25 кастрычніка ў Бельску Падляшскім у Польшчы падчас фестывалю «Бардаўская восень» прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміяй Анемпадыстава за найлепшую вокладку кнігі, выдадзенай у 2024 годзе.
Пераможцамі сталі Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку кнігі «Мое баба – діректор морга» Голі з Ополя (самвыд, 2024):
«За выкшталцоны дызайн кнігі як арт-аб’екта, за паважлівае хуліганства, за вокладку, што не саромеецца быць адметнай».

З вітальным словам выступіла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, а сябра журы прэміі Анатоль Лазар расказаў у відэа-інтэрв’ю пра асаблівасці сёлетнега прэміяльнага сезона:
«У гэтым годзе было багата хуліганства, мастацкага, смелага, але разам з тым густоўнага. Здаецца, я не памятаю, каб такая канцэнтрацыя смелых, незвычайных работ заяўлялася раней. І гэта адкрыццё».
Глядзіце цалкам відэа-інтэрв’ю з сябрам журы прэміі Анатолем Лазарам:
Пераможцы прэміі Ігар Юхневіч і Маша Мароз не змаглі прыехаць на цырымонію, але яны падзяліліся сваімі ўражаннямі анлайн.
Маша Мароз:
«Хачу сказаць дзякуй за супрацу майму суаўтару Ігару, а таксама асобную падзяку хачу выразіць Воле Аполька за тое, што запрасіла ў праект і дазволіла дакрануцца да захавання адной з унікальных мікрамоваў заходняга Палесся, што асабіста для мяне з’яўляецца вельмі важным і кранальным момантам».
Кароткі спіс фіналістаў сёлетней прэміі даступны тут.
Пра прэмію
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.
У розныя гады ў прэміі перамагалі: Грыгорый Кацнэльсон («Віленскі покер»), Алена Дашкевіч («Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў»), Анатоль Лазар («(Не)расстраляныя»), Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA («Людзі Лесу / Ludzi Lesu»), Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі («Побач»).
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».
Праект фінансуецца ў рамках Нацыянальнага плану аднаўлення Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі Рэспублікі Польшча.