Цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця адбудзецца ў Гданьску

Апошняе абнаўленне: 18 лістапада 2024
Цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця адбудзецца ў Гданьску
[Artykuł w języku polskim przeczytacie tutaj]

Цырымонія ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця пройдзе ў аўторак, 26 лістапада, у Гданьску.

Прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі, якая ўручаецца з 2012 года. Сярод лаўрэатаў мінулых сезонаў – Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец. Летась галоўную ўзнагароду атрымала пісьменніца з Падляшша, журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Сёлета журы трынаццаты раз вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы.

26 лістапада 2024 года ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, pI. Solidarności 1) будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.

25 і 26 лістапада адбудуцца дадатковыя падзеі прэміяльнага сезона: сустрэчы з аўтарамі і аўтаркамі, дыскусія і кніжны кірмаш. 

Намінантаў і намінантак на прэмію сёлета ацэньваюць сямёра літаратурных экспертаў і экспертак, з якіх чацвёра пагадзіліся на публічны ўдзел: Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук; Катажына Дрозд-Урбаньска – літаратуразнаўца, кандыдатка філалагічных навук, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, даследчыца беларускай літаратуры; Сяргей Кавалёў – літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне; Югася Каляда пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі, аўтарка кнігі прозы «Галоўная памылка Афанасія».

Арганізатары прэміі Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў


25 лістапада 2024 года

17:00 Адкрыццё выставы арыгінальных ілюстрацый Святланы Дземідовіч «Побач»

Працы мастачкі да кнігі паэзіі Насты Кудасавай «Побач» у гаме чорна-белага ўспаміну будуюць дом для слоў, нават самых складаных. Аўтарка сёлета атрымала прэмію Анемпадыстава за найлепшую вокладку менавіта да гэтай кнігі.

Выстава будзе адкрытая 25–29 лістапада.

/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ уваход вольны

18:00 – дыскусія «Канфіскаваныя галасы: страчаная свабода і раздзеленыя сем’і»

Беларускія і польскія праваабаронцы і дзеячы культуры абмяркуюць разам супраціў прымусовай русіфікацыі і праблемы рэпрэсаваных грамадзян Беларусі, палітвязняў, сем’яў, падзеленых трагічнымі падзеямі. У дыскусіі возмуць удзел: Юстына Чэхоўская – польская перакладчыца шведскай і нарвежскай літаратуры, сябра Рады Польскага ПЭН-клуба, Алена Глагоўская – беларусістка, даследчыца польска-беларускіх адносін, старшыня Беларускага культурнага таварыства «Хатка», Базыль Керскі – культурны менеджар, дырэктар Еўрапейскага цэнтра салідарнасці ў Гданьску и сябра Рады Польскага ПЭН-клуба, Ірына Козікава – юрыстка, сястра палітзняволенага Максіма Знака, выканаўчая дырэктарка Беларускага ПЭНа, Тацяна Нядбай – паэтка, праваабаронца, старшыня Рады Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава і старшыня Беларускага ПЭНа.

/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: польская
/ уваход вольны

26 лістапада 2024 года

15:00-21:00 Кірмаш беларускіх выдавецтваў

Выдавецтвы прывязуць на кірмаш беларускую літаратуру, у тым ліку кнігі фіналістаў  і фіналістак сёлетняй прэміі Гедройця.

/ зімовы сад (першы паверх) 

16:30 Зміцер Бартосік, аўтарская сустрэча

Вядомы беларускі бард, радыёрэпарцёр і пісьменнік, пераможца прэміі Ежы Гедройця за 2016 год, фіналіст сёлетняй прэміі Ежы Гедройця.

/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: беларуская
/ уваход вольны

17:00 Ганна Янкута, аўтарская сустрэча

Беларуская пісьменніца, перакладчыца, даследчыца беларускай і англамоўнай літаратуры, фіналістка сёлетняй прэміі Ежы Гедройця.

/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: беларуская
/ уваход вольны

17:30 Уладзімір Някляеў, аўтарская сустрэча

Выдатны беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, пераможца  прэміі Ежы Гедройця за 2012 год прэзентуе кнігу «Без айчыны».

/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ мова сустрэчы: беларуская
/ уваход вольны

19:00 – цырымонія

Цырымонія ўручэння прэміі Ежы Гедройця, падчас якой будуць абвешчаны імёны лаўрэатаў і лаўрэатак. У  цырымоніі возьмуць удзел прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай і польскай культуры, адбудзецца прэм’ера буктрэйлераў да кніг фіналістаў і фіналістак, агучаных камандай прафесійных выканаўцаў аўдыявыдавецтваў «Кніжны воз» і «Audiobooks.by». Беларуская спявачка і актрыса Дар’я Новік у суправаджэнні струннага аркестра Anima Eterna выступіць з песнямі на вершы беларускіх палітвязняў, створанымі ў супрацы з кампазітарам Канстанцінам Яськовым.

Вядоўца цырымоніі: Сяргей Падсасонны — журналіст і грамадскі дзеяч, вядоўца тэлеканала «Белсат».

/ аўдыторыя (першы паверх)
/ мова падзеі: беларуская з сінхронным перакладам на польскую
/ уваход вольны

Фіналісткі і фіналісты трынаццатага сезона

У шасцёрку наймацнейшых удзельнікаў і ўдзельніц сёлетняга сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі:

  • Кніга «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» аўтарства Валянціна Акудовіча, выдавецтва «Логвінаў», 2023.
    «Гэтая кніга шмат пра што і пра каго, але найперш яна пра стваральнікаў… Пра тых, хто дабрахоць падняў з поду і ўскінуў сабе на плечы цяжар, які ён называе “мая краіна”. З дня ў дзень яны рушаць з гэтым цяжарам усё вышэй і вышэй, каб аднойчы ўбачыць, як камень з грукатам ізноў скоціцца долу. А значыць, трэба яшчэ раз вяртацца да пачатку пачаткаў… І мы вяртаемся!» – Валянцін Акудовіч.
  • Кніга «Забіць упалмінзага» аўтарства Змітра Бартосіка, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022.
    Трэцяя кніга «Падарожжаў Свабоды» апавядае пра невядомыя факты беларускай гісторыі на падставе дакументаў і галасамі жывых сведак, якіх на момант выхаду кнігі амаль не засталося. Гаворка ідзе пра апошнюю спробу ўратавання рэальнасці, якой яна была ў пасляваеннай Беларусі, – без інтэрпрэтацый.
  • Кніга «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» аўтарства Евы Вайтоўскай, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
    У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў. У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Іта­дзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), што выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult (16–25 гадоў), а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры.
  • Кніга «На прызбе ў Сілічах» аўтарства Марыі Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023.
    Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. На вялікі жаль, Марыя Вайцяшонак пачала страчваць зрок. Аднак духоўная і творчая актыўнасць змушаюць яе шукаць новыя магчымасці ўдзелу ў літаратурным працэсе – так з’явіўся блог-дыялог «На прызбе ў Сілічах» сумесна з Аксанай Ёркінай. Марыя нагаворвала па тэлефоне сваё стаўленне да тых ці іншых актуальных і злабадзённых падзей свайго і грамадскага жыцця, задаючы тэму размовы альбо адказваючы на пытанні каляжанкі. Гэтыя тэксты маюць уражлівую мастацкую аснову як у сюжэтным, так і ў моўна-стылістычным плане.
  • Кніга «Вольнеры. Прадвесце» аўтарства Валера Гапеева, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
    Тое, што ты лічыш дробяззю, раптам можа перавярнуць твой свет. І асабліва тады, калі ты гэтую быццам дробязь губляеш… Перад вамі – самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі. Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана… Трое сяброў – і мноства дарог і варыянтаў рэальнасці. Шлях, які выпадае на долю старшакласнікаў з мінскай школы, пачнецца з жадання ўладкаваць свае справы, а закончыцца выбарам падарожжа за гранню, напоўненага прыгодамі, выпрабаваннямі і таямніцамі.
  • Кніга «Час пустазелля» аўтарства Ганны Янкуты, выдавецтва «Янушкевіч», 2023.
    Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гродне і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце.
Чаму прэмія носіць імя Ежы Гедройця?

Паляк Ежы Гедройць блізкі беларусам не проста фактам свайго нараджэння ў Мінску. Нашыя цікавасць і павага да ўшанавання ягонай памяці грунтуюцца найперш на тым, што Рэдактар, узор інтэлектуальнай адвагі, канструктар пасляваеннай Еўропы настойліва нагадваў усім пра агульныя ўрокі еднасці, добрасуседства з часоў адзінства Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.

Выключна мужна для свайго часу Ежы Гедройць заклікаў палякаў з годнасцю прыняць страту Вільні, Гродна і Львова, прызнаць і падтрымаць дзяржаўнасць літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў, бо лічыў тое ключавой умовай незалежнасці сваёй, польскай дзяржавы.

Яго часопіс «Культура» сцвярджаў, што як незалежная Польшча немагчымая без вольнай Беларусі, так «без польскае падтрымкі нічога не выйдзе з беларускіх спроб узбіцца на незалежнасць».

За год да свайго скону рыцар ВКЛ, польскі сын Мінска пераконваў Чэслава Мілаша і Віславу Шымборску ў неабходнасці намінаваць Васіля Быкава на Нобелеўскую прэмію: «Уручэнне гэтай прэміі беларускаму пісьменніку стала б, без перабольшання, рэвалюцыяй у Беларусі…»

Не склалася. Але быў шчыры намер і канкрэтныя крокі ў яшчэ адной спробе дапамагчы нашаму народу, краіне, у якой Ежы Гедройць нарадзіўся.

Усё гэта мы добра памятаем і шануем.


Арганізатары прэміі

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў

Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання

Беларускі ПЭН, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Еўрапейскі цэнтр салідарнасці ў Гданьску, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Польскі ПЭН-клуб

Партнёры падзеі

Аўдыявыдавецтвы «Кніжны воз» і «Audiobooks.by», Euroradio.fm

Спонсарства

Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. 

Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясняцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. 

Кантакты

З пытаннямі, датычнымі прэміі, звяртайцеся, калі ласка: [email protected]

Сацсеткі прэміі

Instagram, Facebook

Карысныя спасылкі