[Artykuł w języku polskim przeczytacie tutaj]
Цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця пройдзе ў аўторак, 26 лістапада, у Гданьску.
Прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі, якая ўручаецца з 2012 года. Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў – Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась галоўную ўзнагароду атрымала пісьменніца з Падляшша, журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Сёлета журы трынаццаты раз вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы.
26 лістапада 2024 года ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, pI. Solidarności 1) будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.
25 і 26 лістапада адбудуцца дадатковыя падзеі прэміяльнага сезона: сустрэчы з аўтарамі і аўтаркамі, дыскусія і кніжны кірмаш.
Намінантаў і намінантак на прэмію сёлета ацэньваюць сямёра літаратурных экспертаў і экспертак, з якіх чацвёра пагадзіліся на публічны ўдзел: Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук; Катажына Дрозд-Урбаньска – літаратуразнаўца, кандыдатка філалагічных навук, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, даследчыца беларускай літаратуры; Сяргей Кавалёў – літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне; Югася Каляда – пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі, аўтарка кнігі прозы «Галоўная памылка Афанасія».
Арганізатары прэміі Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
25 лістапада 2024 года
17:00 – Адкрыццё выставы арыгінальных ілюстрацый Святланы Дземідовіч «Побач»
Працы мастачкі да кнігі паэзіі Насты Кудасавай «Побач» у гаме чорна-белага ўспаміну будуюць дом для слоў, нават самых складаных. Аўтарка сёлета атрымала прэмію Анемпадыстава за найлепшую вокладку менавіта да гэтай кнігі.
Выстава будзе адкрытая 25–29 лістапада.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ уваход вольны
18:00 – дыскусія «Канфіскаваныя галасы: страчаная свабода і раздзеленыя сем’і»
Беларускія і польскія праваабаронцы і дзеячы культуры абмяркуюць разам супраціў прымусовай русіфікацыі і праблемы рэпрэсаваных грамадзян Беларусі, палітвязняў, сем’яў, падзеленых трагічнымі падзеямі. У дыскусіі возмуць удзел: Юстына Чэхоўская – польская перакладчыца шведскай і нарвежскай літаратуры, сябра Рады Польскага ПЭН-клуба, Алена Глагоўская – беларусістка, даследчыца польска-беларускіх адносін, старшыня Беларускага культурнага таварыства «Хатка», Базыль Керскі – культурны менеджар, дырэктар Еўрапейскага цэнтра салідарнасці ў Гданьску и сябра Рады Польскага ПЭН-клуба, Ірына Козікава – юрыстка, сястра палітзняволенага Максіма Знака, выканаўчая дырэктарка Беларускага ПЭНа, Тацяна Нядбай – паэтка, праваабаронца, старшыня Рады Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава і старшыня Беларускага ПЭНа.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: польская
/ уваход вольны
26 лістапада 2024 года
15:00-21:00 – Кірмаш беларускіх выдавецтваў
Выдавецтвы прывязуць на кірмаш беларускую літаратуру, у тым ліку кнігі фіналістаў і фіналістак сёлетняй прэміі Гедройця.
/ зімовы сад (першы паверх)
16:30 – Зміцер Бартосік, аўтарская сустрэча
Вядомы беларускі бард, радыёрэпарцёр і пісьменнік, пераможца прэміі Ежы Гедройця за 2016 год, фіналіст сёлетняй прэміі Ежы Гедройця.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: беларуская
/ уваход вольны
17:00 – Ганна Янкута, аўтарская сустрэча
Беларуская пісьменніца, перакладчыца, даследчыца беларускай і англамоўнай літаратуры, фіналістка сёлетняй прэміі Ежы Гедройця.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: беларуская
/ уваход вольны
17:30 – Уладзімір Някляеў, аўтарская сустрэча
Выдатны беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, пераможца прэміі Ежы Гедройця за 2012 год прэзентуе кнігу «Без айчыны».
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: беларуская
/ уваход вольны
19:00 – цырымонія
Цырымонія ўручэння прэміі Ежы Гедройця, падчас якой будуць абвешчаны імёны лаўрэатаў і лаўрэатак. У цырымоніі возьмуць удзел прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай і польскай культуры, адбудзецца прэм’ера буктрэйлераў да кніг фіналістаў і фіналістак, агучаных камандай прафесійных выканаўцаў аўдыявыдавецтваў «Кніжны воз» і «Audiobooks.by». Беларуская спявачка і актрыса Дар’я Новік у суправаджэнні струннага аркестра Anima Eterna выступіць з песнямі на вершы беларускіх палітвязняў, створанымі ў супрацы з кампазітарам Канстанцінам Яськовым.
Вядоўца цырымоніі: Сяргей Падсасонны — журналіст і грамадскі дзеяч, вядоўца тэлеканала «Белсат».
/ аўдыторыя (першы паверх)
/ мова падзеі: беларуская з сінхронным перакладам на польскую
/ уваход вольны
Фіналісткі і фіналісты трынаццатага сезона
У шасцёрку наймацнейшых удзельнікаў і ўдзельніц сёлетняга сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі:
- Кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» аўтарства Валянціна Акудовіча, выдавецтва «Логвінаў», 2023.
«Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе “мая краіна”. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам ізноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!» – Валянцін Акудовіч. - Кніга «Забіць упалмінзага» аўтарства Змітра Бартосіка, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022.
Трэцяя кніга «Падарожжаў Свабоды» апавядае пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, – без інтэрпрэтацый. - Кніга «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» аўтарства Евы Вайтоўскай, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў. У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), што выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult (16–25 гадоў), а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры. - Кніга «На прызбе ў Сілічах» аўтарства Марыі Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023.
Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. На вялікі жаль, Марыя Вайцяшонак пачала страчваць зрок. Аднак духоўная і творчая актыўнасць змушаюць яе шукаць новыя магчымасці ўдзелу ў літаратурным працэсе – так з’явіўся блог-дыялог «На прызбе ў Сілічах» сумесна з Аксанай Ёркінай. Марыя нагаворвала па тэлефоне сваё стаўленне да тых ці іншых актуальных і злабадзённых падзей свайго і грамадскага жыцця, задаючы тэму размовы альбо адказваючы на пытанні каляжанкі. Гэтыя тэксты маюць уражлівую мастацкую аснову як у сюжэтным, так і ў моўна-стылістычным плане. - Кніга «Вольнеры. Прадвесце» аўтарства Валера Гапеева, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
Тое, што ты лічыш дробяззю, раптам можа перавярнуць твой свет. І асабліва тады, калі ты гэтую быццам дробязь губляеш… Перад вамі – самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі. Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана… Трое сяброў – і мноства дарог і варыянтаў рэальнасці. Шлях, які выпадае на долю старшакласнікаў з мінскай школы, пачнецца з жадання ўладкаваць свае справы, а закончыцца выбарам падарожжа за гранню, напоўненага прыгодамі, выпрабаваннямі і таямніцамі. - Кніга «Час пустазелля» аўтарства Ганны Янкуты, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гродне і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце.
Чаму прэмія носіць імя Ежы Гедройця?
Паляк Ежы Гедройць блізкі беларусам не проста фактам свайго нараджэння ў Мінску. Нашыя цікавасць і павага да ўшанавання ягонай памяці грунтуюцца найперш на тым, што Рэдактар, узор інтэлектуальнай адвагі, канструктар пасляваеннай Еўропы настойліва нагадваў усім пра агульныя ўрокі еднасці, добрасуседства з часоў адзінства Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.
Выключна мужна для свайго часу Ежы Гедройць заклікаў палякаў з годнасцю прыняць страту Вільні, Гродна і Львова, прызнаць і падтрымаць дзяржаўнасць літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў, бо лічыў тое ключавой умовай незалежнасці сваёй, польскай дзяржавы.
Яго часопіс «Культура» сцвярджаў, што як незалежная Польшча немагчымая без вольнай Беларусі, так «без польскае падтрымкі нічога не выйдзе з беларускіх спроб узбіцца на незалежнасць».
За год да свайго скону рыцар ВКЛ, польскі сын Мінска пераконваў Чэслава Мілаша і Віславу Шымборску ў неабходнасці намінаваць Васіля Быкава на Нобелеўскую прэмію: «Уручэнне гэтай прэміі беларускаму пісьменніку стала б, без перабольшання, рэвалюцыяй у Беларусі…»
Не склалася. Але быў шчыры намер і канкрэтныя крокі ў яшчэ адной спробе дапамагчы нашаму народу, краіне, у якой Ежы Гедройць нарадзіўся.
Усё гэта мы добра памятаем і шануем.
Арганізатары прэміі
Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання
Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Еўрапейскі цэнтр салідарнасці ў Гданьску, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Польскі ПЭН-клуб
Партнёры падзеі
Аўдыявыдавецтвы «Кніжны воз» і «Audiobooks.by», Euroradio.fm
Спонсарства
Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясняцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Кантакты
З пытаннямі, датычнымі прэміі, звяртайцеся, калі ласка: [email protected]
Сацсеткі прэміі
Карысныя спасылкі
- Сайт прэміі імя Ежы Гедройця;
- Сайт Беларускага ПЭНа;
- Сайт Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў;
- Сайт Еўрапейскага цэнтра салідарнасці;
- Сайт Беларускага культурнага таварыства «Хатка»;
- Вялікі артыкул, прысвечаны Ежы Гедройцю і ягонай ролі ў беларускай культуры;
- Рэпартаж з леташняй цырымоніі прэміі Гедройця;
- Відэатрансляцыя з леташняга ўручэння прэміі;
- «У чаканні Гедройця. Нататкі шматразовага ўдзельніка журы» аўтарства Сяргея Дубаўца для «Радыё Свабода»;
- Fundacja Solidarności Międzynarodowej