Новая рэдакцыя Статута
літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця
Зацверджана Аргкамітэтам Прэміі
22.01.2025
СТАТУТ
ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ІМЯ ЕЖЫ ГЕДРОЙЦЯ
(далей у тэксце – Статут)
І. ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ ІМЯ ЕЖЫ ГЕДРОЙЦЯ: АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1.1. Арганізатарамі конкурсу Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця (далей у тэксце – Прэмія) з’яўляюцца Аб’яднанне «Беларускі ПЭН» (далей у тэксце – Беларускі ПЭН), Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» (далей у тэксце – Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў) (усе разам далей у тэксце – Аргкамітэт) пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Мінску. Аргкамітэт у сваёй дзейнасці кіруецца Статутам.
1.2. Мэты Прэміі:
1.2.1. вызначэнне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове;
1.2.2. ушанаванне памяці Ежы Гедройця – публіцыста, палітыка, паслядоўнага прыхільніка добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай;
1.2.3. падтрымка актуальных беларускіх пісьменнікаў, спрыянне выхаду іх творчасці на міжнародны ўзровень;
1.2.4. спрыянне паглыбленню польска-беларускіх зносін у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.
1.3. Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ўпершыню ў папяровым або электронным фармаце або ў фармаце аўдыякнігі ў годзе, што папярэднічае году бягучай намінацыі.
1.3.1. Выдадзенай упершыню лічыцца кніга, больш за 50 % зместу якой публікуецца ў кнізе першы раз.
1.4. У спрэчных выпадках з пытаннямі наконт допуску кнігі на падставе жанру, мовы, арыгінальнасці Каардынатар Прэміі (далей у тэксце – Каардынатар) можа звярнуцца да Журы прэміі (далей у тэксце – Журы), якое вырашыць, ці адпавядае кніга патрабаванням, прапісаным у Статуце.
1.5. Кніга, што намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць выдадзена ў папяровым або электронным фармаце або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга была выдадзена ў годзе, што папярэднічаў году, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі, але з абгрунтаваных прычын не мела магчымасці ўдзельнічаць у папярэднім конкурсе Прэміі, яна можа быць прынята са згоды Аргкамітэта для ўдзелу ў бягучым годзе.
1.6. Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў кніг паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца кнігі жывых аўтараў.
1.7. Рашэннем Аргкамітэта дзеля бяспекі назва кнігі і імя аўтара, імя сябры Журы могуць быць зашыфраваны.
1.8. Парадак рэалізацыі конкурсу Прэміі на бягучы год, працэдуры прыёму заявак, а таксама ўзнагароджання пераможцаў вызначаюцца Рэгламентам Прэміі (далей у тэксце – Рэгламент), які зацвярджаецца Аргкамітэтам, з’яўляецца Дадаткам № 1 да Статута і можа змяняцца на працягу правядзення конкурсу Прэміі.
ІІ. ЭТАПЫ ПРЭМІІ
2.1. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:
Першы этап: прыём заявак і кніг Аргкамітэтам на конкурс Прэміі;
Другі этап: публічнае абвяшчэнне Поўнага спіса кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсе Прэміі (далей у тэксце – Поўны спіс);
Трэці этап: публічнае абвяшчэнне Доўгага спіса кніг-намінантаў конкурсу Прэміі (далей у тэксце – Доўгі спіс);
Чацвёрты этап: публічнае абвяшчэнне Кароткага спіса кніг-фіналістаў конкурсу Прэміі (далей у тэксце – Кароткі спіс);
Пяты этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэата/лаўрэатаў Прэміі.
2.2. З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Аргкамітэта, Журы, Каардынатар і/ці асобы, якія маюць дачыненне да падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў арганізатараў.
2.3. Заяўляць кнігі на конкурс Прэміі ўпаўнаважаны:
а) выдавецтвы;
б) сябры Журы;
в) сябры Аргкамітэта;
г) творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ;
д) аўтары кніг.
Форма і змест заяўкі на конкурс Прэміі, а таксама адрас, на які неабходна дасылаць заяўкі, вызначаны ў Рэгламенце.
2.4. Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы могуць падаваць прапановы для падачы заявак у Аргкамітэт. Аргкамітэт можа адмовіць або прыняць прапанову і дазволіць падачу заяўкі на конкурс Прэміі.
2.5. Кніга, заяўленая да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, выключаецца з удзелу, калі адсутнічае згода аўтара кнігі на ўдзел у Прэміі. Калі кніга мае некалькі аўтараў і іх жаданні адносна ўдзелу/няўдзелу ў конкурсе Прэміі разыходзяцца, кніга выключаецца з удзелу.
2.6. У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара.
2.7. Уладальнікі аўтарскіх правоў захоўваюць аўтарскія правы на свае творы. Дасылаючы творы на конкурс або выказваючы згоду на ўдзел, праваўладальнікі пагаджаюцца з умовамі конкурсу і перадаюць арганізатарам конкурсу Прэміі неабмежаваныя невыключныя маёмасныя правы на выкарыстанне вокладак і фрагментаў твораў (да 10 тысяч знакаў) у сувязі з конкурсам без якой-кольвек узнагароды. Самі творы могуць захоўвацца ў архівах Прэміі.
III. АРГКАМІТЭТ ПРЭМІІ
3.1. Аргкамітэт складаецца са старшыні Беларускага ПЭНа, старшыні Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (або з іншых прадстаўнікоў гэтых арганізацый, дэлегаваных у Аргкамітэт).
3.2. Аргкамітэт прызначае Каардынатара – асобу, якая каардынуе працу Аргкамітэта, Журы і ўсяго прэміяльнага працэсу. У некаторых выпадках пасада і абавязкі Каардынатара могуць быць падзелены паміж некалькімі асобамі.
3.3. Каардынатар не мае права голасу пры выбары лаўрэатаў Прэміі. Абавязкі Каардынатара вызначаюцца Дадаткам № 2.
3.4. Перад абвяшчэннем прыёму кніг на конкурс Прэміі Аргкамітэт зацвярджае Рэгламент на бягучы год.
3.5. Аргкамітэт прымае рашэнні на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год. Наконт пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Аргкамітэт прымае рашэнні паводле прынцыпаў слушнасці, характару Прэміі і яе падстаў.
3.6. Склад Аргкамітэта можа пашырацца. Новых кандыдатаў у сябры Аргкамітэта могуць прапаноўваць дзейныя сябры Аргкамітэта. Новыя сябры прымаюцца толькі кансэнсусам.
3.7. Сяброўства арганізацыі ў Аргкамітэце можа быць прыпынена паводле ўласнага жадання або ў выпадку абгрунтаванага рашэння Аргкамітэта (рашэнне наконт гэтага прымаецца не менш чым ⅔ галасоў ад агульнага колькаснага складу Аргкамітэта).
3.8. Сябры Аргкамітэта, Журы, Каардынатар абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў і галасавання Журы.
IV. ЖУРЫ ПРЭМІІ
4.1. Колькасць сябраў Журы кожны год вызначаецца Аргкамітэтам.
4.2. Сябры Журы прызначаюцца Аргкамітэтам.
4.3. Сябры Аргкамітэта не маюць права абірацца ў Журы.
4.4. Працу Журы курыруе Каардынатар у шчыльнай супрацы з Аргкамітэтам.
4.5. Сяброўства ў Журы заканчваецца а) з уручэннем узнагароды, б) калі сябра Журы не мае магчымасці выконваць свае абавязкі далей, в) калі сябра Журы падае афіцыйную пісьмовую адмову на адрас Аргкамітэта, г) у выніку парушэння Статута або Рэгламенту. У гэтым выпадку Аргкамітэт можа прызначыць новага сябру Журы.
V. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ СЯБРАЎ ЖУРЫ ПРЭМІІ
5.1. Сябры Журы абавязаны прачытаць усе кнігі, прынятыя да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, і прысутнічаць на пасяджэннях Журы.
5.2. Прысутнасць сябраў Журы на пасяджэннях Журы можа адбывацца ў фармаце відэа- або аўдыяканферэнцый. У выключных выпадках Сябра Журы, які не мае магчымасці прыняць удзел у пасяджэнні, можа даць Каардынатару пісьмова свае прапановы, у адпаведнасці з мэтай і прадметам пасяджэння.
У выпадку адсутнасці сябры Журы на двух пасяджэннях Аргкамітэт можа прыняць рашэнне пра выключэнне са складу Журы.
5.3. Кожны з сябраў Журы абавязаны зацвердзіць Поўны, Доўгі і Кароткі спісы кніг, якія прэтэндуюць на Прэмію, лаўрэатаў Прэміі ў адпаведнасці з працэдурамі, прынятымі Статутам і Рэгламентам.
5.4. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў, галасаванняў і абмеркаванняў. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы прынятыя падчас пасяджэнняў рашэнні да моманту іх афіцыйнага абвяшчэння.
5.5. У выпадку, калі праваўладальнікі не размясцілі выданні ў свабодным доступе, сябры Журы абавязаны не перадаваць нікому дасланых ім электронных або аўдыяверсій кніг, пададзеных на конкурс Прэміі. Папяровыя кнігі, пададзеныя на конкурс Прэміі, з’яўляюцца ўласнасцю Аргкамітэта.
5.6. Сябры Журы прымаюць рашэнні на пасяджэннях на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год.
5.7. Наконт пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Журы прымае рашэнні згодна з уласным меркаваннем, паводле прынцыпаў слушнасці, характару Прэміі і яе падстаў.
5.8. Абмеркаванні Журы падчас пасяджэнняў і прынятыя рашэнні фіксуюцца ў пратаколах пасяджэнняў.
5.9. Для вырашэння спрэчных пытанняў сябры Журы могуць ініцыяваць скліканне дадатковага пасяджэння Журы і прадстаўнікоў Аргкамітэта. За прыняцце рашэння пра дадатковае пасяджэнне мусяць прагаласаваць мінімум 2 (два) сябры Журы.
5.10. Пасяджэнні Журы могуць запісвацца ў аўдыя- ці відэафармаце для патрэб складання пратакола, а таксама для архіва Беларускага ПЭНа.
VI. МЕХАНІЗМ ГАЛАСАВАННЯ І ВЫЗНАЧЭННЯ ЛАЎРЭАТАЎ
6.1. Механізм і этапы галасавання за лаўрэатаў Прэміі ўключаюць:
6.1.1. Журы мусіць вызначыць Доўгі спіс, які складаецца з 12 (дванаццаці) кніг, Кароткі спіс, які складаецца з 6 (шасці) кніг, а таксама лаўрэатаў Прэміі, чые кнігі займаюць першае, другое і трэцяе месцы конкурсу Прэміі адпаведна.
6.1.2. Першае, другое і трэцяе месцы не могуць дзяліцца, кожнае месца можа займаць толькі адна кніга. Лаўрэатам-пераможцам Прэміі можа быць толькі адзін аўтар (аўтарскі калектыў) адной найлепшай кнігі, якая займае першае месца ў конкурсе Прэміі паводле рашэння Журы. У працэсе конкурсу Прэміі таксама вызначаюцца лаўрэаты, чые кнігі атрымліваюць другое і трэцяе месцы адпаведна.
6.1.3. Галасаванне адбываецца наступным чынам: сябры Журы збіраюцца на пасяджэнні, абмяркоўваюць і абіраюць Доўгі (12 пазіцый) і Кароткі (6 пазіцый) спісы шляхам адкрытага галасавання (пасля абмеркавання) простай большасцю галасоў.
6.1.4. Калі за апошняе месца ў Доўгім і Кароткім спісе спаборнічае некалькі кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае абмеркаванне і галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае 1 (адзін) голас, які аддаецца за 1 (адну) з кніг, што прэтэндуюць на апошняе месца.
6.2. Механізм выбару лаўрэатаў Прэміі прадугледжвае вызначэнне кніг, якія займаюць першае, другое і трэцяе месцы, што адбываецца пры абавязковай прысутнасці сябраў Журы на пасяджэнні і шляхам адкрытага галасавання (пасля абмеркавання) простай большасцю галасоў. Сябры Журы абавязаны падпісаць выпіску з пратакола фінальнага пасяджэння (або дэкларуюць свой подпіс анлайн).
VІI. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
7.1. Змены ў Статут уносяцца і зацвярджаюцца Аргкамітэтам. Статут пачынае дзейнічаць з даты зацвярджэння яго Аргкамітэтам.