На 30 лістапада 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 34, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 161.
Пасля адміністрацыйнага арышту не выйшаў на волю кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен» Павел Станкевіч.
Віцебскую выкладчыцу фартэпіяна Таццяну Лук’янаву асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.
Тэрмін у калоніі за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» прысудзілі настаўніцы англійскай мовы Аляксандры Дуброўскай.
У кватэры бацькоў журналісткі Ірыны Халіп адбыўся ператрус. Бацька Ірыны Халіп, Уладзімір Халіп, вядомы сцэнарыст і мастацтвазнаўца.
Кнігі Сашы Філіпенкі «Слон» і «Чырвоны крыж» абвясцілі «экстрэмісцкімі».
У Мінску забаранілі выставу мастака Сяргея Рымашэўскага «Кардыяграма».
Сайт з беларускімі кнігамі і сувенірамі kirma.sh заблакаваны рашэннем пракурора.
«Экстрэмісцкімі» абвешчаны старонкі Radio Plato.
Суд прызнаў «экстрэмісцкім» Instаgrаm-акаўнт незалежнага беларускага выдавецтва rozum.media.
Сувенірную «Калядную краму», якая прадавала навагоднія шары з партрэтамі пісьменнікаў, закрылі ў межах расследавання.
У Мінску закрылася незалежная творчая прастора «Манахром».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 28 лістапада пасля адміністрацыйнага арышту не выйшаў на волю кіраўнік рыцарскага клуба «Барысфен», рэканструктар Павел Станкевіч з Магілёва. Ён быў затрыманы 3 лістапада і атрымаў 15 сутак арышту. Таксама былі затрыманы яшчэ двое асоб, якія маюць дачыненне да «Барысфена», аднак пра іх ніякіх падрабязнасцяў няма.
2. 29 лістапада стала вядома, што віцебскую выкладчыцу фартэпіяна Таццяну Лук’янаву асудзілі на «хатнюю хімію» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), меркавана ў межах справы «Беларускага Гаюна» – чата, у якім дзяліліся інфармацыяй пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Таццяна Лук’янава мае больш за 20 гадоў канцэртмайстарскай практыкі.
3. 30 лістапада стала вядома, што ў Магілёўскім абласным судзе ў межах справы дваровых чатаў на тэрмін у калоніі паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) асудзілі настаўніцу англійскай мовы Аляксандру Дуброўскую. Яе арыштавалі ў канцы 2024 года.
ІІ. Пераслед сем’яў беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі
27 лістапада ў Мінску ў кватэры бацькоў журналісткі Ірыны Халіп адбыўся ператрус. Бацька Ірыны Халіп, Уладзімір Халіп, вядомы сцэнарыст і мастацтвазнаўца. У дачыненні да журналісткі Ірыны Халіп, якая жыве за межамі Беларусі, пракуратура Беларусі вядзе крымінальную справу. Супрацоўнікі міліцыі паказалі пастанову, у якой сказана, што ператрус праводзіцца ў межах крымінальнай справы на падставе «экстрэмісцкага» артыкула. Дапыталі Ірыніну маці Люцыну Бяльзацкую, спрабавалі высветліць, дзе Ірына цяпер.
III. Цэнзура
24 лістапада ў Мінску забаранілі выставу мастака Сяргея Рымашэўскага «Кардыяграма». Выстава мелася адбыцца з 25 лістапада па 13 снежня ў галерэі «Мастацтва» Саюза мастакоў на праспекце Незалежнасці.
IV. Прызнанне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх сацыяльных сетак
19 лістапада судом Партызанскага раёна Мінска «экстрэмісцкімі» прызналі старонкі Radio Plato: старонкі радыё ў Telegram, Instagram, «УКантакце», а таксама сайт праекта. Radio Plato – незалежнае інтэрнэт-радыё з Мінска. У апісанні праекта пазначана: «Мы пішам пра мясцовую музычную сцэну, вядзём перадачы і публікуем падкасты. Гэта тое, што мы робім, каб умацаваць супольнасць і папулярызаваць яе ва ўсім свеце». 20 лістапада інтэрнэт-радыё Radio Plato абвешчана «экстрэмісцкім фарміраваннем».
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 17 лістапада стала вядома, што кнігі Сашы Філіпенкі «Слон» і «Чырвоны крыж» (Кракаў: Gutenberg Publisher, 2025) абвешчаны «экстрэмісцкімі». Адпаведнае рашэнне было прынята судом Кастрычніцкага раёна Мінска 13 лістапада. Нагадаем, у верасні гэтыя кнігі дадалі ў спіс забароненых для распаўсюду на тэрыторыі Беларусі.
2. 18 лістапада 2025 года суд Лідскага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» Instаgrаm-акаўнт незалежнага беларускага выдавецтва rozum.media.
3. 20 лістапада сайт з беларускімі кнігамі і сувенірамі kirma.sh заблакаваны паводле пастановы пракурора Магілёўскай вобласці. Паведамляецца, што на сайце «прапаноўвалася да набыцця інфармацыйная прадукцыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі» – кніга «Айчына: Маляўнічая гісторыя» і навукова-папулярнае друкаванае выданне «Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944–1954», а таксама «Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын», выдадзеная ініцыятывай ByProsvet, якую раней прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
VI. Забарона культурніцкіх ініцыятыў
30 лістапада ў Мінску закрылі незалежную творчую прастору «Манахром». У звароце да аўдыторыі стваральнікі пляцоўкі адзначылі: «На жаль, абставіны аказаліся мацнейшымі за нас, і мы вымушаны паставіць кропку ў гэтай гісторыі». «Манахром» быў вядомы як пляцоўка ініцыятывы Cinemascope на чале з кінападзвіжнікамі Вольгай Надольскай і Герам Глікам. Тут ладзіліся рэгулярныя паказы, рэтраспектывы класікаў сусветнага кіно і тэматычныя праграмы, адбываліся канцэрты класічнай музыкі, прэзентацыі, дыскусіі.
VII. Ідэалагічная цэнзура
15 лістапада памяшканне сувенірнай мінскай «Каляднай крамы», якая прадавала навагоднія шары з пісьменнікамі, зачынілі ў межах крымінальна-працэсуальнага расследавання. У выніку даносу прарасійскай прапагандысткі ў краме знялі з продажу навагоднія шары з партрэтам Ларысы Геніюш. Ларыса Геніюш (1910–1983) – беларуская паэтка і палітычная дзяячка. Была арыштавана ў Празе ў 1948 годзе, экстрадавана ў БССР, у лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР асудзіў яе на 25 гадоў зняволення ў лагерах за «дапамогу міжнароднай буржуазіі». У зняволенні пісала вершы, якія ў рукапісным выглядзе распаўсюджваліся сярод вязняў. Вершы вязні называлі «глюкоза», бо яны давалі сілы жыць. Вызвалена ў 1956 годзе, жыла ў Зэльве, да канца жыцця адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. «Неаднаразова ставілася пытанне пра рэабілітацыю Ларысы Геніюш, але Вярхоўны суд вызначыў, што падстаў для яе рэабілітацыі няма», – заявілі ў пракуратуры ў лістападзе 2015 года.