• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • «Неверагодна радасна атрымаць такую ўзнагароду: гэта ж Гедройць!» Фотасправаздача з цырымоніі

«Неверагодна радасна атрымаць такую ўзнагароду: гэта ж Гедройць!» Фотасправаздача з цырымоніі

Апошняе абнаўленне: 28 лістапада 2024
«Неверагодна радасна атрымаць такую ўзнагароду: гэта ж Гедройць!» Фотасправаздача з цырымоніі

26 лістапада ў Гданьску адбылася ўрачыстая вечарына, на якой абвясцілі імёны лаўрэатаў і лаўрэаткі прэміі імя Ежы Гедройця. У цырымоніі ўзялі ўдзел беларускія і польскія дзеячы культуры і літаратуры, тыя нашы землякі, якія апынуліся тут у вымушанай эміграцыі.

Гданьскі код свабоды

Не так ужо і часта перасякаюцца выпадкі, калі дух горада атаясамліваецца з рабочым сэрцам гэтага ж месца. Звычайна душа нашая летуценна завязаная на нейкі помнік ці гістарычныя будынак, месца, а працоўная марка хоць і мае рэзананс, аднак адгукаецца энергіяй захаплення ды памяці зусім не ў кожным сэрцы.

Гданьск належыць да такіх вось выключэнняў праз сваю славутую суднаверф, дзе ў 1980-м нарадзіўся магутны антыкамуністычны рух – «Салідарнасць». Гэтае слова стала для старажытнага горада сучасным кодам, які спалучыў у сабе эмацыйнае і рацыянальнае.

І тое, што цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця праходзіла сёлета ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці, у пэўным сэнсе сімвалічна. Бо кніжкі, што ўвайшлі ў шорт-ліст, апавядаюць як пра невядомыя факты беларускай гісторыі, так і пра сённяшнія праблемы, творча спалучаюць сучасныя хронікі з фэнтэзі, рамантычнае з побытавым, паказваюць беларускія актуаліі ў складаным кантэксце відавочных і ледзь улоўных працэсаў, што адбываюцца цяпер у свеце.

Фінальная частка прэміі пачалася напярэдадні – з адкрыцця выставы арыгінальных ілюстрацый Святланы Дземідовіч да кнігі паэзіі Насты Кудасавай «Побач». Затым падчас дыскусіі «Канфіскаваныя галасы: страчаная свабода і раздзеленыя сем’і» беларускія і польскія праваабаронцы, дзеячы культуры абмеркавалі разам супраціў прымусовай русіфікацыі і наступствы рэпрэсій.

А 26 лістапада за некалькі гадзін да цырымоніі пачаў працаваць кніжны кірмаш, адбыліся сустрэчы чытачоў са Змітром Бартосікам, Ганнай Янкутай і Уладзімірам Някляевым.

Далей на сцэне іх замянілі музыкі: спявачка і акторка Дар’я Новік у суправаджэнні струннага квартэта «Anima Eterna» выканала аўтарскую кампазіцыю ў аранжыроўцы Канстанціна Яськова.

Вядоўца цырымоніі Сяргей Падсасонны расказаў гасцям вечарыны пра тых, хто арганізаваў яе – гэта Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб, Беларускае культурнае таварыства «Хатка». Партнёрамі падзеі сталі аўдыявыдавецтвы «Audiobooks.by» ды «Кніжны воз», а таксама Euroradio.fm і кінагрупа Гданьска. Варта падкрэсліць, што горад другі год запар прымае госцяў Гедройця дзякуючы высілкам тамтэйшых беларусаў, якіх аб’яднала «Хатка» на чале з Аленай Глагоўскай.

Словы шчырай удзячнасці прагучалі і на адрас гаспадароў пляцоўкі, якіх прадстаўляў дырэктар Еўрапейскага цэнтра салідарнасці Базыль Керскі. Ён асабліва падкрэсліў традыцыі супольнага змагання двух народаў-суседзяў за свабоду і ролю ў гэтым творцаў.

Сярод выступоўцаў былі старшыня Беларускага ПЭНа, паэтка Таццяна Нядбай; прадстаўнік Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў, грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў; прадстаўніца Фонду міжнароднай салідарнасці Катажына Дэмэль, каардынатар офіса Стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага пры ўрадзе Рэспублікі Польшча Ярослаў Ксёнжэк

«Прачнуцца ў сваёй краіне»

Пасля пачалося прадстаўленне фіналістаў прэміі. Усе шэсць кніг выйшлі ў выдавецтвах, якія вымушана працуюць па-за межамі Беларусі: у Варшаве, Празе і Вільні. Гэта свайго роду паўтор гісторыі незалежнай культуры нашых суседзяў: народжаны ў Мінску Ежы Гедройць пасля вайны стварыў у эміграцыі выдавецтва «Літаратурны інстытут». Яно дало жыццё больш чым 500 твораў, якія вучылі іншадумству, пашыралі межы свабоды і ўрэшце дазволілі чытачам ды чытачкам «прачнуцца ў сваёй краіне».

Спецыяльна да цырымоніі былі падрыхтаваныя буктрэйлеры, створаныя творчай кінагрупай з Гданьска і агучаныя камандай прафесійных выканаўцаў аўдыявыдавецтваў «Кніжны воз» і «Audiobooks.by». Усе буктрэйлеры даступныя на нашым ютуб-канале:

З дапамогай буктрэйлераў прысутным прадставілі кнігі-фіналісткі трынаццатага сезона:

«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» аўтарства Валянціна Акудовіча (выдавецтва «Логвінаў»), «Забіць упалмінзага» аўтарства Змітра Бартосіка («Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода»), «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» аўтарства Евы Вайтоўскай (выдавецтва «Янушкевіч»), «На прызбе ў Сілічах» аўтарства Марыі Вайцяшонак (выдавецтва «Пфляўмбаўм»), «Вольнеры. Прадвесце» аўтарства Валера Гапеева (выдавецтва «Янушкевіч»), «Час пустазелля» аўтарства Ганны Янкуты (выдавецтва «Янушкевіч»).

Перад абвяшчэннем імён лаўрэатаў галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў абвясціў, каму дасталася спецыяльная ўзнагарода – эксклюзіўная аўдыяверсія. Гэты гонар выпаў кнізе «Гарэзлівы пацалунак» Евы Вайтоўскай.

Набліжаецца развязка.

Прыз за бронзу – выданне наступнай кнігі. Рашэнне журы агучыла яго ўдзельніца, даследчыца беларускай літаратуры Катажына Дрозд-Урбаньска: «За дакументальна-мастацкае сведчанне пра трагічную старонку беларускай гісторыі, важнае ў цяперашні час, трэцім месцам прэміі імя Ежы Гедройця ганаруецца аўтар кнігі “Забіць упалмінзага” Зміцер Бартосік».

Срэбраная ўзнагарода – творчая стыпендыя: магчымасць месячнай працы ў Швецыі, у Доме пісьменніка на востраве Готланд. Сябра журы, літаратуразнаўца, прафесар, драматург Сяргей Кавалёў зачытвае рашэнне: «За шчыры аповед залучанай назіральніцы і ўдзельніцы сучаснай гісторыі другім месцам прэміі імя Ежы Гедройця ганаруецца аўтарка кнігі “Час пустазелля” Ганна Янкута».

І вось надыходзіць развязка галоўнай інтрыгі трынаццатага сезона прэміі імя Ежы Гедройця.

Цяжкі выбар з чатырох выдатных кніг чатырох вядомых аўтараў. Валер Гапееў  з магічным іншасветам і беларускай міфалогіяй; Валянцін Акудовіч – са стваральнікамі і мыслярамі абсалютна рэальнай найноўшай Беларусі; Ева Вайтоўская з культавай японскай мангай «Ітадзура на кіс» у бліскучым выкананні беларусаў-маладзёнаў; Марыя Вайцяшонак са старой класічнай традыцыяй, нацыянальнай самасцю, дзеля чаго вынайшла арыгінальны блог-дыялог…

Ці закоціць урэшце Сізіф свой цяжкі камень на гару? Ці дапамогуць духі ў цалкам зямной прыгодзе траім вольнерам? Ці можна на прызбе ў Сілічах дамовіцца з Фемідай? Ці насамрэч сапраўднае каханне не мае перашкод і ўсё перамагае?

Адзіны адказ на чатыры гэтыя найскладанейшыя пытанні мае толькі журы. Яго вырак агучыла старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай: «За змястоўную і шырокую панараму беларускага інтэлектуальнага жыцця пераможцам прэміі імя Ежы Гедройця абраны аўтар кнігі “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” Валянцін Акудовіч».

Цырымонія ўзнагароджання транслявалася анлайн – і вы можаце паглядзець яе ў запісе і перажыць усе эмоцыі разам з аўтаркамі і аўтарамі:

Тое, што маем сёння ў нашай літаратуры, робіцца насуперак абставінам

Чарговы прэміяльны сезон фінішаваў – вось колькі кароткіх інтэрв’ю з пераможцамі Гедройця-2024.

Спачатку пытанне пра саму прэмію, творчасць сёлетніх канкурэнтаў.

Зміцер Бартосік:

– Прэмія Гедройця, безумоўна, рэч патрэбная. Толькі не варта атаясамяць яе з чэмпіянатам Беларусі па літаратуры. Як, дарэчы, і Нобелеўская прэмія – гэта не чэмпіянат свету. Прэмія нагадвае, што ёсць такая з’ява, як беларуская літаратура. Прэмія ажыўляе ваколлітаратурны рух. Людзі пачынаюць чытаць крытыку. Прынамсі, бачыць яе ў сваіх стужках на сацсетках. Літаратура становіцца на пэўны час прадметам для размоваў. Не толькі вытанчаных дыспутаў, але і плётак. Але ж плёткі – неад’емная частка гэтай стравы. Без іх нікуды. Што, ізноў жа, ідзе на карысць прэміі.

Не буду арыгінальным. Сёлета сезон вельмі моцны. Але мне не хапае кніг Альгерда Бахарэвіча, Зараславы Камінскай, Вінцэся Мудрова. Хто яшчэ выдаваўся летась і не заявіўся, прабачце, не памятаю.

Аб кнігах сваіх калег судзіць не магу, бо не чытаў іх пакуль. Акрамя Валянціна Акудовіча – «Сізіфа» нават начытаў для Kamunikat.org. І, запэўніваю, гэта надзвычай цікавыя мемуары не толькі пра гісторыю беларускага мыслення, але і пра літаратурнае жыццё-быццё дзевяностых, нулявых. Прынамсі, мой слоўнік вельмі ўзбагаціўся. Усім раю пачытаць альбо паслухаць.

Наконт кнігі Евы Вайткоўскай. Яе з задавальненнем праглынула мая дачка. Дзякуй Богу, дачка не ў журы. А то ў мяне зусім не было б шанцаў.

З творчасцю Марыі Вайцюшонак я знаёмы даўно. Па яе публікацыях у «Літаратурнай Беларусі». І кожнае спатканне з тэкстамі было асалодай. Гэта глыбока, афарыстычна, моўна багата.

Валеры Гапееў, акрамя таго, што піша цікавыя кніжкі, робіць вялікую справу. Маю на ўвазе ягоны сайт з крытыкай новых твораў. Дзе вы можаце знайсці шмат грунтоўных водгукаў і рэцэнзій на ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц сёлетняга Гедройця. Але калі б мяне хто папрасіў – чаго б такога пачытаць беларускага, каб не адарвацца, каб інтрыга закруцілася адразу і не адпускала да самай развязкі, параіў бы найперш самога Гапеева.

Дарэчы, мне таксама пашчасціла начытаць яго кнігу – «Ноч цмока».

Ганна Янкута:

– Пасля 2020 года беларускія ўлады руйнуюць літаратурнае і культурнае поле: ліквідаваныя арганізацыі, закрытыя выдавецтвы, разбураныя супольнасці, многія пісьменнікі, журналісты – тыя, хто піша, – сядзяць у турме, іншыя эмігравалі і часта не маюць часу на літаратуру, вымушаныя адбудоўваць жыццё ў новай краіне. Атмасфера ў Беларусі напэўна не спрыяе творчасці тых, хто застаўся. Таму тое, што цяпер робіцца – робіцца насуперак абставінам. У такіх умовах асаблівую каштоўнасць мае тое, што ўдалося захаваць. Апроч іншага, прэмія Гедройця – гэта ўжо традыцыя, якая не перарвалася. І яшчэ – літаратурнае свята, якіх у нас цяпер няшмат. Прозы ў нашых умовах пішацца мала, і я вельмі цешуся, што празаікі маюць сваё свята, гэта напраўду падтрымлівае.

Сёлета ў поўным спісе прэміі Гедройця – 14 кніг. Летась было 15, у 2022-м – 20, а ў 2019-м – 34. Нават калі ўлічыць, што не ўсе аўтары намінуюцца на прэмію Гедройця (у сёлетнім спісе мне не хапае кніг «Ператрус у музэі», «Хлопчык і сьнег» і «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча, «Мінскага дзённіка» Юлі Цімафеевай, рамана «Па-той-бок: Старыя лялькі, новыя гульні» Зараславы Камінскай), відавочна, што апошнія гады празаічных кніг па-беларуску выходзіць менш, чым раней. І гэта здаецца мне кепскім знакам. На шчасце, беларускія выдавецтвы і ў краіне, і за мяжой працягваюць выдаваць кнігі: і перакладныя, і паэтычныя, і дзіцячыя, і навуковыя, і перавыданні –чытачы не застаюцца без навінак. Але напісанне буйной прозы: раманаў, аповесцяў, нон-фікшн, зборнікаў апавяданняў і гэтак далей – патрабуе пэўных умоваў, якіх цяпер у беларускіх літаратараў няма.

Прыемна аказацца ў кароткім спісе ў кампаніі з Валянцінам Акудовічам, Змітром Бартосікам, Евай Вайтоўскай, Марыяй Вайцяшонак і Валерам Гапеевым – гэта вельмі моцная каманда. Раней я старалася чытаць як мага больш за таго, што выходзіць па-беларуску, і асабліва тыя кнігі, якія трапляюць у кароткія спісы, цяпер праз пастаянныя пераезды гэтак не атрымліваецца. З сёлетняга спіса я чытала не ўсё, аднак знаёмая з творчасцю ўсіх пісьменніц і пісьменнікаў і ведаю іншыя іх кнігі. Спадзяюся, удасца знайсці і прачытаць тое, што не прачытала.

Валянцін Акудовіч:
Фота: Радыё Свабода

– Як толькі гэта прэмія з’явілася, то адразу вылучылася ў лідары сярод іншых літаратурных спаборніцтваў (а насамрэч – пісьменніцкіх дый чытацкіх святаў). Магчыма таму, што яе апекуном стаўся народжаны ў Мінску Ежы Гедройць…

Здаецца, якраз з гэтай прэміі я зразумеў, наколькі такога кшталту ўганараванні важныя для нашай літаратуры як такой, дый для ўсяго беларускага грамадства як такога. Беларусы нечакана ўсвядомілі, што напісаўшы харошую кнігу, можна зарабіць ганаровы статус пісьменніка і нават трошкі грошай. Дый я сам, дарэчы, паходжу з тых беларусаў.

І яшчэ… Літаратурныя прэміі мне нагадваюць пагранічныя слупы, вызначальнікі межаў. Маўляў, тут ужо нашая, беларуская тэрыторыя. Таму чым болей у нас будзе гэтых прэмій, тым больш падпорак будзе мець беларуская культура, і тым мацнейшай будзе нашая Беларусь.

На вялікі жаль, па стане здароўя прачытаць усіх намінантаў не ўдалося. Хоць адныя прозвішчы і постаці з кароткага спісу прэміі чаго вартыя!

Але хачу адзначыць кнігу шаноўнага Змітра Бартосіка, з яго экспедыцыяй па ваколіцах Маладзечна ў пошуках згадак пра паваенную гісторыю. А яшчэ Зміцер непасрэдна спрычыніўся да майго «Сізіфа», бо начытаў яго – і цяпер кніга займела свой голас.

І напрыканцы пытаемся ва ўсіх, ці верылі ў сваю зорку.

Зміцер Бартосік:

– Пра сваю працу магу сказаць толькі тое, што ніводная з папярэдніх трох кніг не была такой шматпакутнай. Я яе перарабляў ажно чатыры разы. Мяняючы структуру, дапісваючы свае эсэі, часам скарачаючы цытаты герояў.

Я спачуваю журы, якое вымушанае было рабіць выбар сярод такіх разнажанравых работ. Але ж, паўтаруся, гэта не чэмпіянат.

Ганна Янкута:

– «Час пустазелля» – мая першая «дарослая» празаічная кніга, якая намінавалася на прэмію Гедройця, і трапіць у кароткі спіс для мяне – ужо радасць і шанцаванне. Нагода святкаваць.

Валянцін Акудовіч:

– Не, я не верыў у магчымасць сваёй перамогі. Хаця, натуральна, неверагодна радасна атрымаць такую ўзнагароду: гэта ж Гедройць!

Фота: Аляксандр Драгавоз.
Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясняцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.


Мы шчыра дзякуем усім, хто ставараў прэмію, дапамагаў, падтрымліваў напрацягу ўсяго сезону – без вас свята літаратуры не адбылося бы такім урачыстым:

Арганізатарам прэміі:
Беларускаму ПЭНу і Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў

Арганізатарам цырымоніі ўзнагароджання:
Беларускаму ПЭНу, Беларускаму культурнаму таварыству «Хатка» за дапамогу ў арганізацыі цырымоніі ў Гданьску, Еўрапейскаму цэнтру салідарнасці ў Гданьску за атмасфернае месца і прафесійнае суправаджэнне цырымоніі, Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў за шматгадовае партнёрства і ўзнагароды для лаўрэатаў другога і трэцяга месцаў, Польскаму ПЭН-клубу за падтрымку і супрацу з польскім культурным асяроддзем.

Партнёрам падзеі:
Аўдыявыдавецтву «Кніжны воз» і «Audiobooks.by» за прафесійнае агучванне буктрэйлераў да кніг-фіналістак (тэксты чыталі: Алег Гарбуз, Кірыл Гарбуз, Крысціна Дробыш, Андрэй Дробыш, Алена Баярава, Сяргей Чуб), Euroradio.fm за інфармацыйную падтрымку і спецыяльную ўзнагароду.

Спонсарам:
Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

І ўсім, хто спрычыніўся да арганізацыі цырымоніі:

Творчай кінагрупе з Гданьска за стварэнне буктрэйлераў да кніг-фіналістак, ByProsvet (Fundacja ByProsvet) і усім датычным да вёрсткі і выпуску ў свет газеты пра Ежы Гедройця, краме кветак “AdF” за шыкоўныя букеты для фіналістаў і фіналістак прэміі, спявачцы Дар’і Новік, кампазітару Канстанціну Яськову і  струннаму квартэту «Anima Eterna» за стварэнне і выкананне песень на вершы беларускіх палітвязняў, а таксама вядоўцу цырымоніі Сяргею Падсасоннаму.