«Культурны фронт» (праект Reform.news) сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў стварыў серыю публікацый пра шорт-лістараў галоўнай літаратурнай узнагароды. Мы вырашылі сабраць іх у адным пасце.
«Гульні Цырцэі»: рэтра-крымінал з атмасферай аршанскага нуару

Зміцер Дзядзенка увайшоў у кароткі спіс Прэміі Гедройця з рэтра-крымінальным раманам пра Оршу 1920-х «Гульні Цырцэі» (фонд Kamunikat.org).
Раман нарадзіўся з невялікай газетнай нататкі «Мінулае піанэр-руху» ў часопісе «Аршанскі маладняк», які выдаваўся сто гадоў таму. Дзеці і падлеткі ў Оршы стварылі сваё каралеўства з развітой сацыяльнай, вайсковай і нават фінансавай сістэмай. Гэтае дзіцячае каралеўства аўтар артыкула спрабуе паказаць як зараджэнне піянерскага руху ў горадзе.
Гісторыя настолькі захапіла Змітра Дзядзенку, што ён спачатку расказаў пра яе ў Фэйсбуку, а пасля ператварыў у мастацкі твор, дзе лёс дзіцячага каралеўства (у кнізе — імперыі) стаў імпульсам, невялікім фрагментам, але не канвой кнігі. Кніга пачынаецца як класічны дэтэктыў: з забойства князя Друцкага. Злачынства даручана расследаваць нявопытнаму чэкісту Раману Васільчуку, які — у сваю чаргу — просіць дапамогі ў былога следчага Паўла Дадэркі. Малады чэкіст Раман паступова набіраецца досведу пад пільным вокам сваіх калег і начальства, здраджвае настаўніку, пазбаўляецца рэвалюцыйнага ідэалізму і на нашых вачах ператвараецца ў паўнапраўнага гаспадара жыцця.
Падзеі разгортваюцца на тле грамадскіх зрухаў, палітычнага гвалту, сялянскіх бунтаў і рабочых паўстанняў, бандыцкіх налётаў, польскага шпіянажу, то-бок у часы брутальных перамен, калі праз рэшткі дарэвалюцыйнага жыцця прарастаюць савецкія рэаліі, а з геапалітычных разломаў выпаўзаюць каларытныя персанажы новага свету.
Чытаць публікацыю цалкам на сайце Reform.news.
«Занзібар. Сталенне маладой душы»: падарожжа, далёкае ў часе і прасторы

Сяргей Дубавец увайшоў у кароткі спіс Прэміі Гедройця з кнігай «Занзібар. Сталенне маладой душы», выдадзенай у пражскім выдавецтве «Вясна».
Маленькі хлопчык на чорна-белым здымку смяецца так бесклапотна, як гэта магчыма толькі ў раннім дзяцінстве, калі шчасце поўнае, а жыццё бясконцае. Паверх фатаграфіі лімонным колерам праменіцца слова «Занзібар». Вокладка новай кнігі Сяргея Дубаўца – парадаксальная квінтэсэнцыя зместу. Зразумець, пра што кніга, з першага погляду немагчыма, трэба пачаць чытаць, зацікавіўшыся экзотыкай. Прычым адразу і не асэнсоўваеш, якая экзотыка вабіць найперш – далёкі востраў Занзібар ці чорна-белая фатаграфія з малазнаёмым сёння антуражам – смешным камбінезонам на гузіках, нейкім металічным кубкам у руках хлопчыка. Падзагаловак кнігі «Сталенне маладой душы» яшчэ больш збівае з панталыку, але прынамсі тлумачыць з‘яўленне малога на вокладцы. Ну што ж, прынамсі аўтар заінтрыгаваў…
Таямніца Занзібара раскрываецца хутка – гэта і геаграфічная лакацыя, куды аўтара закінуў лёс, і адначасова – метафара. Толькі на Занзібары жыццё ўспрымаецца такім жа, якім яно было ў дзяцінстве. І дзяцінства тое выглядае цяпер гэтак жа экзатычна, як і востраў Занзібар.
Храналагічна-геаграфічны кульбіт, які вызначае структуру аповеду, прывязаны да канкрэтных каардынатаў: да месцаў нараджэння, сталення, вандровак, працы, службы ў войску, да лакацыі, у якой аўтар працуе над тэкстам. Усё гэта можна адшукаць на карце, аднак не ўсе гарады дасяжныя, і ёсць прынамсі два розныя Менскі, у адзін з іх цяжка патрапіць, а ў другі немагчыма: сённяшні, з якога ён змушаны быў спешна выехаць з-за пагрозы пераследу, і Менск яго дзяцінства.
Чытаць публікацыю цалкам на сайце Reform.news.
«Перамена месцаў» Югасі Каляды: камедыя інтрыгі, якая абернецца палітычнай драмай

Югася Каляда ўвайшла ў кароткі спіс Прэміі Гедройця з раманам «Перамена месцаў». Кніга выйшла ў выдавецтве «Пфляўмбаўм».
Шаноўны чытач! Ці здольны Вы супрацьстаяць папулярнай фабуле, калі два героі ў творы мяняюцца целамі? Не спяшайцеся з адказам. Аглядальнік Reform.news як дзіця «клюнуў» на гэты сюжэтны ход у кніжцы Югасі Каляды «Перамена месцаў» і не спыніўся, пакуль не прачытаў увесь твор. І ведаеце што? Беларускія аўтаркі ўмеюць здзіўляць.
«Сітуацыйная камедыя» пераўтвараецца ў сацыяльна-палітычную драму на тле гомельскіх гарадскіх відарысаў. Гэты раман нясе ў сабе адзін з найважнейшых выклікаў нашага часу: ці здольныя мы зразумець, што з намі адбываецца? І ці здольны паразумець адно аднаго?
Галоўныя персанажы містычна-рэалістычнага рамана пісьменніцы жывуць у Гомелі. Не ў Амерыцы ці Бразіліі, Польшчы ці Францыі. А ў чароўным Гомелі, як любіць казаць наш падарожнік-дылетант Юрась Жыгамонт, «Рэспублікі Беларусь». І менавіта ў цягніку з Менску ў Гомель дзве жанчыны рознага веку, знешнасці і характару апынуцца ў адным вагоне на суседніх крэслах і дамовяцца памяняцца месцамі. У выніку… нараніцу кожная прачнецца не толькі не ў сваёй кватэры, а і ў чужым целе. Мяркую, што хтосьці з чытачоў ужо падумаў пра так званы жаночы раман, камедыю сітуацый, але не спяшайцеся з высновамі.
Чытаць публікацыю цалкам на сайце Reform.news.
Аляксандр Лукашук — пра кнігу «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» і звышжурналістыку

Аляксандр Лукашук трапіў у шорт-ліст з кнігай, у якой апісвае сваю працу на «Радыё Свабода». «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» выйшла ў пражскім выдавецтве «Вясна».
«Трыццаць год на Свабодзе аўтар адчувае як адзін дзень», — піша Аляксандр Лукашук у анатацыі да кнігі. І сапраўды, успаміны пра працу на «Радыё Свабода» – не паслядоўнае апісанне, а нешта іншае – шчыльны згустак сэнсаў, сканцэнтраваны досвед і не разблытаны да канца клубок падзей, у які ўплялі свае ніці час, лёс, палітычныя варункі і жыццёвыя абставіны. Не храналогія рухае гэтым сюжэтам, а, як кажа сам спадар Аляксандр, амбіцыя і эмоцыя.
Напісаны за тры месяцы тэкст адначасова рытмічны, як біццё сэрца і парадаксальна нервовы, як няроўнае дыханне. Аўтар раскрывае механізмы працы, прыадчыняе ўнутраную камунікацыю, расказвае, як прымаліся складаныя рашэнні. І хоць развагі пра прафесію, вартасці і небяспечныя яе бакі займаюць ладны кавалак гэтага тэксту, «Там, дзе няма цемнаты» — не даведнік па журналістыцы, а хутчэй споведзь. «Гэта кніга пісалася не як гісторыя Беларусі ці незалежнай журналістыкі, нават не як гісторыя радыё, але як гісторыя самога сябе», — адказвае Аляксандр Лукашук на адно з пытанняў нашага інтэрв’ю.
Пагаварылі з Аляксандрам Лукашуком пра чытачоў, журналісцкую місію і звышлітаратуру.
Чытаць публікацыю цалкам на сайце Reform.news.
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў»: кніга пра тое, як усё здараецца, калі не адбываецца нічога

Анка Упала ўвайшла ў кароткі спіс Прэміі Гедройця з кнігай «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў», выдадзенай у выдавецтве Alena Kazlova.
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — кніга-фатаграфія, якая робіць адметнымі і незабыўнымі імгненні звычайнага жыцця. Пейзаж, вылучаны аўтарам, і героі, якія пачынаюць выпраменьваць святло, бо менавіта на іх падае позірк фатографа, — ці заўважалі вы, што фотаздымак перастварае нашу рэальнасць, захоўваючы прастору і час? Што ён фіксуе не толькі «кавалачак жыцця», але робіць бачным аўтара і яго стаўленне да таго, што ён фатаграфуе? Што ён выдае магію моманту? Такую паралель можна правесці з аповесцю «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў», у якой Анка Упала выяўляе рухомае паветра чалавечай камунікацыі.
Год таму першы раман пісьменніцы «На заснежаны востраў», які можна лічыць папярэднікам аповесці «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў», мне дала пачытаць сяброўка. Не адразу «ўвайшла» ў гэту прозу. У кнізе беларуская аўтарка прыехала вывучаць шведскую мову ў народнай школе ў маленькім гарадку і ў звычайных рэчах сустракалася з новым для сябе светам. Пакой у інтэрнэце і суседкі па ім, аднагрупнікі з самых розных краін, заданні па шведскай мове, прагулянкі з сябрамі на возера… А потым здарылася тое, што здарылася — гісторыя, у якой няма ліхіх сюжэтных паваротаў, раптам узяла ў палон унутраным камертонам і інтанацыяй.
«На заснежаны востраў» аказалася кнігай пра свет і ўразлівыя чалавечыя сувязі. Пра талерантнасць, паразуменне, адзіноту, чалавечнасць, пра здольнасць паразумецца. Пра асабістыя межы. Працяг «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў», які цалкам можна разглядаць як асобны твор — ува многім пра тое ж. Пра тое, як мы (не) супадаем з Іншым, часам вельмі блізкім нам чалавекам.
Чытаць публікацыю цалкам на сайце Reform.news.
«Забойства на вуліцы Макаёнка»: дэтэктыў пра постпратэсны Мінск 2020-х, які вы (не) чакалі

Клёк Штучны ўвайшоў у кароткі спіс Прэміі Гедройця з дэтэктывам пра пострэвалюцыйны Мінск 2020-х «Забойства на вуліцы Макаёнка» (аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч»). На конкурс падавалася аўдыяверсія твора.
Ужо не першы год ідзе размова пра тое, што беларускай літаратуры не хапае жанравых рэчаў. «Няма добрага дэтэктыву, калі б чытаў і не мог адарвацца», — кажа адзін. «Хочацца нешта такое, каб проста адпачыць, але гэта ўсё было про нас», — агучвае запыт другая. «Беларуская літаратура надта сур’ёзная для мяне», — скардзіцца трэці.
Вядома, шматлікія жанры ў беларускай літаратуры сапраўды не асвоены і толькі пачынаюць развівацца. Але як спявае Джордж Майкл, «слухай чытай без прадузятасці» («listen without prejudice»). Часам, каб спатоліць свой запыт, трэба пачаць чытаць. Новая кніга «Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага — для адкрытай і дасціпнай публікі можа стаць тым самым творам, які здолее і развесяліць, і запаволіць у бясконцай гонцы спажывання навін. А самае галоўнае, ён дазволіць пабываць у Мінску пасля 2020 года і паглядзець на беларускую рэвалюцыю з зусім неканвенцыйнага боку, — а гэта, пагадзіцеся, шмат чаго каштуе.
Сюжэт у трох сказах. Халасцяк Якуб Пісьменны ў паслярэвалюцыйным Мінску 2020-х бярэцца за расследаванне забойства Жанны Танцэн, якое прыводзіць яго да загадкавай фігуры Купца Гільдыі гарадскіх вар’ятаў. Дзейнічаючы ў абставінах рэпрэсій рэжыму і метафізічных катаклізмаў, Якуб прыходзіць да разгадкі, якая ў тым ліку пралівае святло і на перыпетыі яго сямейнай гісторыі.