• Заявы
  • Пратэст з нагоды пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі

Пратэст з нагоды пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі

Апошняе абнаўленне: 3 ліпеня 2024
Пратэст з нагоды пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі

Беларускі ПЭН выказвае пратэст і звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на новы кірунак рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі – пераслед за ўдзел у святкаванні Дня Волі. 

Дзень Волі – нацыянальнае беларускае свята, гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублікі (25 сакавіка 1918 года была прынята Трэцяя Устаўная грамата). 

Публічныя святкаванні Дня Волі ў Беларусі аднавіліся ў 1989 годзе з акцыі ў Мінску мастака Алеся Пушкіна, які зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута. Алесь Пушкін загінуў у ліпені 2023 года, бо не атрымаў своечасовай медычнай дапамогі ў турме № 1 у Гродне. З 1993 года Дзень Волі святкуецца ў Беларусі на неафіцыйным узроўні і звычайна суправаджаецца затрыманнямі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (што парушае права на свабоду сходаў) або за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі – гістарычнага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга (што парушае права беларусаў на культурную самаідэнтыфікацыю). Праваабарончы цэнтр «Вясна» зазначае, што, за рэдкім выключэннем, 25 сакавіка заўсёды быў днём затрыманняў, арыштаў, брутальных разгонаў мірных грамадзян.

У выніку няспынных рэпрэсій, якія працягваюцца з 2020 года, адкрытае святкаванне Дня Волі ў Беларусі немагчымае. Разам з тым Дзень Волі мае даўнюю традыцыю святкавання ў беларускай дыяспары, значную частку якой сёння складаюць людзі, якім давялося выехаць з Беларусі ў выніку рэпрэсій пасля 2020 года. Гэты дзень ушаноўвае беларускую незалежнасць, дзяржаўнасць, а таксама беларускую мову, гісторыю, нацыянальныя сімвалы (герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг), з’яўляецца сімвалічным святам яднання для беларусаў, якія прагнуць для сваёй краіны свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы. Традыцыйны складнік святкавання – выступы беларускіх творцаў: літаратараў, музыкаў, артыстаў, мастакоў і г. д. У сённяшняй сітуацыі рэпрэсій супраць беларускай культуры ў Беларусі і палітыкі русіфікацыі Дзень Волі робіцца яшчэ і святам адстойвання беларусамі сваёй культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. 

Імпрэзы з нагоды Дня Волі ў 2024 годзе прайшлі за межамі Беларусі. Пры гэтым арганізатары намагаліся забяспечыць інтэрнэт-трансляцыі, каб у святкаванні маглі сімвалічна паўдзельнічаць і людзі, якія засталіся ў Беларусі. Незалежныя СМІ шырока асвятлялі святкаванні.

У траўні 2024 года стала вядома пра крымінальную справу супраць удзельнікаў святкавання Дня Волі, якое адбывалася ў гарадах і краінах, дзе ёсць актыўная беларуская дыяспара, і праходзіла ў адпаведнасці з заканадаўствам гэтых краін. 16 траўня 2024 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заявіў, што дадаў 104 прозвішчы ў спіс падазраваных паводле справы «беларусаў замежжа». Вядома, што крымінальная справа распачата паводле артыкулаў 361-1 і 369-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім» і «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Следчы камітэт Беларусі сцвярджае, што ў рамках расследавання ўжо атрымана інфармацыя пра наяўныя на тэрыторыі Беларусі аб’екты нерухомасці і іншую маёмасць падазраваных. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні: праверкі, ператрусы, арышт маёмасці і «іншыя працэсуальныя меры». Праваабарончай супольнасці вядомыя канкрэтныя выпадкі палітычна матываванага пераследу актораў, музыкаў, гісторыкаў, літаратараў, а таксама іншых удзельнікаў святкавання Дня Волі. Беларускі  ПЭН працягвае фіксаваць публічныя і непублічныя паведамленні на гэты конт. 

Мы падкрэсліваем, што свабода слова і думкі – базавыя правы чалавека, зафіксаваныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ААН (арт. 19), а таксама ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 19). Рэспубліка Беларусь абавязалася выконваць гэтыя міжнародныя дамовы, гарантуючы сваім грамадзянам права на свабоду выказвання думкі і мірных сходаў. 

Права на мірныя сходы замацавана Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (арт. 21). Усеагульная дэкларацыі правоў чалавека (арт. 20) таксама дэкларуе права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый.

Немагчымасць і забарона ўдзелу ў святкаванні Дня Волі і пераслед за гэта, асабліва з увагі на культурна-асветны характар свята, з’яўляюцца парушэннем культурных правоў. Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (арт. 15) прызнае права на ўдзел у культурным жыцці (непасрэдна ўдзел у культурным жыцці, доступ да культурнага жыцця, магчымасць рабіць унёсак у культурнае жыццё). 

Права кожнага чалавека на ўдзел у культурным жыцці, як і іншыя правы, замацаваныя ў пазначаных міжнародных актах, накладаюць на Беларусь, як дзяржаву-ўдзельніцу, абавязацельствы: 

  • паважаць: дзяржава не можа ўмешвацца (проста або ўскосна) у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта значыць, дзяржаўныя органы не могуць ажыццяўляць дзеянні, якія парушаюць культурныя правы;
  • абараняць: дзяржава мусіць рабіць усё магчымае для прадухілення ўмяшання трэціх асоб (фізічных і юрыдычных) у рэалізацыю чалавекам права на ўдзел у культурным жыцці;
  • ажыццяўляць: дзяржава мусіць прымаць усе неабходныя меры на ўзроўні палітыкі, каб забяспечыць найбольш поўную рэалізацыю культурных правоў.

Пераслед за мірныя сходы і выказванне сваіх перакананняў, за падтрымку беларускіх культурных традыцый, гісторыі і мовы з’яўляцца грубым парушэннем гэтых правоў.

Мы лічым, што арышты маёмасці з намерам далейшага яе адабрання дзяржавай, дэклараваным у публічнай прасторы, з’яўляюцца адвольнымі дзеяннямі і парушаюць нормы як міжнароднага (у тым ліку арт. 17 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека), так і нацыянальнага права (у тым ліку арт. 2 Грамадзянскага кодэкса). Паводле гэтых артыкулаў, ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены сваёй маёмасці. Беларускі ПЭН лічыць, што адсутнічаюць фактычныя падставы для арышту маёмасці, дзеянні ўладаў Беларусі з’яўляюцца неабгрунтаванымі, незаконнымі і супярэчаць міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь.

Беларускі ПЭН:
  • асуджае парушэнні гэтых фундаментальных правоў;
  • патрабуе спыніць пераслед удзельнікаў святкавання Дня Волі;
  • заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі.
Каб патрымаць заяву, калі ласка, запоўніце кароткую форму.