Рэгламент прэміі імя Ежы Гедройця на 2024 год

ДАДАТАК № 1
да Статута
Літаратурнай прэміі
імя Ежы Гедройця 

Рэгламент прэміі імя Ежы Гедройця на 2024 год

Мэты Прэміі:

  • вызначэнне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове;
  • ушанаванне памяці Ежы Гедройця – публіцыста, палітыка, паслядоўнага прыхільніка добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай;
  • падтрымка актуальных беларускіх пісьменнікаў, спрыянне выхаду іх творчасці на міжнародны ўзровень;
  • спрыянне паглыбленню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.

Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе ў годзе, што папярэднічае году гэтай намінацыі.

Выдадзенай упершыню лічыцца кніга, больш за 50 % зместу якой публікуецца ў кнізе першы раз.

У спрэчных выпадках з пытаннямі наконт допуску кнігі на падставе жанру, мовы, арыгінальнасці Аргкамітэт можа звярнуцца па экспертнае меркаванне.

Кніга, што намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць выдадзена ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга была выдадзена ў годзе, што папярэднічаў году, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі, але з абгрунтаваных прычын не мела магчымасці ўдзельнічаць у папярэднім конкурсе Прэміі, яна можа быць прынята са згоды Аргкамітэта для ўдзелу ў гэтым годзе.

Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў кніг паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. У конкурсе могуць удзельнічаць кнігі жывых аўтараў.

З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Аргкамітэта, Журы, Каардынатар і/ці асобы, якія маюць дачыненне да падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў арганізатараў. 

Аўтар кнігі мусіць выказаць згоду на ўдзел яго кнігі ў конкурсе Прэміі. 

У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара.

Уладальнікі аўтарскіх правоў захоўваюць аўтарскія правы на свае творы. Дасылаючы творы на конкурс або выказваючы згоду на ўдзел, праваўладальнікі пагаджаюцца з умовамі конкурсу і перадаюць Аргкамітэту конкурсу неабмежаваныя невыключныя маёмасныя правы на выкарыстанне вокладак і фрагментаў твораў (да 10 тысяч знакаў) у сувязі з конкурсам без якой-кольвек узнагароды. Самі творы могуць захоўвацца ў архівах Прэміі.

Заяўка на Прэмію мусіць змяшчаць наступныя звесткі і матэрыялы:

  • інфармацыя пра намінатара, які вылучае кнігу на Прэмію: імя, прозвішча ці назва арганізацыі, кантактныя дадзеныя;
  • дадзеныя аўтара (суаўтараў) і кантактныя дадзеныя;
  • поўная назва, выдавецтва, месца і год выдання, ISBN кнігі;
  • тэкст кнігі ў электроннай версіі і ад 2 да 7 папяровых асобнікаў кнігі (калі яна выходзіла на паперы); калі з абгрунтаваных прычын перадача папяровых асобнікаў не магчымая, Аргкамітэт і Журы могуць прыняць кнігу да разгляду без выканання гэтага патрабавання;
  • выява вокладкі кнігі ў электроннай версіі (фармат jpg, png);
  • азнаямленне і згода з Рэгламентам гэтага года;
  • наяўнасць згоды аўтара на ўдзел у конкурсе Прэміі;
  • згода на апрацоўку персанальных звестак.

На конкурс Прэміі неабходна дасылаць: 

а) запоўненую гугл-форму заяўкі з прымацаванымі электроннымі асобнікамі кніг і выявамі вокладак;

б) у выніку тэхнічных праблем неабходна даслаць электронныя асобнікі кніг і выявы вокладак на адрас электроннай пошты [email protected] з пазнакай «Прэмія Гедройца 2024»;

в) перадаць папяровыя асобнікі кніг паводле папярэдняй дамоўленасці з камандай Прэміі.

Кнігі, атрыманыя для намінавання на Прэмію, не вяртаюцца.

Даты этапаў правядзення Прэміі і дата цырымоніі вызначаюцца Аргкамітэтам і абвяшчаюцца на афіцыйных старонках Прэміі.

Ход конкурсу асвятляецца на афіцыйных старонках Прэміі:

https://giedroyc.penbelarus.org/
https://www.facebook.com/giedroyc.by
https://www.instagram.com/giedroyc.by/
https://t.me/PENBelarus