Упершыню ўганараванне пераможцаў прэміі праходзіць не ў сталічным горадзе: пасля дзевяці ўрачыстасцяў у Мінску і дзвюх у Варшаве сёлета вынікі падводзілі на балтыйскім узбярэжжы, у Гданьску.
Прапанавалі зрабіць гэта актывісты тамтэйшага Беларускага культурнага таварыства «Хатка».
Іх логіка такая: у Гданьску цяпер больш за пяць тысяч беларусаў. На розныя культурніцкія імпрэзы штораз прыходзяць пад 200 чалавек – тут заўсёды радыя сустрэчам з выбітнымі пісьменнікамі. Вось і падумалі, што «Хатка» лёгка і справядліва можа стацца палацам для падсумоўвання вынікаў галоўнай беларускай літаратурнай прэміі. Тым больш што ў назву арганізацыі закладзены выразны падтэкст супольнай справы, а горад ля мора нарадзіў некалі славутую «Салідарнасць», пад націскам якой разбурыліся муры камуністычнай ідэалогіі.
Гаспадары жартуюць:
– Спяшаліся са сваёй прапановай, бо маем спадзеў: неўзабаве прэмія вернецца дадому, у Беларусь… З іншага боку, і мы за ёй вырушым дадому.
За мяжой цяпер – хіба не большасць знакавых паэтаў і празаікаў. Раскіданы яны па самых розных краінах. Вось і амаль усе аўтары з сёлетняга кароткага спіса жывуць у Еўропе.
Дарэчы, і Уладзімір Някляеў цяпер у Польшчы. Пераможца Гедройця-2013 летась стварыў свайго роду прэцэдэнт, паўторна паўдзельнічаў у прэміі. Сёлета яго эстафету прыняў пераможца 2016 года – Макс Шчур, які жыве ў Чэхіі. Як і аўтару «Гэй Бэн Гінома», яму з новай аповесцю «Там, дзе нас няма» не ўдалося паўторна скарыць беларускую літаратурную вяршыню.
Але гэта сведчыць пра вышыню планкі.
Дарэчы, Зміцер Бартосік (пераможца Гедройця-2017) таксама хацеў яшчэ раз падацца на прэмію, але сёлета не змог зрабіць гэтага з фармальных прычын: уваходзіў у кіраўнічыя органы ПЭНа.
Менавіта з этычных меркаванняў не заяўлялася да ўдзелу ў спаборніцтве найлепшых кніг ужо добра вядомае чытачам выданне, падрыхтаванае камандай Беларускага ПЭНа, – «Алесь Бяляцкі».
Цырымонія ў Двары Артуса
Літаратурнае свята пачалося з імпрэз у бібліятэцы «Гданьская філія». Спачатку старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай прэзентавала кнігу «Алесь Бяляцкі», прысвечаную праваабаронцу, палітвязню і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру. Далей там жа прайшла творчая сустрэча з пераможцай Гедройця-2020 Евай Вежнавец.
Непасрэдна ж урачыстая цырымонія адбывалася ў славутым Двары Артуса – прыгожым сярэднявечным комплексе на Ратушнай плошчы. Назва адсылае да рыцарскіх часоў, легенды пра караля Артура і яго Круглы стол – гэта ўсё вельмі пасуе цяперашняй дэмакратычнай прэміі, некалькі кніжак якой так ці інакш звязаны з гісторыяй. І не толькі з беларускай.
Арганізатары прэміі былі сардэчна ўдзячныя дырэктару Музея Гданьска Вальдэмару Асоўскаму за магчымасць правесці вечарыну ў славутым гістарычнымі падзеямі месцы.
Пачалося ўсё выступам музыкаў Вольгі і Яўгена Барышнікавых.
Вядоўцы – Магда Бомбэль-Адамоўска і Сяргей Падсасонны. Ім слова:
– Нагадаем, прэмія імя Ежы Гедройця прысуджаецца штогод за найлепшую – мастацкую ці дакументальную – празаічную кнігу на беларускай мове і мае неафіцыйны статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі.
Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання – Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка» і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Шчыра дзякуем за дапамогу ў арганізацыі цырымоніі: Музею Гданьска, Ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэцы імя Джозэфа Конрада Кажанёўскага, Таварыству беларусаў на Памор’і і Фонду міжнароднай салідарнасці.
На пачатку імпрэзы з вітальнымі словамі выступілі намеснік дырэктара Музея Гданьска доктар Януш Маршалец і дырэктар Ваяводскай і гарадской публічнай бібліятэкі Ярослаў Залясіньскі.
Лёс узнагароды вызначала кампетэнтнае журы. Сёлета ў ім былі:
- даследчыца беларускай літаратуры Катажына Дрозд-Урбаньска;
- драматург, літаратуразнаўца і крытык Сяргей Кавалёў;
- пісьменніца, лаўрэатка прэміі Гедройця Святлана Курс;
- паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч;
- крытык і літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч.
Яны і вызначылі кароткі спіс прэміі. У шасцёрку найлепшых кніг увайшлі:
- Алег Дашкевіч. «З вышыні птушынага палёту». Мінск: выдавец Раман Цымбераў, 2022;
- Ганна Кандрацюк. «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022;
- Сяргей Лескець. «Шэпт». Мінск: Вільма / выдавец Раман Цымбераў, 2022;
- Іна Снарская. «Зачараваны скарб». Мінск: выдавец Раман Цымбераў, 2022;
- Сцяпан Стурэйка. «Пасажыры карабля Тэсея». Мінск: выдавец Андрэй Янушкевіч, 2022;
- Макс Шчур. «Там, дзе нас няма». Вільня: выдавец Ігар Логвінаў, 2022.
Прадстаўленне кожнай з гэтых кніг суправаджалася дэманстрацыяй ролікаў, створаных штучным інтэлектам, гучалі і адпаведныя анатацыі – абараняючы гонар чалавечага розуму, іх напісалі сябры журы. Шчыра дзякуем за дапамогу ў стварэнні ролікаў актывістам Беларускага культурнага таварыства «Хатка»: напісанне сцэнароў: Надзея Р., мантаж: Сафія Д., дырэктар: Віталь Д.
У гонар фіналістаў прэміі прагучала і сучасная музыка кампазітара, піяніста Канстанціна Яськова – ён граў на фартэпіяна. Разам з Канстанцінам Яськовым стварала музычны цуд, граючы на альце, артыстка Вармінска-Мазурскай філармоніі Юлія Бурая.
Пра ролю прэміі Гедройця, стан сучаснай нацыянальнай культуры, набыткі беларускай літаратуры разважалі на сцэне Артур Міхальскі, які ў 2018–2023 гадах быў амбасадарам Польшчы ў Беларусі, а з верасня – упаўнаважаны міністра замежных справаў па супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі; старшыня Беларускага ПЭНа, паэтка Таццяна Нядбай; літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч; старшыня Беларускага культурнага таварыства «Хатка», прафесарка Алена Глагоўская.
Далей на сцэну для супольнага фотаздымка і ўручэння дыпломаў выклікалі сёлетніх фіналістаў.
Фінал інтрыгі
І нарэшце – найцікавейшае, інтрыга пачала развязвацца: пад урачысты туш сябры журы пачалі абвяшчаць лаўрэатаў і лаўрэатак.
Трэцяе месца – за адкрыццё магіі слова, якое змяняе рэчаіснасць – аддалі кнізе Сяргея Лескеця «Шэпт». Прызам, дзякуючы Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў, будзе выданне наступнай кнігі спадара Лескеця.
Другое месца – за найлепшую мастацкую актуалізацыю праблемы культурнай спадчыны – узяў Сцяпан Стурэйка з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя». Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў забяспечыць яму магчымасць месяц працаваць у Швецыі, на выспе Готланд.
І вось абвяшчаецца першае месца – яно дасталася Ганне Кандрацюк. Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду.
Коратка перамаўляемся з пераможцамі.
– Што асаблівага можа сказаць фатограф, які яшчэ і піша? Для мяне прэмія Гедройця – гэта вышыня, да вяршыні якой ісці, паўзці, караскацца… Ну і, у пэўным сэнсе, латарэя. Мой асноўны прафесійны досвед сведчыць, што толькі час выяўляе сапраўды мастацкае, годнае і запамінальнае.
Сцяпан Стурэйка:
– Зразумела, хвалююся, бо не чакаў, што мая першая мастацкая кніга трапіць у такую прэмію. Я даўно сачу за ёй і ў пэўным сэнсе вучуся на ёй. Тое захапленне пачалося яшчэ з пераможнага рамана Уладзіміра Някляева, умацавалася творчасцю Альгерда Бахарэвіча, уразіў сваім мастацкім словам Віктар Казько. Што да нядаўняга, то прачытаў і выказаўся ў друку наконт кнігі леташняга пераможцы, Сяргея Абламейкі. Цяпер у маім лісце чакання – Святлана Курс, вельмі шмат добрых водгукаў чуў… Так што прэмія не проста жыве, а працуе!
– Гэтая прэмія будуе беларускую літаратуру. Дапамагае нашаму развіццю, задае яго арыенціры. Яшчэ яна – сведчанне не проста творчай, але і грамадзянскай няскоранасці пісьменнікаў. Як бы ні было цяжка, большасць не занураецца ў нішто, а піша, піша, піша. І вось цяпер тут, у Гданьску, Гедройць лучыць нас, знаёміць, сябруе і нітуе.
…А на завяршэнне было 20-мінутнае музычнае віншаванне ад гурта «Relikt».
Дванаццатая прэмія Гедройця сталася гісторыяй.
Дзякуй, Гданьск! Бывай, Двор Артуса!
Ідзём, пішам далей!
Рыхтуемся да новага Гедройця, ужо трынаццатага…
Шчыра дзякуем за фотаздымкі Аляксандру Драгавозу