• Навiны
  • Як уручалі прэмію за найлепшую кніжную вокладку: фотасправаздача

Як уручалі прэмію за найлепшую кніжную вокладку: фотасправаздача

Апошняе абнаўленне: 26 кастрычніка 2026
Як уручалі прэмію за найлепшую кніжную вокладку: фотасправаздача

24 кастрычніка ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння прэміі імя Міхала Анемпадыстава 2026 (за найлепшую кніжную вокладку 2025 года). Вечар, прысвечаны беларускаму кніжнаму дызайну, прайшоў у новым бары REDAKCJA і сабраў прадстаўнікоў беларускай культурнай і кніжнай супольнасці.

Прэмія імя Міхала Анемпадыстава адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак і звяртае ўвагу на візуальную культуру беларускай кнігі. Сёлета ў кароткі спіс увайшлі восем прац, якія прадэманстравалі разнастайнасць мастацкіх падыходаў і спосабаў візуальнай інтэрпрэтацыі кніжнага тэксту.

Праграма вечара ўключала выставу «Восем вокладак як восем гісторый», прэзентацыю выдання «Форма прысутнасці», прысвечанага беларускай кніжнай вокладцы, і дыскусію пра вокладку як візуальны вобраз кнігі. У размове, мадэраванай Вольгай Мжэльскай, узялі ўдзел пераможцы мінулых гадоў – дызайнеры Святлана Дземідовіч, Анатоль Лазар і Ігар Юхневіч.

Падчас цырымоніі ўзгадалі спадчыну патрона прэміі Міхала Анемпадыстава – мастака, дызайнера, паэта і культуролага, чыя творчасць істотна паўплывала на фармаванне сучаснай беларускай візуальнай культуры. Заснаваная ў 2019 годзе, прэмія працягвае яго традыцыю ўважлівага стаўлення да візуальнай мовы, у якой форма, колер, тэкст і матэрыял ствараюць адзіны мастацкі вобраз.

Лаўрэатамі прэміі сталі Ліна Хесэ і Ігар Юхневіч за вокладку кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень і Ліны Хесэ (Мяне Няма, 2025).

Пасля афіцыйнай часткі вечар працягнуўся музычным сэтам Papa Bo Selektah, а таксама размовамі і абменам уражаннямі ўдзельнікаў.

Глядзіце, як прайшоў вечар, у нашай фотасправаздачы.

Фота: Беларускі ПЭН