Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 кастрычніка 2026 года

Апошняе абнаўленне: 17 кастрычніка 2026
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 кастрычніка 2026 года

Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.

На 15 кастрычніка 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 19, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 115, забароненых кніг – 390.

Распачаўся суд у закрытым рэжыме паводле палітычна матываванай крымінальнай справы каталіцкага святара і краязнаўца Анатоля Парахневіча. 

У дачыненні да паэткі, выканаўцы, рэканструктаркі гістарычных строяў Кацярыны Ваданосавай распачата спецыяльнае вядзенне паводле палітычна матываванай справы. 

Стала вядома пра праблемы са слыхам, павышаны ціск і болі ў спіне ў палітзняволенага краязнаўцы з Баранавічаў Уладзіміра Гундара. 

Палітзняволены паэт Валеры Пазнякевіч у сувязі з хваробай сэрца быў дастаўлены ў Магілёўскую абласную кардыялогію.

Палітзняволены культуролаг Вацлаў Арэшка цалкам страціў зрок у калоніі.

На 13 кніг папоўніўся спіс друкаваных выданняў, якія, паводле версіі ўладаў, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

У базу вышуку дадалі незалежных выдаўцоў Ігара Логвінава, Андрэя Янушкевіча і Яраслава Іванюка.

«Экстрэмісцкай» абвешчана Facebook-старонка папулярызатаркі беларускай культуры Марыі Грыц. 

Праваабарончую Facebook-старонку «Смяротнае пакаранне ў Беларусі» дадалі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

«Экстрэмісцкай» абвешчана Instagram-старонка «ХАТКА – беларускае культурнае таварыства. Гданьск». 


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 6 кастрычніка стала вядома, што ў Мінску ў закрытым рэжыме распачаўся суд паводле палітычна матываванай крымінальнай справы каталіцкага святара і краязнаўца Анатоля Парахневіча, якога затрымалі 16 сакавіка 2026 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. У зняволенні ён перанёс інфаркт. На фоне адсутнасці афіцыйнай інфармацыі ў вернікаў з’явілася версія адносна таго, што Анатоля Парахневіча арыштавалі за ўшанаванне памяці палякаў, якія загінулі ў Беларусі. Анатоль Парахневіч вывучаў гісторыю і культуру Беларусі, стварыў музей пры касцёле ў вёсцы Альковічы (Вілейскі раён, Мінская вобласць), дзе захоўваліся касцельныя арнаты XVIII стагоддзя, аздобленыя слуцкімі паясамі, і старадрукі. 

2. 13 кастрычніка ў дачыненні да паэткі, выканаўцы, рэканструктаркі гістарычных строяў, лаўрэаткі прэміі Францішка Багушэвіча за 2024 год Кацярыны Ваданосавай распачата спецыяльнае вядзенне паводле палітычна матываванай справы на падставе ч. 3 арт. 130-1, ч. 1 арт. 130-2 Крымінальнага кодэкса. У сакавіку 2025 года Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да Кацярыны Ваданосавай за «аўтарскую інтэрпрэтацыю гістарычных падзей часоў Другой сусветнай вайны на YouTube». За адукацыйныя гістарычныя відэалекцыі на YouTube-канале «Будзьма беларусамі!» на Кацярыну Ваданосаву завялі справу паводле ч. 3 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса (рэабілітацыю нацызму). Нагодай для крымінальнага пераследу стала відэалекцыя «Галоўны міф Другой сусветнай – забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?». Кацярына Ваданосава знаходзіцца за межамі Беларусі.

II. Пагаршэнне здароўя дзеячаў культуры ў зняволенні

1. 6 кастрычніка стала вядома пра праблемы са слыхам, павышаны ціск і болі ў спіне ў палітзняволенага краязнаўцы з Баранавічаў Уладзіміра Гундара, які мае інваліднасць II групы: у яго ампутавана нага. Тэрмін пакарання Уладзіміра Гундара – 20 гадоў пазбаўлення волі.

2. 7 кастрычніка палітзняволены паэт Валеры Пазнякевіч у сувязі з хваробай сэрца і скачкамі ціску быў дастаўлены з інтэрнату для асуджаных папраўчай установы адкрытага тыпу («хімія») у Магілёўскую абласную кардыялогію. Валеры Пазнякевіч 14 жніўня 2025 года быў асуджаны судом Мінскага раёна паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) на 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу («хімія»).

3. 8 кастрычніка стала вядома, што палітзняволены культуролаг Вацлаў Арэшка цалкам страціў зрок у калоніі. Пра гэта паведаміла яго сваячка: «Раней бачыў святло і цень, цяпер ужо і гэтага няма». Адміністрацыя калоніі №22, дзе ўтрымліваюць Арэшку, прапаноўвала яму этапам адправіцца ў шпіталь, але ён адмовіўся. «Наколькі ведаю, баіцца ехаць у шпіталь, бо можа не вытрымаць этапу», – сказала сваячка.

III. Забароненыя кнігі

7 кастрычніка на 13 кніг папоўніўся спіс друкаваных выданняў, якія, паводле версіі ўладаў, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», таму забароненыя да продажу, дарэння, рэкламы і распаўсюду. Сярод забароненых кніг – псіхалагічны трылер амерыканскага пісьменніка Х’юберта Селбі – малодшага «Пакой» (The Room, 1971). 

IV. Рэпрэсіі ў дачыненні незалежных выдаўцоў 

1. 7 кастрычніка стала вядома, што ў расійскую базу вышуку дадалі выдаўца Ігара Логвінава. 3 сакавіка 2026 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Такой кааліцыі не існуе, гэта сфабрыкаванае спецслужбамі аб’яднанне.

2. 7 кастрычніка стала вядома, што ў расійскую базу вышуку дадалі гісторыка і выдаўца Андрэя Янушкевіча, заснавальніка выдавецтва «Янушкевіч» («Andrei Yanushkevich Publishing»). 3 сакавіка 2026 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Такой кааліцыі не існуе, гэта сфабрыкаванае спецслужбамі аб’яднанне.

3. 8 кастрычніка стала вядома, што ў расійскую базу вышуку дадалі выдаўца Яраслава Іванюка, заснавальніка інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» і выдавецтва «Фонд Kamunikat.org». Яраслаў Іванюк – беларус з Бельска Падляскага, грамадзянін Польшчы. 3 сакавіка 2026 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Такой кааліцыі не існуе, гэта сфабрыкаванае спецслужбамі аб’яднанне.

V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак аўтараў і дзеячаў культуры

1. 1 кастрычніка стала вядома, што рашэннем суда Ашмянскага раёна ад 25 верасня «экстрэмісцкім матэрыялам» прызнаны YouTube-акаўнт «Tihanovski_stihi». Гэта творчы канал Сяргея Ціханоўскага «Аптека, улица, фонарь», дзе публікуюцца вершы і песні, напісаныя ім у зняволенні. Частка вершаў была напісана ў СІЗА № 3 у Гомелі і ў турме № 8 у Жодзіне. Канал таксама мае старонкі ў TikTok і Facebook.

2. 1 кастрычніка рашэннем суда Полацкага раёна і Полацка «экстрэмісцкай» прызнана Facebook-старонка «Maria Grits» папулярызатаркі беларускай культуры Марыі Грыц. 

3. 12 кастрычніка рашэннем суда Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці «экстрэмісцкай» прызнана Instagram-старонка «siarheihun» папулярызатара беларускай культуры, былога палітзняволенага Сяргея Гуня. 

VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» культурніцкіх і праваабарончых ініцыятыў 

1. 9 кастрычніка рашэннем суда Ушацкага раёна Віцебскай вобласці «экстрэмісцкай» прызнана Instagram-старонка «ХАТКА – беларускае культурнае таварыства. Гданьск». 

2. 9 кастрычніка рашэннем суда Ушацкага раёна Віцебскай вобласці «экстрэмісцкай» прызнана Instagram-старонка «СТУДЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ТАТУIРОЎКІ Варшава». 

3. 12 кастрычніка Facebook-старонку «Смяротнае пакаранне ў Беларусі» дадалі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Праваабарончая кампанія супраць смяротнага пакарання ў сваёй дзейнасці актыўна выкарыстоўвае нон-фікш літаратуру, кінадакументалістыку і сродкі выяўленчага мастацтва.

4. Інстаграм-старонку «chor_poznanski_spiewuny_schod» хору беларусаў у Познані прызналі «экстрэмісцкай». 

5. У «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Instagram-старонку «Sufliadka» беларускага брэнда адзення.