Вы ствараеце паэзію і хочаце, каб вашая кніга атрымала прызнанне? Не прапусціце магчымасць стаць часткай галоўнай паэтычнай падзеі года! Сёлета на прэмію будуць прэтэндаваць кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе. Гэта ўнікальны шанц прадставіць сваю творчасць шырокай аўдыторыі, атрымаць водгукі ад калег і крытыкаў, а таксама заявіць пра сябе ў літаратурнай супольнасці.
Паэтычная прэмія імя Наталлі Арсенневай была заснавана ў гонар выдатнай паэткі і зоркі беларускай літаратуры, аўтаркі славутага верша «Малітва» («Магутны Божа»). Яе творчасць і дзейнасць на эміграцыі сталі важным унёскам у захаванне і развіццё беларускай культуры. Дарэчы, летась Беларускі ПЭН апублікаваў вялікі артыкул пра патронку паэтычнай прэміі.
З 2021 года арганізацыяй гэтай прэстыжнай падзеі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Мы імкнёмся адкрыць і ўзнагародзіць выдатную кнігу паэзіі, напісаную ў багацці нашай мовы, і аддаць даніну павагі Наталлі Арсенневай, славутай беларускай паэтцы. Кожны год мы з нецярпеннем чакаем новых паэтычных кніг, што змагаюцца за званне найлепшага выдання, адкрываючы нам розныя грані беларускай паэтычнай душы.
Як узяць удзел?
Правам намінавання валодаюць самі аўтары/аўтаркі паэтычных кніг, выдавецтвы, сябры журы, сябры аргкамітэта, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.
Умовы конкурсу:
- Жанр: паэзія.
- Год выдання: кніга мусіць быць выдадзена ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года.
- Мова: беларуская.
- Фармат: кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш за палову зместу якой публікуецца ў кнізе ўпершыню).
Калі кніга, якая намінуецца на прэмію, выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.
Цяпер можна намінаваць і аўдыякнігі!
З гэтага года намінаваць на прэмію можна аўдыякнігі, якія выйшлі ўпершыню ў тэрмін паміж 1 студзеня і 31 снежня 2024 года. Звяртаем вашую ўвагу на тое, што кнігі ў такім фармаце таксама мусяць выконваць патрабаванні ўдзелу ў прэміі. Сярод іншага гэта наяўнасць нумару ISBN. Калі аўдыякнігі маюць папяровыя выданні, якія выходзілі да года намінацыі, то-бок не з’яўляюцца новымі кнігамі, яны не прымаюцца да ўдзелу ў прэміі.
Падрабязнасці ўдзелу
Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца на нашым сайце:
Дзе падаць заяўку?
Усё проста! Запоўніце спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод, электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў [email protected]. Не забудзьцеся абавязкова пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі.
Канчатковы тэрмін падачы заявак – да 23:59 12 лютага 2025 года.
Журы
Найлепшыя кнігі будуць вызначацца выдатнымі беларускімі паэткамі і паэтамі, крытыкамі і крытыкесамі ды літаратуразнаўцамі. Імёны публічных сябраў журы будуць абвешчаны ўжо неўзабаве!
Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі «Толькі вершы». У мінулым годзе прэмію атрымалі адразу дзве аўтаркі: Наста Кудасава за кнігу «Побач» (2022 год) і Ганна Шакель за кнігу «Целу мігдалу» (2023 год).
Больш падрабязнасцяў шукайце на нашым сайце.
Не губляйце шанц! Ваш паэтычны голас мусіць быць пачуты!