
Анкета Беларускага ПЭНа
Што думаюць пісьменнікі пра асобныя грані творчага працэсу, новыя выклікі перад майстрамі слова, пра свае літаратурныя табу і грахі, мары і спакусы? Адказы на анкету – гэта не толькі міні-партрэты выбітных творцаў, але і своеасаблівае люстэрка духу нашай арганізацыі.
Твор
Які чорт усаджвае вас за пісьмовы стол? Ці ёсць на ім нейкі амулет ці татэм? Ці маеце свой стартавы рытуал?
З чортам у мяне інакш, ён адштурхоўвае ад пісьмовага стала: а то тое зрабі, а то туды ідзі, а то адкладзі на заўтра… Увесь час трэба хадзіць з дуляй у кішэні, перамагаць неахвоту, мігрэнь, сумневы, ці патрэбная яшчэ каму мая пісаніна…
Ды гэта яшчэ больш складана, бо пісьмовага стала ў мяне няма, саджуся абы-дзе, найчасцей у рэдакцыі, са спадзяваннем: а раптам наплыве на маю руку натхненне, авалодаю хаосам, здзіўлю самую сябе. Калі атрымаецца важкі, поўны тэкст, я гэта адчуваю ў касцях, у мяне прыток энергіі.
Прырода вашага творчага штуршка, азарэння? Вам больш дапамагаюць нататнікі – ці памяць, жыццёвыя калізіі?
Гэта разуменне сітуацыі, якая раскрылася толькі для мяне і больш нідзе і ніколі не паўторыцца. Люблю пісаць з памяці, а найбольшы кайф, калі ў творчы працэс уключаецца падсвядомасць, калі пераходжу з сябе. Аднак рэпартаж з памяці не напішаш, трэба падаць неперайначаны голас герояў, ажыццявіць атмасферу, захаваць фактаграфію. Нататкі, запісы, фотаздымкі, гістарычныя крыніцы, літаратура – усё тут патрэбнае і нават неабходнае.
Калі б вашыя сны мелі тэкставы варыянт, пра што і які быў бы гэты твор?
Спаць і сніць люблю больш за ўсё іншае ў жыцці. І не хачу гэтага ўбіраць у словы, хай застаецца яно недасяжным.
Я дарастала ў свеце, дзе раніцай, замест кавы, жанчыны разгадвалі сны, мяне гэта захапляла. Сон часам уплятаю ў рэпартаж, памятаю, як збірала матэрыял на ўкраінскім Палессі, тады людзі часта апавядалі сны, якія прадказалі важныя здарэнні. Запісала расказ пра тое, што рабілі з назойлівымі снамі, якія палохалі і наклікалі хваробы.
Якую кнігу з сусветнай (ці беларускай) літаратуры вы закрылі б назаўсёды, каб ніхто яе больш не чытаў?
Ніколі не думала пра гэта: раз кніжка з’явілася – мабыць, яна патрэбная.
Які ваш найвялікшы пісьменніцкі грэх? Якое табу ў літаратуры вы парушалі або марыце парушыць?
Я ніколі не думала, што буду пісьменніцай. І нават сёння так пра сябе не думаю, я проста журналістка. І, на дадатак, дыслексік.
Творцы
Хто найбольш паўплываў на ваш літаратурны стыль? З кім звяраецеся? Чые імпульсы чуеце найлепш?
Антон Чэхаў, яго крытычны падыход да ўсяго і ўсіх, меркаванне, што няма нармальных людзей, што часам больш за словы гаворыць маўчанне, атмасфера месца, настрой хвіліны.
Пісаць рэпартаж я вучылася ў Рышарда Капусьціньскага, Юзэфа Мацкевіча, Яцэка Гуга-Бадэра, Святланы Алексіевіч, Поля Тэру, Коліна Т’юброна і, вядома, Антона Чэхава (тут маю на ўвазе падарожны том «З Сібіры».)
Капусьціньскі заахвочваў пісаць з памяці, гаварыў, што памятаем адно важнае, а тое, што забылася, не надта істотнае. Ён жа паўтараў, наколькі важна ў працэсе пісання чытаць іншых аўтараў, што здаровыя прапорцыі тады, калі на адну напісаную намі старонку маем сто чужых, прачытаных.
Ці просіце кагосьці прачытаць напісанае яшчэ да здачы рукапісу ў працу?
Так, заўсёды – я дыслексік, не бачу сваіх памылак.
Калі б вам прапанавалі спірытычны сеанс з прывідам аднаго пісьменніка – хто б гэта быў і што хацелі б уведаць ад яго?
Хацела б, каб прысніўся мне Уладзімір Караткевіч.
Пісьменнікі, не толькі тыя, з якімі сябравала, часам мне сняцца. І мы размаўляем, дзесьці ідзём, сядзім за сталом. Нядаўна, калі я здала ў друк кніжку «Проста з любові», прысніўся Юры Гумянюк, ён быў у вясёлым настроі, жартаваў, прамяніўся.
Ваш ТОП-спіс літаратараў – сябраў Беларускага ПЭНа?
Сучасная беларуская літаратура, жывая, натхняльная, я ў захапленні ад многіх аўтараў, а топ-спіс мяняецца, заўсёды ёсць нейкае адкрыццё, таленты.
Каго і што чыталі апошнім часам?
Толькі што прачытала «Чырвоны голад» Эн Эплбаўм і «Папяровага голема» Альгерда Бахарэвіча. У Эплбаўм сучаснасць і будучыня вызначаны гістарычнымі траўмамі. Люблю пранікнёнасць, сумленнасць і мудрасць гэтай аўтаркі, яе ўвагу і павагу да чалавечых пакут і смерці. Бахарэвіча люблю за адвагу і талент, ды нават яго нататкі і фэйсбучныя замалёўкі файна чытаць.
Творчасць
У якім самым дзіўным месцы вас калісьці напаткала творчае натхненне?
Яно напаткала мяне ў бяссонную ноч у Катаньі, горадзе, размешчаным ля падножжа вулкана Этна. Свярбела рука напісаць пра дзіцячую захопленасць вулканам Стромбалі. А як вярнулася дамоў, Сіцылія задрыжала, прачнулася Этна, і тыдзень-два, ці нават больш, плявала агнём. Сябры смяяліся, што гэтак мая энергетыка падзейнічала.
Што вы лічыце самым вялікім літаратурным міфам?
Быццам у XVIII стагоддзі беларуская літаратура спыніла сваё развіццё і існаванне.
Фінал якой сакральнай кніжкі беларускай літаратуры вам карціць перапісаць?
Славутыя трылогіі Коласа і Мележа абмежавала б толькі да першых частак – пасля, мне падаецца, той ваш чорт пачаў усаджваць іх за пісьмовы стол.
Якое пытанне хочаце пачуць ад чытачоў, але яно пакуль не прагучала?
Я адкрытая да ўсякіх пытанняў. Вось у 2018 годзе, калі я прэзентавала кніжку «Па Прыпяці па Нобель» у Зарэчным, што на ўкраінскім Палессі, мясцовы літаратар спытаўся:
– Мы тут файна гаворым, рагочам. А ці ўмееце вы, пані, даіць карову?
У зале запанавала чаканне. Ну і загнуў панічцы з Польшчы!
– Вядома, умею, – адказала я і яшчэ расказала пра бадлівых кароў, якія не давалі сябе падаіць, іх трэба было спутаць або аблашчыць складзенай на ляту рыфмаванкай. Публіка, а там сабраліся мясцовыя ўлады і творчая інтэлігенцыя, выдалі мне авацыі. Бо на Палессі інтэлектуал – гэта і пан-гаспадар, у якога свае каровы.
Ці верыце вы, што словам можна змяніць беларускі свет?
Часам мне падаецца, што мы больш існуём у літаратуры, чым у рэальным жыцці. Беларускае слова – гэта і ёсць нашая айчына, будучыня.
Я веру ў будучыню беларусаў.
Чытаць іншыя анкеты:
Ціхан Чарнякевіч: Слову наогул збольшага напляваць на ўсё, апрача сябе
Ганна Янкута: Грэх як нешта наўмысна зробленае насуперак – чужы для мяне панятак
Святлана Курс: Сорам і віна – гэта нашыя два павадыры, не правадыры
Ганна Кандрацюк – беларуская пісьменніца з Падляшша.
Журналістка Тыднёвіка Беларусаў у Польшчы «Ніва» з больш чым 30-ці гадовым стажам, аўтарка кніг на беларускай і польскай мовах, між іншым «У прысценку старга лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы», за якую атрымала літратурныя прэміі імя Ежы Гедройца і Алеся Адамовіча. Падляшская аўтахтонка, грамадская актывістка.