• Навiны
  • Статут літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай

Статут літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай

Апошняе абнаўленне: 22 студзеня 2025
Статут літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай

Новая рэдакцыя Статута
Літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай 

Зацверджана Аргкамітэтам Прэміі
22.01.2025

СТАТУТ
ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ІМЯ НАТАЛЛІ АРСЕННЕВАЙ

І. ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ ІМЯ НАТАЛЛІ АРСЕННЕВАЙ: АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1.1. Прэмія імя Наталлі Арсенневай (далей у тэксце –  Прэмія) была заснавана ў 2016 годзе рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускі ПЭН-цэнтр», грамадскім аб’яднаннем «Саюз беларускіх пісьменнікаў», міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». З 2021 года арганізатарамі Прэміі імя Наталлі Арсенневай з’яўляюцца асацыяцыя «Беларускі ПЭН» (далей у тэксце – Беларускі ПЭН), асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» (далей у тэксце – Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў) (усе разам далей у тэксце – Аргкамітэт). Аргкамітэт у сваёй дзейнасці кіруецца Статутам Прэміі (далей у тэксце – Статут) і Рэгламентам Прэміі (далей у тэксце – Рэгламент) на бягучы год.

1.2. Мэты Прэміі:

1.2.1. вызначэнне найлепшай беларускамоўнай кнігі паэзіі;

1.2.2. ушанаванне памяці выдатнай беларускай паэткі Наталлі Арсенневай.

1.3. Прэмія ўручаецца за паэтычную кнігу, напісаную на беларускай мове і выдадзеную ўпершыню ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі ў годзе, што папярэднічае году намінацыі.

1.3.1. Выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш за палову зместу якой апублікавана ў кнізе ўпершыню.

1.4. У выпадках, калі ёсць сумневы наконт допуску кнігі на падставе яе жанру, мовы, арыгінальнасці, Каардынатар Прэміі (далей у тэксце – Каардынатар) можа звярнуцца да Журы Прэміі (далей у тэксце – Журы), якое вырашыць, ці адпавядае кніга патрабаванням, прапісаным у Статуце.

1.5. Кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць выдадзена ў папяровым або электронным варыянце або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў конкурсе Прэміі, яна можа заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.

1.6. Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў кніг паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца кнігі жывых аўтараў.

1.7. Паводле просьбы намінантаў, са згоды Аргкамітэта, факт намінацыі, трапляння кнігі ў Доўгі і Кароткі спіс, перамога могуць зашыфроўвацца і не раскрывацца публічна.

1.8. Парадак рэалізацыі конкурсу Прэміі на бягучы год, працэдуры прыёму заявак, а таксама ўзнагароды пераможцам вызначаюцца Рэгламентам, які зацвярджаецца Аргкамітэтам, з’яўляецца Дадаткам № 1 да Статута і можа змяняцца на працягу правядзення конкурсу Прэміі.

ІІ. ЭТАПЫ ПРЭМІІ

2.1. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:

Першы этап: прыём заявак і кніг Аргкамітэтам на конкурс Прэміі;

Другі этап: публічнае абвяшчэнне Поўнага спіса кніг конкурсу Прэміі;

Трэці этап: публічнае абвяшчэнне Доўгага спіса (калі вызначаецца) кніг конкурсу Прэміі;

Чацвёрты этап: публічнае абвяшчэнне Кароткага спіса кніг конкурсу Прэміі;

Пяты этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэата Прэміі.

2.2. З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Аргкамітэту, Журы, Каардынатар і/ці асобы, якія маюць дачыненне да падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў арганізатараў.

2.3. Лаўрэаты Прэміі могуць быць намінантамі ў наступных сезонах Прэміі.

2.4. Заяўляць кнігі на конкурс Прэміі ўпаўнаважаны:

а) аўтары заяўленых паэтычных кніг;

б) выдавецтвы;

в) сябры Журы;

г) сябры Аргкамітэта;

д) творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.

Форма і змест заяўкі на конкурс Прэміі, а таксама адрас, на які неабходна дасылаць заяўкі, вызначаны ў Рэгламенце.

2.5. Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы могуць падаваць прапановы для падачы заявак у Аргкамітэт. Аргкамітэт можа адмовіць або прыняць прапанову і дазволіць падачу заяўкі на конкурс Прэміі.

2.6. Кніга можа ўдзельнічаць у конкурсе Прэміі са згоды аўтара (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных чальцоў). 

2.7. У конкурсе Прэміі можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара.

III. АРГКАМІТЭТ ПРЭМІІ

3.1. Аргкамітэт складаецца са старшыні Беларускага ПЭНа і старшыні Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў  (або з іншых прадстаўнікоў гэтых арганізацый, дэлегаваных у Аргкамітэт). 

3.2. Аргкамітэт прызначае Каардынатара – асобу, якая каардынуе працу Аргкамітэта, Журы і ўсяго прэміяльнага працэсу. У некаторых выпадках пасада і абавязкі Каардынатара могуць быць падзелены паміж некалькімі асобамі.

3.3. Каардынатар не мае права голасу пры выбары лаўрэата Прэміі. Абавязкі Каардынатара вызначаюцца Дадаткам № 2. 

3.4. Перад абвяшчэннем прыёму кніг на конкурс Аргкамітэт зацвярджае Рэгламент на бягучы год.

3.5. Аргкамітэт прымае рашэнні на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год. Наконт пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Аргкамітэт прымае рашэнні, кіруючыся прынцыпам слушнасці, характарам Прэміі і яе падставамі.

3.6. Склад Аргкамітэта можа пашырацца. Новых кандыдатаў у сябры Аргкамітэта могуць прапаноўваць дзейныя сябры Аргкамітэта. Новыя сябры Аргкамітэта прымаюцца толькі кансэнсусам.

3.7. Сяброўства арганізацыі ў Аргкамітэце можа быць прыпынена паводле ўласнага жадання або ў выпадку абгрунтаванага рашэння Аргкамітэта (рашэнне аб гэтым прымаецца не менш чым ⅔ галасоў ад агульнага колькаснага складу Аргкамітэта).

3.8. Сябры Аргкамітэта абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў і галасавання Журы.

IV. ЖУРЫ ПРЭМІ

4.1. Колькасць сябраў Журы кожны год вызначаецца Аргкамітэтам.

4.2. Сябры Журы прызначаюцца Аргкамітэтам.

4.3. Сябры  Аргкамітэта не маюць права абірацца ў Журы.

4.4. Працу Журы курыруе Каардынатар у шчыльнай супрацы з Аргкамітэтам.

4.5. Сяброўства ў Журы заканчваецца а) з уручэннем узнагароды, б) калі сябра Журы не мае фізічнай магчымасці выконваць свае абавязкі далей, в) у выніку парушэння Статута або Рэгламенту, г) калі сябра Журы падае афіцыйную пісьмовую адмову на адрас Аргкамітэта, г) у выніку парушэння Статута або Рэгламенту. У гэтым выпадку Аргкамітэт можа прызначыць новага сябра Журы.

V. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ СЯБРАЎ ЖУРЫ ПРЭМІІ

5.1. Сябры Журы абавязаны прачытаць усе кнігі, прынятыя да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, і прысутнічаць на пасяджэннях Журы.

5.2. Прысутнасць сябраў Журы на пасяджэннях Журы ў абгрунтаваных выпадках можа адбывацца ў фармаце відэа- або аўдыяканферэнцый. У выключных выпадках сябра Журы, які не мае магчымасці прыняць удзел у пасяджэнні, можа даць Каардынатару пісьмова свае прапановы, у адпаведнасці з мэтай і прадметам гэтага пасяджэння.

У выпадку адсутнасці сябра Журы на двух пасяджэннях Аргкамітэт можа прыняць рашэнне аб выключэнні яго са складу Журы. 

5.3. Кожны з сябраў Журы абавязаны зацвердзіць Поўны, Доўгі, Кароткі спіс кніг, якія прэтэндуюць на Прэмію, лаўрэата Прэміі ў адпаведнасці з працэдурамі, прынятымі Статутам і Рэгламентам.

5.4. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў, галасаванняў і абмеркаванняў. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы прынятыя падчас пасяджэнняў рашэнні да моманту іх афіцыйнага абвяшчэння. 

5.5. Сябры Журы абавязаны не перадаваць нікому перасланых ім электронных версій кніг або аўдыякніг, пададзеных на конкурс Прэміі. Папяровыя кнігі, пададзеныя на конкурс Прэміі, з’яўляюцца ўласнасцю Аргкамітэта.

5.6. Сябры Журы прымаюць рашэнні на пасяджэннях на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год.

5.7. Паводле пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Журы прымае рашэнні згодна з уласным меркаваннем, кіруючыся прынцыпамі слушнасці, характарам Прэміі і яе падставамі. У выпадку, калі рашэнне Журы відавочна пярэчыць Статуту або Рэгламенту, Аргкамітэт можа скасаваць рашэнне Журы.

5.8. Абмеркаванні Журы падчас пасяджэнняў і прынятыя рашэнні фіксуюцца ў пратаколах пасяджэнняў. 

5.9. Для вырашэння спрэчных пытанняў сябры Журы могуць ініцыяваць скліканне дадатковага пасяджэння Журы і прадстаўнікоў Аргкамітэта. За прыняцце рашэння пра дадатковае пасяджэнне мусяць прагаласаваць мінімум двое сябраў Журы.

5.10. Пасяджэнні Журы могуць запісвацца ў аўдыя- ці відэафармаце для патрэб складання пратакола, а таксама для архіва Беларускага ПЭНа.

VI. МЕХАНІЗМ ГАЛАСАВАННЯ І ВЫЗНАЧЭННЯ ЛАЎРЭАТА

6.1. Журы прымае рашэнні на пасяджэннях таемным галасаваннем простай большасцю галасоў.

6.2. Сябры Журы галасуюць у электронным выглядзе, праз адпаведную google-форму. Вынікі галасавання агучваюцца Каардынатарам. 

6.3. Таямніца галасавання захоўваецца Каардынатарам – адзіным, хто ведае пра выбар кожнага з сябраў Журы. Таямніца галасавання Журы раскрываецца Каардынатарам толькі Аргкамітэту ў выпадку адпаведнага запыту.

6.4. Доўгі спіс вызначаецца ў выпадку, калі ў Поўным спісе не менш за адзінаццаць кніг. Механізм фармавання Доўгага спіса:

6.4.1. Кожны сябра Журы абірае ад шасці да дзесяці кніг з Поўнага спіса намінаваных кніг.

6.4.2. Кожная з кніг, абраных сябрам Журы, атрымлівае адзін бал.

6.4.3. Кнігі, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у Доўгі спіс. Канчатковая колькасць кніг у Доўгім спісе вызначаецца калегіяльна сябрамі Журы.  Доўгі спіс павінен складацца з мінімум шасці – максімум дзесяці кніг.

6.4.4. Калі за месца ў Доўгім спісе спаборнічае некалькі кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае адзін голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на месца ў Доўгім спісе.

6.4.5. Сябрам Журы не даецца інфармацыя, колькі галасоў атрымала кожная з кніг, што прайшла ў Доўгі спіс.

6.5. Механізм фармавання Кароткага спіса:

6.5.1. Кожны сябра Журы абірае тры кнігі з Доўгага спіса (калі Доўгі спіс вызначаецца) або з Поўнага спіса (калі Доўгі спіс не вызначаецца) намінаваных кніг.

6.5.2. Кожная з кніг, абраных сябрам Журы, атрымлівае адзін бал.

6.5.3. Тры кнігі, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у Кароткі спіс.

6.5.4. Калі за месца ў Кароткім спісе спаборнічае некалькі кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае адзін голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на месца ў Кароткім спісе.

6.5.5. Сябрам Журы не даецца інфармацыі, колькі галасоў атрымала кожная з кніг, што прайшла ў Кароткі спіс.

6.6. Механізм галасавання за пераможцу:

6.6.1. Кожны сябра Журы абірае найлепшую кнігу.

6.6.2. Перамагае кніга, што набрала найбольшую колькасць балаў.

6.6.3. У выпадку, калі за перамогу спаборнічае дзве або больш кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы абірае найлепшую кнігу з тых, што спаборнічаюць за перамогу, абраная кніга атрымлівае адзін бал. Перамагае кніга, што набрала найбольшую колькасць балаў.

VII. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

7.1. Змены ў Статут уносяцца і зацвярджаюцца Аргкамітэтам. Статут пачынае дзейнічаць з даты зацвярджэння яго Аргкамітэтам.


РЭГЛАМЕНТ ПРАВЯДЗЕННЯ ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ІМЯ НАТАЛЛІ АРСЕННЕВАЙ У 2025 ГОДЗЕ