• Навiны
  • Цяжка апынуцца між берагамі, яшчэ цяжэй – не ўцалець, а застацца сабой

Цяжка апынуцца між берагамі, яшчэ цяжэй – не ўцалець, а застацца сабой

Апошняе абнаўленне: 11 красавіка 2024
Цяжка апынуцца між берагамі, яшчэ цяжэй – не ўцалець, а застацца сабой

Са збегу абставінаў творчасць і асоба Наталлі Арсенневай раптам сталі бліжэй да аматараў беларускай літаратуры і паэзіі. Бо нечакана для сябе ці не ў кожнага з нас з’явіліся знаёмцы, змушаныя пакінуць радзіму і пачаць новае жыццё – за мяжой. Адсюль і новая хваля цікавасці да паэткі, якая большую частку жыцця не па сваёй волі вандравала па свеце. Што ёй дапамагала не зламацца як чалавеку і творцу? Чым мацавала свой спадзеў на лепшае заўтра?

1) Наталля Арсеннева. Нью-Ёрк, 1955 г. 2) На Ніягарскім вадаспадзе. 1952 г.

І. “Як тут было застацца зусім халоднаю, абыякаваю?”

Пісьменнік Уладзімір Арлоў быў адным з тых, каму пашчасціла сустрэцца з Наталляй Арсенневай у горадзе Рочэстэр, на амерыканскім беразе возера Антарыё. Гутарым з ім.

Беларусь – донар талентаў. Зорак, якія пачалі свой узлёт да сусветных вышыняў з нашай зямлі, не злічыць. Аднак былі і тыя, каго прыцягнула да сябе ўжо беларуская арбіта. Сярод іх Наталля Арсеннева. Руская дзяўчына, чые карані даследчыкі выводзяць да роду Лермантава, раптам становіцца нашай выбітнай паэткай. Чым патлумачыць гэты феномен: свае цураліся роднага слова, пачыналі пісаць па-руску, а яна – чужая – раптам усёй душой пацягнулася да беларушчыны?

У беларускага лёсу шмат неверагодных сюжэтаў. Будучая зорка нашай паэзіі нарадзілася ў далёкім Баку. Аднак зусім хутка сям’я апынулася ў беларускай Мецы – у Вільні: бацька Наталлі быў расейскім службоўцам, а іх пераводзілі па службе туды-сюды. Перад нашым краем – Валынь. А вось жа з Украінай не склалася: зоркі аддалі перавагу нам. Хоць абставіны і не спрыялі: па першай сусветнай вайне Арсенневы падаліся ў эміграцыю – перабраліся ў Яраслаўль, знакавы для беларусаў горад. Там пачынаўся паэт Максім Багдановіч, і там жа дзяўчынка Наташа прыйшла ў літаратурны гурток, напісала свой першы, рускамоўны верш… Але праз гады ў аўтографе назаве Максіма сваім улюбёным паэтам. Бачыце – кола замкнулася.

Урок Арсенневай – не проста механічнага засваення беларускай мовы, а прыняцця і адчування яе сваім, родным, – ці не ўзор для тых, хто пад час і пасля падзеяў 2020-га раптам адчуў такую ж самую патрэбу?

Дакладней гаварыць пра адчуванне неабходнасці выгадаваць, выпеставаць у сабе беларускасць. Бо толькі дзякуючы гэтаму Наталля Арсеннева і стала нашай паэтычнай зоркай. Аднаго віртуознага валодання мовай мала. Сярод іншага ці не найважней менавіта прасякнуцца духам беларушчыны.

І ўсё ж “найперш было слова”. Як прыйшла да яго юная Наталля?

Асабіста мне паэтка расказала такую гісторыю.

Са свайго бежанства сям’я вярталася ў Вільню ў 1920-м. Неверагодна цяжкая вандроўка, якая доўжылася больш за год: рэчку пад Дзвінскам пераходзілі, напрыклад, па лёдзе. Дзеці ў той дарозе перахварэлі на “гішпанку”… Аднойчы заночылі ў вёсачцы, незнаёмых падарожнікаў прынялі беларускія сяляне Юрка з Аўдоццяй. Уначы 16-гадовая дзяўчына раптоўна прачнулася ад іх валтузні: гаспадыня прыгразіла мужу такімі словамі: “Не лезь, а то юшку спушчу!”. Вось гэтае таямнічае слова – “юшка” – і стала для будучай зоркі ключыкам да мовы.

Знаўца творчасці Арсенневай Антон Адамовіч казаў, што яна – найяскравы прыклад “натуралізацыі ў беларушчыне”. Можаце расказаць пра гэты працэс? Чаму ён стаў узорна паспяховым і якія высновы варта зрабіць з таго досведу сёння?

Мушу паўтарыцца: слова – гэта толькі ключык. Куды складаней увесь механізм беларускасці спадарыні Наталлі. А “збіраць” яго пачалі ў Віленскай беларускай гімназіі. Мова – чужая, пра Беларусь будучая паэтка практычна нічога тады не ведала, але вось жа зусім хутка адчула: “Гэта – маё!”, цытата, дарэчы, даслоўная.

І ўсё таму, што педагогамі ў яе апынуліся знакавыя для нашай нацыі людзі – у гімназіі выкладалі Адам Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч… Яны дбалі не толькі пра годную адукацыю сваіх выхаванцаў, але і пра іх нацыянальную, патрыятычную свядомасць.

Асабліва паўплываў на беларускае і паэтычнае сталенне маладой дзяўчыны Максім Гарэцкі – выдатны пісьменнік і літаратуразнаўца. Ён заўважыў паэтычныя схільнасці Наталлі, пільна сачыў за творчым ростам, даваў крытычныя парады…

У сваіх успамінах Арсеннева так напіша пра свайго ўлюбёнага педагога:

Постаць ягоная з самага пачатку была для мяне ахіненая нейкім рамантызмам. Аўтар кнігі, што мне спадабалася, пісьменнік… Настаўнік літаратуры, якую я так любіла… Як тут было застацца зусім халоднаю, абыякаваю? На змену Юліям Цэзарам і Рычардам Ільвіным Сэрцам прыйшоў, зусім зразумела, Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся.

Ды хіба толькі Наталля адчула на сабе магнетычны ўплыў таго ўзорнага навучальнага працэсу?

Унікальны педагагічны, творчы і навуковы досвед Віленскай беларускай гімназіі, прыклад Арсенневай і іншых славутых выхаванцаў гэтай навучальнай установы – а ў іх ліку Максім Танк, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Валянцін Таўлай, Кастусь Акула, Раман Семашкевіч, Лявон Луцкевіч – патрабуе цяпер мінімум дзве рэчы. Найперш, гісторыкам варта напісаць прысвечаную нашай Віленскай гімназіі кнігу – тым больш, у Вільні сёння хапае беларускіх дасведчаных эмігрантаў. Па-другое, і гэта больш складана, мы мусім нарэшце стварыць Беларускі нацыянальны ўніверсітэт, правобразам якога і сталася гімназія. Зноў жа – высокакваліфікаваных нацыянальных кадраў цяпер за мяжой  досыць.

ІІ. “Не цалавала рук нікому я ў жыцьці!”

Працягваем размову з гісторыкам, архівістам, рэдактаркай альманаху “Запісы БІНіМ” Наталляй Гардзіенка

Сённяшняя драма сыходу з Бацькаўшчыны соцень тысяч удзельнікаў беларускай рэвалюцыі стала для большасці вельмі цяжкім перыядам у жыцці. Таму бліжэй становяцца радкі чалавека, якому выгнанняў, эмігранцкага ліха хапіла на дзесяцярох. Нагадаеце сустрэчы і развітанні Арсенневай з родным краем ў паслявіленскі перыяд?

У 1922 годзе Наталля пабралася шлюбам з вайскоўцам Францішкам Кушалем і неўзабаве з’ехала на месца ягонай службы на польскім Памор’і, дзе і жыла амаль да пачатку Другой сусветнай вайны. Нядоўгі час правяла ў Беларусі ў 1939—1940 гадах, пакуль не была высланая разам з дзецьмі ў Казахстан як жонка палоннага польскага афіцэра, працавала там у калгасе. Па вяртанні ў 1941-м, мела яшчэ колькі гадоў у роднай краіне, пакуль у 44 годзе зноў не з’ехала ў чарговую эміграцыю – ужо назаўсёды.

Спачатку апынулася ў Берліне. Аднак пасля аднаго з найбольшых бамбаванняў гораду з сынам, а таксама з сем’ямі іншых беларускіх дзеячаў вырашыла шукаць прытулку па-за нямецкай сталіцай. Былі доўгія бадзянні па гарадах і мястэчках Нямеччыны ў пошуках прытулку, які знайшоўся ўрэшце ў гарадку Амберг каля чэшскай мяжы. Вось што яна пісала далей ва ўспамінах:

Умовы ў якіх мы, уцекачы, апынуліся, былі вельмі цяжкія. Мы спалі на падлозе, на саломе ўсе разам. Ня мелі ніколі цёплай вады, ня мелі гарачае кавы ці проста звычайнага вару раніцамі. Ледзь не галадалі. Але гумару, як і заўсёды, ня трацілі й духам ня падалі…

Тут заспеў выгнаннікаў прыход амерыканцаў.

Па заканчэнні Другой сусветнай вайны Наталля Арсеннева з сям’ёй жыла ў беларускіх лагерах для перамешчаных асобаў (Рэгенсбург, Міхельсдоф, Віндышбергердорф). Яна выкладала ў беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, дапамагала пры падрыхтоўцы святочных пастановак, удзельнічала ў заснаванні Літаратурна-грамадскага згуртавання “Шыпшына”. Цягам знаходжання ў Нямеччыне пісала вершы, якія друкаваліся ў розных перыёдыках, нават быў падрыхтаваны чарговы зборнік, які тады не выйшаў.

1) Наталля Асеннева. Нямеччына, 1940-я гг. 2) У лагеры для перамешчаных асоб у Нямеччыне. Другая палова 1940-х гг.

Арсенневу называлі “паэткай ад Бога”. І тут не толькі пра яскравы талент, арыстакратычную вытанчанасць яе твораў, іх духоўную глыбіню – у творчасці Наталлі наўпрост вельмі шмат рэлігійных матываў. Яны не толькі з выхавання – відавочна, адбіўся і ўплыў эмігранцкага жыцця, калі дзеля ўратавання большасці блуканцаў даводзіцца шукаць падтрымкі ў вышэйшых сілаў… А перлінай, безумоўна, стаўся верш-гімн “Магутны Божа” – узорная ілюстрацыя думкі пра тое, што часам бессмяроцце можна здабыць і праз адзін толькі твор. Грамада прыняла яго ад самага пачатку ці спатрэбіўся час? 

Ён напісаны яшчэ ў часе вайны. Але пакладзены на музыку Міколам Равенскім менавіта ў перыяд жыцця ў лагерах у паваеннай Нямеччыне. Упершыню гімн выканалі 29 лістапада 1947 года ў Остэргофэне. Прысутная на тым богаслужэнні Зора Кіпель згадвала:

Гэта было сапраўды экумэнічнае маленьне за Беларусь. Вось-жа на беларускай каталіцкай службе ў нямецкім касьцёле й прагучэў першы раз гімн “Магутны Божа”, калі прысутныя беларусы, як каталікі, гэтак і праваслаўныя, у дружным хоры ўзьнесьлі свае малітвы.

Помніцца, прыйшла я на службу крыху пазьней і стаяла ззаду царквы сама, адна. Мама сьпявала ў хоры. Хор сьпяваў цудоўна. Сп. Равенскі заўсёды вымагаў ад сваіх харыстых пэрфэкцыі. “Магутны Божа” зрабіў на мяне такое глыбокае ўражаньне, што я не магла стрымаць сьлёзы, хоць і сорамна было плакаць, бо я стаяла адна, нікога зь беларусаў паблізу ня было — усе стаялі наперадзе. Ня было зь кім абмяняцца першымі ўражаньнямі. Але гэты мамэнт, калі я ўпяршыню пачула “Магутны Божа”, назаўсёды застанецца ў маёй памяці. І колькі-б разоў пасьля гэтага я ня чула нашую малітву — кожны раз у мяне на вачох сьлёзы.

Так ад 1947 году “Магутны Божа” зрабіўся папулярным гімнам, што спявалі і праваслаўныя, і каталікі.

Вось колькі радкоў з іншага, куды менш вядомага верша той пары:

Не цалавала рук
нікому я ў жыцьці.
Табе-ж,
мая зямля,
я цалавала-б ногі…

Якая моц і годнасць! І адначасова – які боль, які цяжкі лёс адчуваецца за гэтым прызнаннем…

Так, жыццёвых выпрабаванняў аўтарцы хапіла. У 1950-м Кушалі пераехалі ў ЗША і пасяліліся ў Нью-Ёрку. Час быў складаны, 47-гадовая паэтка магла разлічваць толькі на некваліфікаваную працу, каб здабыць хоць нейкія сродкі для жыцця.

Цікава – што яна магла рабіць?

Напачатку проста закрывала слоікі з агуркамі на фабрыцы кансерваў, зарабляючы 85 цэнтаў за гадзіну.

А муж з сынам?

Муж абслугоўваў ліфт, сын паліраваў сталы на мэблевай фабрыцы… Гэта эміграцыя…

Такая праца мусіла адбіраць шмат сілаў. У той перыяд паэтка адышла ад творчасці і грамадскай дзейнасці?

Якраз не: па-за гэтым даволі актыўна працягвала займацца беларускімі справамі. У 1952—1954 гадах ужо працавала ў рэдакцыі газеты “Беларус”, пазней — у ньюёрскім беларускім офісе радыё “Свабода”. Паэтка стала адной з ініцыятараў заснавання Беларускага інстытута навукі і мастацтва, нават разглядалася на пасаду яго старшыні, але ўрэшце засталася сакратаркай.

1) За працай. Нью-Ёрк, 1950-я гг. 2) Наталля Арсеннева з сяброўкай Янінай Каханоўскай (злева). Нью-Ёрк, 1950-я гг.

Наталля была актыўнай удзельніцай Беларуска-Амерыканскага задзіночання, сакратаркай Прэзідыюму Рады БНР. У 1952 г. яна пісала ў адным з лістоў:

Сьвяты так хутка праляцелі, што я й не пасьпела імі нацешыцца. Заўсёды, апрача працы й хатніх клопатаў, ёсьць аб чым думаць і што рабіць. Цяпер у нас заснавалася Акадэмія (Беларускі інстытут навукі й мастацтва), і я выбраная ў Урад і мушу быць сакратаром, прыбавілася яшчэ новая праца. Заўсёды нешта апрача таго ладзіцца. Нашае Слуцкае паўстаньне выпала сёлета незвычайна добра. Цяпер трэба думаць аб 25 Сакавіка. Канцэрты ўжо сталіся звычайным зьявішчам, і таму я думаю спрабаваць паставіць “Кастуся Каліноўскага”…

Энергіі праз край!

Сапраўды, 1950-я гады сталі даволі плённымі. Увесь час у віры беларускага жыцця, пісала сцэнары для нацыянальных мерапрыемстваў у Нью-Ёрку, яе можна было ўбачыць у беларускіх калонах на розных шматнацыянальных дэманстрацыях.

У беларускай калоне на адной з дэманстрацыяў. Нью-Ёрк, 1950-я гг.

Па сведчанні Генадзя Бураўкіна, які прадстаўляў Беларусь у ААН, у сямідзясятых яна адышла ад грамадскай дзейнасці, займалася трохі хіба паэзіяй. Чаму так здарылася?

Сямейныя абставіны: раптоўна памерла нявестка – Наталля Кушаль (дачка кампазітара Міколы Куліковіча), вось і мусіла разам з мужам з’ехаць на дапамогу сыну з вялікага беларускага Нью-Ёрку ў самотны Рочэстэр, каб даглядаць малых унука і ўнучку.

Цяжкавата ў яе веку?

У адным з лістоў паэтка пісала:

Сядзім пераважна ў хаце, і я толькі прашу Бога, каб даў мне сілаў і цярплівасьці з усім справіцца. З Натай, праўда, клопату найменш, але Пецік вельмі раздураны, неслухмяны, а Бацька [Францішак Кушаль] таксама, як трэйцяе дзіця, то можаце сабе ўявіць, колькі трэба сілаў і вытрыманасьці, каб усё гэта трымаць у руках. Ды й звычайнай фізычнай працы — не пераробіш: дом вялікі, дзеці, мыеш, шыеш, парадкуеш, проста дыхнуць няма калі! Але я бяру гэта ўсё без нараканьняў, бо, відаць, гэтак і трэба спакойна й цярпліва выконваць сваё прызначэньне. Аб нейкай творчай працы, аднак, пакуль што й марыць няма як.

1) З мужам Францішкам Кушалем. Нью-Ёрк, 1950-я гг. 2) З унукам. Пачатак 1960-х гг.

Муж, відаць, хварэў?

Так, памёр у 1968-м. Паэтка засталася адна на гаспадарцы ў сына, які зарабляў усім на пражыццё. Наступныя гады прысвяціла ўнукам. Але яны падрасталі, і пры канцы 1970-х Арсеннева стала час ад часу выбірацца ў беларускія асяродкі ў Нью-Ёрк ці Таронта на больш значныя імпрэзы, аднавіла і літаратурную дзейнасць.

Што тут можна прывесці ў прыклад?

Сярод іншага, займалася перакладам знакамітай “Песні пра зубра”. Знаходзіла час і на перапіску з землякамі, сачыла за тым, што адбываецца ў Беларусі.

Ці найлепшае сведчанне таму хоць бы верш-водгук на Чарнобыльскую трагедыю…

Магчыма, менавіта сувязь з суродзічамі найбольш давала Наталлі сілы для жыцця і творчасці.

Нельга не згадаць у гэтай размове яе знакаміты зборнік – “Між берагамі”. Гэта вельмі эмігранцкая назва: ад свайго адштурхнешся, але ці пераскочыш на чужы? Ці не патонеш? Ці не знясе цябе імклівая плынь у невядомасць?

Адказы трэба шукаць у яе цудоўнай паэзіі… У тым самым зборы твораў, які ў 1979-м нарэшце ўдалося выдаць намаганнямі Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Варта адзначыць, што кніга пачала рыхтавацца яшчэ ў 1950-х, аднак да справы, бачыце, дайшло толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. Том склалі ўсе ранейшыя выдадзеныя ды нявыдадзеныя зборнікі, а таксама пасляваенныя ды “амерыканскія” вершы.

Калі столькі гадоў Арсеннева не бачыла сваёй паэзіі пад кніжнай вокладкай, то гэткі доўгачаканы падарунак стаў не проста радасцю, але і моцнай жыццёвай падтрымкай, новым стымулам да творчасці?

Неўзабаве яна так адгукнулася на сваю кніжку:

Што цікава, цяпер, калі я дакладна яе перачытваю, вершы здаюцца мне ўжо быццам не мае, а нечыя чужыя, і што яшчэ дзіўней — здаюцца мне вельмі добрымі, некаторыя проста, як кажуць, “хапаюць за сэрца”. Ну, але не падумайце, што я хвалю сябе, адно проста, можа, лепш разумею тое, што некалі напісала машынальна, ня думаючы.

Не выпадае гаварыць пра рэакцыю чытачоў на гэты твор – яго ўспрынялі паэтычным святам?

Аўтара шчыра віншавалі суродзічы на эміграцыі. А калі на пачатку 1990-х аднавіліся кантакты з Беларуссю, дык паляцелі дзясяткі лістоў і ад чытачоў і чытачак з радзімы. У 1989-м паэтка пісала:

Апошнім часам, праўда, мая карэспандэнцыя крыху ажывілася, бо з Польшчы й БССР пачала я атрымліваць шмат лістоў, часта з просьбамі прыслаць ім маю кнігу або й проста з прывітаньнямі. … Нядаўна адна маладая паэтка зь Менску мне, прыкладам, пісала, што “мела шчасьце прачытаць “Між берагамі”. “Добрыя людцы” далі пачытаць”, — піша яна, бо кніжка, відаць, ходзіць там, як кажуць, “па руках”.

З Генадзем і Юліей Бураўкінымі. Нью-Ёрк, пачатак 1990-х гг.

ІІІ. “Хай далей будзе, што будзе!”

Працягваем размову з Уладзімірам Арловым.

Як па жыццёвых мерках, то Арсеннева большую частку жыцця прабыла ў эміграцыі. Разумею, што задаваць банальнае пытанне пра магчымасць вяртання ў Беларусь пад час сустрэчы ў Амерыцы не выпадала: на двары 1995-ы, беларуская гісторыя зрабіла чарговы круты віраж… Тут не да сантыментаў. Але па вашых унутраных адчуваннях: у свае дзевяноста два паэтка марыла пра родныя мясціны?

Мы прыехалі ў дом спадарыні Наталлі разам з Іванам Ханенкам – ён быў мараком і скарыстаўся ў 1974 годзе магчымасцю застацца ў Амерыцы. Уцякач. Дык вось у Рочэстэры, расчулены абстаноўкай і размовай, ён прызнаўся: “Цела тут, а душа там, у Беларусі”… І гэта мужны, суворы чалавек! Што ўжо казаць пра паэтку на схіле свайго веку?

На ёй тады выразна адбівалася пражытае і перажытае, але бачыце – не проста прыняла, а была рада сустрэчы з далёкімі землякамі… Бо для яе ў той дзень мы былі ўвасабленнем Беларусі, жывой часцінкай роднай зямлі.

Каля хаты. Пачатак 1990-х гг.

На памяць застаўся супольны фотаздымак на тле кветак – белых лілей, якія так любіла і Ларыса Геніюш, сястра па духу ды таленту спадарыні Наталлі. А таксама ўлюбёных валошак Максіма Багдановіча. Памятаеце: “цвяток радзімы васілька”?..

А яшчэ нас з радзімай злучыла тады песня, якую дуэтам праспявалі для гаспадыні:

У гушчарах, затканых імглою,
шэрым змрокам, на золку, ў зару
ахвяруем Табе мы сабою
кожны дзень, кожны час, Беларусь!

Зразумела, што словы гэтыя – спадарыні Наталлі…

Рытміка паэзіі Арсенневай была прыцягальнай для многіх кампазітараў…

Так, песнямі сталі пад тры дзясяткі вершаў. Многія з іх дагэтуль спявае мой добры прыяцель Данчык. Дарэчы, сама Арсеннева вельмі музычны чалавек і таму невыпадкова пераклала шмат лібрэта сусветнай музычнай класікі.

На святкаванні 90-годдзя. 1993 г.

Падсумоўваем з Наталляй Гардзіенка.

Напрыканцы 1990-х школам спусцілі рэкамендацыю не згадваць пра творчасць Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Масея Сяднёва… Іхная паэтычная спадчына і зараз па-за межамі вывучэння. У Старых Дарогах да 100-годдзя Арсенневай руплівец мінуўшчыны Анатоль Белы выставіў сціплую выяву паэтку ў двары свайго прыватнага музея. Але восенню 2022-га беласуфобка Бондарава паведаміла, што дамаглася, каб бронзавы гарэльеф прыбралі ў лепшым выпадку ў запаснікі. Дык што, Арсеннева нават метафарычна не апынецца дома?

25 ліпеня 1997 года яна адышла на вечны спачын і была пахаваная побач з мужам у Рочэстэры на Mount Hope Cemetery. Неўзабаве імя паэткі сталі прыбіраць са школьных падручнікаў, дзе яно было з’явілася на пачатку 1990-х. Праўда, у 2002 г. “Беларускі кнігазбор” яшчэ выдаў том твораў, але далей згадваць паэтку ў афіцыйных, нават энцыклапедычных выданнях стала немагчыма.

Усе ініцыятывы па ўшанаванні памяці цягам апошніх дзесяцігоддзяў мелі выключна грамадскі характар. І гэта засведчыла, што творчасць Наталлі Арсенневай перамагае ідэалагічныя абмежаванні, у тым ліку і тыя, што сталі яшчэ больш актыўна накладацца пасля 2020-га.

Аднак паэтка застаецца ў беларускай літаратуры, бо ёсць яе неад’емнай часткай.

Улады змяняюцца, напісанае застаецца.

У лесе. 1970-я гг.

Досыць, як зерні пацёркаў,
перасыпаць у далонях
жаль заплясьнелы і горкі,
смутак салоны.
Досыць —
даволі па горла
думак галодных аб страве,
слоў аб крыжох,
аб памёрлых,
згаслых бяз славы.
Кіньма хістацца, заводзіць
сьледам сьлязьлівай завеі
ў Новым з карэньнямі годзе
знойдзема, зловім надзею,
моцна зацісьнем у жмені,
болей ня пусьцім у вырай,
хай
з сэрцаў выдзяўбе сьцені.
І —
дні расступяцца шырай,
кроў варам думкі абварыць,
рукі узьнімуцца й грудзі…
Кпіць будзем з крыўдаў, удараў,
Хай далей будзе, што будзе!

Фота з прыватных архіваў сям’і Арсенневай