Мы, Беларускі ПЭН і іншыя праваабарончыя і культурніцкія арганізацыі, што падпісалі гэтую заяву, звяртаем увагу міжнароднай супольнасці і ўладаў Літвы на шэраг актаў вандалізму і праяў мовы варожасці, скіраваных супраць беларускай супольнасці, у Вільні ў 2024 годзе:
- 28 ліпеня атаку невядомых зазнала беларуская крама «Kropka».
- 1 жніўня на будынку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) з’явіўся абразлівы надпіс у дачыненні да беларусаў (этнічнай большасці студэнтаў ЕГУ).
- 4 і 5 верасня невядомыя абстралялі вокны храма, дзе праводзіць службы беларуская праваслаўная супольнасць, разбілі вокны Беларускага дома (Цэнтра беларускай супольнасці і культуры), побач з офісам беларускай валанцёрскай арганізацыі «Дапамога» пакінулі зняважлівы надпіс у дачыненні да беларусаў.
- 26 кастрычніка невядомыя падпалілі ўваходныя дзверы будынка Цэнтра беларускай супольнасці і культуры, пакінулі зняважлівы надпіс і зафарбавалі мясцовы мурал.
- 5 лістапада ксенафобскія надпісы з’явіліся на беларускай кавярні «Карчма 1863».
Адзначым, што двойчы атакаваны Цэнтр беларускай супольнасці і культуры ў Вільні з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй беларусаў Літвы, якая стварае прастору для беларускіх праектаў і ініцыятыў. У цэнтры праводзяцца ў тым ліку курсы беларускай і літоўскай моваў, выставы, бясплатная нефармальная адукацыя для дзяцей.
Мы рашуча асуджаем любыя формы нянавісці, якія могуць падрываць асновы дэмакратычнай і прававой дзяржавы. Выкарыстанне мовы варожасці і праявы нецярпімасці недапушчальныя ў грамадстве, што паважае правы чалавека. Такія дзеянні сеюць разлад і напружанасць у грамадстве. Непрыняцце дзяржавай аператыўных мераў расследавання і прыцягнення вінаватых да адказнасці спрыяюць парушэнню нормаў Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі.
Мы заклікаем улады Літвы правесці дэталёвае расследаванне гэтых інцыдэнтаў, прыцягнуць вінаватых да адказнасці і гарантаваць бяспеку ўсіх жыхароў Літвы, незалежна ад іх нацыянальнасці і паходжання. Мы звяртаемся таксама да міжнароднай супольнасці і праваабарончых арганізацый з просьбай звярнуць увагу на гэтую сітуацыю і падтрымаць намаганні ў супрацьдзеянні дыскрымінацыі і распальванні штучнай варожасці паміж беларусамі і літоўцамі.
Выказваем словы падтрымкі і салідарнасці непасрэдна пацярпелым арганізацыям. Мы заклікаем усіх да салідарнасці і супрацы ў барацьбе з праявамі нянавісці і нецярпімасці.
Каб падтрымаць заяву, калі ласка, запоўніце кароткую форму.
Падпісанты:
Беларускі ПЭН / PEN Belarus
Тутэйшы Тэатр/ Tutejšy Teatr
Тэлеграм-канал “Священный Белавуд” / Telegram channel “Holy Belawood”
ФШ: Беларуская фатаграфічная платформа / FSh1: Belarusian Photographic Platform
Асацыяцыя ЧАБОР / Association CZABOR
Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі” (Budzma) / VŠĮ „Būkim kartu“
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (“Backaŭščyna“) / VŠĮ „Mano šalis“
Фонд Тутака / Tutaka Foundation / Fundacja Tutaka
Музей Вольнай Беларусі / Free Belarus Museum
Фонд “Дом творцаў” / Foundation “Dom Tvorcau”
Цэнтар беларускай супольнасьці й культуры / Baltarusių bendruomenės ir kultūros centras
Human Constanta, праваабарончая арганізацыя / Human Constanta, human rights organization
Праваабарончы цэнтр “Вясна” / The Human Rights Center “Viasna”