“Заблуканыя” ў перакладзе: польская проза па-беларуску | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 28 кастрычніка 2026
“Заблуканыя” ў перакладзе: польская проза па-беларуску | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік з сустрэч «Цынамонавага сезона». Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Стартаваў восеньскі сезон Перакладчыцкай Майстэрні. І на першай сустрэчы ўдзельнікі і ўдзельніцы размаўлялі пра пераклады польскай кароткай прозы, абмяркоўваючы класічнае апавяданне Стэфана Жаромскага “Cokolwiek się zdarzy – niech uderza we mnie…” і сучасную прыпавесць Вольгі Такарчук “Zagubiona dusza”.

Часам можна сутыкнуцца з паблажлівым стаўленнем да перакладаў з блізкіх моваў (і польская – не выключэнне). Маўляў, што тут перакладаць? Разам з тым, падводных камянёў і невідавочных праблемаў тут больш чым дастаткова, і падыскутаваць ёсць пра што. Бо польская і беларуская мовы, пры ўсёй іх блізкасці, часта вельмі розняцца ў сваіх асацыяцыях, рытме і вобразнасці, таму літаральны пераклад можа знішчыць тое, што робіць тэкст мастацкім. І слушная думка, што перакладаць трэба не словы, а сам спосаб мыслення, светаадчуванне і непаўторны аўтарскі голас, так ці інакш выказваецца на кожным з заняткаў Майстэрні.

Марына Шода. Фота: Tomasz Leśniowski

Вядома ж, адна з найцікавейшых праблем для ўсіх, хто перакладае з польскай мовы, гэта “фальшывыя сябры перакладчыка” – словы, што выглядаюць падобнымі, але маюць у дзвюх мовах розныя значэнні або стылістычныя адценні. На Майстэрні абмяркоўваліся прыклады са слоўнічка такіх “фальшывых сяброў”, які ўжо шмат гадоў збірае перакладчыца польскай прозы Марына Шода. Вось толькі некаторыя прыклады.

Pojazd – гэта не цягнік, а любы транспартны сродак.
Piżmo – гэта не зёлка піжма, жоўтая кветка з моцным пахам. Гэтым словам называецца мускус, а піжма, якая зёлка, па-польску называецца wrotycz.
Ukrop – таксама не расліна, а кіпень.
Koneczność – не канцавіна, а абавязковасць.
Zaskakiwać – не заскокваць, а здзіўляць.
Mylny – не мыльны (скажам, сродак), а памылковы.
Marudny – не марудны і павольны, а капрызны і буркатлівы.
Ciskać – гэта кідаць, а pocisk – снарад.
Paprać – гэта не выпраць, вымыць штосьці, а наадварот – запэцкаць або зрабіць штосьці неахайна, а prać – гэта не мыць, а моцна лупцаваць.
Niebaczny – гэта не той, каго ніхто не бачыць, а той, хто робіць неабачна, неабдумана, карацей, неасцярожны чалавек.
Binokle – так палякі называюць не прыбор з дзвюх паралельных трубак, а пенснэ. А бінокль у польскай мове называецца словам lornetka. То бок фактычна наадварот
Ewolucja – акрамя ўсім вядомага працэсу развіцця, гэта слова ў польскай мове азначае гімнастычны або акрабатычны трук.
Zachowanie – не мае нічога агульнага са сховам і захоўваннем, гэтае слова азначае паводзіны.
Znakomity – так у польскай мове называюць выдатнага чалавека, а знакамітага называюць словам sławny.
Zaradny – не зарадны (блок ці кабель), а кемлівы чалавек.
Bystry – гэта разумны, як той казаў, “быстры розумам”, а ostry – гэта рэзкі (гук ці святло, ці рэакцыя), або таксама так кажуць пра экстрэмальнага кіроўцу.

***

Абмеркаванне апавядання Жаромскага пачалося з пытання, як перакладаць цытатную назву. Польскі пісьменнік не толькі працытаваў у эпіграфы радок з трагедыі Сафокла “Цар Эдып”, але і зрабіў яго назвай твору: “Cokolwiek się zdarzy – niech uderza we mnie…”. Перакладчык выбраў даслоўную версію: “Што б ні здарылася – няхай б’е па мне…”. Але ж цытуецца твор, які ўжо ёсць па-беларуску (пераклад Юльяна Дрэйзіна і Лявона Баршчэўскага). Што праўда, не кожны цытатны радок можа кантэкстуальна пасаваць, бо ў перакладах на розныя мовы нешта змяняецца і па-рознаму расстаўляюцца акцэнты. Версія Дрэйзіна-Баршчэўскага гучыць так:

Ды што б там ні было, пра свой хачу я род
Даведацца – хай будзе самы нізкі ён.

Стэфан Жаромскі

Пытанне паходжання антычнага цара – не тое, пра што вялося Жаромскаму, калі ён браў сафоклаўскі радок эпіграфам, таму цалкам цытаваць гэты верш з перакладу трагедыі не выпадае. Але скарыстацца ім, відавочна, можна, узяўшы з яго колькі словаў. Гэта і падкрэсліць літаратурную пераемнасць, і рытмізуе радок, намякнуўшы на гучанне антычнага твору. Напрыклад, так: “Ды што б там ні было – хай б’е па мне…”. Або і без уступнага “ды”, неабавязковага ў эпіграфе: “Што б там ні было – хай б’е па мне…”

Яшчэ адно цікавае пытанне, якое падымалася ў працэсе абмеркавання перакладзеных тэкстаў, тычылася ўжывання састарэлай і рэгіянальнай лексікі: ці варта вяртаць забытыя і рэдкія словы; у якім выпадку дарэчна выкарыстоўваць архаізмы і дыялектызмы; ці варта аднаўляць словы, якія амаль зніклі з актыўнага ўжытку; ці трэба асучасніваць пераклад або рабіць яго свядома архаізаваным. Напрыклад, калі народная лексіка сутыкаецца ў літаратурным тэксце з навуковай.

Так, у апавяданні Жаромскага герой пакутуе ад праяваў хваробы, якія аўтар характарызуе як “skutek suchotniczego gnicia kości”. Перакладчык дае амаль даслоўны пераклад – “вынік сухотнага гніення косці”. Але косткі не могуць гнісці, таму варта звярнуцца да медычных крыніцаў і выкарыстаць тут іншае слова, напрыклад “паражэнне”. Да таго ж варта адзначыць, што сухотамі ў народзе называлася хвароба лёгкіх, якая “высушвала” чалавека, рабіла худым і нездаровым, а тут мы маем дачыненне з іншай хваробай, выкліканай тымі ж бактэрыямі, – касцявым туберкулёзам. Таму больш адэкватным перакладам падаецца фраза “туберкулёзнае паражэнне костак”. Мастацкае гучанне гэтай фразы робіцца далейшым ад народнай гаворкі, але ў канктэксце пачатку апавядання, што апісвае шпітальную палату, можна дазволіць яму быць больш навуковым.

Наступнае важнае пытанне: што рабіць з рэаліямі і культурнымі алюзіямі? У польскіх тэкстах могуць сустракацца словы, якія нясуць культурную інфармацыю, незразумелую без кантэксту ці дадатковага тлумачэння. У Жаромскага герой мроіць пра бульбу, прыгожую як “каціныя ілбы”. Гэтая фразема цалкам зразумелая на захадзе Беларусі – дзе, як і ў Польшчы, акруглыя камяні брукаванкі называліся “кацінымі ілбамі”. Але яе наўрад ці адчытаюць і зразумеюць чытачы, якія не выхоўваліся ў агульнай з Польшчай культурнай прасторы.

Якую стратэгію абраць беларускаму перакладчыку? Жыўцом захаваць польскае словазлучэнне? Пашукаць беларускі адпаведнік? (Калі ён ёсць, а што калі няма?) Перадаць сэнс апісальна? Дадаць кароткае тлумачэнне, калі яно сапраўды неабходнае? Больш-менш дакладнага беларускага адпаведніка, які захоўваў бы вобразнасць і метафарычнасць, на паседжанні не знайшлі, таму калегіяльна прыйшлі да наступнага рашэння: узяць “каціныя ілбы” ў двукоссе, каб пазначыць метафарычнасьць гэтага выразу, падкрэсліць, што гаворка не ідзе пра сапраўдныя каціныя галовы, а потым дадаць слоўца, якое растлумачыць рэалію.

Арыгінал: “We dwoje z kobieciną kopią piękne jak kocie łby ziemniaki”.

Было ў перакладзе: “Удваіх з кабецінай капаюць прыгожую, як каціныя лбы, бульбу”.

Прапанова: “Удваіх з жоначкай капаюць ладную, як “каціныя лбы” ў брукаванцы, бульбу”.

Да праблемаў з перакладам рэаліяў можна дадаць эпізод, калі хворага героя вязуць у шпіталь: “Tamto jeszcze pamiętał dobrze, jak jedzie w odwieczerze jesienne z kobieciną swoją w paradnym wasągu z półkoszkami…”. Перакладчык чамусьці пасаромеўся слова “парадны”, а вось “wasąg z półkoszkami” стаў перакладаць даслоўна – і выйшла такое: “Тое яшчэ памятаў добра, як едзе восеньскім адвячоркам з кабецінай сваёю ва ўрачыста ўпрыгожаным возе з паўкашом”. А варта было, напрыклад, пагугліць гэты “wasąg z półkoszkami”, і сеціва прапанавала б адпаведныя карцінкі, што не пакінулі б сумневаў: “Тое яшчэ памятаў добра, як едзе восеньскім адвячоркам з жоначкай сваёй у парадным возе з лазовымі бакавінамі”.

Сярод іншых пытанняў, удзельнікі Майстэрні звярнулі ўвагу на пераклад тэрміналогіі. У польскага пісьменніка з’яўляецца слова “ostrokręg”, архаічная назва “конуса”. Перакладчык сумленна шукаў адпаведны стары эквівалент па-беларуску і знайшоў слова “стажок”. Вось толькі аповед вядзецца пра селяніна і неўзабаве з’явіцца капанне бульбы, так што чытачы, сустрэўшы “стажок”, падумалі б пра што заўгодна, апроч геаметрыі. Хай ужо лепей застаецца “конус”, тым больш у часы Жаромскага “ostrokręg”, відаць, не меў архаічнага адцення і ўспрымаўся як цалкам сабе сучасны тэрмін.

З цікавых драбніцаў абмеркавалі яшчэ такое: “w najbardziej ciemnym kącie sali, leżał od kilku miesięcy trzydziestoletni może parobek folwarczny”. У беларускім перакладзе згубілася слова “może”, а разам з ім – адценне прыблізнасці ў вызначэнні ўзросту героя: “у найцямнейшым куце палаты ўжо некалькі месяцаў ляжаў трыццацігадовы фальваркавы парабак”. Разам з тым, па-беларуску ёсць сродкі перадаць такую прыблізнасць – напрыклад, інверсія: “у найцямнейшым куце палаты ўжо некалькі месяцаў ляжаў парабак з фальварку гадоў трыццаці”.

***

Вольга Такарчук. Фота: Harald Krichel

Другая частка паседжання была прысвечаная перакладу кнігі Вольгі Такарчук “Zagubiona dusza”, які зрабіла Кацярына Веразуб. Гэты твор напісаны не зусім звычайным для аўтаркі спосабам – ён паўстаў у творчым дуэце з мастачкай Яаннай Кансэха (Joanna Concejo). Яго можна ахарактарызаваць як графічна-метафарычную прыпавесць, адрасаваную як дзяцям, так і дарослым чытачам.  Вось як ахарактарызавала сваю працу з тэкстам сама перакладцыца:

“Я выбрала для перакладу кнігу „Zagubiona dusza” Вольгі Такарчук , бо гэта адна з самых любімых кніжак у маёй бібліятэцы. Мала тэксту, шмат ілюстрацый, але гэта невялікая колькасць тэксту стварае ні з чым не параўнальную атмасферу.

Падчас працы над перакладам мне вельмі хацелася захаваць гэты мінімалістычны характар аўтарскага аповеду. Было цікава і складана пазбягаць паланізмаў. Аказваецца, яны хаваюцца не толькі там, дзе я прызвычаілася іх заўважаць, але і, напрыклад, у адсутнасці займеннікаў.

Пасля разбору майго тэксту я прыйшла да высновы, што штучны інтэлект яшчэ вельмі няхутка нас пераможа. На шчасце, у мовах і тэкстах існуе такое багацце дэталяў і адценняў, якое нават не кожны чалавек у стане адчуць, што ўжо казаць пра машыну”.

У гэтай невялічкай кнізе кожнае слова мае сваю вагу. Стыль апавядання лёгкі, без асабліва пакручастых метафар, бо адной вялікай метафарай духоўнага крызісу чалавечага жыцця ёсць сам сюжэт. Адзін з галоўных выклікаў для беларускай перакладчыцы – захаваць гэтую простасць і лёгкасць  аповеду, не паддацца спакусе ўпрыгожыць і адрэдагаваць аўтарку ў бок складанасці.

Напрыклад, лёгкі погляд у пашпарт, у якім герой ujrzał, że ma na imię Jan, перакладчыца інтэрпрэтавала як “высветліў, што яго імя – Ян”. Нібыта перададзены той самы працэс, але канатацыя выходзіць іншая, быццам бы герой праводзіў дэтэктыўнае расследаванне, у выніку якога пра ўсё здагадаўся. Ці не прасцей было б пакінуць звычайнае “ўбачыў, што яго зваць Ян”.

Не варта ў тэкст, напісаны самымі простымі словамі і фразамі, уносіць дыялектную ды іншую афарбаваную лексіку, накшталт “саўрэлы” замест простага “спатнелы” і “затыханы” замест “задыханы”. Калі душа ўсё-ткі знаходзіць свайго ўладальніка, гэта апісваецца так: “Nareszcie – powiedziała zdyszana”. Перакладчыца перадае гэта наступным чынам: “„Нарэшце”, – сказала яна затыхаўшыся”. У беларускай мове словы “задыхацца” і “затыхацца” амаль ідэнтычныя па сэнсе, але першае – літаратурнае і агульнаўжывальнае, а другое лічыцца састарэлым варыянтам. Да таго ж яно мае дадатковае сэнсавае адценне, бо этымалагічна перагукаецца са словам “тхнуць” (мець непрыемны, цяжкі, затхлы пах). Гэта значыць чалавек, які “затыхаецца”, робіць гэта менавіта ад цяжкога, непрыемнага паветра, а не проста ад яго недахопу. Так што прапанавалі перакласці так: “„Нарэшце”, – сказала яна задыхана”. Або нават так: “„Нарэшце”, – сказала яна, аддыхаўшыся”.

Удзельнікі абмеркавання некалькі разоў – так напраўду, зусім няшмат, але звярнуць увагу заўжды карысна – заўважылі ў перакладзе ўплывы польскага сінтаксісу. Напрыклад, фраза “Cały ranek nie odzywał się do siebie” была перакладзеная як “Усю раніцу не прамаўляў да сябе”. Па-першае, тут яўна не хапае займенніка, як гэта часта здараецца пры перакладзе з польскай мовы, дзе ўжыванне займеннікаў з дзеясловамі мінулага часу моцна абмежаванае, бо ўжо іх канчаткі сігналізуюць пра асобу. Па-другое, словазлучэнне “nie odzywał się do siebie” на беларускую лепей было б перакласці як “не размаўляў сам з сабой”.

Вось яшчэ пару прыкладаў польскіх калек і “фальшывых сяброў перакладчыка”.

Арыгінал: “Robi się z tego wielkie zamieszanie…”

Было ў перакладзе: “З гэтага робіцца вялікае замяшанне…”

Прапанавана: “Гэта выклікае вялікую блытаніну…”

У беларускіх перакладчыкаў з польскай часта можна заўважыць “аднак” другім словам у сказе, ужытым пад уплывам арыгіналу. І Кацярынін пераклад не стаў выключэннем:

Арыгінал: “Czasem jednak miał wrażenie, że wokół niego stało się płasko…”

Было: “Часам, аднак, яму здавалася, што навокал зрабілася плоска…”

Прапанавана: “Але часам яму здавалася, што ўсё вакол нейкае плоскае…”

Слова “smuga” па-польску (як, дарэчы, і па-ўкраінску) азначае ‘паласа’ ці нешта падобнае. Па-беларуску “смуга” – ‘дымка, туман’.

Арыгінал: “Gdy stanął przed lustrem…, widział siebie jako rozmytą smugę”.

Было: “Калі стаяў перад люстрам…, бачыў сябе як размытую смугу”.

Прапанова: “Калі стаяў перад люстрам…, бачыў сябе як размытую пляму / размыты сілуэт”.

Найболей пытанняў і роздумаў выклікаў самы пачатак прыпавесці, пагатоў ён потым даслоўна цытуецца яшчэ раз: “Gdyby ktoś umiał spojrzeć na nas z góry, zobaczyłby, że świat jest pełen ludzi biegających w pośpiechu, spoconych i bardzo zmęczonych, oraz ich spóźnionych, pogubionych dusz…”. Галоўная складанасць вынікае з праблемнасці ў беларускай мове дзееепрыметнікаў (у арыгінале biegających), што вымагае або іх замены прыметнікамі ці дзеепрыслоўямі, або сінтаксічнай перабудовы сказу. Перакладчыца не абы-як папрацавала і зрабіла наступным чынам: “Калі б нехта зірнуў на нас зверху, ён бы ўбачыў свет поўны людзей, што кудысьці бягуць і спяшаюцца, саўрэлыя і вельмі стомленыя, а таксама іх заблуканых і спозненых душ…”.

Разам з тым, заўвагі і пытанні да перакладу ў прысутных былі. Праз тое, што родны склон прыметнікаў змяняецца ў сярэдзіне сказу назоўным, фінальныя “душы” з эпітэтамі зноў у родным выглядаюць ужо трохі адараванымі, ізаляванымі ад “людзей”. Да таго ж, замена месцамі “спозненых” і “заблуканых” (у арыгінале душы спачатку “адстаюць”, а потым заканамерна “губляюцца”) трохі мяняе логіку апавядання. Удзельнікі абмеркавання так і гэтак “круцілі” канструкцыю, пакуль не спыніліся на варыянце: “Калі б нехта зірнуў на нас зверху, ён бы ўбачыў, што свет поўны людзей, забеганых, спатнелых і вельмі стомленых, а таксама іх душ, якія спазняюцца і блукаюць”.

Зрэшты, гэта толькі прапанова. Няма сумневу, што перакладчыкі Жаромскага і Такарчук яшчэ трохі паблукаюць у версіях перакладу, скарыстаюць нешта з прапановаў, нешта пакінуць як ёсць, а нешта выдумаюць нанова – і беларускіх чытачоў ды чытачак чакае сустрэча з добрымі тэкстамі.