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі» не менш за 168 дзеячаў культуры, у тым ліку 37 Людзей Слова.

  • Дзеячы культуры, якія былі прызнаны палітзняволенымі і выйшлі на волю

На працягу 2024 года палітзняволенымі былі прызнаны як мінімум 56 дзеячаў культуры (7 з іх – пастфактум [7]). Не менш за 47 чалавек выйшлі ў гэты перыяд на волю: 34 дзеячы культуры адбылі пакаранне тэрмінамі ад аднаго да чатырох гадоў, 12 – праз датэрміновае вызваленне ў парадку памілавання [8], адзін чалавек (грамадзянка Украіны) – у парадку абмену як палонная [9].

  • Адвольныя затрыманні і арышты, прыцягненне да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці

Не менш за 129 дзеячаў культуры сутыкнуліся з адвольным затрыманнем або арыштам.

Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 95 людзей культуры (105 адміністрацыйных пратаколаў).

У дачыненні да не менш як 117 дзеячаў культуры заведзены крымінальныя справы. У 20 выпадках пачата працэдура спецыяльнага вядзення – завочнага крымінальнага пераследу ў Беларусі ў дачыненні да людзей, якія пакінулі краіну дзеля бяспекі.

Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 88 дзеячаў культуры: 75 – вочнымі судамі, 13 – у рамках завочнага судовага разбору.

  • Дзеячы культуры ў спісах «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў»

7 прадстаўнікоў сферы культуры ўнесены ў «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», 64 – у «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

  • Палітычна матываваныя звальненні

Вядома пра палітычна матываваныя звальненні ў дачыненні да 45 супрацоўнікаў сферы культуры.

  • Прымусовая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый сферы культуры

У прымусовым парадку ліквідаваны не менш за 39 аб’яднанняў, якія дзейнічалі ў сферы культуры.

  • «Экстрэмісцкія матэрыялы»

Не менш за 289 матэрыялаў на тэму культуры або сацыяльных сетак дзеячаў культуры ўнесены Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

  • Цэнзура

Зафіксаваны 133 выпадкі цэнзуры: у дачыненні да выстаў, канцэртаў, спектакляў, кінапаказаў, кніг, публічных выступаў.

  • Гістарычна-культурная спадчына і культура памяці

Зафіксавана 55 парушэнняў, звязаных з захаваннем спадчыны (якая мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці або без яго) і культурай памяці.

  • Сярод тэндэнцый і формаў пераследу:
    • У параўнанні з 2023 годам у 2024-м зафіксавана значна менш выпадкаў адвольнага затрымання і адміністрацыйнага пераследу. Вырасла колькасць спраў паводле спецыяльнага вядзення і завочных прысудаў [10].
    • Самая частая прычына крымінальнага пераследу – па-ранейшаму ўдзел у мірных пратэстах 2020 года, адміністрацыйнага пакарання – «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
    • Працягваецца крымінальны пераслед за ахвяраванні ў фонды салідарнасці і парамілітарныя арганізацыі. Вядомыя выпадкі паўторных выклікаў на допыты або гутаркі пасля аплаты вызначанай органамі сумы «кампенсацыі» і закрыцця крымінальнай справы.
    • Не спыняецца крымінальны пераслед за супрацоўніцтва (у прыватнасці, інтэрв’ю) з незалежнымі медыя. У сувязі з закрытым характарам судовых працэсаў паводле значнай колькасці прысудаў аб нібыта садзейнічанні экстрэмізму або ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці сутнасць абвінавачанняў часта застаецца невядомай.
    • Як садзейнічанне экстрэмізму пачала разглядацца і прызнавацца падтрымка палітзняволеных – судовая сістэма Беларусі выносіць турэмныя тэрміны за грашовыя пераводы і перадачы палітзняволеным.
    • Расце колькасць паўторна і больш асуджаных дзеячаў культуры. Працягваецца крымінальны пераслед у месцах адбыцця пакарання.
    • Працягваецца затрыманне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці асоб, якія вярнуліся ў Беларусь пасля пражывання за мяжой.
    • Адна з тэндэнцый 2024 года – узмацненне жорсткасці меры адбыцця пакарання: замена абмежавання волі («хатняй хіміі») на пазбаўленне волі ва ўмовах калоніі. Расце колькасць судоў паводле такіх спраў і ў дачыненні да тых, хто пакінуў краіну пасля прысуду.
    • Працягваецца (і ўзмацняецца) пераслед беларусаў у выгнанні.
    • Зафіксаваны першы выпадак паўторнага спецыяльнага вядзення ў дачыненні да дзеяча культуры.
    • Адноўлена практыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці за арганізацыю дзейнасці ліквідаваных або незарэгістраваных арганізацый (арт. 193-1 КК).
    • «Экстрэмісцкім матэрыялам» прызнаны адрас электроннай пошты. E-mail незалежнай тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы» – [email protected] – у «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
    • З’явілася новая катэгорыя забароненай літаратуры: Міністэрства інфармацыі апублікавала спіс друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі як «здольных нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны».
    • Адбыўся першы выпадак скасавання рашэння аб унясення кнігі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: судом ад 11.03.2024 скасавана рашэнне суда ад 08.11.2023 аб прызнанні такім двухтомнага зборніка твораў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ Ў ЗНЯВОЛЕННІ

Працягваецца пераслед дзеячаў культуры і ў месцах пазбаўлення волі, ствараюцца «асаблівыя» ўмовы для тых, хто адбывае пакаранне ва ўмовах «хатняй хіміі», не пакідаюцца ў спакоі тыя, хто выйшаў на волю пасля заканчэння тэрміну пакарання.

На канец 2024 года ў Беларусі ў зняволенні або ва ўмовах «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш за 168 дзеячаў культуры.

У 2024 годзе парушэнні ўмоў утрымання ў закрытых установах зафіксаваны ў дачыненні да 40 чалавек. Відавочна, што гэта толькі малая частка фактаў пераследу, з якім штодня сутыкаюцца дзеячы культуры, якія знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычных матываў. З цягам часу асноўнай крыніцай інфармацыі пра катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў месцах пазбаўлення волі сталі людзі, якія выйшлі на волю, – былыя палітзняволеныя.

Інфармацыйная блакада, ізаляцыя ад іншых зняволеных, змяшчэнне ў карцар, штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу, перавод на турэмны рэжым, пазбаўленне лістоў і перадач, забарона на «атаварку», дысцыплінарныя спагнанні, правакацыі, цяжкая фізічная праца, забарона на прагулкі – у дачыненні да тых, хто адбывае крымінальнае пакаранне; перапоўненасць камер, вошы, клапы, жудасны холад, сон на падлозе, «шмон» у камеры (штодзённы агляд з раскідваннем рэчаў зняволеных), начныя праверкі, падсаджванне ў камеру бяздомных, голы агляд – у выпадку адміністрацыйных затрыманняў і арыштаў – гэта толькі частка спосабаў фізічнага і псіхалагічнага ціску, які аказваецца на зняволеных паводле палітычных матываў, чыё адбыццё пакарання ператвараецца ў штодзённую барацьбу за выжыванне. Пагаршэнне здароўя дзеячаў культуры, у асобных выпадках імклівае, – адно з наступстваў ствараных умоў і такога да іх стаўлення.

У зняволенні застаюцца як мінімум 14 дзеячаў культуры, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем: Віктар Бабарыка, Алесь Бяляцкі, Яўген Бурло, Алена Гнаўк, Уладзімір Гундар, Генадзь Драздоў, Ігар Ярмолаў, Дзяніс Івашын, Марыя Калеснікава, Уладзімір Мацкевіч, Вацлаў Арэшка, Аляксей Парэцкі, Андрэй Пачобут, Аляксандр Фядута. Нягледзячы на іх стан, зняволеных працягваюць адпраўляць на цяжкую працу, рэгулярна змяшчаюць у штрафныя ізалятары, пераводзяць у памяшканні камернага тыпу. Са сведчанняў людзей, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, медыцынская дапамога не аказваецца зусім, аказваецца несвоечасова або неналежным чынам.

Рэжым інкамунікада – гэта татальная ізаляцыя зняволенага ад вонкавага і ўнутранага кола: забаронена сувязь з сям’ёй, сябрамі, адвакатамі і іншымі зняволенымі.

Станам на 31 снежня 2024 года ўжо 692 дні ў поўнай інфармацыйнай блакадзе знаходзіцца адвакат, літаратар і бард Максім Знак (апошні ліст, які атрымала сям’я, датаваны 9 лютага 2023 года); 663 дні – менеджар культуры, відэаблогер і палітычны дзеяч Сяргей Ціханоўскі (з 9 сакавіка 2023 года). На працягу 639 дзён знаходзілася ў стане інкамунікада музыка, менеджарка культурных праектаў і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава, пакуль 12 лістапада 2024 года ўлады не дазволілі ёй сустрэцца з бацькам – з таго часу пачаўся новы адлік дзён без сувязі з Марыяй. 616 дзён у інфармацыйнай блакадзе знаходзіцца мецэнат і палітычны дзеяч Віктар Бабарыка [11] (з 26 красавіка 2023 года), 70 дзён – анархіст і аўтар турэмнай літаратуры Аляксандр Францкевіч (з канца кастрычніка 2024 года). Актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар утрымліваўся ў рэжыме інкамунікада з траўня да жніўня 2024 года.

Змяшчэнне ў штрафныя ізалятары – адна з формаў ціску і пакарання. Ва ўмовах турмаў Беларусі ШІЗА – гэта маленькая камера з цэментнай падлогай і мінімумам мэблі, мінусавай тэмпературай зімой і спякотай летам, пастаянным штучным асвятленнем, адсутнасцю прагулак і іншымі абмежаваннямі.

Паводле паведамленняў праваабарончага цэнтра «Вясна», амаль тры месяцы – з 10 лістапада 2023 года да канца студзеня 2024-га – знаходзіўся ў ШІЗА палітзняволены музыка і IT-спецыяліст Вадзім Гулевіч. Некалькі месяцаў запар быў у ім Андрэй Пачобут. У пачатку жніўня 2024 года з’явілася інфармацыя, што анархіст і аўтар турэмнай літаратуры Мікалай Дзядок ужо два месяцы як утрымліваўся ў штрафным ізалятары. Амаль не выходзіць з яго паэт, бард і адвакат Максім Знак. Адразу пасля этапавання ў калонію ў студзені 2024 года апынуўся ў ШІЗА публіцыст і актывіст Зміцер Дашкевіч (там было так холадна, што Змітру даводзілася штогадзіны ўставаць і рабіць зарадку, каб трохі сагрэцца, за што на яго складалі рапарты аб парушэнні рэжыму адбою). У штрафны ізалятар таксама змяшчаліся Алесь Бяляцкі, Ігар Аліневіч, Дзмітрый Кубараў, Аляксей Кузьміч, Дзяніс Івашын, Наталля Пятровіч.

! 12 ліпеня ўступілі ў сілу змены ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь, адно з новаўвядзенняў якіх – павелічэнне аднаразовага максімальнага тэрміну пакарання асуджанага штрафным ізалятарам з 10 да 15 дзён.

Памяшканне камернага тыпу – асобная зона ўнутры турмы, у якой асуджаны знаходзіцца ва ўмовах, блізкіх да адзіночнага зняволення, гэта свайго роду доўгатэрміновы карцар, дзе забаронены перадачы і спатканні.

Вядома, што ў 2024 годзе ў ПКТ знаходзіліся (або працягваюць знаходзіцца) Марыя Калеснікава, Эдуард Бабарыка, Андрэй Пачобут, Артур Аміраў, Руслан Лабанок, Ігар Карней, Максім Знак.

Часовы перавод на турэмны рэжым уяўляе сабой яшчэ адну форму ізаляцыі са значна больш строгімі ўмовамі ўтрымання ў параўнанні з папраўчай калоніяй.

Суды аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змяненні ўмоў рэжыму за нібыта злоснае парушэнне вызначанага парадку адбыцця пакарання адбыліся як мінімум у дачыненні да гаспадара ювелірнай майстэрні «Самародак» Міхаіла Лабаня (у траўні) і літаратара і праграміста Аляксея Навагродскага (у снежні). Абодва былі асуджаны на турэмны рэжым.

Павелічэнне тэрміну адбыцця пакарання шляхам завядзення новай крымінальнай справы паводле артыкула 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» – яшчэ адзін са спосабаў пераследу і пакарання.

У 2024 годзе ў дачыненні да мінімум шасці дзеячаў культуры – Эдуарда Бабарыкі, Івана Вярбіцкага, Змітра Дашкевіча, Аляксандра Францкевіча, Паўла Спірына і Ігара Карнея – былі заведзены справы паводле 411-га артыкула і прайшлі суды, якія дадалі палітзняволеным да іх тэрмінаў яшчэ ад 8 месяцаў да двух гадоў калоніі за нібыта злоснае непадпарадкаванне. Для Івана Вярбіцкага гэта ўжо не першае падаўжэнне тэрміну палітычна матываванага пазбаўлення волі шляхам прымянення такога артыкула.

Пасля знаходжання ва ўмовах, створаных для палітычных зняволеных у турмах Беларусі, дзеячы культуры нярэдка выходзяць з месцаў пазбаўлення волі з пагоршаным зрокам, сур’ёзнымі праблемамі з зубамі, абвостранымі хранічнымі і іншымі захворваннямі. У асобных выпадках гэтыя наступствы – крытычныя і незваротныя. 22 верасня 2024 года ў сябе дома памёр панк-музыка Віктар (Маа) Жаркевіч. Са слоў знаёмых – не вытрымала сэрца. Вядома, што здароўе музыкі было моцна падарвана ў выніку жорсткага затрымання ў верасні 2022 года і 13 дзён у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

У Дакладзе спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, апублікаваным у траўні 2024 года, адзначаны шматлікія факты асабліва жорсткага абыходжання са зняволенымі, пазбаўленымі волі паводле палітычных матываў.

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ І АРЫШТЫ

У 2024 годзе зафіксаваны адвольныя затрыманні (або арышты) 129 дзеячаў культуры: музыкаў і мастакоў, архітэктараў і літаратараў, этнографаў і гукарэжысёраў, фатографаў і акцёраў, вядоўцаў мерапрыемстваў і дырэктараў івэнт-агенцтваў, ілюстратараў і гісторыкаў, дызайнераў і бібліятэкараў, рамеснікаў і краязнаўцаў, выкладчыкаў гуманітарных дысцыплін і іншых прадстаўнікоў сферы культуры Беларусі.

Маюць месца групавыя затрыманні, якія ахопліваюць тыя ці іншыя прафесійныя або сацыяльныя групы, – напрыклад, архітэктараў, вядоўцаў мерапрыемстваў і дырэктараў івэнт-агенцтваў, рэгіянальных журналістаў, акцёраў. Часам затрымліваюць сямейныя пары, як у выпадку з мастакамі Людмілай Шчамялёвай і Ігарам Рымашэўскім. Нярэдка затрыманні адбываюцца брутальна: так, кватэру відэааператара і журналіста Яўгена Глушкова аператыўнікі штурмавалі пасля таго, як ён не адчыніў ім дзверы, Яўгена выцягнулі на вуліцу ў хатнім адзенні; былога старшыню габрэйскай суполкі Рамана Смірнова затрымлівалі з выкарыстаннем байцоў спецпадраздзялення «Тайфун».

З шэрагам затрыманых людзей культуры былі запісаны і апублікаваны ў адкрытым доступе так званыя пакаянныя відэа – яшчэ адзін прыклад зневажальнай і бесчалавечнай практыкі сілавых структур. Адным з такіх выпадкаў стала затрыманне ўдзельнікаў рок-гурта «Nizkiz» 5 студзеня 2024 года адразу пасля іх вяртання ў Беларусь з гастроляў. Музыкаў прымусілі на камеру «прызнацца» ў тым, што яны выходзілі на вуліцу падчас пратэстаў 2020 года «для ўдзелу ў беспарадках» і выконвалі песні для пратэстоўцаў, у тым ліку для незалежнага медыя «Белсат».

Пад ціскам затрыманых дзеячаў культуры змушалі «прызнавацца» ў самых розных дзеяннях: удзеле ў пратэстах 2020 года, выхадзе на праезную частку падчас акцый, фатаграфаванні з бел-чырвона-белым сцягам, публікацыі ў сацыяльных сетках крытычных каментарыяў на адрас уладаў. Таксама прымушалі прызнаваць рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога» [12], адпраўку звестак пра супрацоўнікаў міліцыі і іншых дзяржаўных службоўцаў у Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі» [13], галасаванне за Святлану Ціханоўскую на выбарах 2020 года, негатыўнае стаўленне да расійскіх вайскоўцаў і падтрымку Украіны, падпіску на паблікі, прызнаныя рэжымам «экстрэмісцкімі», і іншыя такія «парушэнні». У некаторых выпадках іх прымушалі расказваць пра сваю сексуальную арыентацыю або ўзровень даходаў, «раскайвацца» ў сваіх учынках і прыносіць публічныя прабачэнні.

Мы не маем інфармацыі пра лёс кожнага пятага затрыманага дзеяча культуры: ці было ўжыта адміністрацыйнае пакаранне, заведзена крымінальная справа або чалавек апынуўся на волі. Гэта толькі адна з актуальных тэндэнцый – значныя цяжкасці або працяглыя затрымкі ў атрыманні дакладных звестак пра рэпрэсіі. Напрыклад, толькі ў сярэдзіне студзеня 2025 года стала вядома пра будучы суд паводле крымінальнай справы ў дачыненні да ўдзельніка спеўнага хору Даніэля-Ландсея Кейты, якога затрымалі ў Гродне яшчэ ў чэрвені 2024 года. І такіх гісторый безліч.

АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД

Народны майстар Беларусі, дырэктар лялечнага тэатра, кіраўнік найлепшага культурнага калектыву раёна, «Чалавек года Віцебшчыны», пераможца раённага конкурсу «Настаўнік года – 2014», найлепшы працаўнік культуры Прыдзвіння, вядомы ў Гарадоцкім раёне гарманіст, дырэктар сельскага Дома культуры і дзясяткі іншых дзеячаў культуры зазналі палітычна матываваны адміністрацыйны пераслед у 2024 годзе – атрымалі штраф або былі асуджаны на адміністрацыйны арышт.

У мінулым годзе суды разгледзелі як мінімум 105 адміністрацыйных спраў у дачыненні да 95 дзеячаў культуры. У 81 з іх вядомыя артыкулы, на падставе якіх людзей прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

У 74 % выпадкаў (60 пратаколаў) пераслед тычыўся нібыта распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП) – за падпіскі на незалежныя медыя і платформы ў сацыяльных сетках («Зеркало», «Радыё Свабода», «Навіны Гродна», «Сумленныя людзі» і іншыя), а таксама за выкарыстанне ў профілях лагатыпаў «Belsat», «Euroradio» і іншых незалежных СМІ. Паводле такіх спраў дзеячы культуры сутыкаліся з адміністрацыйным пакараннем у выглядзе арышту на тэрмін ад 5 да 15 сутак або штрафам ад 400 да 5400 рублёў (~117–1580 долараў у эквіваленце).

Зафіксаваны выпадкі, калі падпіска на забаронены кантэнт з’яўлялася ў тэлефоне ў чалавека пасля яго праверкі супрацоўнікамі міліцыі або іншымі сілавымі структурамі.

Амаль у 14 % вядомых рашэнняў (11 пратаколаў) адміністрацыйныя спагнанні (суткі арышту або штрафы) выносіліся за нібыта пікетаванне ў сацыяльных сетках – размяшчэнне бел-чырвона-белага сцяга або герба «Пагоня» (арт. 24.23 КаАП). Так, адзін з беларускіх літаратараў быў аштрафаваны на 1400 рублёў (~410 долараў) за тое, што «размясціў графічную выяву з малюнкам бел-чырвона-белага палотнішча з гербам “Пагоня”, публічна выказваючы такім чынам свае асабістыя і іншыя інтарэсы на падзеі грамадска-палітычнага жыцця <…> без адпаведнага дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў». Слова «палотнішча» ў афіцыйных дакументах дэманструе стаўленне цяперашняй улады да гістарычнай спадчыны.

У шэрагу выпадкаў дзеячаў культуры каралі паводле артыкула 19.1 КаАП за «дробнае хуліганства». Ім ставілі ў віну нецэнзурную лексіку, агрэсіўныя паводзіны, размахванне рукамі і ігнараванне заўваг супрацоўнікаў міліцыі. Усе абвінавачанні фармуляваліся шаблонна, як пад капірку. Пакаранні склалі ад 13 да 15 сутак арышту за дзеянні, якіх, з усяго відаць, ніхто з абвінавачаных не здзяйсняў.

У цэлым у двух з трох выпадкаў суд выносіў рашэнне аб арышце, а амаль кожны другі прысуд прадугледжваў максімальныя 15 сутак.

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД, СУДЫ І ПРЫСУДЫ

У 2024 годзе крымінальны пераслед зазналі не менш за 117 дзеячаў культуры, 88 былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Кожная трэцяя зафіксаваная справа і кожны сёмы прысуд тычацца палітычных эмігрантаў – падрабязней пра гэта ў раздзеле «Пераслед у выгнанні». У гэтай частцы гаворка ідзе пра рэпрэсіі ўнутры краіны.

У 2024 годзе вынеслі як мінімум 77 прысудаў у дачыненні да 75 дзеячаў культуры. Музыка Зміцер Шалак [14] і журналіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі Ігар Карней былі асуджаны двойчы за гэты перыяд. Для васьмі асуджаных у 2024 годзе гэта быў не першы прысуд: некаторыя атрымалі трэці або чацвёрты вердыкт «суда».

Самай частай прычынай крымінальнага пераследу застаецца ўдзел у мірных пратэстах 2020 года. У абвінавачаннях амаль кожнага другога асуджанага дзеяча культуры (35 чалавек) фігураваў артыкул 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). 31 чалавек быў асуджаны выключна паводле гэтага артыкула, большасць (24 дзеячы культуры) асуджаны на «хатнюю хімію» тэрмінам на 2,5–3 гады. Вядоўца і культурны менеджар Ягор Зенчанка, настаўніца беларускай мовы Алена Стахейка, экскурсавод Аляксандр Нікіцін і брэйк-дансер, рабочы Дзмітрый Міхальцэвіч атрымалі ад 1 да 2 гадоў калоніі паводле гэтага артыкула. Музыка Дзмітрый Глушчанка быў асуджаны на «хімію» [15] (памілаваны ў снежні 2024 года).

Другім паводле частаты пераследу стала абвінавачанне ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361-4 КК) і «знявазе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (артыкул 368 КК). Гэтыя артыкулы фігуравалі ў справах 10 дзеячаў культуры. Шэсць чалавек былі асуджаны выключна на падставе артыкула 361-4 КК. Музыка Глеб Дудко, гісторык Ігар Мельнікаў, бібліятэкарка Ірына Пагадаева (памілавана ў снежні 2024 года) і рэпетытарка англійскай мовы Ларыса Катовіч былі асуджаны на калонію. Дызайнерка Наталля Крэміс і рамесніца Наталля Харытонава-Крыжэвіч атрымалі пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі». У большасці выпадкаў падставы для пераследу застаюцца невядомымі, у тым ліку з прычыны закрытых судовых працэсаў. Вядома толькі, што Ірына Пагадаева была асуджана за праяву салідарнасці з палітзняволенымі (падрабязней – у раздзеле «Гендарны аспект парушэнняў»). Паказальна, што калі падсудную даставілі ў залу суда, суддзя сказаў зняць з яе кайданкі, на што канвой спаслаўся на загад МУС, які абавязвае абвінавачаных паводле артыкула 361-4 КК заставацца ў іх. Гісторык, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў быў асуджаны за інтэрв’ю і каментарыі, якія ён даў «Еўрарадыё» [16] ў 2022 годзе – на той момант гэты медыярэсурс яшчэ не быў прызнаны рэжымам «экстрэмісцкім фарміраваннем». За месяц да прысуду тры навуковыя кнігі Мельнікава былі ўключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Тры дзеячы культуры – гукарэжысёр Дзмітрый Фамін, экс-старшыня габрэйскай суполкі Раман Смірноў і фатограф Уладзіслаў Кошалеў – былі асуджаны на падставе артыкула 368 КК.

Абвінавачанні ў нібыта «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім» (артыкул 361-1 КК) фігуравалі ў справах 9 дзеячаў культуры. Пяць чалавек былі асуджаны выключна на падставе артыкула 361-1 КК. Так, журналіст Ігар Карней, інжынер і стваральнік архітэктурнай базы фотаздымкаў Уладзімір Фішман, фатограф і кінадакументаліст Аляксандр Зянкоў, мовазнаўца Настасся Мацяш (памілавана ў снежні 2024 года) і вядоўца Яўген Сцяпанаў былі асуджаны на 2–3 гады калоніі. Згодна з абвінавачаннем, Ігар Карней супрацоўнічаў з Беларускай асацыяцыяй журналістаў (грамадская арганізацыя была прымусова ліквідавана ў жніўні 2021 года, а ў 2023-м унесена КДБ у пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў»), за што атрымаў тры гады калоніі і штраф у памеры 20 000 рублёў (~6 тыс. долараў). Філолаг Настасся Мацяш была асуджана за моўныя кансультацыі, пераклады і рэдагаванне тэкстаў для «Белсата» – яе асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі, а таксама аштрафавалі на 20 000 рублёў і спагналі з яе 102 415 рублёў 12 капеек (~30 тыс. долараў) як нібыта незаконны даход.

З 75 асуджаных дзеячаў культуры:

  • 34 асобы атрымалі пакаранне ў выглядзе калоніі,
  • 27 – «хатнюю хімію»,
  • 2 – «хімію»,
  • 2 – прымусовае лячэнне,
  • у дачыненні да 10 чалавек звесткі пра прысуды застаюцца невядомымі.

У 2024 годзе былі асуджаны:

Студзень: інжынер і стваральнік унікальнай базы фотаздымкаў Уладзімір Фішман (інкрымінавалі арт. 361-1 КК, калонія [17]); літаратар, паэт і актывіст Алег Кацапаў (арт. 130 і 368 КК, 2,5 года калоніі); фатограф Аляксандр Васюковіч (арт. 342 КК, 3 гады «хатняй хіміі»); фатограф і кінадакументаліст Аляксандр Зянкоў (арт. 361-1 КК, 3 гады калоніі).

Люты: музыка Зміцер Шалак (арт. 368 і 369 КК, – [18]); мастачка Ганна Крук (арт. 342 КК, 3 гады «хатняй хіміі»); выпускніца кафедры культуралогіі БДУ Ксенія Ходырава (арт. 361-2 і 361-3 КК, 5 гадоў калоніі); музыка Яўген Шум (арт. 342 КК, 3 гады «хатняй хіміі»).

Сакавік: мастак Уладзімір Лыкшын (арт. 342 КК, 2,5 года «хатняй хіміі»); музыкі Аляксандр Ільін, Дзмітрый Халяўкін і Сяргей Кульша (арт. 342 КК, 2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму); журналіст і аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі Ігар Карней (арт. 361-1 КК, 3 гады калоніі і 20 000 рублёў штрафу); літаратар і менеджар культуры Сяргей Макарэвіч (арт. 361-2 КК, 2 гады «хіміі»); рэпетытарка англійскай мовы Ларыса Катовіч (арт. 361-4 КК, калонія).

Красавік: настаўніца беларускай мовы Алена Стахейка (арт. 342 КК, 1 год калоніі); мовазнаўца Настасся Мацяш (арт. 361-1 КК, 2 гады калоніі і штраф 20 000 рублёў); паэтка, арганізатарка культурных мерапрыемстваў і журналістка Аксана Ючкавіч (арт. 342 КК, 3 гады «хатняй хіміі»); літаратарка, перакладчыца з кітайскай мовы Дар’я Хмяльніцкая (арт. 342 і 361-3 КК, 5,5 года калоніі); вядоўца і культурны менеджар Ягор Зенчанка (арт. 342 КК, 2 гады калоніі); акторы Гражына Быкава-Наздрына і Уладзіслаў Наздрын (арт. 342 КК, 2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму).

Травень: фатограф Аляксандра Мельнічак (арт. 342 і 130 КК, калонія); мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі (арт. 411 КК, яшчэ 2 гады калоніі); дыджэй Арцём Макавей (арт. 358-1 КК, 6 гадоў калоніі); настаўніца англійскай мовы Мілена Мельнік (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); музыка Алег Лядзенка (арт. 342 КК, 2,5 года «хатняй хіміі»); керамістка Алена Карпенка (арт. 367 КК, 1,5 года калоніі).

Чэрвень: рамесніца і мастачка Нэлі Алфёрава (арт. 369 КК, прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары); пісьменніца, паэтка, перакладчыца і доктарка Алена Церашкова (арт. 342 КК, 3 гады «хатняй хіміі»); настаўнік беларускай мовы і літаратуры Руслан Прахарэнка (арт. 356, 130, 361-4 і 406 КК, 10 гадоў калоніі); музыка Руслан Праўда (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); літаратар і анархіст Аляксандр Францкевіч (арт. 411 КК, яшчэ 1 год калоніі); архітэктары Дар’я Мандзік, Ілля Палонскі і Раман Забела (арт. 342 КК, 2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму); рэжысёр Руслан Зголіч (арт. 368 і 369 КК, прымусовае лячэнне).

Ліпень: бібліятэкарка Ірына Пагадаева (арт. 361-4 КК, 3 гады калоніі); менеджар культуры і бізнесмен Эдуард Бабарыка (арт. 411 КК, яшчэ 2 гады калоніі); музыкант і стартапер Глеб Дудко (арт. 361-4 КК, калонія); брэйк-дансер і рабочы Дзмітрый Міхальцэвіч (арт. 342 КК, 1 год калоніі); ілюстратарка Наталля Левая (арт. 361-1, 361-2 і 361-3 КК, 6 гадоў калоніі); музыка і фатограф Дзмітрый Сачыўка (арт. 342, «хатняя хімія»); вакаліст Руслан Мусвідас (арт. 342 КК, «хатняя хімія»); музыка Уладзімір Навумовіч (арт. 368 і 361-1 КК, –); культурны блогер Алесь Сабалеўскі (арт. 361-1 і 361-3 КК, 4 гады калоніі); дакументаліст і аператар Яўген Глушкоў (арт. 361-1 і 361-3 КК, 3 гады калоніі); вядоўца Павел Пашкевіч (арт. 342 КК, –).

Жнівень: рамесніца Наталля Крэміс (арт. 361-4 КК, «хатняя хімія»); музыка Зміцер Шалак (арт. 368 і 369 КК, 3,5 года калоніі); рамесніца Наталля Харытонава-Крыжэвіч (арт. 361-4 КК, 5 гадоў «хатняй хіміі»); музыка і IT-спецыяліст Дзмітрый Глушчанка (арт. 342 КК, «хімія»); экс-старшыня габрэйскай суполкі Раман Смірноў (арт. 368 КК, –).

Верасень: былая бібліёграфка Нацыянальнай бібліятэкі Ксенія Суша (арт.361-4 і 361 КК, 3 гады калоніі); гісторык Ігар Мельнікаў (арт. 361-4 КК, 4 гады калоніі); публіцыст і актывіст Зміцер Дашкевіч (арт. 342 і 411 КК, яшчэ 1 год і 3 месяцы калоніі); вядоўца Яўген Сцяпанаў (арт. 361-1 КК, –); музыка і сцэнарыст Кірыл Вевель (арт. 361 КК, 3 гады калоніі); экскурсавод Аляксандр Нікіцін (арт. 342 КК, калонія).

Кастрычнік: кнігадрукар Алег Сычоў (арт. 289 КК, 9 гадоў калоніі); дызайнер Сяргей Скібінскі (арт.342 і 361-4, калонія); гукарэжысёр Дзмітрый Фамін (арт. 368 КК, «хатняя хімія»).

Лістапад: фатограф Арцём Зянькоў (арт. 361-2 КК, –); фатограф Уладзіслаў Кошалеў (арт. 368 КК, –); блогер і дакументаліст Павел Спірын (арт. 411 КК, яшчэ 1 год калоніі); архітэктар і музыка Аляксей Сіленка (арт. 361 і 130 КК, –).

Снежань: перакладчык і рэпетытар англійскай мовы Сяргей Горлаў (арт. 361, 368, 130 і 361-4 КК, –); студэнтка лінгвістычнага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Курыс (арт. 370, 368, 130 і 369-1 КК, –); музыка Іван Вабішчэвіч (арт. 342 КК, 2,5 года «хатняй хіміі»); журналіст Ігар Карней (арт. 411 КК, яшчэ 8 месяцаў калоніі); музыка і бізнесмен Армэн Арзуманян (арт. 361 і 367 КК, –); комік і вядоўца Сцяпан Манкевіч (арт. 342 КК, –).

Таксама вядома пра суды яшчэ ў дачыненні да як мінімум пяці дзеячаў культуры.

ГЕНДАРНЫ АСПЕКТ ПАРУШЭННЯЎ

На канец снежня 2024 года ў калоніях, следчых ізалятарах або на прымусовым лячэнні знаходзіліся не менш за 19 палітзняволеных – дзяячак культуры (11,3 % ад агульнай колькасці жанчын у зняволенні). Яшчэ не менш за 30 чалавек адбываюць пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі».

Усяго ў месцах пазбаўлення волі і на «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш за 49 дзяячак культуры (30 % ад агульнай колькасці працаўнікоў сферы культуры, пазбаўленых волі або абмежаваных у ёй). Сярод іх – не менш за 8 літаратарак:

  • палітолаг і публіцыстка Валерыя Касцюгова (асуджана на 10 гадоў калоніі),
  • літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) (8 гадоў і 3 месяцы калоніі),
  • краязнаўца і дакументалістыка Ларыса Шчыракова (3,5 года калоніі),
  • пісьменніца, паэтка, перакладчыца і доктарка Алена Церашкова (3 гады «хатняй хіміі»),
  • паэтка і культурная менеджарка Аксана Ючкавіч (3 гады «хатняй хіміі»),
  • філолаг і літаратарка Наталля Сівіцкая (3 гады «хатняй хіміі»),
  • філолаг і літаратарка Надзея Старавойтава (3 гады «хатняй хіміі»),
  • літаратарка і журналістка Яна Цэгла (2 гады «хатняй хіміі»).

З ліпеня да снежня 2024 года не менш за 11 дзеячаў культуры выйшлі з турмаў у парадку памілавання, 10 з іх – жанчыны:

  • рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна,
  • танцорка і прадпрымальніца Вікторыя Гаўрыліна,
  • супрацоўніца гістарычнага архіва Наталля Пятровіч,
  • урбаністка і географ Ганна Скрыган,
  • настаўніца рускай мовы і літаратуры Ала Зуева,
  • студэнтка факультэта замежных моў МДУ імя Куляшова Данута Перадня,
  • літаратарка і перакладчыца Дар’я Хмяльніцкая,
  • керамістка Алена Карпенка,
  • бібліятэкарка Ірына Пагадаева,
  • мовазнаўца Настасся Мацяш.

Раней, 28 чэрвеня 2024 года, перакладчыца з кітайскай мовы Кацярына Бруханава была вызвалена паводле абмену як палонная.

Рэпрэсіі ў дачыненні да жанчын у культуры

У 2024 годзе кожны трэці зафіксаваны выпадак рэпрэсій ці цэнзуры тычыўся дзяячак культуры – прынамсі 153 жанчыны з гэтай сферы зазналі пераслед.

  • Амаль кожнае другое (22 з 46) зафіксаванае палітычна матываванае звальненне ў сферы культуры (музейная справа, тэатр, музыка, кіно, адукацыя і інш.) тычылася жанчын.
  • Адміністрацыйны пераслед зафіксаваны ў дачыненні да 35 дзяячак культуры. У 57 % вядомых выпадкаў ім прызначылі штрафы ў памеры ад 400 да 5400 рублёў. Асноўны артыкул абвінавачанняў – «Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП), паводле якога складзена 85 % пратаколаў.
  • Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 24 супрацоўніцы сферы культуры (32 % ад агульнай колькасці асуджаных працаўнікоў). З іх:
    • 10 чалавек атрымалі тэрміны ад 1 да 6 гадоў калоніі,
    • 12 – ад 2,5 да 5 гадоў «хатняй хіміі»,
    • адна адпраўлена на прымусовае лячэнне,
    • яшчэ адно судовае рашэнне нам невядомае.

Як мінімум у палове выпадкаў у абвінавачаннях фігураваў «народны» артыкул 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») – за ўдзел у пратэстах 2020 года (13 з 24 асуджаных). У кожным пятым (у 5 выпадках з 24) выкарыстаны артыкул 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (у 5 з 24) – часцей за ўсё за праяўленую салідарнасць з палітзняволенымі.

Так, асуджаныя ў 2024 годзе за дапамогу палітзняволеным і самі зняволеныя – усе жанчыны. З ліку дзяячак культуры гэта рамесніца Наталля Харытонава-Крыжэвіч, бібліёграфкі Ксенія Суша і Ірына Пагадаева. Паводле гэтага ж артыкула (361-4 КК) асуджана і рамесніца Наталля Крэміс, але падрабязнасці яе справы праваабаронцам невядомыя.

Наталля Харытонава-Крыжэвіч і Ксенія Суша былі затрыманы падчас студзеньскага рэйду сілавых структур на людзей, якія дапамагалі палітзняволеным і іх сем’ям прадуктовымі перадачамі ў рамках сацыяльнай ініцыятывы «INeedHelpBY» (прызнана КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем» 23 студзеня 2024 года). Ксенію Сушу асудзілі на 3 гады калоніі паводле артыкулаў 361 КК («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і 361-4 КК. Наталля Харытонава-Крыжэвіч атрымала 5 гадоў «хатняй хіміі» паводле дзвюх частак артыкула 361-4 КК.

У траўні за дапамогу палітзняволеным была затрымана бібліёграфка Ірына Пагадаева. За 32 грашовыя пераводы ў СІЗА на агульную суму 188 рублёў (~57 долараў) суд асудзіў яе на 3 гады калоніі. Пасля яна была вызвалена паводле памілавання.

Ілюстратарку Наталлю Левую, затрыманую падчас вяртання з Польшчы, асудзілі на 6 гадоў калоніі і штраф 40 000 рублёў (~12 000 долараў) за ахвяраванні на агульную суму каля 1275 еўра, зробленыя ў 2021–2022 гадах у тым ліку на карысць палка імя Кастуся Каліноўскага [19]. Раней Наталля ўжо добраахвотна выплаціла дзяржаве суму, эквівалентную яе данатам 2020 года ў фонды дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій, і атрымала пісьмовае пацвярджэнне ад КДБ.

Ксенія Ходырава, ганаровая выпускніца кафедры культуралогіі БДУ, была асуджана на 5 гадоў калоніі за данаты. Падрабязнасці яе справы невядомыя.

Асаблівыя рызыкі для жанчын у зняволенні

Дзяячкі культуры, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў у Беларусі, сутыкаюцца з асаблівымі рызыкамі ў зняволенні:

  • У ізалятарах часовага ўтрымання, дзе персанал пераважна мужчынскі, адсутнічае прыватнасць, вядзецца відэаназіранне.
  • Санітарныя зоны не ізаляваны, а гігіенічныя сродкі не выдаюцца зусім або выдаюцца ў недастатковым аб’ёме. Душ дазволены раз на тыдзень.
  • Няма ўмоў для сушкі адзення.
  • Жанчын прымушаюць пераносіць цяжкія мяхі, прыцягваюць для расчысткі тэрыторыі і да іншай фізічна цяжкай працы.
  • Доўгае знаходжанне ў такіх умовах жыцця і працы падрывае здароўе: аслабляецца імунітэт, абвастраюцца хранічныя хваробы, парушаецца менструальны цыкл, узнікаюць інфекцыі і праблемы з рэпрадуктыўнай сістэмай.
  • Дзясяткі жанчын са сферы культуры праводзяць у зняволенні месяцы і гады, сутыкаючыся з гэтымі выпрабаваннямі.

Адзначым тут таксама, што летам 2024 года з’явіліся паведамленні пра новаўвядзенні адміністрацыі жаночай калоніі ў Гомелі, згодна з якімі сродкі гігіены, у тым ліку пракладкі, больш нельга перадаваць у прадуктовых пасылках. Іх можна атрымаць толькі двойчы на год – з рэчавай перадачай. На куплю гігіенічных сродкаў у турэмных крамах у зняволеных не заўсёды ёсць грошы.

У 2024 годзе выйшла расследаванне «Катаванні і жорсткае абыходжанне ў гомельскай жаночай калоніі № 4», якое падрабязна расказвае пра побытавыя ўмовах у атрадах, рабскую працу на швейнай фабрыцы, формы пакарання і пераследу палітычных зняволеных у калоніі.

ПЕРАСЛЕД У ВЫГНАННІ

Трансгранічны пераслед дзеячаў культуры – адзін з трэндаў 2024 года, які прагрэсуе.

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

На працягу ўсяго года паступала інфармацыя пра дзеячаў культуры, якія сталі фігурантамі крымінальных спраў як індывідуальна, так і ў рамках спраў, заведзеных супраць груп асоб. Усяго крымінальны пераслед закрануў не менш за 40 людзей культуры з ліку палітычных эмігрантаў.

За публікацыі ў аўтарскім блоку на «Радыё Свабода» Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу на літаратара і журналіста Сяргея Дубаўца – яму інкрымінуюць сярод іншага артыкул пра «адмаўленне генацыду беларускага народа». Таксама стала вядома пра пачатак крымінальнага пераследу паэта і блогера Валерыя Руселіка, пісьменніцы Ганны Златкоўскай (накладзены арышт на яе лецішча), паэта, літаратара і журналіста Аляксея Дзікавіцкага (накладзены арышт на вясковы дом яго дзеда), акцыяніста Аляксея Кузьміча, мастачкі Віялеты Вярбіцкай і яшчэ шэрагу дзеячаў культуры, якія зазналі пераслед за сваю пазіцыю і меркаванне.

Акрамя таго, у 2024 годзе было заведзена некалькі крымінальных спраў супраць груп асоб, сярод якіх ёсць прадстаўнікі культурнай супольнасці.

20 сакавіка Следчы камітэт абвясціў пра завядзенне крымінальнай справы на прадстаўнікоў Народных амбасад («Беларусы замежжа»), заявіўшы, што валодае інфармацыяй пра больш чым 100 прадстаўнікоў «радыкальных дыяспар» (28 лютага 2024 года КДБ прызнаў праект беларускай дыяспары «экстрэмісцкім фарміраваннем»).

16 траўня стала вядома пра крымінальную справу супраць удзельнікаў святкавання Дня Волі, якое праходзіла ў гарадах з актыўнай беларускай дыяспарай з захаваннем усіх патрабаванняў мясцовых заканадаўстваў. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што 104 асобы ўнесены ў спіс падазраваных паводле справы «Беларусы замежжа». Беларускі ПЭН выказаў пратэст у сувязі з пераследам за святкаванне нацыянальнага беларускага свята.

21 траўня стала вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу супраць 257 чалавек, якія балатаваліся ў Каардынацыйную раду, – сярод іх таксама ёсць прадстаўнікі культурнай супольнасці.

ПРАЦЭДУРА СПЕЦЫЯЛЬНАГА ВЯДЗЕННЯ І ЗАВОЧНЫЯ ПРЫСУДЫ

Практыка спецыяльнага вядзення – адзін з рэпрэсіўных інструментаў, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі супраць палітычных эмігрантаў, каб прымусіць іх замаўчаць. Гэтая працэдура не адпавядае канстытуцыйным гарантыям справядлівага суда, парушае Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, цалкам пазбаўляючы таго, каго пераследуюць, права на абарону.

У 2024 годзе гэтая працэдура была ініцыявана ў дачыненні да мінімум 20 дзеячаў культуры, а ў дачыненні да прадзюсара Аляксандра Чахоўскага – двойчы. 13 дзеячаў культуры завочна асуджаны, а іх маёмасць арыштавана.

Сярод іх – філосаф, дырэктар Інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі; аўтар кніг і палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст; палітолаг і перакладчык Аляксандр Лагвінец; публіцыст, заснавальнік і старшыня Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, палітолаг Андрэй Казакевіч. Усе яны праходзілі паводле справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»: за год да пачатку працэдуры спецыяльнага вядзення закрыты Telegram-канал «Analityki ST» быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». У выніку яны былі завочна асуджаны на 10–11 гадоў пазбаўлення волі і велізарныя штрафы. Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя нібыта рыхтавалі тэзісы публічных выступаў для Святланы Ціханоўскай і размяшчалі публікацыі на «дэструктыўных рэсурсах», накіраваных на актывізацыю пратэсных настрояў, паглыбленне расколу ў беларускім грамадстве і ўзмацненне палітычнага і эканамічнага ціску на Рэспубліку Беларусь. Усяго паводле гэтай справы завочна асуджаны і ўнесены ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» 20 беларускіх экспертаў.

За ўдзел у дзейнасці YouTube-канала «Рудабельская паказуха» (прызнанага МУС «экстрэмісцкім фарміраваннем» 17 траўня 2023 года) і паводле серыі іншых абвінавачанняў быў вынесены завочны прысуд аўтару песень, блогеру і актывісту Андрэю Павуку, опернай спявачцы Маргарыце Ляўчук, рок-музыку Уладзіславу Наважылаву і прадзюсару Аляксандру Чахоўскаму:

  • Андрэй Павук асуджаны судом на 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф 200 000 рублёў (~59 000 долараў).
  • Маргарыце Ляўчук і Уладзіславу Наважылаву прысудзілі ад 6 да 8 гадоў калоніі і штрафы ад 20 000 да 32 000 рублёў.
  • Аляксандр Чахоўскі быў двойчы адпраўлены пад завочны суд. Першы раз яго абвінавацілі ў знявазе прадстаўніка ўлады і глумленні з дзяржаўных сімвалаў – у сваім публічным відэазвароце Чахоўскі адзначаў, што нават не ведае, у чым менавіта яго абвінавачваюць. Тады яго асудзілі на 3 месяцы арышту, але затым справу адправілі на перагляд. Другі раз яго абвінавацілі ў «экстрэмісцкай дзейнасці», у выніку чаго асудзілі ўжо на 7 гадоў калоніі і штраф 32 000 рублёў.

У 2024 годзе таксама былі завочна асуджаны:

  • Уладзімір Хільмановіч – літаратар, гісторык і праваабаронца (5 гадоў калоніі і 40 000 рублёў штрафу);
  • Вадзім Дзмітранок – архітэктар (12 гадоў калоніі і 440 000 рублёў штрафу);
  • Аляксандр Кіркевіч – аўтар турэмнай літаратуры (7 гадоў калоніі і 24 000 рублёў штрафу);
  • Слава Камісаранка – комік (6 гадоў калоніі);
  • Вольга Вялічка – псіхолаг і аўтарка кнігі (9 гадоў калоніі і 12 000 рублёў штрафу).

Прысуд Вользе Вялічцы стаў першым вядомым выпадкам вынясення пакарання паводле артыкула 193-1 КК РБ («Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці»), вернутага ў Крымінальны кодэкс у студзені 2022 года. У Беларусі Вольга Вялічка была кіраўніцай дабрачыннай арганізацыі «Гродзенскі дзіцячы хоспіс», прымусова ліквідаванай уладамі ў жніўні 2021 года.

Агульныя тэндэнцыі завочных прысудаў

Найбольш часта ў абвінавачаннях дзеячам культуры – палітычным эмігрантам – фігуравалі артыкулы, звязаныя з нібыта «экстрэмісцкай дзейнасцю» (361-1 і 361-4 КК). На другім месцы – абвінавачанні ў распальванні варожасці (артыкул 130 КК) і знявазе прадстаўнікоў улады, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі (артыкулы 367–369 КК).

ІНШЫЯ ФОРМЫ ПЕРАСЛЕДУ, У ТЫМ ЛІКУ ПАД ВЫГЛЯДАМ БАРАЦЬБЫ З ЭКСТРЭМІЗМАМ

Працягваюцца ператрусы на месцы рэгістрацыі дзеячаў культуры – палітычных эмігрантаў, аказваецца ціск на іх сваякоў: да бацькоў перыядычна прыходзяць з праверкамі, затрымліваюць і судзяць паводле адміністрацыйных артыкулаў, пагражаюць, прымушаюць тэлефанаваць дзецям і прасіць іх вярнуцца ў Беларусь і г. д. У дзяржаўных СМІ працягваецца дыфамацыя і дыскрэдытацыя; сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры і іх праектаў прызнаюцца «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а арганізацыі – «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Так, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў 2024 годзе былі прызнаны:

  • Instagram-старонка Беларускага ПЭНа;
  • Instagram-старонка Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры;
  • сайты навінавага партала «Reformation», які надае шмат увагі пытанням культуры: www.reform.by і https://reformby.org;
  • інтэрнэт-рэсурс польскай супольнасці Znadniemna.pl (да нядаўняга часу – партал Саюза палякаў Беларусі);
  • Telegram-канал «Беларускі інстытут публічнай гісторыі»;
  • Telegram-канал «sekktor | магчымасці для культурных і творчых людзей Беларусі»;
  • Facebook-старонка прыхільнікаў фестывалю незалежнага беларускага кіно «Bulbamovie»;
  • Telegram-канал падтрымкі беларускіх дзеячаў культуры ў Варшаве «Дом Творцаў»;
  • Telegram-канал ініцыятывы людзей, «якія любяць спяваць разам», – «Спеўны сход»;
  • Facebook і Twitter «культурнага руху, які ўзнік у жніўні 2020 года», – «Вольны хор»;
  • сайт і некалькі сацыяльных сетак «партала пра Беларусь і беларусаў» «Будзьма беларусамі!»;
  • Youtube-канал і песня «10 мільёнаў рабоў» гурта «Дай дарогу!»;
  • «Песня вясёлага беларуса» Арсеня Кісляка (AP$ENT);
  • кліп Аляксандра Баля на верш «На Родине моей беда»;
  • TikTok «Fundacja Tutaka»;
  • сацыяльныя сеткі, а таксама лагатып і адрас электроннай пошты тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы»;
  • адна або некалькі старонак у сацыяльных сетках мастака і акцыяніста Уладзіслава Бохана, музыкі Ціматэ Суладзэ, мастачкі Вольгі Якубоўскай, опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, музыкі і журналісткі Кацярыны Пытлевай, коміка Міхаіла Ільіна, паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, музыкі Юрыя Стыльскага, кінасцэнарыста і рэжысёра Андрэя Курэйчыка, дызайнера Уладзіміра Цэслера, мастака Антона Радзівонава, мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча, музычнага крытыка Аляксандра Чарнухі, спявачкі і тэатральнай рэжысёркі Светы Бень, коміка Славы Камісарэнкі, акторкі Крысціны Дробыш, музыкі Уладзіслава Наважылава і іншых;
  • і іншыя.

«Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» былі прызнаны:

«Вольны Беларускі Ўнівэрсітэт»; інтэрнэт-рэсурсы «Беларускае Радыё Рацыя», «Гэта Мінск, дзетка» і «DW Беларусь», якія ў тым ліку надаюць увагу сферы культуры краіны; Znadniemna.pl былы партал Саюза палякаў у Беларусі, які працягвае асвятляць тэмы і падзеі, што хвалююць польскую суполку; супольнасці беларусаў замежжа – Народныя амбасады Беларусі (People’s Embassies of Belarus) і «ABA Together» («Асацыяцыя беларусаў у Амэрыцы»), якія дэкларуюць у сваіх місіях захаванне беларускай спадчыны, культуры і мовы; інтэрнэт-крама тавараў з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць»; незалежная тэатральная трупа «Вольныя Купалаўцы».

ПАГРОЗА ЭКСТРАДЫЦЫІ НА ЗАПЫТ УЛАДАЎ БЕЛАРУСІ

Адна з пагроз для дзеячаў культуры ў выгнанні – пагроза экстрадыцыі на запыт уладаў Беларусі. Так, кінарэжысёр і актывіст Андрэй Гнёт быў арыштаваны ў аэрапорце па прыбыцці ў Бялград (Сербія) 30 кастрычніка 2023 года на падставе ордара на арышт на запыт Беларускага бюро Інтэрпола. Яму інкрымінавалі ўхіленне ад выплаты падаткаў (пункт 2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь). Гнёт і яго адвакаты заявілі, што гэтыя абвінавачанні сфабрыкаваны і палітычна матываваны, а сам пераслед з’яўляецца актам помсты за яго актывісцкую дзейнасць (ініцыятыву Свабоднай асацыяцыі спартсменаў «SOS-BY»). Больш за сем месяцаў рэжысёр правёў у сербскай турме, Вярхоўны суд Сербіі двойчы выносіў рашэнне аб яго экстрадыцыі, а 6 чэрвеня 2024 года ён быў пераведзены пад хатні арышт. 13 верасня 2024 года Апеляцыйны суд Сербіі афіцыйна пастанавіў вярнуць справу на перагляд у ніжэйшую інстанцыю праз адсутнасць дастатковых доказаў для экстрадыцыі.

19 верасня 2024 года Еўрапарламент згадаў Андрэя Гнёта ў сваёй «Resolution on the severe situation of political prisoners in Belarus» («Рэзалюцыя аб цяжкім становішчы палітычных зняволеных у Беларусі»). 31 кастрычніка 2024 года рэжысёр быў эвакуяваны з Сербіі. У гэты ж дзень стала вядома, што рашэннем суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы ад 29 кастрычніка 2024 года яго Instagram-акаўнт быў унесены ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

АКТЫ ВАНДАЛІЗМУ І ПРАЯВЫ МОВЫ ВАРОЖАСЦІ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ Ў ВІЛЬНІ

У 2024 годзе ў сталіцы Літвы была зафіксавана серыя актаў вандалізму, накіраваных супраць беларускіх арганізацый, якая закранула некалькі культурных пляцовак. У большасці выпадкаў былі пакінуты абразлівыя надпісы па-літоўску і разбіты шыбы:

  • 28 ліпеня была атакавана крама беларускіх сувеніраў «Kropka»: разбіта шкло, а на фасадзе будынка пакінуты абразлівы надпіс на адрас беларусаў.
  • 1 жніўня іншы абразлівы надпіс, адрасаваны Святлане Ціханоўскай, з’явіўся на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, дзе беларусы складаюць этнічную большасць студэнтаў.
  • 4 верасня былі разбіты вокны ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў Вільні, а таксама абстраляны вокны памяшкання, дзе праходзяць службы беларускай парафіі Канстанцінопальскага патрыярхата ў Вільні.
  • 5 верасня побач з офісам беларускай валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» пакінуты чарговы абразлівы надпіс на адрас беларусаў.
  • 26 кастрычніка зноў атакаваны будынак Цэнтра беларускай культуры і супольнасці ў Вільні: падпалены дзверы, пакінуты абразлівы каментарый і размаляваны мясцовы мурал;
  • 5 лістапада ксенафобскія надпісы з’явіліся на будынку беларускай кавярні «Карчма 1863».

На гэты момант заказчыкі і выканаўцы гэтых актаў вандалізму, накіраваных супраць беларусаў у Літве, не вызначаны. Аднак ёсць сур’ёзныя падставы расцэньваць такія інцыдэнты не як выпадковыя праявы, а як правакацыі спецслужбаў Беларусі і мэтанакіраваную дзейнасць рэжыму Лукашэнкі.

Беларускі ПЭН выступіў з заявай, заклікаючы ўлады Літвы правесці пільнае расследаванне гэтых выпадкаў, а міжнародную супольнасць і праваабарончыя арганізацыі – звярнуць увагу на спробы штучнага распальвання варожасці паміж беларусамі і літоўцамі.

Фота: novayagazeta.ee, Telegram-каналы «Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры», «Дапамога», Александра Кухты, Facebook Andrew Barashko

ЗВАЛЬНЕННІ, ЗАБАРОНА НА ПРАФЕСІЮ І ПРАКТЫКА ДАРУЧАЛЬНІЦТВА

Паводле міністра культуры Анатоля Маркевіча, які выступіў у канцы сакавіка 2024 года на выязным пасяджэнні прэзідыума Савета Рэспублікі, улада вывучыла ўрокі 2020 года, і «шэрагі творчай інтэлігенцыі ачышчаюцца ад асоб, якія падрывалі асновы дзяржавы». На ўрачыстым мерапрыемстве 11 кастрычніка, прысвечаным Дню працаўніка культуры, ён адзначыў поспехі ў гэтым кірунку, заявіўшы, што культурная супольнасць, маўляў, ачысцілася ад «дэструктыўных элементаў».

На працягу года паступалі новыя сведчанні пра спыненне працоўных адносін з супрацоўнікамі сферы культуры. Прычынамі звальненняў (непрадаўжэнняў кантрактаў) рабіліся чарговыя спісы «нядобранадзейных», даносы калег або «неабыякавых» грамадзян, чарговая праверка спецыялістам па бяспецы або нядаўняе прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці паводле палітычных матываў, а таксама іншыя фармальныя або невідавочныя падставы.

Усяго ў 2024 годзе зафіксавана 49 выпадкаў парушэння права на працу ў дачыненні да 48 працаўнікоў сферы культуры: 46 фактаў палітычна матываваных звальненняў ідэалагічна «ненадзейных» супрацоўнікаў (адна спецыялістка была звольнена адразу з двух месцаў працы) і 3 выпадкі адмовы ў працаўладкаванні на нізкакваліфікаваную працу (дворнік, ахоўнік, няня ў дзіцячым садку). Большасць звольненых – аўтарытэтныя спецыялісты, лаўрэаты шматлікіх, у тым ліку дзяржаўных, прэмій і ўзнагарод. Асобы, якія трапілі пад рэпрэсіі, фактычна страчваюць магчымасць зарабляць: ідэолагі і спецыялісты па кадравай бяспецы, укаранёныя ў сістэму дзяржаўных устаноў, не пускаюць іх нават на нізкакваліфікаваныя пазіцыі.

Найбольшая колькасць звальненняў, пра якія стала вядома ў аналізаваны перыяд, закранула сферу тэатра, музейнай справы і кінаіндустрыі.

Так, у 2024 годзе былі звольнены як мінімум чатыры тэатральныя дырэктары:

  • Таццяна Чаеўская (Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка») – на падставе «неэфектыўнасці»;
  • Сяргей Пукіта (Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр) – пасля выканання варонежскім сімфанічным аркестрам, які прыехаў з гастролямі, песні Віктара Цоя «Перамен!» [20];
  • Дзмітрый Гарэлік [21] (Гомельскі дзяржаўны тэатр, кіраваў з 1992 года) – у студзені 2024-га прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»;
  • Святлана Карукіна (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) – за «недастатковую ідэалагічнасць».

Таксама былі звольнены:

  • Віктар Клімчук, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра «Лялька», які працаваў у тэатры з 1990 года (за «невыкананне планаў»);
  • Максім Брагінец, Арцём Курэнь, Ганна Семяняка і Дзмітрый Давідовіч – вядучыя акцёры РТБД;
  • іншыя спецыялісты тэатральнай сферы.

У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры звольнілі сем супрацоўнікаў, у тым ліку загадчыцу музея Элеанору Зінкевіч і народнага майстра Рэспублікі Беларусь Валерыя Зінкевіча, гэтаму папярэднічалі іх затрыманне і адміністрацыйны пераслед у снежні 2023 года.

Кінастудыя «Беларусьфільм» у 2024 годзе «развіталася» з мастаком-мультыплікатарам Аляксандрам Ленкіным, які працаваў там 40 гадоў, і вядучай спецыялісткай студыі анімацыі Валянцінай Нікіфаравай. Са студыі дакументальнага кіно «Летапіс» звольнены:

  • Аксана Эйхарт, дырэктарка;
  • Галіна Адамовіч, рэжысёрка-дакументалістка, якая працавала на кінастудыі з 1995 года;
  • Уладзімір Мароз, кінарэжысёр і пісьменнік, які пачаў сваю кар’еру ў беларускім кіно ў пачатку 1980-х.

Вядома пра звальненні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (асабліва сярод спецыялістаў у захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны), Мінскім каледжы імя А. Глебава, Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы, Акадэміі мастацтваў, Тэатры юнага гледача, на філалагічным факультэце БДУ і ў некаторых іншых установах культуры.

Звальненні і запалохванні супрацоўнікаў, прафілактычныя гутаркі з «нядобранадзейнымі» пра недапушчэнне «экстрэмізму», ідэалагічная апрацоўка, праверка сацыяльных сетак, прымус уступаць у прафсаюзы, празмерная бюракратызацыя, цэнзура і татальны кантроль – такая цяперашняя сітуацыя ў дзяржаўных установах.

Сістэма зазнае востры кадравы дэфіцыт: «некага звольнілі, нехта пайшоў сам, некага пасадзілі, нехта з’ехаў» (©) [22]. Адзін са спосабаў выжыць – практыка даручальніцтва. Паводле працаўнікоў культуры, якія захавалі пасады ў дзяржаўных установах, ёсць два спісы нелаяльных асоб: унесеныя ў першы не маюць права працаваць у дзяржаўных структурах зусім, а тыя, хто ў другім, могуць працаваць пры наяўнасці даручальніка. Гэтая практыка азначае, што «нядобранадзейны» супрацоўнік можа працаваць ва ўстанове пад асабістую адказнасць дырэктара. У кожнай установе культуры цяпер існуюць спісы такіх працаўнікоў.

ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ І СУПОЛЬНАСЦІ СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Зафіксавана 85 фактаў адміністрацыйнага ўмяшання (у тым ліку прымусовай ліквідацыі) у дзейнасць дзяржаўных, прыватных або грамадскіх арганізацый, звязаных са сферай культуры Беларусі.

ЗАБАРОНА НА ДЗЕЙНАСЦЬ («ЧЫСТКА» РЭЕСТРА)

У канцы траўня – пачатку чэрвеня адбылася серыя затрыманняў вядоўцаў масавых мерапрыемстваў, а таксама дырэктараў івэнт-агенцтваў з дзяржаўнага рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Падставай для затрыманняў сталі «выкрывальныя» публікацыі праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай у Telegram-канале «Бондарева. БЕЗ КУПЮР». У сваіх допісах яна абвінаваціла шэраг культурных менеджараў у спробе дзяржаўнага перавароту і запатрабавала ад Міністэрства культуры ўчыніць «чыстку» рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

27 траўня стала вядома пра затрыманне заснавальніка івэнт-агенцтва «Графіміл» Сяргея Сарокіна і яго жонкі (імя нам невядома), інструктаркі па танцах. 28 траўня быў затрыманы дырэктар «АП Івэнт» Андрэй Паплаўскі; 30 траўня – дырэктар «Івэнт кафэ» Юрый Капуцкі і яго сузаснавальнік Руслан Данілковіч; 31 траўня – вядоўца і супрацоўнік «Мост Івэнт» Віктар Стэльмах, а таксама вядоўца святочных мерапрыемстваў Павел Пашкевіч (вядома, што пазней ён сутыкнуўся з пераследам паводле артыкула 342 КК); 5 чэрвеня – намеснік дырэктара агенцтва «Ружовая Зебра» Алег Астраленка.

Пасля затрыманняў і публікацыі «пакаянных» відэа з прадстаўнікамі івэнт-агенцтваў Міністэрства культуры пачало выключаць арганізацыі з рэестра. Ужо 5 чэрвеня ў ім стала на шэсць пазіцый менш: пазнака «выключаны» з’явілася насупраць арганізацый «Івэнт кафэ», «Ружовая Зебра», «Графіміл», «Святламузыка бай», «АП Івэнт» і «Мост Івэнт». У сярэдзіне чэрвеня з рэестра выключылі яшчэ два агенцтвы – «Зойкіна кватэра» і «ФеніксАрт». Так арганізацыі, якія легальна прайшлі ўсе рэгістрацыйныя працэдуры, умомант страцілі свой статус.

У жніўні з рэестра таксама зніклі «Праджэкт івэнт» і «Кіраванне падзеямі».

На канец года ў «Рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» засталося 46 дзейных арганізацый з 59 (13 – выключаны).

ЗАКРЫЦЦЁ НАВУЧАЛЬНЫХ ЦЭНТРАЎ І МОЎНЫХ ШКОЛ

5 студзеня 2024 года студыя польскай мовы «PanProfessor» абвясціла пра сваё закрыццё, расказаўшы пра візіт спецслужбаў у канцы снежня 2023-га да аднаго з мінскіх супрацоўнікаў кампаніі і ператрус у офісе. «Як пазней выявілася, у тую раніцу 21 снежня “PanProfesor” быў не адзіным, каму давялося перажыць такое: у некалькіх іншых курсах польскай мовы былі затрыманы дырэктары, супрацоўнікі і выкладчыкі, некаторых з іх прымусілі запісаць “пакаянныя” відэа. Да вядомых ужо абвінавачанняў дадаліся “навучаў польскай мове”», гаворыцца ў паведамленні студыі.

Пасля «настойлівай рэкамендацыі» спыніць дзейнасць і самастойна ліквідаваць кампанію «PanProfesor» быў вымушаны закрыцца: «Намі было прынята рашэнне, хай балючае, але адзіна магчымае ў гэтай сітуацыі – закрыць беларускую кампанію», – заявілі прадстаўнікі студыі. Пазней стала вядома, што «PanProfessor» змог працягнуць працу ў змененым фармаце (на польскай платформе анлайн-навучання).

У кастрычніку з’вілася інфармацыя пра візіт прадстаўнікоў Дэпартамента фінансавых расследаванняў у офіс адной з найбуйнейшых моўных школ Беларусі – «Streamline», заснаванай у Мінску ў 1998 годзе, з філіяламі ва ўсёй краіне і штатам каля 300 выкладчыкаў. Падчас праверкі быў учынены ператрус, адключаны серверы і заблакаваны рахункі. У дачыненні да юрыдычнай асобы школы – Навучальнага цэнтра «Адукацыйныя тэхналогіі» – была ініцыявана працэдура ліквідацыі. Паводле прадстаўніка цэнтра, прававых падстаў для гэтага няма, афіцыйнага паведамлення аб ліквідацыі школа не атрымлівала, яе працэдура і парадак ажыццяўлення не былі даведзены. З 17 кастрычніка сетка моўных школ знаходзіцца ў статусе ліквідацыі, станам на пачатак лютага 2025 г. заблакаваны доступ да сайта арганізацыі str.by.

На заснавальнікаў «Streamline» Эдуарда Цалюка і Анастасію Тоўсцік, а таксама іншых кіраўнікоў цэнтра заведзена крымінальная справа паводле артыкула аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 243 КК). Следчы камітэт сцвярджае, што школа не даплаціла падаткаў на суму, не меншую за 17 мільёнаў рублёў. На маёмасць фігурантаў справы, у тым ліку дамы і зямельныя ўчасткі, быў накладзены арышт на суму, большую за 9 мільёнаў рублёў.

У канцы кастрычніка стала вядома, што прыпыніў сваю дзейнасць адукацыйны цэнтр «Лідар», які існуе з 1999 года і прысутнічае на сёння ў 27 гарадах Беларусі. Прычыны прыпынення працы курсаў пакуль невядомыя. Сацыяльныя сеткі цэнтра не абнаўляліся з 2 верасня 2024 года.

У лістападзе стала вядома, што ў Брэсце спыніла дзейнасць школа замежных моў «АКЦ Мост», офіс якой быў апячатаны 13 лістапада. Кампанія была заснаваная ў 2006 годзе і спецыялізавалася на навучанні польскай мове.

ПРЫМУСОВАЯ ЛІКВІДАЦЫЯ НЕКАМЕРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ

У прымусовым парадку ў 2024 годзе ліквідавана не менш за 39 арганізацый, якія дзейнічалі ў сферы культуры. Сярод іх – 15 аб’яднанняў, зарэгістраваных у Беларусі яшчэ ў 1990-х гадах. Пад удар трапілі розныя сектары:

  • тэатр – закрыты фонд «Сямейны інклюзіў-тэатр» і Беларускі цэнтр міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек (УНІМА);
  • літаратура і мова – літаратурна-мастацкі фонд «Нёман» (які выдаваў часопіс «Дзеяслоў», апошні, 127-ы, нумар якога выйшаў у снежні 2023 года), Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне выкладчыкаў нямецкай мовы і навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Адукацыйныя тэхналогіі» (курсы «Streamline»);
  • выяўленчае мастацтва – спынена дзейнасць грамадскага аб’яднання «Міжнародная гільдыя жывапісцаў» і міжнароднага грамадскага аб’яднання мастакоў і мастацтвазнаўцаў «Майстар»;
  • гісторыя і культура памяці – закрыты Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, гістарычнае таварыства «Трасцянец», Збор спадчыннікаў шляхты і дваранства, моладзевае грамадскае аб’яднанне «Гісторыка», міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Рыцары Утрэмера» і Беларускае грамадскае аб’яднанне «Фонд “Перамога – 1945 год”»;
  • нацыянальныя меншасці – ліквідаваны грузінскае культурна-асветнае таварыства «Мамулі», рэспубліканская грамадская арганізацыя беларуска-туркменскай дружбы «Достлук», аб’яднанне татараў «Зікр уль-Кітаб», культурна-асветніцкі дабрачынны фонд «Кіслеў», міжнародная грамадская арганізацыя «Еменская абшчына» і рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя казах курэс»;
  • архітэктура – ліквідаваны Беларускі акадэмічны цэнтр МААМ і Беларускае грамадскае аб’яднанне архітэктараў і дзеячаў будаўнічых навук;
  • і іншыя аб’яднанні.

Важна адзначыць, што 4 сакавіка 2024 года скончыўся тэрмін прывядзення статутаў грамадскіх аб’яднанняў у адпаведнасць з новымі патрабаваннямі закона «Аб грамадскіх зменах» (прыняты 14 лютага 2023 года). У першую чаргу гэта закранула рэспубліканскія і міжнародныя арганізацыі. Пасля гэтага органы рэгістрацыі пачалі кампанію ліквідацыі аб’яднанняў, якія не прывялі свае статуты ў адпаведнасць з новымі палажэннямі, што, аднак, не адмяняе рэпрэсіўнага характару самога заканадаўства.

Як адзначаў «Lawtrend», працэс ліквідацыі праходзіў неаднастайна: адны грамадскія аб’яднанні атрымлівалі папярэджання і тэрміновыя патрабаванні падаць дакументы, у той час як у дачыненні да іншых адразу падаваліся пазовы аб ліквідацыі без дадатковых апавяшчэнняў.

УМЯШАННЕ Ў ДЗЕЙНАСЦЬ ТВОРЧЫХ САЮЗАЎ

У Беларусі працягваецца сістэмны ціск на творчыя аб’яднанні. Уладныя структуры ўмешваюцца ў дзейнасць супольнасцяў фатографаў, дызайнераў і мастакоў, выкарыстоўваючы як інструмент маніпуляцыі выключэнне з саюзаў.

Чыноўнікі ўзялі пад кантроль творчыя аб’яднанні, прымушаючы іх «нармалізавацца». Дзеля магчымасці працягваць працу, захаваць майстэрні, якія арандуюцца ў дзяржавы, і г. д. саюзы ідуць на кампрамісы. 28 лютага Telegram-канал Міністэрства культуры паведаміў пра рабочую сустрэчу міністра са старшынямі Саюза мастакоў і Саюза дызайнераў, падчас якой абмяркоўваліся планы на год і выдаваліся даручэнні. Аднак сапраўдныя ўказанні даюцца за зачыненымі дзвярыма і ўдалечыні ад грамадскай увагі. Як і многія дзяржаўныя структуры, творчыя саюзы знаходзяцца пад кантролем куратараў з КДБ.

Вядома, што ў 2024 годзе працягнуліся выключэнні з саюзаў «нядобранадзейных» творцаў. Многія атрымалі прапанову падпісаць «пакаянны» ліст. Тых, хто ўдзельнічаў у пратэсных выставах або ў сваіх творчых выказваннях выяўляў грамадзянскую пазіцыю, прымусілі напісаць заяву аб «добраахвотным» выхадзе з саюза.

Ствараючы адміністрацыйныя перашкоды для дзейнасці асобных аб’яднанняў, дзяржава адначасова падтрымлівае лаяльныя структуры. Адной з такіх арганізацый з’яўляецца праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які адзначыў у 2024 годзе сваё 90-годдзе. Саюз адкрыта дэманструе вернасць палітыцы Аляксандра Лукашэнкі, актыўна супрацоўнічае з расійскімі калегамі і падтрымлівае прарасійскі вектар развіцця.

У той час як у прымусовым парадку быў ліквідаваны (1 кастрычніка 2021 года) незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў, а найбуйнейшыя кнігавыдаўцы страцілі ліцэнзіі, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» атрымлівае фінансаванне з дзяржбюджэту: у 2024 годзе яму былі вылучаны 613 792 беларускія рублі (~180 000 долараў), працягнулася падтрымка і далей – 695 483 рублі вылучаны на 2025 год.

ІНШЫЯ ФОРМЫ ЦІСКУ НА АРГАНІЗАЦЫІ

Часовае прыпыненне ліцэнзій і забарона на продаж друкаваных выданняў, адмова ў дыстрыбуцыі, прыпыненне дзейнасці прыватных цэнтраў, праверкі ўстаноў і «рэкамендацыі» не праводзіць мерапрыемства, умяшанне ў праграмную дзейнасць і цэнзура, візіты сілавікоў, пазбаўленне арэнды, масавыя «чысткі», абмежаванне доступу да сайтаў, прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», ануляванне даменных імёнаў (напрыклад, Baj.by, Reform.by, Sуmbal.bу) – толькі частка айсберга ціску.

ЦЭНЗУРА І ІНШЫЯ ПАРУШЭННІ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ

У Беларусі працягваюцца сістэматычныя абмежаванні свабоды выказвання, доступу да інфармацыі і культуры. Гістарычныя падзеі ў музеях можна асвятляць толькі паводле афіцыйных метадычак, фестывалі, конкурсы і канферэнцыі зазнаюць цэнзуру, а людзей з «нязручным» меркаваннем адхіляюць ад удзелу ў іх. На запыт Міністэрства інфармацыі без папярэджанняў і тлумачэнняў блакуюцца незалежныя інтэрнэт-рэсурсы, а дзяржаўныя мерапрыемствы праходзяць строга паводле зацверджанага сцэнарыя, выключаючы выпадковых людзей і альтэрнатыўныя погляды.

Асобнай формай рэпрэсій застаецца пераслед за беларускамоўную і гістарычную літаратуру. З бібліятэк і крам канфіскуюць забароненыя выданні, кнігагандлярам пагражаюць адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі, у калоніях «непажаданыя» кнігі спальваюць, а выяўленне такой літаратуры падчас ператрусу ў грамадзян можа прывесці не толькі да абвінавачання ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў», але і да выкарыстання супраць іх фізічнай сілы.

У маніторынгу за 2024 год зафіксаваны 133 выпадкі цэнзуры: адмена або прыпыненне працы зацверджаных выстаў, спектакляў, кінапаказаў і канцэртаў індывідуальных выканаўцаў ці груп; зняцце з экспазіцый прац асобных аўтараў або тэматычных блокаў; адмова ў выдачы гастрольных пасведчанняў; забарона на правядзенне фестываляў; нядопуск да ўдзелу ў конкурсах, канферэнцыях і кангрэсах; выдаленне спасылак у навуковых працах, каб не згадваць аўтарства; забарона Міністэрства інфармацыі на распаўсюджванне цэлага спіса літаратуры і іншыя прыклады.

АДМЕНА КУЛЬТУРНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ І АДМОВА Ў ВЫСТУПАХ

Асноўныя прычыны, паводле якіх аўтар або яго творчасць не дапускаюцца да гледача, застаюцца ранейшымі – пераслед за падзеі 2020 года і наяўнасць спісаў «нядобранадзейных» дзеячаў культуры: «Літаральна за тыдзень да мерапрыемства мне патэлефанавалі і сказалі, што “з тэхнічных прычын” выступ адмяняецца – вось і ўсё. А потым ужо па-сяброўску сказалі: “Гэта за ваш досвед у 2020 годзе”, палітычны досвед» (©).

Акрамя таго, пад цэнзуру чыноўнікаў трапілі тэмы, звязаныя з беларускай нацыянальнай гісторыяй, а таксама так званая прапаганда няправільных каштоўнасцяў – у прыватнасці, ЛГБТ-тэматыкі, сексуальнасці, культуры Захаду (Хэлаўін, Санта-Клаўс, квадробінг і інш.), творы ўкраінскай і польскай культуры.

2024 год пачаўся з гучных выпадкаў цэнзуры. Яна закранула выставы жывапісу «Insomnia» Уладзіміра Кандрусевіча ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі…» у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, «1,10 квадрата» ў мінскім Палацы мастацтваў; спектакль «Тут была Клара» ў Беларускім дзяржаўным моладзевым тэатры; кінапаказы фільмаў «Казка» і «Сонца» Аляксандра Сакурава і «Хлопчык рускі» Аляксандра Залатухіна ў «Falcon Club Cinema Boutique». Больш падрабязна сітуацыя з кожным з гэтых мерапрыемстваў апісана ў матэрыяле паводле вынікаў першага квартала 2024 года.

У апошнія гады стала традыцыяй, што пасля адкрыцця выставы «Арт-Мінск» з экспазіцыі здымаюць некалькі карцін (нягледзячы на тое, што спісы аўтараў і працы праходзяць папярэдняе цэнзураванне). Так, пасля старту «Арт-Мінск 2024» 3 траўня былі выдалены працы мастакоў, якія ў 2020 годзе асудзілі гвалт супраць мірных пратэстоўцаў. У цэлым «Арт-Мінск» – гэта паказчык таго, што адбываецца ў сферы выяўленчага мастацтва. У прыватнасці, гаворка ідзе пра значнае змяншэнне колькасці ўдзельнікаў, што шмат у чым звязана з «чорным спісам» мастакоў, які пастаянна расце: у 2024 годзе ў фестывалі ўзялі ўдзел 200 аўтараў, тады як на «Арт-Мінск 2020» было «больш за 400 беларускіх і замежных мастакоў».

Вядома, што пастфактум асобныя працы былі зняты і з выставы «Viva Kola Art 2024», якая праходзіла восенню ў тым жа Палацы мастацтваў.

У Гомелі арганізатары не атрымалі дазволу на правядзенне 8-га фестывалю касплэю «FreeTime-Fest» – «акрамя ўсё больш складанай сістэмы афармлення грамадска-культурнага мерапрыемства, ствараецца ўражанне, што творчыя мерапрыемствы нашага кірунку не ў фаворы» (летась фестываль таксама не быў ухвалены Мінкультам). У Полацку не адбыўся касплэй-фестываль «Кампай» – на думку новага дырэктара Дома культуры, на пляцоўцы якога меўся прайсці «дзіцячы ранішнік 12+», анімэ прапагандуе «няправільныя каштоўнасці». Праграма штогадовага міжнароднага фестывалю кароткаметражнага кіно «Manhattan Short» у Беларусі была скарочана: з 26 верасня да 6 кастрычніка паказалі 9 з 10 фільмаў-удзельнікаў – цэнзура не прапусціла ўкраінскі фільм «Мама», які апавядае пра пачатак вайны ва Украіне.

Па-ранейшаму значны ўплыў на культурныя падзеі ў Беларусі робяць «народныя эксперты» з ліку праўладных актывістаў і прапагандыстаў. Асобна можна вылучыць сітуацыі адмены мерапрыемстваў праз даносы Вольгі Бондаравай з Гродна. Яе звароты ў Міністэрства культуры і іншыя выканаўчыя органы кіравання з патрабаваннямі звярнуць увагу на тое ці іншае мерапрыемства (або дзеяча культуры) нярэдка маюць плён. У прыватнасці, яна дамаглася адмены як мінімум 7-га этна-фестывалю «Карані» (16–18 жніўня), выставы «LITARA Я» мастачкі Антаніны Фалей (з 27 жніўня ў салоне-краме «Галерэя мастацтва»), анулявання гастрольных пасведчанняў на канцэрты расійскіх выканаўцаў Mzlff (Іллі Мазелава) і Алены Швец (якія меліся адбыцца ў клубе «Re:Public» 21 красавіка і 18 траўня адпаведна), гуртоў «Психея» (21 верасня ў мінскім клубе «Рэактар») і «Мельница» (7 снежня ў мінскім «Prime Hall»). Было анулявана гастрольнае пасведчанне на канцэрт «Дзяды» (3 лістапада ў клубе «Рэактар»), не адкрылася выстава «Добры вечар добрым людзям» Алеся Сушы (1 снежня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы), а таксама не адбыўся шэраг іншых культурных мерапрыемстваў.

Адмена тэатральнай пастаноўкі «Палюбоўніцы майго мужа», якая значылася ў афішы Палаца культуры ветэранаў на 14 кастрычніка, стала адным з першых рашэнняў абноўленага Савета па маральнасці (створаны ў 2009 годзе, аднавіў дзейнасць у лістападзе 2023 года). На прэс-канферэнцыі Савета мітрапаліт Веніямін адзначыў «вялікую ролю грамадскасці», якая звяртае ўвагу на асобныя тэатральныя пастаноўкі. «Сівізна ў бараду, а чорт у галаву, ветэраны?» – пісала Вольга Бондарава ў сваім канале, каментуючы спектакль, які быў у праграме, і заклікаючы ўсіх ахвочых патэлефанаваць мастацкаму кіраўніку ўстановы.

Прыкметна адбілася на культурным жыцці сталіцы сітуацыя вакол Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. 17 кастрычніка былі адвольна затрыманы акцёры тэатра Арцём Курань, Максім Брагінец і Зміцер Давідовіч. Пасля 13 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула за «дробнае хуліганства» іх, а таксама Ганну Семяняку, – вядучых акцёраў, на якіх трымалася значная частка рэпертуару, – звольнілі з тэатра. У выніку з 17 кастрычніка па 30 лістапада 2024 года афіша зазнала значныя змены: было заменена 19 паказаў 10 спектакляў. Самыя папулярныя з іх, у тым ліку «Шлюб з ветрам», «Пачупкі» і «Забалоцце», квіткі на якія раскупляліся за лічаныя хвіліны, з тых часоў не вярнуліся ў рэпертуар. Так тэатр страціў ключавых акцёраў, а гледачы – магчымасць бачыць культавыя пастаноўкі.

Выпадкі цэнзуры і нядопуску дзеячаў культуры да аўдыторыі, якія не сталі публічнымі ці не атрымалі шырокай пагалоскі, мы не будзем закранаць у гэтым дакуменце.

БЛАКАВАННЕ САЙТАЎ

На запыт Міністэрства інфармацыі быў абмежаваны доступ да шэрагу сайтаў. Уладальнікі рэсурсаў не атрымлівалі папярэдніх апавяшчэнняў або запытаў. Інфармацыі наконт прычын блакавання і выяўленых парушэнняў няма.

16 кастрычніка Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў – некамерцыйная недзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў Вільні ў 2022 годзе дзеля пашырэння прасторы беларускай літаратуры ў свеце, – паведаміў, што на тэрыторыі Беларусі перастаў адкрывацца сайт арганізацыі Bellit.info.

17 кастрычніка беларускае выдавецтва «Янушкевіч», якое пасля прымусовай ліквідацыі базуецца ў Варшаве, паведаміла пра блакаванне ў Беларусі сваёй кніжнай інтэрнэт-крамы «Кнігаўка» – Knihauka.com.

28 кастрычніка кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін напісаў на сваёй старонцы ў Facebook пра блакаванне сайта праекта пра беларускую музыку «Тузін Гітоў» – Tuzinfm.by, які змяшчае архіў з 2003 года. Былі заблакаваны асобныя старонкі, прысвечаныя такім праектам, як «НЕрасстраляныя», «Перазагрузка», «Апошні золак», «Заспявай BY», «Тэлебудка», «Тузін.Немаўля», «Re:Песняры», «100 найвялікшых беларускіх песень» і шэрагу іншых.

11 снежня паведаміла пра сваю недаступнасць для карыстальнікаў з Беларусі (без VPN) найбуйнейшая рускамоўная анлайн-пляцоўка «Фікбук» – ficbook.net, на якой аўтары-аматары публікуюць свае творы. Адміністрацыя платформы не ведае прычыны блакавання і не атрымлівала адказаў на свае запыты ў БелДІЭ (Дзяржаўная інспекцыя Рэспублікі Беларусь па электрасувязі) і Міністэрства інфармацыі. Раней, у ліпені 2024 года, Раскамнагляд абмежаваў доступ да «Фікбука» ў Расіі праз наяўнасць на платформе «інфармацыі, якая прапагандуе нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны».

ЗАБАРОНА НА РАСПАЎСЮДЖВАННЕ ДРУКАВАНЫХ ВЫДАННЯЎ

22 лістапада Міністэрства інфармацыі размясціла на сваім сайце спіс з 35 друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі як «здольных нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам нашай краіны». Паводле паведамлення прэс-службы ведамства, такую выснову зрабіла Рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі.

Міністр інфармацыі Марат Маркаў, выступаючы на пашыраным пасяджэнні камісіі, заявіў: «На фоне прыняцця асобных нарматыўных актаў і законаў, якія пачалі дзейнічаць у Расіі і паставілі абмежаванні ў прапагандзе ЛГБТ, бяздзетнасці, нетрадыцыйных сексуальных адносін, педафіліі – уся літаратура, якая была створана ў нашага саюзніка, сёння хлынула на тэрыторыю Беларусі <…> І для гэтага людзі, якія сёння сабраліся, мусяць прымаць цалкам дакладныя, канкрэтныя, важныя для краіны і сваіх нашчадкаў рашэнні».

У апублікаваным спісе першыя тры пазіцыі займаюць кнігі па гісторыі Беларусі: «Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002)» Захара Шыбекі, «Тайны беларуской истории» Вадзіма Дзеружынскага і «На скрыжалях вякоў» Кастуся Цвіркі. Характэрна, што праз месяц суд унёс кнігу «Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002)» у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (у пачатку 2025 года ў ім жа апынуліся «Тайны беларуской истории»). Астатнія 32 пазіцыі ў спісе – гэта кнігі расійскіх выдавецтваў, разлічаныя на аўдыторыю 18+ і пераважна прысвечаныя ЛГБТ-тэматыцы.

Вядома, што ў выпадку выяўлення фактаў распаўсюджвання гэтых друкаваных выданняў Міністэрства інфармацыі, згодна з абзацам 13 пункта 2 артыкула 33 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 г. № 8-З «Аб выдавецкай справе», будзе ануляваць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі распаўсюдніка друкаваных выданняў.

Друкаваныя выданні, забароненыя да распаўсюджвання ў Беларусі
«ЭКСТРЭМІСЦКАЯ ЛІТАРАТУРА»

Кнігі, песні, кліпы, прадмовы і іншыя прадукты культуры, а таксама сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры, якія ўносяцца ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», класіфікуюцца ў маніторынгу адпаведным тэгам – «прызнана экстрэмісцкім матэрыялам», разам з тым мы разумеем, што гэта таксама праявы цэнзуры.

Парушэнне свабоды выказвання меркавання пад выглядам барацьбы з іншадумствам – прызнанне сацыяльных сетак і творчых прадуктаў дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі» – было згадана ў раздзеле «Пераслед у выгнанні». Значная частка матэрыялаў са спіса тычыцца менавіта дзейнасці палітычных эмігрантаў. Аднак не абмяжоўваецца ёю.

Так, на старонцы «Літаратура, унесеная ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”» на момант публікацыі гэтага маніторынгу ў спісе ўжо 65 пунктаў (мы ўлічваем выключна мастацкія, гістарычныя і навуковыя кнігі, не ўключаючы матэрыялы, ацэнка якіх можа выходзіць за рамкі нашага аналізу). У 2024 годзе ён папоўніўся 18 кнігамі і адной прадмовай.

Кнігі, унесеныя ў 2024 годзе ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і сілавыя структуры рэгулярна ўчыняюць праверкі кнігарняў і інтэрнэт-пляцовак на прадмет продажу забароненай літаратуры. А бібліятэкі абавязаны прыбіраць кнігі, унесеныя ў спіс «экстрэмісцкіх», на працягу 30 дзён і захоўваць іх у закрытых зонах (датуль, пакуль не будзе вызначаны афіцыйны парадак іх знішчэння).

Сведчанні пра абмежаванне доступу, канфіскацыю і нават ліквідацыю кніг паступаюць і з папраўчых калоній і турмаў. Так, існуе забарона для палітычных зняволеных, у прыватнасці, у гомельскай жаночай калоніі, на доступ да літаратуры на замежных мовах, у тым ліку да навучальных дапаможнікаў, а таксама да духоўнай літаратуры. З паведамленняў тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, вядома, што з бібліятэкі наваполацкай калоніі прыбралі ўсе кнігі на беларускай мове, забаронены творы лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, а таксама шэрагу класікаў беларускай літаратуры, кнігі на замежных мовах – польскай, англійскай, літоўскай і іншых. У магілёўскай папраўчай калоніі вясной 2024 года з турэмнай бібліятэкі зніклі творы сучасных беларускіх аўтараў, а таксама кнігі па гісторыі, перадусім выдадзеныя ў пачатку 1990-х гадоў. Паведамлялася нават, што яны былі спалены ў качагарцы (як і кнігі Джорджа Оруэла).

КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА І КУЛЬТУРА ПАМЯЦІ

Зафіксавана 55 фактаў неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычна-культурнай спадчыны (як тымі, якія маюць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, так і без яго), а таксама з аб’ектамі, датычнымі «культуры памяці».

Былі знішчаны драўляны млын у аграгарадку Смальяны Віцебскай вобласці і аўтэнтычны будынак казармы XIX ст. у Гродне; разабраны будынак бровара ў мінскім Лошыцкім парку, пабудаваны на мяжы XIX–XX стагоддзяў. Пад выглядам рэканструкцыі знесены помнік архітэктуры XIX ст. – дом-сядзіба Мяшчэрскіх у Клімавічах, а таксама будынак першай гарадской электрастанцыі ў Магілёве. Гэтыя і іншыя аб’екты сутыкнуліся з разбурэннем, незаконнымі будаўнічымі працамі, «антырэстаўрацыяй» або халатным стаўленнем мясцовых уладаў.

Працягваюць разбурацца руіны касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Полацку, сядзіба Бохвіцаў (пасля таго, як у студзені 2024 года мясцовы аддзел культуры ў судовым парадку забраў яе ў прыватнага прадпрыемства «Маёнтак Падароск», якое займалася рэстаўрацыяй з 2013 года), а таксама сядзіба Бішэўскіх, у якой рэстаўрацыйныя працы меліся скончыцца яшчэ 5 гадоў таму.

Знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе тэрміновага ўмяшання магіла мастачкі-прымітывісткі Алены Кіш. Скульптурная кампазіцыя «Дзяўчына ў лодцы», усталяваная да 100-годдзя з дня яе нараджэння (1996 год), руйнуецца, аднак не робіцца ніякіх захадаў, каб яе захаваць. Імя Алены Кіш уключана ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва, яе маляваныя дываны прызнаны нацыянальным здабыткам і захоўваюцца ў адзіным у краіне Музеі беларускай маляванкі, пры гэтым месца пахавання мастачкі застаецца закінутым.

Працягваецца знішчэнне мазаік і пано – узораў дэкаратыўнага мастацтва савецкага перыяду, якія з’яўляюцца часткай гістарычнай памяці: страчаны вялізнае пано з керамікі ў аршанскай сталовай, мазаіка Кішчанкі ў Пінску і іншыя. З кожным годам іх робіцца ўсё менш.

ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

У 2024 годзе ў краіне працягнуліся сістэмныя парушэнні моўных правоў, асабліва ў дачыненні да беларускай мовы. Для лепшага разумення сітуацыі можна звярнуцца да аглядаў Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (першае і другое паўгоддзі).

У артыкуле «Сітуацыя беларускай мовы пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе» лінгвістка і выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэта Вольга Трацяк адзначае, што тэндэнцыя выцясняць беларускую мову з найважнейшых сфер грамадства істотна паглыбілася. Станам на 2024 год можна сказаць, што яе выкарыстанне ў навуцы, дзяржаўным кіраванні, кнігавыданні, сродках масавай інфармацыі і іншых сферах зведзена да крытычнага мінімуму.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У дзяржаўнай культурнай палітыцы маюць месца далейшая інстытуцыялізацыя рэпрэсій і ўзмацненне кантролю над сферай, пераслед іншадумцаў, ідэалагічная апрацоўка працаўнікоў культуры і насельніцтва, антызаходняя рыторыка і манапалізацыя гістарычнага наратыву. Рэжым працягвае барацьбу з нацыянальнымі героямі і сімваламі, культурную інтэграцыю з Расіяй. Атрымала працяг практыка вяшчання без згоды праваўладальнікаў і пірацкага выкарыстання кантэнту. Аказваецца падтрымка тым дзеячам культуры, чыя творчасць служыць інтарэсам улады.

Рэпрэсіўнае заканадаўства, цэнзура і ідэалагічны кантроль

Заканадаўства ў сферы культуры Беларусі мае рэпрэсіўны характар і не адпавядае стандартам рэалізацыі свабоды творчасці і культурных правоў. Ідэалагічны кантроль распаўсюджваецца нават на фармат правядзення школьных выпускных, святкаванне Хэлаўіна і афармленне гандлёвых аб’ектаў і ўстаноў грамадскага харчавання ў перыяд навагодніх святаў. З кожным новым законам і пастановай ціск і дыскрымінацыя толькі ўзмацняюцца.

У 2024 годзе зноў узмацнілі патрабаванні да атэстацыі экскурсаводаў. Пастанова Саўміна № 483 закрыла доступ у прафесію асобам, асуджаным паводле шэрагу «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэкса нават пасля пагашэння або зняцця судзімасці. А тыя, хто прыцягваўся да адказнасці за «пікетаванне», «распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі» і паводле шэрагу іншых адміністрацыйных артыкулаў, змогуць атрымаць атэстацыю толькі праз пяць гадоў. Акрамя таго, гіда могуць пазбавіць пасведчання за неэтычныя паводзіны – напрыклад, за суб’ектыўныя ацэнкі і меркаванні пра Беларусь ці неспыненне крытычных выказванняў турыстаў.

Змены закранулі дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), істотна звузіўшы спектр дазволеных відаў дзейнасці. З 1 кастрычніка 2024 года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў № 457, якая выключыла з пераліку дапушчальных відаў выдавецкую справу, дзейнасць у сферы выканальніцкіх мастацтваў і правядзенне культурна-відовішчных мерапрыемстваў. ІП, зарэгістраваныя да ўступлення дакумента ў сілу, могуць працягваць працаваць у гэтых сферах толькі да канца пераходнага перыяду, г. зн. да 31 снежня 2025 года, пасля чаго ім спатрэбіцца перарэгістрацыя ў ролі юрыдычнай асобы.

Таксама ўступілі ў сілу новыя правілы для рамеснікаў. Згодна з Указам № 328 «Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці», з 1 кастрычніка 2024 года з пераліку дазволеных відаў дзейнасці выключаны, напрыклад, выраб мыла і свечак. Акрамя таго, рамеснікі і ўладальнікі аграсядзіб больш не лічацца «занятымі ў эканоміцы» і абавязаны выплачваць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) у частцы пенсійнага страхавання.

9 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ «Аб прадстаўленні Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах». Згодна з ім, з 1 сакавіка 2025 года выкарыстанне слоў «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «нацыянальны», «беларускі» ў назвах культурных, спартыўных і адукацыйных мерапрыемстваў, звязаных з міжнароднай рэпрэзентацыяй краіны, дазволена толькі ў тым выпадку, калі іх арганізатарам выступае дзяржаўная структура.

Манапалізацыя гістарычнай праўды і маніпуляцыя тэмай «генацыду беларускага народа»

Улады краіны выкарыстоўваюць тэму генацыду беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны для маніпуляцыі грамадскай свядомасцю і апраўдання цяперашніх рэпрэсій. У рамках гэтага наратыву працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе, унесены змены ў заканадаўства, якія дазваляюць выносіць прысуды памерлым (ужо вынесены пасмяротны судовы вердыкт), а таксама заведзены крымінальныя справы за адмаўленне генацыду.

У школьную праграму ўведзены факультатыў «Генацыд беларускага народа», у якім праводзіцца паралель паміж калабарацыяністамі часоў вайны і пратэстоўцамі 2020 года. У снежні 2024 года Генеральная пракуратура прадставіла чацвёртае выданне кнігі з серыі «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі. Частка 2», якая працягвае фармаванне афіцыйнай версіі гісторыі.

Пераслед за нацыянальную сімволіку і клятва вернасці дзяржаўным сімвалам

У 2024 годзе працягнуўся пераслед за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга, герба «Пагоня» і лозунга «Жыве Беларусь!», цяпер пераважна за іх распаўсюджванне ў анлайн-прасторы. Працягваецца і практыка вынясення пакарання за дзеянні ў дачыненні да дзяржаўнага чырвона-зялёнага сцяга, у тым ліку за яго зрыванне, спальванне і іншыя формы выказвання пратэсту.

Паралельна ўлады актыўна ўмацоўваюць афіцыйны сімвалізм: ва ўсёй краіне ўсталёўваюцца новыя флагштокі, ладзяцца мерапрыемствы, якія дэманструюць адданасць дзяржаўным сімвалам і Лукашэнку. Дзяржустановы абавязаны закупляць і размяшчаць чырвона-зялёную сімволіку, яна ж – абавязковы элемент усіх масавых мерапрыемстваў.

Расійскі вектар развіцця

Расійска-беларуская культурная інтэграцыя працягвае паглыбляцца праз шматлікія супольныя праекты і мерапрыемствы. У 2024 годзе былі падпісаны новыя пагадненні і мемарандумы паміж культурнымі і адукацыйнымі ўстановамі дзвюх краін; арганізаваны супольныя відэамасты школьнікаў; укаранёны новыя навучальныя дапаможнікі, распрацаваныя разам з расійскімі спецыялістамі; працягнулася праца над стварэннем адзіных падручнікаў.

Адкрыўся чацвёрты філіял Расійскага цэнтра навукі і культуры – цяпер у Гродне. Актыўна праходзяць расійскія літаратурныя вечары і мастацкія выставы, а ў беларускіх тэатрах усё часцей працуюць расійскія рэжысёры. У кінатэатрах пераважаюць расійскія фільмы, на вуліцах з’яўляюцца помнікі персанажам Расійскай імперыі, а на розных пляцоўках рэгулярна праходзяць расійска-беларускія канферэнцыі, фестывалі і форумы, накіраваныя на засваенне расійскіх грантаў.

Культура, якая абслугоўвае ўладу

Рэжым Беларусі актыўна выкарыстоўвае культуру як інструмент прапаганды і ўмацавання ўласнай легітымнасці, заахвочваючы тых, хто падтрымлівае афіцыйны курс. У 2024 годзе 30-годдзе прэзідэнцтва Лукашэнкі стала падставай для маштабных мерапрыемстваў, накіраваных на фармаванне культу яго асобы. Міністэрства культуры ўплецена ў дзяржаўную ідэалогію, актыўна падтрымлівае і абслугоўвае ўладу, у тым ліку ў перыяд выбарчых кампаній.

ВЫСНОВЫ І РЭКАМЕНДАЦЫІ

Пазбаўленне права на справядлівы суд і доступ да правасуддзя – парушэнне № 1 у дачыненні да дзеячаў культуры ў Беларусі ў 2024 годзе. Не спыняецца канвеер палітычна матываваных спраў, дагэтуль няма ніводнага выпадку расследавання і прыцягнення вінаватых да адказнасці за злачынства супраць чалавечнасці, якое было здзейсненае ў жніўні 2020-га і працягваецца дагэтуль. Паводле індэксу вяршэнства права, які складае міжнародная няўрадавая арганізацыя «World Justice Porject», Беларусь займае 105-ы радок у рэйтынгу краін (усяго – 142).

Сфера культуры Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызісе, выкліканым дзяржаўным ціскам, цэнзурай і рэпрэсіямі. Культурныя інстытуцыі пазбаўляюцца прафесійных кадраў, кіраванне імі аддадзена лаяльным рэжыму людзям, якія часцяком не маюць профільнай адукацыі. Людзі творчасці сутыкаюцца з пераследам, маргіналізацыяй або вымушанай эміграцыяй. Дзеячы культуры, якія трапілі ў «чорныя спісы», не могуць працаўладкавацца ў дзяржаўных установах, а любая асацыяцыя з пратэстамі 2020 года робіцца прычынай забароны на ўдзел у фестывалях, канцэртах і выставах. Выкарыстанне беларускай мовы можа стаць падставай для падазрэнняў з боку спецслужбаў.

Дзяржаўная культура – шмат у чым адно вялікае ідэалагічнае мерапрыемства з мілітарысцкай эстэтыкай, а ўдзел у міжнародных конкурсах і фестывалях цяпер прадугледжвае краіны СНД, а не Еўропы. Установы культуры і адукацыі ператвораны ў інструменты прапаганды, дзе супрацоўнікаў і студэнтаў не толькі прымушаюць да ўдзелу ў дзяржаўных мерапрыемствах, але і выкарыстоўваюць як масоўку для гэтых акцый. Сегмент «дазволенай культуры» на сёння вельмі вузкі, і асноўная пляцоўка для незалежнай творчасці – падполле.

Прыкметы 2024 года:

  • закрытасць інфармацыі (у тым ліку імёнаў памілаваных палітзняволеных) і непублічнасць рэпрэсій – фактаў цэнзуры, звальненняў, прысудаў, наступстваў затрыманняў, пераследу ў прынцыпе;
  • да канца кастрычніка 2024 года – «пакаянныя» відэа сілавых структур з адвольна затрыманымі або тымі, хто самахоць «прыйшоў у міліцыю і папрасіў даць яму магчымасць папрасіць прабачэння за свае дзеянні ў 2020 годзе»;
  • чэргі ў КДБ на «добраахвотную» кампенсацыю данатаў, зробленых у 2020 годзе і пазней у фонды салідарнасці;
  • рост колькасці калег з цэху на «хатняй хіміі» і жыццё ва ўмовах абмежаванай свабоды;
  • адміністрацыйныя суды за «распаўсюджванне экстрэмізму» і пастаяннае папаўненне спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў», якое немагчыма адсачыць;
  • даносы праўладных актывістаў, а часам і калег з культурнага цэху наконт чыёй-небудзь «нядобранадзейнасці»;
  • пашырэнне «чорных спісаў» дзеячаў культуры;
  • праверка Камітэтам дзяржбяспекі артыстаў перад допускам да публічных выступаў;
  • масавая праверка сацыяльных сетак супрацоўнікаў і прымус падпісваць дакументы аб адказнасці за «экстрэмісцкія падпіскі», прафілактычныя размовы са спецыялістамі па бяспецы, атрыманне дазволу на замежную паездку і справаздача пра яе пасля вяртання;
  • спісы тых, за каго даручыліся ў дзяржаўных інстытуцыях сферы культуры;
  • дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, вымыванне сферы, рост колькасці беспрацоўных у сферы культуры і занятых нізкакваліфікаванай працай;
  • закрыццё або зліццё асобных падраздзяленняў або цэлых кафедраў устаноў адукацыі;
  • вымушанае маўчанне тых, хто знаходзіцца пад наглядам спецслужбаў, адыход з сацыяльных сетак на іх патрабаванне або «да лепшых часоў»;
  • выцясненне з гісторыі і калектыўнай памяці імёнаў нязручных уладам дзеячаў культуры;
  • апытанні на беларускай мяжы тых, хто вяртаецца з замежных паездак, пра сувязі з дыяспарай і актыўнасці ў 2020 годзе, агляды тэлефонаў;
  • страта дзеячамі культуры ў эміграцыі часткі аўдыторыі ў Беларусі ў сувязі з прызнаннем іх сацыяльных сетак «экстрэмісцкімі матэрыяламі»;
  • праца камісіі па вяртанні палітычных эмігрантаў і прапановы ад спецслужбаў «вярнуцца дадому»;
  • паток спраў у фармаце спецыяльнага вядзення і адсутнасць у падсудных інфармацыі пра сутнасць абвінавачанняў;
  • папаўненне спіса дзеячаў культуры ў расійскай базе вышуку;
  • пераслед сваякоў палітычных эмігрантаў;
  • арышт і канфіскацыя маёмасці палітычных эмігрантаў;
  • стварэнне спецслужбамі фэйкавых акаўнтаў у сацыяльных сетках;
  • дыстанцыяванне эмігрантаў ад беларусаў унутры краіны, каб не нашкодзіць;
  • выцісканне з краіны былых палітзняволеных і адначасова забарона на выезд;
  • «тэрарысты» і «экстрэмісты» ў асобе музыкаў, мастакоў, экскурсаводаў і іншых людзей творчасці;
  • пазбаўленне пенсійнай надбаўкі або магчымасці атрымліваць пенсію як такую;
  • выпадкі вяртання на дзяржаўную сцэну рэпрэсаваных паводле палітычных матываў;
  • падзел дзеячаў культуры на «тых, што з’ехалі, і тых, што засталіся»;
  • праца «ў стол» і незразумелыя перспектывы;
  • зніжэнне магчымасцяў мабільнасці;
  • самацэнзура як нябачная форма рэпрэсій (і спосаб захаваць беларускую культуру) (гл. асобны матэрыял [23] на гэтую тэму).

У красавіку 2024 года Беларускі ПЭН разам з Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў і кампаніяй «Будзьма беларусамі!» распрацаваў рэкамендацыі [24], накіраваныя на прыцягненне ўвагі да сістэмных парушэнняў у сферы культуры Беларусі і на пераадоленне крызісу. Дакумент заклікае ўлады неадкладна спыніць катаванні і палітычны пераслед дзеячаў культуры, вызваліць усіх палітычных зняволеных з іх ліку, гарантаваць бяспечныя ўмовы для творчай дзейнасці і спыніць дыскрымінацыйныя практыкі ў дачыненні да дзеячаў культуры ў выгнанні. Міжнароднай супольнасці рэкамендуецца працягваць ціск на рэжым, каб спыніць рэпрэсіі, падтрымліваць беларускую культуру і яе прадстаўнікоў як унутры краіны, так і ў выгнанні.


[1] Згодна з сумеснымі заявамі беларускай праваабарончай супольнасці на падставе «Даведніка для вызначэння паняцця “палітычны зняволены”».
[2] Неафіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі, адзначаецца 25 сакавіка.
[3] Недзяржаўны прадстаўнічы орган беларускай апазіцыі.
[4] Унясенне КДБ ці МУС у «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
[5] Грамадскі савет па маральнасці быў заснаваны Беларускай праваслаўнай царквой і праўладным Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
[6] Унясенне Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
[7] Працэдура прызнання былымі палітзняволенымі асоб, чыё зняволенне адпавядала крытэрыям прызнання палітзняволенымі, але інфармацыя пра пазбаўленне волі стала вядомая ўжо пасля іх вызвалення.
[8] З ліпеня да снежня 2024 года ў парадку памілавання вызвалены 227 палітвязняў.
[9] 28 чэрвеня 2024 года пяцёра палітзняволеных – грамадзян Украіны былі вызвалены ў выніку абмену як палонныя.
[10] Завочныя судовыя працэсы ў рамках працэдуры спецыяльнага вядзення ў дачыненні да беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой.
[11] 8 студзеня 2025 года ў Telegram-канале Рамана Пратасевіча з’явіліся здымкі і відэазапіс сустрэчы з Віктарам Бабарыкам.
[12] Сакрэтны план мабілізацыі беларусаў дзеля супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі, распрацаваны былымі супрацоўнікамі сілавых структур.
[13] Канал, у якім публікавалі асабовыя звесткі людзей, датычных да фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе, гвалту і рэпрэсій у дачыненні да мірных грамадзян.
[14] Мяркуючы з матэрыялаў ПЦ «Вясна».
[15] Так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў паводле крымінальных артыкулаў – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[16] Незалежнае беларускае медыя.
[17] Тэрмін пакарання нам невядомы (тут і далей).
[18] Рашэнне суда нам невядомае (тут і далей).
[19] Вайсковае фармаванне беларускіх добраахвотнікаў у складзе ўкраінскага войска, створанае ў сакавіку 2022 года дзеля абароны Украіны ад расійскай агрэсіі.
[20] Адзін з музычных сімвалаў беларускіх пратэстаў 2020 года.
[21] 2 студзеня 2025 года Дзмітрый Гарэлік памёр ва ўзросце 63 гадоў.
[22] Цытата з інтэрв’ю на ўмовах ананімнасці (тут і далей).
[23] /2024/12/05/samoczenzura-kak-nevidimaya-forma-repressij-i-sposob-sohraneniya-belarusskoj-kultury.html.
[24] /2024/04/08/rekamendaczyi-i-dobryya-praktyki-ad-kulturniczkih-arganizaczyj-2.html.