Збор заявак на новы сезон прэміі імя Ежы Гедройця

Апошняе абнаўленне: 26 лютага 2025
Збор заявак на новы сезон прэміі імя Ежы Гедройця
Абвяшчаем збор заявак на галоўную беларускую літаратурную прэмію! 

Запрашаем да ўдзелу ў чатырнаццатым сезоне прэміі імя Ежы Гедройця — узнагароды за найлепшую арыгінальную кнігу на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы.

Прэмія Ежы Гедройця існуе з 2012 года і стала галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі. Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

У мінулым сезоне трыўмфатарамі прэміі, якая адбылася ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці ў Гданьску, сталі Валянцін Акудовіч з кнігай «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (I месца), Ганна Якнута за кнігу «Час пустазелля» (II месца) і Зміцер Бартосік з кнігай «Забіць упалмінзага» (III месца). 

Як прайшла цырымонія XIII прэміі імя Ежы Гедройця можна пачытаць у вялікім артыкуле на сайце Беларускага ПЭНа.

Хто можа намінаваць?

Аўтары і аўтаркі, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, сябры журы і аргкамітэт.

Што новага?

З гэтага года намінаваць на прэмію можна аўдыякнігі, якія выйшлі ўпершыню паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года. Звяртаем вашую ўвагу, што кнігі ў такім фармаце таксама мусяць выконваць патрабаванні ўдзелу ў прэміі. Сярод іншага гэта наяўнасць нумару ISBN. Калі аўдыякнігі маюць папяровыя выданні, што выходзілі да года намінацыі, то-бок не з’яўляюцца новымі кнігамі, яны не прымаюцца да ўдзелу ў прэміі. 

Калі падаваць заяўкі?

Старт збору заявак – 26 лютага 2025 года.
Апошні дзень прыёму заявак – 19 сакавіка 2025 года (да 23:59 беларускага часу).
Сёлета тэрмін падачы падоўжаны – цяпер мы прымаем заяўкі на намінацыю кніг тры тыдні! 

Як прыняць удзел?

Запоўніце, калі ласка, спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў [email protected]. Не забудзьцеся пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі/аўтараў!

Падрабязнасці ўдзелу

Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца на сайце:

Хто будзе абіраць пераможцу?

Журы прэміі імя Ежы Гедройця — гэта заўсёды аўтарытэтныя і дасведчаныя асобы, якія прадстаўляюць розныя напрамкі літаратурнай і культурніцкай дзейнасці. У склад журы ўваходзяць пісьменнікі і пісьменніцы, адмыслоўцы ў галіне літаратурнай крытыкі і перакладу, якія добра арыентуюцца ў сучасным літаратурным працэсе і ведаюць, як ацаніць сапраўды значныя творы. Імёны сябраў журы будуць абвешчаны неўзабаве, каб удзельнікі і ўдзельніцы маглі пазнаёміцца з тымі, хто будзе вызначаць пераможцаў гэтага сезона.

Сачыць за навінамі можна на сайце прэміі.
Навіны будуць выходзіць таксама на сайтах і ў сацыяльных сетках арганізатараў, на старонцы прэміі ў Facebook і Instagram. З усімі пытаннямі, звязанымі з прэміяй, звяртайцеся на [email protected].

Чакаем вашых заявак!